Вы тут

У Гомельскім раёне «старшыя» па вёсцы дзеляцца прыкладамі добраўпарадкавання


У  Гомельскім раёне старэйшыны населеных пунктаў і памочнікі старшынь сельсаветаў — «рухавікі» актыўнай грамадзянскай пазіцыі на вёсцы — дзеляцца сваімі натхняльнымі прыкладамі добраўпарадкавання родных мясцін.


Крыніцы каля возера Явіцкага

Сакрэт папулярнасці — шчырае слова

Старшыня Прыбарскага сельскага савета Ірына Горленка на пасадзе трэці год. У зоне яе адказнасці шэсть населеных пунктаў Гомельскага раёна, дзе пражывае амаль 1700 чалавек. Ірына Віктараўна спяшаецца расказаць аб неацэнным багацці яе сельскага савета — старасце вёскі Шчэрбаўка.

— Арганізаваць аднавяскоўцаў на добрыя справы, старацца, каб кожнаму з іх было ўтульна і камфортна, абараняць агульныя інтарэсы — такая задача сельскага старасты. У Шчэрбаўцы гэтую грамадскую місію больш за дзесяць гадоў выконвае Валянціна Старчанка, — тлумачыць старшыня Прыбарскага сельсавета.

Шчэрбаўка — маленькая вёсачка амаль на мяжы Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў. Сціплы куточак, здаецца, згубіўся сярод лясоў. Калі трапляеш сюды, радуе вока дагледжанасць, добраўпарадкаваныя падвор'і патанаюць у рознакаляровых красках. Каля кожнага дома — клумбы, кветнікі.

— Стараемся, каб прыгожа было па ўсёй вуліцы: абменьваемся кветкавай расадай, — кажа Валянціна Эдуардаўна.

Гэта яна ініцыявала нямала суботнікаў, акцый па добраўпарадкаванні ў Шчэрбаўцы. Летась, напрыклад, вяскоўцы чатыры разы збіраліся на работы па навядзенні парадку на сельскіх могілках. Прыбралі, высеклі хмызнякі.

Вяскоўцы збіраюць грошы і дбаюць, як купіць фарбу, каб абнавіць усе агароджы, пафарбаваць калодзеж.

— Як збіраю людзей на суботнікі? Ды вельмі проста: абзвоньваю, заходжу ў хаты: «Хадземце заўтра выйдзем, папрацуем, пакуль надвор'е! Вось і ўсе», — дзеліцца Валянціна Эдуардаўна і сціпла зазначае, што сакрэту сваёй папулярнасці на вёсцы не ведае. Можа, шчырае добрае слова.

— Амаль ніхто не адмаўляецца. Нават самыя пажылыя жыхары, якім цяжкая фізічная праца не па сілах, удзельнічаюць у зборы сродкаў, даюць неабходныя рабочыя прылады тым, хто працуе.

Таму для мясцовых жыхароў стала абсалютна натуральным — самастойна зрабіць «парк» адпачынку ў сваёй Шчэрбаўцы. Спачатку расчысцілі ад зарасніку пляцоўку на вуліцы, дзе калісь быў сметнік, усё вычысцілі, падрэзалі і прывабна сфарміравалі кроны старых дрэў, высадзілі новыя кусты, устанавілі арэлі. Сёлета, вясной сваімі рукамі змайстравалі яшчэ больш гульнявых прылад для дзяцей, малыя архітэктурныя формы, сваё месца занялі лавачкі ды столікі.

— Мясцовы прадпрымальнік Віктар Цімашкоў вельмі дапамагае будаўнічымі матэрыяламі. Сваімі рукамі робяць малыя архітэктурныя формы, лавы і ўсе нашы вось такія задумкі сям'я Кастраміных, дапамагае Аляксей Дарафееў і шмат-шмат мясцовых жыхароў, — усхвалявана расказвае стараста, бо не хавае шчырай удзячнасці людзям. — Усе з задавальненнем згодныя дапамагчы. Мы робім гэта для дзяцей, каб яны гулялі ў прыгожым і бяспечным месцы!

Кожныя выхадныя разам працавалі над стварэннем малых архітэктурных формаў. Прыдумалі шмат цікавага: «будзільнік» і «рамонак» са старых шын. Збудавалі масток, паставілі арэлі і футбольныя вароты, а ствалы старых дубоў пабялілі і размалявалі. Таксама адрамантавалі і пафарбавалі дзве студні.

Валянціна Эдуардаўна расказвае, што жыхары Шчэрбаўкі на дасягнутым не збіраюцца спыняцца, бо планы па добраўпарадкаванні вёскі ў іх грандыёзныя. А пакуль мараць, што чалавек — прадавец па спецыяльнасці, даведаўшыся, як у іх прыгожа і дружна, згодзіцца прыехаць працаваць у іх вясковую краму, якая засталася без работніка.

Праекты і рашэнні

Сярод пераможцаў спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці Гомельскага раёна ў 2020 годзе ў пазіцыі органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання як адзінаасобны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пераможніцай абрана памочнік старшыні Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў па пасёлку Іпуць — Таццяна Кіржа.

Так, ёй дастаўся вельмі складаны ўчастак для работы. Тут калісьці атрымалі жыллё супрацоўнікі чыгуначнай станцыі. Пасёлак Іпуць акружаны прамысловай зонай Гомеля. Няма добра развітай інфраструктуры. Былі праблемы і з наладжаннем транспартных зносін паміж пасёлкам і абласным цэнтрам. На аўтобусны прыпынак іпуцянцам дабірацца было вельмі доўга і нязручна.

Вырашыць пытанне, якое хвалявала сельскіх жыхароў, за мэту сабе паставіла менавіта Таццяна Кіржа. Заручыўшыся дапамогай дэпутатаў, пісала звароты, хадзіла на прыёмы і абгрунтоўвала, што грамадскі транспарт павінен пайсці да іх станцыі. Пытанне вырашылася, а імпэт у клопаце аб жыцці пасёлка застаўся.

Дабівалася вырашэння праблемы падтрымання ў належным стане пасялковай дарогі. Таццяна Лук'янаўна актыўна дапамагала ў добраўпарадкаванні мясцовага возера, якое стала любімым месцам адпачынку не толькі жыхароў Улукаўскага сельсавета, але і гараджан. Цяпер тут праходзяць дні пасёлка, вельмі прыгожа адзначаюць Купалле.

Некалькі месяцаў таму Таццяна Кіржа дапамагла ажыццявіць маладзёжную ініцыятыву іпуцянцаў.

— Маладыя бацькі марылі для дзяцей зрабіць сваімі рукамі гульнявую пляцоўку ў двары, — тлумачыць Таццяна Лук'янаўна. — Да мяне звярнуліся тры маладыя сям'і.

Разам распланавалі, як і што будзем рабіць. Сабралі грошы:

— Адгукнуліся многія: тыя, у каго ёсць малыя і тыя, у каго няма. Адрамантавалі старое спартыўнае абсталяванне, пафарбавалі, падварылі. Купілі і новае. Таты сканструявалі вельмі цікавую пясочніцу, можна нават у раёне выраб такіх наладзіць.

Цяпер збіраюцца зрабіць прыгожыя палісаднікі і кветнікі каля пад'ездаў:

— Плануем паставіць горку для скалалажання. Нас пыдтрымалі і арганізацыі раёна. Ёсць ахвотныя дапамагчы не толькі грашыма, але і ўласнымі рукамі.

Вады з крыніцы напіцца

Яшчэ адны актыўныя вяскоўцы, незаменныя памочнікі старшыні Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў у сваёй акрузе — дэпутат Надзея Вараненка і памочнік старшыні сельвыканкама па пасёлку Будацін Таццяна Хадорчанка, якая таксама догі час была дэпутатам.

Жанчыны актыўна дапамагалі ажыццяўляць складаны і працаёмкі «вясковы праект» на тэрыторыі Гомельскага раёна — добраўпарадкаванне і аднаўленне крыніц каля возера Явіцкага, якое атрымала сваю назву ад прозвішча мясцовых паноў, што паставілі на беразе маёнтак. Ад сядзібы не засталося і падмурка, а крыніца б'е дагэтуль, напаўняючы бетонныя кольцы міні-студні. Па ваду сюды цяпер чарга, кажа Надзея Вараненка:

— Вельмі шмат людзей прыязджае з Гомеля, бяруць бочкамі ваду. Яна тут вельмі смачная. Я, напрыклад, выкарыстоўваю яе не толькі для пітва, але і для закрутак.

Надзея Іванаўна згадвае, як на вясковым сходзе разам са старшынёй Улукаўскага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў Жаннай Бізняй прапанавалі аднавіць старажытныя крыніцы.

— Тэрыторыя была амаль цалкам затоплена, гублялася нават маленькая сцяжынка ў зарасніках. Але мясцовыя людзі ведалі, што тут б'юць найчысцейшыя крыніцы, дабіраліся неяк да вады.

Дапамаглі ажыццявіць «вясковы праект» валанцёры экалагічнай арганізацыі, жыхары навакольных вёсак, уладальнікі лецішчаў. Зрабілі водапаніжэнне мясціны, зраўнялі і ачысцілі ад хмызнякоў бераг возера, абсталявалі зручны падыход і альтанку-навес:

— Побач пасёлак Ільіч і буйны дачны кааператыў. Цяпер усе едуць па найчысцейшую пітную ваду і шчыра дзякуюць, што на калісьці занядбанай тэрыторыі цяпер крыніцы і добра ўмацаванае месца для забору вады. Не так даўно бралі яе пробы і рабілі аналіз, дарэчы, — нуль жалеза, нуль нітратаў.

Увогуле Улукаўскі сельсавет на тэрыторыі Гомельскага раёна самы буйны — тут стала пражывае больш як 12 тысяч чалавек. Сёлета ў межах акцыі «Уладкаваць малую радзіму», прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі, жыхары вёсак Гомельскага раёна змаглі зрабіць свой унёсак у захаванне ўдзячнай памяці.

На сімвалічным месцы — паміж пасёлкамі Юбілейны і Перамога ва Улукаўскім сельсавеце — заклалі бярозавую алею «Юбілей Перамогі». 75 саджанцаў у знак падзякі за кожны мірны год высадзілі недалёка ад мемарыяла, дзе ў брацкім пахаванні вечны супакой знайшлі амаль 200 герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі, вызваляючы Гомельскі раён.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Старшыя» па вёсцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».