Вы тут

Вольга Бабурына: «Выцінанка — гэта практыка стасункаў з Сусветам»


Выцінанка з’явілася на Беларусі ў часы Вялікага княства Літоўскага. Першымі яе ўзорамі лічацца кустодзіі — папяровыя накладкі пад сургучныя пячаткі. Больш шырокае распаўсюджанне выцінанкі пачалося ў часы, калі папера стала даступным матэрыялам. Ажурныя ўпрыгожанні з задавальненнем рабілі як жанчыны са шляхты, так і сялянкі.

Мастацтва выцінанкі патрабуе ўважлівага погляду на свет, умення бачыць і яго драбнюткія дэталі, і ўніверсальныя сімвалы, у метафарычнай форме адлюстроўваць жывую повязь часоў. Такім поглядам на свет валодае наша госця — народная майстрыха, загадчыца секцыі выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вольга БАБУРЫНА, у творчым асяродку вядомая як Palunisa.


У мінулым стагоддзі ў Беларусі ў міжваенны перыяд і першае пасляваеннае дзесяцігоддзе прынята было ўпрыгожваць выцінанкамі хату да свят, успамінае Вольга. — Мая маці, як многія ў савецкія часы, на Каляды выразала сняжынкі, мы прымацоўвалі іх да аконных шыбаў, падвешвалі пад столлю. Гэта прыклад выкарыстання выцінанкі ў гарадскім асяроддзі. У вёсцы мая бабуля выразала ўзоры з гафрыраванай паперы і ўпрыгожвала імі драўляныя скрыні. Элементы папяровага дэкору прысутнічалі і на абразах. А бабуліна сястра рабіла выбіванкі: брала гільзы ад куль розных калібраў і стварала пры дапамозе дзірачак ад іх аздабленне для хаты.

На жаль, папера — недаўгавечны матэрыял для выкарыстання ў інтэр’еры, бо хутка губляе свае якасці. Да наступнага свята папярэдняе ўпрыгожанне проста палілі ў печы і рабілі новае. Так заканчваўся жыццёвы цыкл выцінанкі. Праз гэта шмат артэфактаў проста знікла. Ды выцінанка і не лічылася відам мастацтва, пакуль не трапіла з бытавога асяродку ў сферу зацікаўленасці прафесійных мастакоў. Вось тады і пачаўся сапраўдны яе росквіт.

Цяпер у розных краінах праводзяцца семінары, канферэнцыі, звязаныя з выцінанкай. Актыўна вывучаецца яна ў Расіі, Украіне, Нямеччыне, Літве, Польшчы і, вядома, у Беларусі. Шэсць сімпозіумаў па выцінанцы прайшло ў Маскве. У Маладзечне, дзе я жыву, сёлета ў другі раз запланаваны Міжнародны сімпозіум па выразанні з паперы. Перад Калядамі адбыўся семінар-практыкум па выцінанцы, яго зладзілі педагогі аддзялення дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага. Зацікаўленыя людзі абменьваюцца досведам, знаходкамі. Выцінанка жыве, вывучаецца, набывае новых прыхільнікаў.

— Як і калі вы зацікавіліся выцінанкай?

— Падчас маёй вучобы ў мастацкай школе ў Маладзечне дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва ў нас вяла Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава, педагог ад Бога. Яна пачала займацца адраджэннем выцінанкі, і я была адной з першых вучаніц, з кім яна гэта рабіла. У 90-я гады, пасля вучобы ў Мірскім вучылішчы, я вярнулася ў Маладзечна, прыйшла ў клас народнага мастацтва для дарослых, дзе выкладала Вікторыя Мікітаўна, і зноў сустрэлася з выцінанкай. Выразанне з паперы пачало займаць усё больш месца ў маім жыцці. Узораў для пераймання не было, што сталася да лепшага, бо майстрыхі, якія разам са мной выйшлі з маладзечанскай школы выцінанкі, маюць свой почырк. Да гэтага часу ў Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага выцінанка выкладаецца. У 1997 годзе я ўступіла ў Саюз майстроў народнай творчасці, на той час я ўжо ўдзельнічала ў выставах, конкурсах, мела калекцыю работ і сфарміравалася як мастачка ў тым, што тычыцца выцінанкі.

Як кожнае адметнае народнае мастацтва, выцінанка звязана з нацыянальнай ідэнтычнасцю. Заўважна, што вы выкарыстоўваеце ў сваіх работах матывы беларускага фальклору, вобразы-сімвалы дрэў, птушак, каранёў. Ці ёсць у вас улюбёныя вобразы, праз якія вы выяўляеце Беларусь?

— Дрэва жыцця — адзін з распаўсюджаных вобразаў. Безумоўна, мне гэты сімвал блізкі, бо гэта сімвал існавання, развіцця, праз які шмат што можна перадаць. У свой час я стварыла калекцыю ўладароў Вялікага Княства Літоўскага — у гэтых работах вобраз дрэва быў узяты за аснову. У сярэдзіну ствала я змяшчала выявы Вітаўта, Альгерда ў медальёне, а праз галінкі і карані паказвала сваё бачанне той ці іншай гістарычнай асобы. Паводле гэтых выцінанак нават рабіліся вышыўкі. Сярод маіх улюбёных вобразаў — букеты кветак, вазоны. У дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве, у адрозненне ад жывапісу, дрэва заўжды мела сімвалічны сэнс. Адна з варыяцый дрэва жыцця — вазон, гэты вобраз атрымаў распаўсюджанне на маляваных дыванах, у ткацтве, вышыўцы. Выява вазона валодае станоўчай энергетыкай і сімвалізуе сям’ю, дабрабыт, лёс. Праз такія вобразы жанчына магла выказаць свае мары, жаданні, просьбы да Бога, Сусвету.

Люблю выразаць расліны, жывёл. Я не проста выразаю, напрыклад, воўка ці рысь, мне цікавы сэнс, які стаіць за выявай. Скажам, яблыня — жаночае дрэва, яе плады — новыя пакаленні, але для мяне яблыня — яшчэ і сімвал найстарэйшай жанчыны ў родзе, нашай прамаці. У матэрыяльным свеце для мяне гэта мая бабуля, якой споўнілася 93 гады. Я часта запісваю яе голас на дыктафон і кожнага разу чую ад яе новае беларускае слова.

Што вас натхняе на творчасць?

— Крыніц натхнення шмат. Стасункі з людзьмі, сустрэчы з фальклорам, удзел у рэканструкцыі народных свят абуджаюць вібрацыі, якія пераплаўляюцца ўва мне ў візуальныя выявы. Ёсць у мяне выцінанкі, у аснове якіх ляжаць традыцыйныя вобразы — з ткацтва, вышыўкі, народнага мастацтва. Іншыя работы больш звязаныя з маім унутраным светам, філасофскімі разважаннямі. Яны таксама базіруюцца на міфалогіі, сімволіцы, якая бярэ пачатак у нашых беларускіх каранях, іх адметных мясцовых асаблівасцях. Я не толькі ў выцінанках гэта паказваю, але і пішу ў дапаўненне да іх невялічкія апавяданні, з якіх складаю кніжку. Некаторыя размяшчаю ў Фэйсбуку, і людзі адзначаюць, што гэтыя тэксты разам з выцінанкамі глыбока іх закранулі, абудзілі нейкія патаемныя струны ў душы. Яшчэ адна асаблівасць маіх выцінанак — я ўжываю расквечаную паперу. У традыцыі яе, канешне, не ўжывалі, бо яе проста не было, хоць выцінанкі часам расфарбоўвалі ці рабілі з каляровай паперы. Я карыстаюся паперай для падарункаў, адмыслова шукаю такую, якая падыдзе для маіх мэт, дадасць пэўнага эмацыйнага акцэнту.

Вы неяк сказалі, што выцінанка для вас духоўная практыка.

— І практыка стасункаў з Сусветам, асэнсавання свету вакол мяне і майго ўнутранага «я».

Давялося пабачыць паштоўкі, торбачкі з вашымі выцінанкамі звяртае ўвагу нечаканае спалучэнне колераў, незвычайны матэрыял. Вы як бы пераводзіце гэты традыцыйны від мастацтва на сучасную мову.

— Выцінанка ў тым яе выглядзе, у якім яна існавала на пачатку мінулага стагоддзя і ў яго сярэдзіне, у сённяшнім асяродку не мае перспектыў. Яна мусіць развівацца, каб існаваць далей. На маю думку, захоўваючы прынцыпы, характэрныя для нашай выцінанкі, даследуючы тое, што было, варта ўкладваць гэтае мастацтва ў новыя формы. Прыкладам, у 2000 годзе на фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» я была з выцінанкай адна, даводзілася тлумачыць людзям, што гэта такое. Прайшло два дзясяткі год — і на «Славянскім базары» мы ўбачылі афармленне сцэны ў выглядзе выцінанкі. Летась на Еўрапейскіх гульнях у Мінску на білбордах выкарыстоўвалася выцінанка. Усё часцей з’яўляецца яна і на вопратцы ў выглядзе прынтаў, вышыўкі.

Прыклад укаранення выцінанкі ў сучасны побыт — мае экалагічныя торбы. Я шыла іх з натуральнай тканіны, што была ва ўжытку, выбірала яе ў сэканд-хэндах, пасля набівала выявы розных жывёл, напрыклад, рысі. Кожная такая торба існуе ў адзінкавым варыянце. Рабілася выцінанка, потым выкарыстоўвалася як трафарэт для набівання малюнка. Нашмат прыемней хадзіць па вуліцы з арыгінальнай торбай, чым з пластыкавымі пакетамі. Да таго ж, мы даём другое жыццё матэрыялам, якія выкарысталі свой рэсурс у выглядзе кашулі ці спадніцы. Тэма экалогіі мяне хвалюе даўно, я збіраю смецце асобна і амаль не карыстаюся пластыкавымі пакетамі.

Ёсць у мяне паштоўкі з выцінанкамі, якія рабіліся ў межах экалагічнага праекта «Зялёнай сеткі» разам з амбасадай Швецыі. Прыкладам, на адной з такіх паштовак выяўлены хата, дрэва, буслянка. Але калі паглядзець на ўвесь абрыс цалкам, атрымліваецца бутэлька-апырсквальнік. Ці іншая выцінанка: воўк бяжыць уздоўж ракі каля леса, а ўся выява мае абрыс пластыкавай бутэлькі. Ідэя была — звярнуць увагу на тое, колькі пластыку нас атачае. Наш свет літаральна «закаваны» ў пластык, і праз яго прарастае натуральнае жыццё.

Як бачна, мне цікава выкарыстоўваць выцінанку для выказвання на тэму, якая мяне хвалюе, — гістарычную, экалагічную. У выцінанцы я зрабіла «Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека». Так традыцыйнае мастацтва выразання з паперы набывае сучаснае гучанне.

 

Алена ГАРШКОВА

Фота з архіва Вольгі Бабурынай


Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.