Вы тут

Да Дня Незалежнасці яшчэ адна прыёмная сям'я ў Бабруйску справіць наваселле


Шчаслівая падзея адбудзецца ў сям'і Святланы і Пятра Караханавых. Двухпавярховы катэдж каля чыгуначнага вакзала на вуліцы Камсамольскай хутка ажыве і зазвініць дзіцячымі галасамі. Яшчэ на мінулым тыдні тут устаўлялі вокны, клеілі шпалеры, наводзілі марафет — спяшаліся завяршыць прыгатаванні да свята горада і Дня Незалежнасці.


Дзяржава дала магчымасць пазбаўленым бацькоўскай ласкі дзецям жыць не горш за аднагодкаў. Дастаткова прайсціся па пакоях новага дома і пераканацца. Светлыя і прасторныя памяшканні, вялікая кухня — ёсць дзе сабрацца вялікай сям'і. Як-ніяк, тут будуць жыць з прыёмнымі бацькамі каля 10 дзяцей. Побач з домам парк, стадыён — усё, што трэба для паўнавартаснага развіцця падрастаючага грамадзяніна. Напярэдадні наваселля карэспандэнт «МС» пацікавілася ў Святланы і Пятра, з якімі адчуваннямі яны ўязджаюць у свой новы дом.

— Пачуцці ўзнёслыя, хоць вельмі стаміліся — то мэблю выбіралі, то шторы, то яшчэ што-небудзь, — усміхаецца гаспадыня. — Але гэта прыемныя клопаты. Усе выдаткі ўзяла на сябе дзяржава. Напрыклад, мэблю для кухні рабіла гомельская фабрыка, але па нашым асабістым заказе. Увесь час знаходзіліся на тэлефоннай сувязі, узгаднялі кожны крок. Плошча новай кухні — каля 20 метраў. Уяўляеце, якая гэта раскоша! Можна паставіць вялікі стол, дзе кожнаму знойдзецца месца. У нашым папярэднім доме кухня таксама была вялікая, але гэтая з ёй не ідзе ні ў якае параўнанне. Там толькі на сем чалавек месца хапала, а тут памесціцца ўдвая больш.

Першапачаткова ў Караханавых была звычайная сям'я, двое сваіх дзяцей, але 16 гадоў таму яны ўзялі пад апеку дзяўчынку і адчулі, як гэта выдатна — зрабіць яшчэ кагосьці шчаслівым. Цяпер тая прыёмная дачушка дарослая, скончыла інстытут, працуе настаўнікам англійскай мовы ў Гомелі. А Святлана з Пятром сталі прыёмнымі бацькамі ўжо не для аднаго дзіцяці.

— Я працавала ў дзіцячым садку і, калі па дарозе на работу праязджала дзіцячы прытулак, сэрца так і клікала туды зайсці — вельмі хацелася яшчэ камусьці дапамагчы, — прызнаецца жанчына. — І аднойчы мы з мужам звярнуліся ў аддзел адукацыі і аформілі прыёмную сям'ю. Так у нас у доме з'явіліся два браты і сястрычка. А тры гады таму ўзялі на выхаванне яшчэ двух хлопчыкаў. З папярэдняй тройкі адзін хлопчык ужо вырас, дзяўчынку ўдачарылі, а хутка дом пакіне і іх брат, якому ўжо 16 гадоў. Акрамя яго, цяпер на выхаванні тры маленькія хлопчыкі, абодвум з якіх па пяць гадоў, а аднаму — шэсць.

Падарункі да свята

У рамках святкавання Дня Незалежнасці ў Магілёўскай вобласці адбудзецца ўвод у дзеянне моста цераз раку Сож у раёне Слаўгарада. Гэта адзін з маштабных праектаў сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці. Працягласць моста — амаль паўкіламетра, ён лічыцца адным з самых доўгіх у вобласці. Мост з'яўляецца часткай трасы Р-140, якая злучае Беларусь з суседняй Расіяй. Для пакрыцця аўтапалатна выкарыстаны трывалы цэментабетон, які можа праслужыць без капрамонту не менш за сорак гадоў. Сярод аб'ектаў, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю ў гэтыя святочныя дні, таксама басейн для школы № 46 у Магілёве, падстанцыя № 1 для Бабруйскай станцыі хуткай неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Калі Святлане і Пятру прапанавалі ўзяць на выхаванне яшчэ дваіх дзетак і пераехаць у дзіцячы дом сямейнага тыпу, яны нават не раздумвалі. Іх папярэдні дом ужо стаў цесны для вялікай сям'і. Дарэчы, новых выхаванцаў чакаюць у сямейным калектыве адразу ж пасля аздараўленчага летніка.

Выхаваць чужое дзіця — вялікая адказнасць, але для Караханавых гэта ўжо стыль жыцця.

— Калі першыя з нашых прыёмных дзяцей пакінулі дом, было сумна, — заўважае Святлана. — Я нават прачыналася з думкай, што ў нас ёсць вольны ложак для адзінокага дзіцяці. Гэта была нейкая катастрофа.

Фразу «пажыць для сябе» Святлана і Пётр успрымаюць зусім інакш, чым іншыя. У іх разуменні яна значыць — акружыць сябе дзецьмі. Нядаўна паехалі ў магілёўскі спецыялізаваны дом дзіцяці, каб на аднаго малога стала больш. Але пасля таго як адзін хлопчык залез на калені да Пятра, а другі да Святланы, вырашылі: бяруць абодвух.

— Гэта ж так цудоўна, калі ў доме шмат дзяцей, — усміхаецца жанчына. — Уяўляеце, раніцай вы прабудзіліся ад босых ножак, якія спыніліся ля вашага ложка, ад пяшчотных ручак, якія абнялі вас за шыю, ад ласкавага «матулечка», што прашапталі дзіцячыя вусны. Для мяне гэта найвышэйшая мера асалоды.

Некаторыя здзіўляюцца сужэнцам: як можна ўзваліць на сябе такі цяжар! Але так здаецца, пакуль не паспрабаваў. Наадварот, адказнасць дысцыплінуе, а дзеці, назіраючы за бацькамі, таксама лайдакамі не растуць.

— Мы вучым дзяцей працаваць. Па-першае, нам цяжка адным з усім спраўляцца, па-другое, хто іх гэтаму навучыць, калі не мы, — разважае Святлана. — Калі ў нас была пад апекай першая дзяўчынка, я была яшчэ нявопытная маці, увесь час сумнявалася, ці даваць ёй венік у рукі. А потым вырашыла: калі я яе не навучу, то яна наогул не навучыцца жыць. Мы з ёй паразмаўлялі на гэты конт і знайшлі паразуменне. Дзяўчынка наогул анёл. Калі яе тата памёр, а маці кінула, паўстала пытанне наконт перадачы яе ў інтэрнат. Нам пра яе расказалі знаёмыя, і мы забралі дзяўчынку да сябе. Цяпер яна дарослая, выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Я для яе засталася маці, а яна мая дачка. А вось з роднай маці ў яе не склалася. Тая спрабавала наладзіць з ёй зносіны, але толькі для таго, каб цягнуць з яе грошы. Пры гэтым ні разу не сказала, што любіць яе, сумуе па ёй. Для дзяцей важна, каб было куды прыехаць, да каго звярнуцца. Інакш потым яны і свае сем'і не будуць ведаць, як захаваць. А ў нас яны вучацца будаваць узаемаадносіны, ладзіць адно з адным.

Караханавы кажуць, што не толькі дзеці вучацца ў іх жыццю, але і яны ў дзяцей. Менш сталі мець прэтэнзій адно да аднаго. Быў перыяд, калі сужэнцы моцна сварыліся, думалі нават пра развод. Але з'явіліся прыёмныя дзеці — і жыццё стала наладжвацца. Даводзілася трымаць язык за зубамі, каб не ляпнуць чагосьці лішняга: разумелі, што ў малых лёс і так паламаны.

Сужэнцы кажуць, што прынцыпова не ўсынаўляюць дзяцей, таму што не жадаюць перашкаджаць ім мець зносіны са сваімі бацькамі.

— Калі нашым першым хлопчыкам было па тры-чатыры гадкі, мы ім расказалі, што ў іх ёсць маці, але яна згубілася і можа аднойчы прыйсці, — расказвае Святлана. — У аднаго нашага хлопчыка маці ў турме сядзіць, а ў другога — хварэе і не можа яго даглядаць. Як можна пазбавіць яго гэтых зносін? Сёння дзяржава праводзіць палітыку па падтрыманні біялагічных сем'яў і іх аднаўленні. Дзеці павінны ведаць свае карані. Якія б добрыя ні былі прыёмныя бацькі, дзеці шукаюць сваіх родных. Яны павінны ведаць, што акрамя тых бацькоў, якія іх гадуюць, ёсць і тыя, што іх нарадзілі. І яны не заўсёды былі дрэнныя — проста так склаўся лёс.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва сям'і Караханавых


Каментарый у тэму

Святлана Нікіціна, дырэктар Магілёўскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра:

— У вобласці гэта будзе ўжо 51-ы дзіцячы дом сямейнага тыпу. Дзяржаўная палітыка ў адносінах да дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з'яўляецца сістэмай сацыяльна-эканамічных, палітычных, эканамічных і арганізацыйных прававых мер, якая накіравана на стварэнне ўмоў для абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Асаблівыя намаганні дзяржава накіроўвае на рэалізацыю прыярытэтнага права кожнага дзіцяці на выхаванне ў сям'і. Адным з паказчыкаў сістэмы ў рабоце з'яўляецца адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Бабруйску. У вобласці сёння застаўся толькі адзін «традыцыйны» дзіцячы дом у Бабруйску: звыш 80 % дзяцей жывуць у замяшчальных сем'ях. Дарэчы, у Бабруйску год таксама пачынаўся з адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу. Прайшло паўгода, і мы адзначаем яшчэ адно наваселле.

Загаловак у газеце: Дом для вялікай сям'і

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.