Вы тут

Пяць тэатральных падзей, да якіх можна далучыцца цягам чарговага тыдня


Мы працягваем засцерагацца, але агульная сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса, відаць, дазваляе тэатральным прапановам сябе разнастайваць — чарговы тыдзень аматар Мельпамены зможа выбраць не толькі анлайн-паказ, што за апошнія месяцы стаў звычайным спосабам баўлення часу, але і рэальную прысутнасць у тэатральнай зале. Некаторыя беларускія калектывы запрашаюць гледачоў у свае партэры, некаторыя ж пакуль толькі рэпеціруюць пастаноўкі, на якія запросяць у хуткай будучыні (невядома, як будзе пабудавана работа розных калектываў, бо на лета яны ўсё ж звычайна закрываюць сезоны). Кожны для сябе ўзважвае, які фармат у сённяшніх умовах для яго найлепшы (канапа дома — пакуль найбольш бяспечны варыянт), а мы ў падборку прапаноў па тэатральным баўленні часу зноў уключаем абодва і акцэнт робім на айчынныя калектывы.


«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у Купалаўскім

На сцэне тэатра імя Янкі Купалы, які ў сярэдзіне месяца аднавіў работу пасля каранавіруснага перапынку, на наступным тыдні загучыць цэлы пантэон беларускіх міфалагічных істот: 1 ліпеня тут сыграюць «Шляхціца Завальню», пастаўленага рэжысёрам Аленай Ганум паводле твора Яна Баршчэўскага. Прэм'ера спектакля, дарэчы, адбылася амаль роўна год таму — 8 ліпеня. «Шляхціц Завальня» тады вельмі своечасова апеў беларускасць і паказаў на тэатральнай сцэне вобраз Белай Сарокі, што ўвасабляе дамаганні чужых культур, — у краіне якраз абмяркоўваліся інтэграцыйныя працэсы з Расіяй. Зрэшты, спектакль усё яшчэ настолькі ж актуальны, але таксама прыгожы (над сцэнаграфіяй працавала Кацярына Шымановіч) і вельмі беларускі — тут даволі сімвалаў самабытнасці і шырыні нашай нацыянальнай культуры. Ваўкалак, цмок, плачка ўпісваюцца ў людскія сюжэты, праз што на сцэне ўвасабляюцца сапраўды фантастычныя апавяданні.

«Профіт» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі

У гэты ж дзень, 1 ліпеня, гледачы змогуць убачыць на сцэне спектакль, прэм'ера якога адбылася праз анлайн-трансляцыю падчас пандэміі — яе паказалі 12 мая ў прамым эфіры, з розных ракурсаў, з заўважнай дыстанцыяй паміж акцёрамі, з антрактам, падчас якога можна было схадзіць на кухню па бутэрброд. Жывы паказ выправіць усе «плоскасці», што засталіся пасля прагляду на экране. «Профіт» пастаўлены мастацкім кіраўніком тэатра Аляксандрам Гарцуевым паводле п'есы Аляксандра Астроўскага «Даходнае месца». Названы трагедыяй з жыцця дзяржслужачых спектакль раздзяляе сваіх герояў на дзве фракцыі: меркантыльных і не. Галоўны герой Жадаў хоча жыць сумленна і пагарджае калегамі, у тым ліку сваім дзядзькам Вышнеўскім, што выкарыстоўваюць службовыя магчымасці для ўзбагачэння. У сваіх поглядах, тым не менш, Жадаву даводзіцца супрацьстаяць не толькі ўсяму амаральнаму атачэнню, але і жонцы, якой хочацца бомбераў і прыгожага жыцця, і ў пэўны момант ён гатовы здацца.

«Кармэн» у Вялікім

Не абмінём увагай яшчэ адзін топавы беларускі тэатр, які гэтымі днямі рэпеціруе адразу некалькі будучых прэм'ер. З учарашняга дня на звыклым ужо рэсурсе — у суполцы #ЗолотойфондБТ афіцыйнай старонкі Галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК у сацсетках Facebook і «УКантакце» — можна паглядзець гарачую оперу Жоржа Бізэ «Кармэн» у пастаноўцы рэжысёра Вячаслава Цюпы. На сцэне нашага Вялікага папулярная опера (хоць прэм'ера яе, дарэчы, правалілася) увасаблялася ў розных варыянтах у розныя часы, больш за тое — у 1933  годзе менавіта яна адкрывала тэатр. Гэтым разам нам прапануюць паглядзець запіс 1991-га, дзе галоўную ролю цыганкі Кармэн выконвае Наталля Руднева. «Мая Кармэн — жанчына, якая не можа жыць без кахання», — казала артыстка, а опера сапраўды вядомая сваёй страснасцю, палкасцю і «чырвонасцю». Севільскія цыганкі, салдаты, кантрабандысты разыгрываюць сцэны кахання, рэўнасці і боек, а мы глядзім «Кармэн» трыццацігадовай даўніны.

«Макбет» у тэатры «Глобус»

У якасці вылазкі за мяжу не абмінём лонданскіх гігантаў і гэтым разам зноў пойдзем у шэкспіраўскі «Глобус». Тэатр, між іншым, шырока задзейнічае чарнаскурых акцёраў і падчас апошніх падзей у ЗША і Еўропе выказаў салідарнасць з рухам Black Lіves Matter. «Глобус» увогуле незвычайны — любы твор Шэкспіра на яго сцэне становіцца актуальным відовішчам, якое задзейнічае сучасныя атрыбуты, адлюстроўвае тэндэнцыі свету і транслюе новую праўду. «Макбет» — трагедыя пра караля Макбета і яго прагу ўлады, з-за якой ён разам з жонкай ідзе на шэраг крывавых распраў. Галоўнага героя тут іграе чорны акцёр. Пастаноўка была паказана ў Лондане ў канцы лютага — пачатку сакавіка гэтага года, і цяпер яе запіс можна паглядзець на YouTube-канале тэатра ў суправаджэнні англійскіх субцітраў.

Шоу Цырка дзю Салей

Канадская відовішчная кампанія «Цырк дзю Салей», назва якой нават стала прыказкай, са сваім вялізным штатам і некалькімі калектывамі мусіла моцна падладзіцца пад новыя каранавірусныя ўмовы. Нягледзячы на цяжкасці, кампанія, артысты якой выступаюць па ўсім свеце і прыязджаюць у тым ліку ў Беларусь, не перастала забяспечваць гледачоў сваімі работамі. Паколькі ў актыве Цырка даволі запісаў яго гадзінных шоу, ён на рэгулярнай аснове публікуе іх на сваім YouTube-канале. Яны ўяўляюць сабой стракатае, яркае, складанасастаўное відовішча з акрабатамі, гімнастамі, скакунамі на батуце і гэтак далей, і без жывёл. Сусветны лідар у стварэнні і фарміраванні вобраза новага цырка апублікаваў ужо дзесяць запісаў гэтай серыі, але на канале можна таксама знайсці «класічныя» выступленні, бэкстэйджы і артыстаў кампаніі.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».