Вы тут

ВНУ Беларусі абвясцілі набор на новыя спецыяльнасці


Яны звязаныя пераважна з тэхналогіямі, праграмаваннем і эканомікай.


Так, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт у новым навучальным годзе прапануе абітурыентам дзве новыя спецыяльнасці: «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» (інжынерны факультэт) і «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» (факультэт эканомікі і права). Будучых інжынераў прымуць на дзённую форму навучання. Эканамічная праграма мае спецыялізацыю «Машынабудаванне» на дзённай форме і на завочнай скарочанай. На завочным аддзяленні з новага навучальнага года з’явіцца і дыстанцыйная форма навучання па спецыяльнасці «правазнаўства».

На факультэце хімічнай тэхналогіі і тэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта будзе весціся набор на спецыяльнасць «Прамысловая водападрыхтоўка і водаачыстка». На факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну БДТУ адкрыецца спецыяльнасць «Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу».

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на факультэце эканомікі і бізнес-кіравання на вочнай форме навучання прапануе запатрабаваную спецыяльнасць «Эканоміка электроннага бізнесу». Плануецца, што студэнты будуць вывучаць як эканамічныя, так і тэхнічныя дысцыпліны. Праз чатыры гады выпускнікам будзе прысвоена кваліфікацыя «эканаміст-праграміст».

З 2020 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава з’явяцца спецыяльнасці «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)».

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны адкрывае набор на тры новыя спецыяльнасці: «Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)».

На дзённай форме навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы абітурыентам прапануюцца чатыры новыя спецыяльнасці: «Штучны інтэлект», «Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы ў машынабудаванні», «Дызайн віртуальнага асяроддзя» і «Спартыўна-педагагічная дзейнасць».

На факультэце матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова распачнецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях «Медыка-біялагічная справа» і «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Форма навучання — дзённая. Акрамя вочнай формы, плануецца набор і на завочную скарочаную для тых, хто скончыў каледж па гэтым жа профілі.

У 2020 годзе ў Палескім дзяржаўным універсітэце створаны пяты факультэт — інжынерны, мэта якога — падрыхтоўка кадраў для развіцця інжынірынгавага напрамку эканомікі краіны. Спецыяльнасці — «Прамысловае рыбаводства (тэхналогія перапрацоўкі рыбнай прадукцыі)», «Інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы», «Садова-паркавае будаўніцтва (ландшафтнае будаўніцтва)».

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычным факультэце адкрывае набор на спецыяльнасць «Мытная справа». На старшых курсах можна будзе выбраць спецыялізацыі «Прававое забеспячэнне мытнай дзейнасці», «Эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці» і атрымаць кваліфікацыю «Спецыяліст мытнай справы». Форма навучання — вочная.

Новыя і абноўленыя спецыяльнасці і спецыялізацыі з’явяцца і ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Так, на энергетычным факультэце адкрыецца спецыяльнасць «Праектаванне і эксплуатацыя атамных і электрычных станцый». На факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі на спецыяльнасці «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» створаны новы напрамак — «Эканамічная бяспека прамысловага прадпрыемства».

Акрамя таго, у абітурыентаў з’явіцца магчымасць трапіць на спецыялізацыю «адытыўныя тэхналогіі ў ліцейнай вытворчасці» ў рамках спецыяльнасці «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці». А ў рамках спецыяльнасці «Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне» з’явіцца новая спецыялізацыя «Інавацыйнае абсталяванне для атрымання прадуктаў з адпрацаваных будаўнічых канструкцый».

На прыборабудаўнічым факультэце на спецыяльнасці «біятэхнічныя медыцынскія прыборы і сістэмы» будуць адкрыты дзве новыя спецыялізацыі — «Тэхнічныя сродкі дыягностыкі і лячэння» і «Тэхнічныя сродкі замены органаў і рэабілітацыя».

У БНТУ таксама правялі рэбрэндынг спецыяльнасці «Гарадскі электрычны транспарт», і ў 2020 годзе ВНУ будзе ажыццяўляць набор па абноўленай спецыяльнасці «Электрычны і аўтаномны транспарт». А ў наступным годзе плануецца адкрыць новую спецыяльнасць «Прамысловы дызайн» з некалькімі напрамкамі: «Дызайн транспартных сродкаў» — на аўтатрактарным факультэце і «Дызайн вытворчага абсталявання» — на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.