Вы тут

Фіналіст конкурсу «Настаўнік года» — пра адзнакі, эмоцыі на ўроку і ўменне чуць іншага


«Ну вось і завяршаецца 2019/2020 навучальны год. Які ён быў? Розны: вясёлы і сумны, цікавы і складаны, поўны падзей, людзей і актыўнасці. Але галоўнае — ён быў першым навучальным годам для 26 сур’ёзных маладых людзей — 1 „В“ класа. На жаль, на фота нас толькі 10 + 1... Але спадзяюся, што хутка ўсё зменіцца і нас зноў стане 26 + 1 :) Што пажадаць у канцы навучальнага года? Стомленым — адпачыць, захварэлым — ачуняць, сумным — усміхнуцца, адзінокім — займець сяброў... Увогуле, ператвараем усе мінусы ў плюсы! Абдымаю ўсіх!» — напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» настаўніца пачатковых класаў Лагойскай сярэдняй школы № 1 Святлана ІВАНЮШЫНА.

Чацвёртая вучэбная чвэрць аказалася вельмі складанай і напружанай для ўсіх. Для дзяцей, якія з-за каранавіруса не наведвалі школу і апынуліся ў чатырох сценах. Для настаўнікаў, якім давялося тэрмінова шукаць спосабы, як не пакінуць сваіх вучняў сам-насам у ізаляцыі. Для бацькоў, бо ім давялося ўзяць частку адказнасці за хатняе навучанне на сябе і яны нарэшце пранікліся важнасцю настаўніцкай працы. А для Святланы Іванюшынай у маі адбыўся яшчэ і фінал абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». І ён таксама праходзіў незвычайна — у анлайн-фармаце. Святлана прызнаецца, што спачатку яе ахапіла паніка, бо як разарвацца: весці заняткі ў школе, працаваць з дзецьмі, якія знаходзяцца дома, ды яшчэ і рыхтаваць конкурсныя мерапрыемствы...

Святлана Іванюшына са сваім любімым 1 «В».

Выклік самой сабе

— Але паслухала дзяцей і зразумела: усё раблю правільна, магчыма, крыху не так, як хочацца членам журы, але са сваімі амбіцыямі як-небудзь спраўлюся! — усміхаецца яна. — Прызнаюся, што мая перамога на абласным этапе ў намінацыі «настаўнік пачатковых класаў» і выхад у фінал сталі для мяне поўнай нечаканасцю. Удзельнічаць у конкурсе «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» было выключна маёй ініцыятывай. Ніхто мяне не прымушаў і не прасіў аб гэтым. Проста ўбачыла аб’яву, што стартуе конкурс, і тут жа ў мяне ў галаве склалася карцінка, як будзе выглядаць мая візітоўка. Для мяне конкурс стаў выклікам самой сабе. Я многаму навучылася за конкурсны час, напрыклад, таймінгу, бо размеркаванне часу для мяне — праблема. Самае складанае было сканцэнтравацца і «не рассыпацца» ад вялікай нагрузкі, асабліва калі за ноч трэба падрыхтаваць урок і прыйсці раніцай у клас да незнаёмых вучняў. Але гэта было і самым запамінальным. А які выкід адрэналіну ў мяне быў, калі я абараняла свой педагагічны досвед анлайн (смяецца. — Аўт.). За 30 секундаў да пачатку трансляцыі трэба было падрыхтаваць «інгрэдыенты» для вопыту, бо хацелася чымсьці ўразіць журы. Мне ўжо ўключалі камеру і мікрафон, і ў гэты час са стала пачалі падаць папкі, кнігі — усё, што там было. Ноўтбук таксама быў пад пагрозай. А тут яшчэ стаяць і падрыхтаваныя шклянкі з вадой, якую трэба хуценька заліць. Адключыла мікрафон, каб не чулі, што ў нас робіцца. Не ведаю як, але мы паспелі ліквідаваць наступствы гэтай «аварыі» і своечасова выйсці ў эфір.

— Святлана, усім добра вядомыя вашы артыстычныя здольнасці, вы выдатна спяваеце. А ці ўяўляеце сябе ў нейкім іншым месцы, акрамя школы, дзе маглі б рэалізавацца?

— З дзяцінства, акрамя мары стаць настаўнікам, была мара пра сцэну, бо вельмі любіла выступаць перад аўдыторыяй: чытаць вершы, спяваць... Аднак школьны клас — тая ж сцэна, толькі гледачы больш удзячныя. Таму я лічу, што мае мары з дзяцінства рэалізаваліся на ўсе сто працэнтаў. Мая матуля была і маёй першай настаўніцай. Я хадзіла з ёй разам на работу з чатырох гадоў. І гуляла я заўсёды толькі ў школу. З усёй моцы імкнулася навучыць сваю малодшую сястру чытаць, а тая катэгарычна адмаўлялася. Але калі пайшла ў першы клас, то высветлілася, што чытаць яна ўмее, проста так сястра пратэставала супраць майго педагагічнага дыктату.

Пасля дзявятага класа я паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж. Чаму абрала менавіта пачатковую школу? Малыя — больш адкрытыя, шчырыя і эмацыянальна яскравыя. Для іх настаўнік — гэта цэлы Сусвет. Яны давяраюць табе нават больш, чым сваім бацькам, гатовы дзяліцца з табой сваімі сакрэтамі. Да таго ж настаўнік у пачатковай школе — гэта мультыпрофільны спецыяліст, а паколькі я люблю ўсё — і чытанне, і маляванне, і матэматыку, і песні, і танцы, — мне здаецца, што мая цяперашняя роля — найлепшы спосаб для самарэалізацыі.

Хоць пачынала я сваю прафесійную дзейнасць на пасадзе педагога-арганізатара . Мне было 19 гадоў, а старэйшым вучням 17-18 гадоў. І мяне яшчэ доўга блыталі са старшакласніцай. Калі прыйшла настаўніцай у клас, то адчувала па першым часе з боку бацькоў недавер. Мне яшчэ не хапала аўтарытэту і вопыту, таму на першым бацькоўскім сходзе я шчыра прызналася: «Так, я маладая, але мае козыры менавіта ў гэтым. Я заўсёды ўсміхаюся і люблю тое, чым займаюся. Мне здаецца, што са мной вучням не будзе сумна і яны будуць імкнуцца ў школу». Гэта былі мае ключыкі да бацькоў. Прайшоў час, ключыкаў стала больш. Але і сёння я кажу бацькам, што адзнакі і акадэмічныя дасягненні — не галоўнае. Важна, каб дзеці любілі вучыцца, бо вучыцца давядзецца яшчэ доўга, а рабіць штосьці праз нелюбоў цяжка і невыносна.

Навучыць слухаць іншых

— А што ў рабоце з малымі самае складанае: заваяваць іх давер, утрымаць увагу, захапіць вучобай ці нешта іншае? Чаму дзеці, якія бягуць у першы клас з радасцю, вельмі хутка расчароўваюцца ў школьных буднях?

— З самымі маленькімі цяжэй за ўсё навучыць іх слухаць іншых, а не толькі гаварыць самім. Над гэтым мы працуем літаральна з першых дзён вучобы ў школе. Ім усім хочацца падзяліцца з настаўнікам сваім. Ты пачынаеш казаць пра нейкую сітуацыю, і на цябе абрушваецца паток: а мая маці, бабуля, сястрычка і гэтак далей. 26 вучняў, і ўсім хочацца выказацца адначасова! Таму мы разам вучымся на першых занятках чуць адно аднаго. Калі я напрыканцы першага класа пытаюся: «Дзеці, а як вы думаеце, чаму самаму галоўнаму мы з вамі за гэты год навучыліся?» — тыя адказваюць хорам: «Слухаць іншых!» Я лічу, што ў дзяцей расчараванне ад школьнай рэчаіснасці звязана ў многім з тым, што калі яны становяцца школьнікамі, то не ўпісваюцца ў ролю, якую навязваюць бацькі: не рабі памылак, повдзь сябе добра, не бегай, не скачы, добра вучыся... Але ж гэта дзеці, і ім трэба заставацца самімі сабой. Што нам рабіць з перабольшанымі чаканнямі бацькоў? Я сама знаходжуся ў той жа пастцы са сваёй старэйшай дачкой. Яна ў мяне трэцякласніца, і ёй «не пашанцавала» з маці: перфекцыяністкай, якая не заўсёды задаволеная адзнакамі...

— А ці ёсць у пачатковай школе ўвогуле месца для адзнак?

— Раней адназначна дала б станоўчы адказ. Я разважала прыкладна так: бацькі працуюць і прыносяць дамоў заработную плату, а дзеці вучацца і прыносяць адзнакі. Гэта справядлівая ўзнагарода за іх працу. Аднойчы я моцна паспрачалася на гэту тэму ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, і, напэўна, з той спрэчкі адбыўся злом у маёй сістэме прафесійных каардынат. Мне дасталіся дзеці, якіх я вяла не з першага класа, а прыйшла да іх у трэцім, калі завяршаецца безадзнакавы перыяд. І я выразна ўбачыла, як адзнакі ўплываюць на вучняў: без іх у калектыве былі лепшыя сяброўскія зносіны, лепшае ўзаемадзеянне. А тут адразу ўзніклі нейкія шаблоны і стэрэатыпы: ты — выдатнік, а ты — двоечнік. З гэтым я буду сябраваць, бо ён можа мне падказаць... Ды яшчэ і слёзы, калі спадзяваўся, але не атрымаў «дзясятку»...

Таму цяпер я ўпэўненая, што пачатковая школа — не месца для адзнак, а месца для ўсталявання стасункаў, месца, дзе дзеці павінны атрымліваць асалоду ад працэсу навучання, дзе можна атрымаць штуршок для ўласнага развіцця. Але тут ад настаўніка патрабуюцца вельмі адэкватная зваротная сувязь і, зразумела, індывідуальны маршрут для кожнага вучня, бо калі тваю дзейнасць увогуле ніяк не ацэньваюць, то тады гэта таксама няправільна. На кожны дзень я распрацоўваю лісточкі самаацэнкі, якія дзеці перадаюць сваім бацькам. Дамашніх заданняў у першым класе няма, але вучні з павышанай адказнасцю і матывацыяй адпрацоўваюць дома тое, што ў іх не атрымалася. І бацькам зразумела, дзе ўтварыўся прабел, які трэба ліквідаваць.

Прыхільнікі актыўнай ацэнкі ведаюць, што матываваць можна і без адзнак. Мне як матулі дакладна было б прасцей жыць без адзнак, я не мучыла б уласнае дзіця, якое прыносіць са школы то «тройку», то «дзясятку». Адна справа, калі ўвесь час, напрыклад, «сямёрка», " сямёрка" і «сямёрка». А калі ў адзін дзень — «3», а ў другі — «10»? Я дакладна ведаю, што ўсё залежыць ад настрою дачкі і таго, чым занятыя яе думкі ў канкрэтны момант. Калі яна думае пра сваю работу, якую не дамалявала у мастацкай школе, то будзе «3». Але ж гэтая адзнака ні ў якім разе не адлюстроўвае яе рэальны ўзровень ведаў, бо заўтра будзе зноў «10».

Святлана Іванюшына 18 гадоў з’яўляецца ўдзельніцай народнага ансамбля народнай песні «Шчодрыца».

Нестандартны падыход

— А які павінен быць урок, каб ён прынёс задавальненне і настаўніку, і вучню?

— Мне здаецца, галоўнае — каб дзецям была зразумелая мэта: для чаго яны гэта вывучаюць? І каб яна была звязаная з жыццём кожнага з іх, тады ўрок пойдзе зусім па іншым сцэнарыі. Самае вялікае задавальненне ўрок прыносіць мне, калі я бачу на дзіцячых тварыках жывыя эмоцыі, калі ёсць жывое ўзаемадзеянне, а не нейкая сухая трансляцыя інфармацыі. Эмоцыі — вельмі важны складнік паспяховага ўрока для мяне. Стараюся ўгадваць настрой вучняў, не перагружаць, бо менавіта перагрузка прыводзіць да падзення цікавасці, прапаноўваю цікавыя фізкультхвілінкі, імкнуся здзіўляць на ўроках. У першым класе лёгка здзівіць незнаёмымі фактамі, але складана выбудаваць логіку ўрока, бо працаваць самастойна дзеці яшчэ не ўмеюць. Укараняю разнастайныя тэхналогіі: даю заданні, напрыклад, у LearnіngApps.org, бо гульні ў такім узросце значна лепш дапамагаюць у фарміраванні ведаў, чым сумнае паўтарэнне.

Лічу вельмі важнай і актуальнай і медыяадукацыю. Заданні па медыя лёгка ўваходзяць у кантэкст любых школьных прадметаў і робяць больш асэнсаваным тое, для чаго мы вучымся. Дзеці знаходзяцца ў той жа інфармацыйнай прасторы, што і дарослыя, таму крытычнае мысленне трэба развіваць яшчэ ў пачатковай школе. На ўроку матэматыкі можна прапанаваць ім падумаць: а ці сэканоміць чалавек на акцыі, калі яму прапануецца купіць два пачкі печыва замест аднаго? І ўвогуле, ці патрэбны нам другі пачак? З аднаго боку, гэта матэматыка, бо трэба зрабіць падлікі, але адначасова і медыяасвета. Каб не купляцца на чырвоныя цэннікі на акцыях, вучымся думаць галавой з першага класа. Можна прапанаваць дзецям прааналізаваць, наколькі вобраз, створаны мастаком, супадае з рэальным кніжным героем. Шмат мастакоў малявалі Нязнайку, але герой Мікалая Носава — зусім іншы па апісанні.

— Вучыць дзяцей на адлегласці ў апошняй чвэрці было складана?

— Гэта быў вельмі карысны і цікавы досвед. У работы з малодшымі школьнікамі ёсць свая спецыфіка — вельмі важнымі з’яўляюцца асабістае ўзаемадзеянне з настаўнікам і індывідуальны падыход да кожнага вучня. Але каля 30 працэнтаў маіх школьнікаў вучыліся дома. Я зрабіла стаўку на адну платформу для навучання — Core. Яна дазваляе ўстаўляць відэа, ілюстрацыі, інтэрактыўныя практыкаванні, дадаваць элементы тэсціравання, апытання, аўдыязапісы з уласным голасам для тлумачэння матэрыялу. Дзеці ў гэтым сэрвісе дасылалі мне свае галасавыя файлы для праверкі чытання, фотаздымкі сваіх сшыткаў, якія я размяшчала ў графічным рэдактары, потым аналізавала, што ў іх атрымалася добра, а над чым трэба папрацаваць, і давала разгорнуты каментарый. Хтосьці карыстаўся для гэтых мэт «Вайберам» — навучылася даставаць інфармацыю і адтуль. Я распрацавала шаблон урока, закінула яго ў прафесійную суполку «УКантакце». Калегі пачалі ствараць свае ўрокі па маім шаблоне, затым па ўласных шаблонах і дзяліцца адно з адным. Бацькоўская дапамога была патрэбная дзецям толькі ў самым пачатку, а потым яны самі навучыліся пераходзіць на спасылкі, што я ім скідвала, праглядаць усе матэрыялы і выконваць заданні.

Затое і бацькі ўбачылі моцныя і слабыя бакі сваіх дзяцей. Яны здзіўляліся, як гэта я не стамляюся ад 26 вучняў, бо паспявалі стаміцца ад свайго аднаго (смяецца. — Аўт.). Вельмі кранальна для мяне было, калі дзеці скідвалі мне не толькі фота сваіх работ, але і фота са сваімі тварыкамі. Я адчувала, што яны засумавалі без сяброў па класе, без жывых адносін. Мяркую, што атрыманы вопыт дапаможа мне ў будучым працаваць на адлегласці з дзецьмі, якія доўга хварэюць.

Выступленне з праектам пра школьны музей.

Адпачынак для душы

— Не сакрэт, што на ўсіх педагагічных фэстах калегі чакаюць ад вас чарговы верш на злобу дня ці нават песню. Вершы — ваша хобі? Тэмы для іх выбіраеце не толькі прафесійныя?

— Першы свой верш я напісала ў тры з паловай гады на старонках «Хрэстаматыі па дзіцячай літаратуры». Чытаць мяне ніхто не вучыў, толькі пісалі розныя словы па маёй просьбе. І аднойчы знайшлі дзіця за чытаннем. Я сама вынайшла методыку навучання чытанню праз зрокавыя вобразы слоў. І сама навучылася пісаць. У хрэстаматыі захаваліся мае запісы фламастарам: «Мороз зимой НаступЕт, / Холодный снег пойдет, /И может, всё на свете /Замёрзнет, как ЛИдок». Так, згодная, арфаграфія яшчэ кульгала (смяецца. — Аўт.), але гэта быў мой старт. У дзяцінстве я пісала шмат пра прыроду і ўвогуле пра ўсё, што бачыла. Потым пісала пра каханне. Цяпер часцей ствараю вершы на заказ. Я лёгка рыфмую словы. У дзяцінстве лічыла сябе паэтэсай, а цяпер — проста рыфмаплётам з асаблівымі здольнасцямі да хуткай рэакцыі. Пішу пераважна толькі пра нешта значнае ў жыцці, пра тое, што мяне зачапіла. І пра сваю прафесію таксама. Ідэальнае месца для рыфмаплёцтва — душ або ложак у начны час, калі я застаюся адна.

Але складанне вершаў — не адзінае маё хобі. Я ўжо 18 гадоў з’яўляюся ўдзельніцай народнага ансамбля народнай песні «Шчодрыца». Гэта мой адпачынак для душы. Мы шмат вандруем: аб’ехалі ўсю Беларусь, былі ў Польшчы, Латвіі, Расіі . Яшчэ адно захапленне — інтэлектуальныя гульні, і тры ўдзельніцы «Шчодрыц» таксама гуляюць са мной у «Што? Дзе? Калі?» на лагойскім гарадскім турніры. Інтэлектуальныя гульні вымагаюць не толькі эрудыцыі, — не менш важныя хуткая рэакцыя і вопыт каманднага ўзаемадзеяння. Мы ніколі столькі не смяёмся, як на гульні «Што? Дзе? Калі?».

— Восенню чакаецца рэспубліканскі фінал. Патрабуецца перазагрузка. У вас ужо ёсць план, чым будзеце здзіўляць?

— Мой план — скласці план (смяецца. — Аўт). Пакуль галоўная задача — адпачыць, і пажадана на моры. Але ў ліпені мяне чакае летні інтэнсіў у рамках праекта «Настаўнік для Беларусі». Вельмі спадзяюся стаць яго часткай у новым навучальным годзе: змяняць месца работы не буду, таму што мая школа пагадзілася стаць партнёрам праекта. Я ў захапленні ад людзей, якія стаяць за ім. Мне вельмі хочацца, каб наша першая лагойская школа насамрэч была першай. І свежы вецер нам зусім не перашкодзіць. Я лічу, што калі ты хочаш запаліць сэрцы іншых, важна гарэць самой. Шчаслівы той настаўнік, які ідзе з усмешкай на работу і з усмешкай з работы, хто не чакае хвіліны да званка з урока, да канца рабочага тыдня ці канікул. Лічу, што я шчаслівая ў сваёй прафесіі...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Пятнаццаць год прайшло, ой, як даўно...

Ды не, напэўна, болей, нават трыццаць.

У школу я прыйшла. І з тых часоў

З настаўніцкага шляху мне не збіцца.

Вучу? Вучуся! Кожны момант мы

У школе з вучнямі свет цэлы адкрываем!

Чаму і як? Куды і для чаго —

Адказы на пытанні мы шукаем!

Але ж не толькі ў ведах сэнс жыцця:

Жыццё ўзаемадзеяннем завецца!

Бацькі і вучні, я — адна сям’я,

Ў сям’і заўсёды можна нам сагрэцца!

Хай будзе децям любы школьны час,

Хай будзе лёгка на душы і сэрцы!

Сяброўства, весялосць і прыгажосць —

А разам з імі ведам ёсць дзе дзецца.

Настаўнік я — на працы і ў жыцці!

Ў маіх руках дзіцячыя далонькі!

Мне вучні падарылі пачуцці,

Адкрылі сэрцаў чыстыя старонкі.

Якім там будзе тэкст — не мне рашаць,

Ды я магу падараваць ім словы,

Магу я навучыць, як іх пісаць,

І даць старонцы добрую аснову!

Так важна ўсё, адказна: не схлусіць,

Не падмануць ні словам і ні рухам!

Настаўнік я, магу я ўсё зрабіць!

Дык пажадайце мне быць моцнай духам!

Святлана Іванюшына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.