Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Самае складанае, калі людзі жывуць у эпоху рэформаў і перамен


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з актывам Міншчыны і наведаў прадпрыемства, якое называюць флагманам сусветнай калійнай прамысловасці — «Беларуськалій».


 

Месцам для сустрэчы з прадстаўнікамі цэнтральнага рэгіёна абраны горад шахцёраў Салігорск. Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій» з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных мінеральных угнаенняў оптам. Па дадзеных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыпадае пятая частка сусветнага аб’ёму вытворчасці калійных угнаенняў. Кампанія займае лідзіруючыя пазіцыі ў горнай здабычы ва ўзбагачэнні руды, 90 % яе прадукцыі пастаўляцца на экспарт і адпраўляцца больш чым у 140 краін свету.

Беларуськалій рэалізуе зараз некалькі буйных інвестыцыйных праектаў, сярод якіх будаўніцтва Петрыкаўскага горна-ўзбагачальнага комплексу магутнасцю не менш за 1,5 млн. тон хларыду калію ў год, будаўніцтва Дарасінскага рудніка на землях Салігорскага раёна, будаўніцтва завода па вытворчасці нітрату калію на прамысловай пляцоўцы Чацвёртага рудаўпраўлення, што на мяжы Салігорскага і Любанскага раёнаў.

Менавіта апошнюю пляцоўку і наведае сёння кіраўнік дзяржавы пасля сустрэчы з актывам вобласці. Новы завод стаў вынікам рэалізацыі сумеснага беларуска-кітайскага праекта, які стартаваў у 2017 годзе пасля падпісання пагаднення паміж «Мігаа карпарэйшн» (КНР) і Беларуськаліем. Для рэалізацыі праекта створанае сумеснае прадпрыемства ААТ «Белкалій–Мігаа» з размеркаваннем доляў: 49 працэнтаў — «Беларуськалій», 51 працэнт — «Мігаа Карпарэйшн». Зараз долі складаюць 70 і 30 працэнтаў адпаведна.


«Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны будзе разлічана на пяць год»

Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з актывам вобласці паўгода таму, калі прызначаў новага кіраўніка рэгіёна. Ужо тады былі намечаны асноўныя кірункі развіцця Міншчыны на бліжэйшыя гады.

«Канешне, усё гэта будзе ўдакладняцца з разлікам на пяцігодку, — напомніў пра тую сустрэчу кіраўнік дзяржавы сёння. — Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны будзе разлічана менавіта на гэты тэрмін. Яна мусіць быць зразумелая не толькі актыву, але і простыя людзі мусяць разумець, што будзе. А кіраўнікі прадпрыемстваў уяўлялі, як мы будзем развівацца. Яшчэ ў савецкія часы  вярсталася праграма таксама на пяць гадоў развіцця, у ёй прапісваліся інвестыцыі і прадпрыемствы».

Вельмі хацелася б, каб акрамя традыцыйных прадпрыемстваў з’явіліся новыя, адзначыў Прэзідэнт. Што тычыцца Міншчыны, то тут адным такім абысціся нельга, ўпэўнены ён.

«Думаю два, а калі можна тры, але гэта павінны быць абсалютна абгрунтаваныя, для гэтага павінны быць грашовыя сродкі», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад рашэнне будаваць у Гродзенскай вобласці новы азотны комплекс. Па-першае, азотныя ўгнаенні патрэбны самой Беларусі ў большых аб’ёмах, па-другое, на іх маецца сталы попыт на міжнародных рынках.

«Вельмі важныя зараз комплексныя, змешаныя ўгнаенні, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Калій, фосфар, азот, усё гэта мы вырабляем».

«Мы працу, занятасць і заробак паставілі ў аснову асноў нашай палітыкі»​

Каб асэнсаваць пройдзены шлях, неабходна успомніць, з чаго ён пачынаўся.

«Было няпроста. Старэйшыя з вас памятаюць, як нашы гарнякі пешшу па бездарожжы крочылі на сталіцу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Помніце? І каструлямі барабанілі, і талеркамі… Я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і заўсёды здзіўляўся, думаў: а чаго не хапае ў Салігорску гарнякам? А не хапала многага, як высветлілася, калі я сутыкнуўся з гэтым пытаннем. Але мы працу, занятасць і заробак паставілі ў аснову асноў нашай палітыкі».

Аляксандр Лукашэнка расказаў пра сваё першае рашэнне адносна калійнага камбіната аб продажы сыравіны праз адзін канал, і пра наступныя, у прыватнасці, аб імпартазамяшчэнні.

«Для людзей сёння ёсць усё, і для працы, і для адпачынку — інфраструктура развітая, навучальныя ўстановы, бальніца, спартыўныя аб’екты. Калі нечага недзе не хапае… Нават у Салігорску мы пачнём і прадоўжым будаваць не толькі дарогі, але і тыя аб’екты, у якіх мае патрэбу горад», — паабяцаў Прэзідэнт.

Ён назваў Беларуськалій нацыянальным здабыткам, гонарам і адным са стаўпоў экспарту. Успамінаючы яго адносна нядаўнюю гісторыю, Аляксандр Лукашэнка спыніўся на тэме спроб яго пакупкі.

«Мне няма неабходнасці вам ў гэтай зале тлумачыць маю пазіцыю па дзяржаўнай уласнасці і па тых прадпрыемствах, якія ў нас функцыянуюць. Усе нашы «альтэрнатыўшчыкі» крычаць: «пераменаў, пераменаў!» Натуральна, перамены заўсёды патрэбныя. Але ніхто не кажа, якія перамены. Заробкі будуць вялізныя — ніхто не кажа за кошт чаго. Але я вам павінен сказаць шчыра: я — дзяржаўнік. Я не адношуся да людзей, якія гатовы сёння на кавалкі парэзаць і падзяліць. У беларусаў сфарміраваны жалезны імунітэт справядлівасці. Людзі хочуць жыць справядліва».

Інакш, па словах Прэзідэнта, адбудзецца бяда. Ён заклікаў помніць пра тое, што людзей нельга нахіляць, пазбаўляючы надзеі.


«Нам нічога не трэба выдумляць. Нам трэба паглыбляцца»

Прэзідэнт расказаў пра перспектывы калійнай галіны.

«Вы ведаеце, што ў Любанскім раёне мы будуем Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат. У Петрыкаве практычна завяршылі будаўніцтва, малайцы, гэта вы яго зрабілі. Я хацеў, каб вы яго пабудавалі. І мы яшчэ больш калійных угнаенняў будзем пастаўляць на міжнародныя рынкі», — праінфармаваў ён. 

Разам з будаўніцтвам Нежынскага ГУКа трэба падцягнуць і саму Любань, дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Я вельмі хачу, каб з Мінска на Салігорск, Слуцк і далей на Любань, Петрыкаў, з поўначы на поўдзень праз Мінскую вобласць быў пояс, падобны да Салігорска», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці з удзелам кітайскіх партнёраў рэалізуюцца праекты, якія маюць стратэгічнае значэнне для краіны — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» і Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. 

«Мы ў Беларусі не сталі ламаць тое, што было. Захоўваючы патэнцыял савецкіх часоў, мы прырастаем новым, — адзначыў Прэзідэнт. — БелАЗ — гонар усяго савецкага машынабудавання. Мы яго захавалі і зрабілі зусім іншы БелАЗ... Шмат новага пабудавалі, усё абсталяванне замянілі. Таксама хацелі БелАЗ прадаць. Што б мы мелі на яго месцы? Дзе гарантыі, што захаваліся б тыя кампетэнцыі гэтага прадпрыемства, якія сёння маюцца? Калі нашы канструктары на падставе ўсяго вопыту сусветнага, апошніх дасягненняў, канструююць і вырабляюць нашы аўтамабілі. Дзе гарантыя, што заўтра мы не выраблялі б там гайкі? А ўсе навацыі былі б там, у Японіі ці ЗША».

Беларусь трымае каля 30 працэнтаў рынку кар’ернай тэхнікі, першая стварыла аўтамабіль грузапад’ёмнасцю 450 тон, зараз разам з расіянамі працуе над беспілотнымі самазваламі. 

«На Міншчыне мы арганізавалі новую серыйную вытворчасць легкавых аўтамабіляў БелДжы, — працягнуў спіс дасягненняў рэгіёна Аляксандр Лукашэнка. — Будзем пашыраць лінейку гэтых аўтамабіляў, павышаць лакалізацыю, каб больш камплектуючых рабіць у Беларусі. Гэта вялізны шлейф, нібы ў каметы, імпартазамяшчэння. Нам нічога не трэба выдумляць. Нам трэба далей развіваць. Калі мы сёння не робім там кузаў, мы можам інвеставаць і рабіць кузавы».

Яшчэ адзін прыклад — заводы па вытворчасці пялет, якія працуюць на адходах драўніны. 

«У нас яшчэ вялізны пласт неасвоеных ідэй. І нават не ідэй, а ўжо вядомых у свеце тэхналогій. У гэтым кірунку нам трэба рухацца. Нам трэба паглыбляцца... У гэтым нашы асноўныя інвестыцыі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — І самае галоўнае, мы маем людзей, кадры, якія разумеюць, могуць гэта рабіць»

Трэба ставіцца з вялікай насцярогай да прапаноў прадаць беларускія прадпрыемствы сусветным карпарацыям, мяркуе Прэзідэнт. Ёсць небяспека ў такім выпадку патрапіць у залежнасць ад іх. 

Ёсць у Беларусі, і ў прыватнасці на Міншчыне, і цалкам новыя прадпрыемствы, у іх ліку Аляксандр Лукашэнка назваў завод «Штадлер-Мінск», дзе робяць самыя сучасныя цягнікі і вагоны для чыгункі і метро, якія экспартуюцца ў краіны СНД, Еўропы і Лацінскай Амерыкі. 

Такіх замежных інвестараў дзяржава падтрымлівае і мае ад іх аддачу.

Развіццё Міншчыны ў многім вызначае развіццё краіны

«Сталічны рэгіён не проста аснова. Патэнцыял, якім вы валодаеце, па-сутнасці ўяўляе сабой зменшаную копію эканомікі нашай краіны. У вас ёсць усё, прадстаўлены ўсе галіны, усе віды і ўсе формы гаспадарання і дзейнасці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму ў Мінскай вобласці я бываю часцей, чым у іншых нашых рэгіёнах, і калі мне трэба разгледзець дзейнасць адной з галін нашай прамысловасці на прыкладзе канкрэтнага прадпрыемства, альбо ход пасяўной ці ўборачнай, я, як правіла, еду на Міншчыну. Такі лёс у сталічнай вобласці — быць у цэнтры ўвагі, быць лепшай і прыкладам для іншых».

Але лепшай Мінская вобласць была не заўсёды, напомніў Прэзідэнт.

«Дзякаваць богу, за апошнюю пяцігодку мы неяк выраўняліся. Думаю, што вы не спыніцеся і пры ўсіх турбулентных сітуацыях будзеце рухацца наперад», — выказаў ён надзею.

Яшчэ адна асаблівасць цэнтральнага рэгіёна — адсутнасць знешніх межаў. Разам з тым, тут знаходзіцца галоўны аэрапорт — паветраныя вароты краіны.

«Таму ўсе нашы госці, хто прылятае да нас і потым едзе ў любую кропку Беларусі, сваё знаёмства з нашай зямлёй пачынае менавіта з Міншчыны, — сказаў ён. — Першае ўражанне пра краіну фарміруецца менавіта дзякуючы ўбачанаму тут у вобласці. Гэта яшчэ адзін фактар асаблівай значнасці і асаблівай адказнасці гэтага рэгіёна».

«Крызіс — гэта не толькі бяда, але і час магчымасцяў»

Па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі Міншчына ўстойліва займае лідзіруючыя пазіцыі. За чвэрць стагоддзя вытворчасць сельгаспрадукцыі вырасла амаль утрая. Ураджайнасць зерневых павялічылася з 22 да 34 цэнтнераў з гектара, бульбы — са 128 да 240, гародніны — са 139 да 280, рапсу — з 5,8 да 18,5. Ураджайнасць цукровых буракоў вырасла ўтрая. 

«Атрымала развіццё і сацыяльная сфера, — адзначыў Прэзідэнт. — У бягучай пяцігодцы ўведзеныя ў эксплуатацыю 15 аб’ектаў адукацыі».

Сёлета з’явяцца яшчэ 11 новых дзіцячых садкоў. 

На Міншчыне многае зроблена, але расслабляцца ні ў якім разе нельга, рэзюмаваў беларускі лідар. 

«Сёння час патрабуе імклівага руху наперад з дакладным разуменнем мэт і перспектыў сталічнага рэгіёна. Гэта не дзяжурная фраза, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Крызіс — гэта не толькі бяда, але і час магчымасцяў. Мы павінны вось гэты час складаны выкарыстаць так, каб ускочыць некуды ў новыя рынкі, якія адкрыліся, і зачапіцца там. Не зачэпімся — будзе вельмі цяжка».

Чаго б нам ні каштавала, трэба імкнуцца наперад, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. 

«Разумею, што на ўсё гэта патрэбныя грашовыя сродкі, — дадаў ён. — Нядаўна я запрасіў кіраўніцтва ўрада, Нацыянальнага банка, у прысутнасці вашага губернатара пастаўленая жалезная задача — усё, што ў нас ёсць, кінуць у вытворчасць, каб зачапіцца на гэтых рынках. Вось і ўся рэформа. Мы вельмі ўманціраваныя ў міжнародныя вытворчыя ланцужкі. Мы — экспартаарыентаваная краіна. Нам трэба ў гэты перыяд нічога не разбурыць, выратаваць нашу дзяржаву, нашу эканоміку, абараніць людзей і хоць бы на пяць% прасунуцца наперад».

У такім выпадку бліжэйшая пяцігодка пройдзе спакойна і без узрушэнняў, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба ісці ў рэгіёны» 

Даступнасць інфраструктуры, паслуг, сацыяльных стандартаў на сяле — усё гэта павінна быць забяспечана ў поўным аб’ёме, — запатрабаваў Прэзідэнт. 

«Трэба актыўна развіваць прысталічныя раёны і гарады-спадарожнікі Мінска, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Трэба ісці ў рэгіёны. Неабходна там ствараць працоўныя месцы і, як раней казалі, раўнамерна размяркоўваць вытворчыя сілы. Гэта вельмі важна».

Да гэтай палітыкі адносіцца і рэалізацыя канцэпцыі прамысловага поясу Мінскай вобласці: тэрыторый Барысаўскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага, Стаўбцоўскага раёнаў. 

«Гэта правільныя арыенціры, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У тым ліку падрыхтоўка пляцовак пад высокатэхналагічную вытворчасць у Рудзенску і Стоўбцах. З’явіліся новыя аўтамабільныя магістралі. Настаў час заняцца міжраённымі дарогамі, іх таксама трэба прывесці ў парадак». 

Калі цэны на калійныя ўгнаенні падымуцца, грошы дзяржавы ад дывідэндаў будуць укладзеныя ў дарогі, паабяцаў Прэзідэнт. 

«Нам трэба прайсці туды да Мікашэвічаў, да Прыпяці, — не сумняваецца Аляксандр Лукашэнка. — А можа быць на перспектыву, мы вось зараз думаем пра тое, каб Глушкавічы (там, дзе кар’ер па шчэбні) чыгункай злучыць, але занадта ўжо высокую цану заклалі спецыялісты... Тыя рэгіёны маюць патрэбу ў развіцці. Будзе чыгунка — будзе развіццё. Але мы глядзім, якія там можна адкрыць вытворчасці, каб чыгунка акуплялася».

У Мінскай вобласці ёсць рэзервы ў развіцці прадпрымальніцтва, лічбавізацыі эканомікі, і Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што рэгіён тут знойдзе сваё месца і будзе прырастаць.

«Я хачу, каб кожны беларус меў гэты кавалак зямлі»

Прэзідэнт зноў акцэнтаваў увагу на сваім рашэнне пра аднаўленне хутароў і невялікіх неперспектыўных вёсак. Вясна 2020 года дазволіла ўпэўніцца: тыя, каму было куды вывезці з гарадоў, асабліва буйных, падчас эпідэміі на новы каранавірус, сваіх сталых бацькоў і малых дзяцей, аказаліся ў большай бяспецы.

«Таму я хачу, каб у наступнай пяцігодцы, мы вызначылі тыя кавалкі зямлі, якія ў нас маюцца ў вёсках, аграгарадках, незабудаваныя, там, дзе ёсць неперспектыўныя плошчы… Недзе паміж лесам і вёсачкай 50 сотак, гектар, два-тры, дзе рукі ў кааператываў, калектываў, калгасаў-саўгасаў не даходзяць да гэтых палёў — трэба іх аддаць людзям», — упэўнены беларускі лідар.

Гэту палітыку трэба прадумаць. Кіраўнік дзяржавы прапануе ўкараніць вопыт яго роднага пасёлка Копысь на Віцебшчыне, дзе сядзібы без гаспадароў былі агароджаныя і выстаўленыя на продаж.

«Людзі сталі імкнуцца да зямлі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І гэта правільна. Я хачу, каб кожны беларус меў гэты кавалак зямлі».

Яшчэ адзін матыў — падштурхнуць беларусаў выкарыстаць вельмі добрае ўкладанне грошай. Прэзідэнт у гэтым не сумняваецца і мае на тое падставы.

«У вас, калі вы не хочаце на гэтым кавалку зямлі жыць, у вас заўсёды купяць яго. Ужо гэта адбываецца. Чаму ў нас дарагія кватэры ў Мінску? Ніхто не задумваўся… Масквічы кінуліся ў Беларусь. Яны грошы не лічаць, калі купляюць у Мінску і іншых гарадах кватэры», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Тое ж адбываецца, па яго словах, і з зямельнымі ўчасткамі.

«Яны ўжо зразумелі, што Беларусь — гэта спакойная, ціхая краіна, ціхая гавань, дзе можна жыць не толькі ім, але і іх дзецям, — выказаў пажаданне беларускі лідар. Я хачу, каб пачулі мяне ў чарговы раз і недзе адзначылі сабе: калі ў вас ёсць хоць самая маленькая магчымасць атрымаць гэты кавалак зямлі… Разумею, што не ва ўсіх ёсць уласныя грашовыя сродкі назапашаныя, каб пабудаваць там дом — пабудуеце з часам. Галоўнае, што ў вас будзе кавалак зямлі, агароджаны плотам, куды вы на выходныя можаце прыехаць і прывезці туды дзяцей».

«Перамены павінны пачынацца цывілізавана і ісці цывілізавана»

Пасля сустрэчы з актывам Аляксандр Лукашэнка пабываў на сумесным ТАА «Белкалій-Мігаа», дзе азнаёміўся з вынікамі дзейнасці. А затым пагутарыў з калектывам ААТ «Беларуськалій».

«Самае складанае, калі людзі жывуць у эпоху рэформаў і перамен. Перамены будуць абавязкова. І перамены павінны пачынацца цывілізавана і ісці цывілізавана, пачынаючы ад Канстытуцыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да калектыву. — Канстытуцыя — Асноўны Закон. Мы за два гады зробім некалькі варыянтаў і вынесем іх на абмеркаванне. Людзі проста баяцца ўносіць больш рашучыя змены ў Канстытуцыю. Мы многае зробім у плане перадачы паўнамоцтваў уніз, пачынаючы ад старшынь райвыканкамаў, губернатараў». 

Яны, як лічыць кіраўнік дзяржавы, у рэшце рэшт павінны больш шырока займацца тымі ці іншымі пытаннямі, таму што яны тут жывуць. Што датычыцца перазмеркавання паўнамоцтваў — Прэзідэнт, парламент, урад — усё гэта павінна быць прапісана ў Канстытуцыі. 

«Канстытуцыя будзе прымацца на рэферэндуме, павінны дакладна вызначыць, якім шляхам ісці. Ці мы пойдзем шляхам, які прапаноўваюць сёння мае «альтэрнатыўшчыкі» — прыватызацыю, рэформы і гэтак далей? — выказаўся Прэзідэнт. — Гэта не са мной, я не пайду на злом сацыяльнага ўкладу нашай краіны».

У прыклад, ён прывёў «Беларуськалій», дзе няма неабходнасці ў прыватызацыі: прадпрыемства працуе эфектыўна, так як трэба для краіны. 

«Я баюся страты рабочых месцаў, добра, што не пайшлі на глабальную прыватызацыю, калі прыходзіў інвестар, то яму не трэба 20 тысяч працуючых. Таму мне такая прыватызацыя непатрэбна», — лічыць беларускі лідар.

Пра дарогі і лазню

Адзін з работнікаў звярнуўся да Прэзідэнта з просьбай пасадзейнічаць у хутчэйшым будаўніцтве ўчастка аўтадарогі на Мікашэвічы і да яго вёскі. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ёсць дамоўленасць з кіраўніком Мінскай вобласці: будаўніцтва пачнецца з найбліжэйшага панядзелка.

«Думаю, дойдзем да Мікашэвіч, таму што нам гэтая дарога патрэбна, а там пасля заканчэння гэтага ўчастка і — да вашай вёскі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе работнікаў Беларуськалія — у Салігорску старая лазня, равесніца горада: «Думаю, калі б вы аказалі садзеянне ў будаўніцтве новага лазневага комплексу, то жыхары сказалі б вам шчыры дзякуй».

«Трэба паглядзець, падумаць, калі ў Салігорску такая праблема, то неабходна яе вырашаць, толькі па- сучаснаму, не так, як было раней», — звярнуўся да генеральнага дырэктара ААТ «Беларуськалій» Івана Галаватага Прэзідэнт.

«Галоўнае — намі не павінны кіраваць з-за мяжы»

Раздзяліць наш народ ужо не атрымаецца, адказаў Прэзідэнт на пытанне прадстаўніка працоўнага калектыву пра выбарчую кампанію ў Беларусі.

«Мы ўжо 25 гадоў паспрабавалі, што такое ў сваёй дзяржаве, свой кавалак зямлі, мы з галавой дружым, разумеем, што гэты кавалак зямлі не столькі нам належыць, колькі нашым дзецям. Ён павінен застацца нашым дзецям», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка напомніў, як цяжка было напачатку гэтага шляху: «Не хачу вяртання да тых часоў, не хачу, каб вы туды вярталіся. Як бы тут некаторыя «альтэрнатыўныя» ні прапаноўвалі, што трэба вярнуцца ў 1994 год і тую Канстытуцыю вярнуць. Ведаеце, калі некаму хочацца вярнуць, няхай вернуць, толькі не трэба казаць пра рэформу і рух наперад, калі вядзеш народ назад». 

Галоўнае — Канстытуцыя, усё павінна быць прапісанае ў ёй, каб не адбылася рэвалюцыя. 

«Ліміт рэвалюцый вычарпаны, — паўтарыў Прэзідэнт. — Ды ў нас рэвалюцыянераў няма...»

Ёсць жадаючыя разбурыць краіну, лічыць Аляксандр Лукашэнка, але зрабіць гэта ім ніхто не дазволіць. 

«Я не прыехаў прасіць, каб вы некага падтрымлівалі, у тым ліку дзеючага Прэзідэнта. Гэта ваша справа. Як хочаце, так і рабіце, але памятайце, галоўнае — намі не павінны кіраваць з-за мяжы. Мы павінны жыць уласным розумам. Калі вы «за», тады мы будзем абараняць сваю краіну для нашых дзяцей, калі вы «супраць», то шукайце іншага Прэзідэнта», — прапанаваў шахцёрам Аляксандр Лукашэнка.

Уражанні ад парада

Пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы і ўражаннямі ад нядаўняга парада ў Маскве. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што разам з ім была рота Ганаровай варты.

«Адбор туды ідзе не толькі па росце, знешніх дадзеных, але і па розуме. Я і тыя, хто быў са мной, парадаваліся за нашых хлопцаў. Гэта самае яскравае маё ўражанне», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.