Вы тут

Ці ёсць шанц у беларусаў гэтым летам адпачыць на моры?


Лета! Адпачынак! Мора? Ці ёсць шанц у беларусаў гэтым летам акунуцца ў цёплыя марскія хвалі? Спойлер: шанц на адпачынак каля мора ў нашых суайчыннікаў ёсць, але выбар турыстычных напрамкаў пакуль больш чым абмежаваны.


Куды ўжо можна

Лета 2020 для беларусаў нарэшце пачалося: у Албанію з Мінска паляцеў першы чартар.

— Народ адразу ажывіўся: зразумеў, што мы ўсё ж такі зможам адпачыць сёлета, — расказвае дырэктар ТАА «Мір тураў бел» Вольга Якубоўская. — Вельмі хутка ўсё было распрададзена на чэрвень, цяпер актыўна прадаюцца туры на ліпень.

Віза ў Албанію не патрэбна — гэта краіна ўвяла для беларусаў бязвізавы рэжым на летні перыяд. Як адзначаюць тураператары, сёлета турысты далёка не загадваюць: купляюць тур і вылятаюць ужо праз тыдзень, а часам і праз два-тры дні.

— Але гэта магчыма, калі ёсць месцы, — кажа Вольга.

Месцаў можа і не быць: краіна, куды ёсць магчымасць вылецець, каб парадаваць сябе пляжным адпачынкам, пакуль усяго адна, а паток турыстаў вялікі. Беларускае лета не заўсёды радуе надвор'ем, ды і стаміліся людзі ад сітуацыі апошніх месяцаў. Так што, нягледзячы на COVІD, турыстаў, якія жадаюць «махнуць да мора», хапае.

Калі першыя турысты паляцелі ў Албанію і сталі выкладваць фота, усім стала спакайней, кажа суразмоўніца. Быццам бы «першапраходцы» задаволеныя. Два моры — Іанічнае і Адрыятычнае, прыгожыя пляжы, даволі танныя морапрадукты, ветлівыя работнікі гасцявога сэрвісу.

— У Албаніі нашых турыстаў сёлета сустракалі ўрачыста — з кветкамі і шарыкамі. Для прымаючага боку гэта ж таксама вельмі важна. Першыя турысты — гэта значыць, што ты пачынаеш працаваць, з'яўляецца надзея, што сезон адбудзецца.

Куды нас, магчыма, пусцяць

Такім чынам, на сённяшні дзень варыянт пляжнага адпачынку ў нашых суайчыннікаў толькі адзін — Албанія.

— Мы разлічвалі на Чарнагорыю, і неафіцыйна яны нам пацвердзілі, што 16 чэрвеня быццам бы пачнуць прымаць турыстаў. Мы чакалі афіцыйнага пацвярджэння. Але пакуль яны не гатовыя адкрыць свае граніцы для гасцей з Беларусі, — кажа Вольга.

Традыцыйныя адпускныя еўрапейскія напрамкі пакуль для нас таксама закрытыя. Польшча і Літва пускаюць беларусаў толькі па рабочых візах. Турыстычны шэнген нам пакуль ніхто не выдае.

Першым са звыклых адпускных еўрапейскіх напрамкаў, куды, як мяркуюць тураператары, паляцяць гэтым летам беларускія турысты, стане Грэцыя.

— Візавыя цэнтры Грэцыя адкрывае з 29 чэрвеня. Пакуль незразумела, калі яны пачнуць выдаваць турыстычныя візы, але мы спадзяёмся, што з гэтай даты. Так што арыенціровачна з 15 ліпеня Грэцыя стане даступная. Але поўнай упэўненасці ў гэтым няма.

З 1 ліпеня быццам бы адкрываюць межы для беларускіх турыстаў Турцыя, Егіпет і Туніс, з сярэдзіны ліпеня — Балгарыя. Калі ўсё будзе так, як чакаецца, выбар у айчынных адпускнікоў з'явіцца. Дарэчы, Егіпет да 31 кастрычніка зрабіў візы для беларусаў, якія набываюць тур, бясплатнымі.

Збіраецца ў ліпені прымаць турыстаў і Грузія, але больш-менш дакладнай інфармацыі па гэтай краіне пакуль у тураператараў няма.

— Магчыма, Грузія будзе прымаць турыстаў з тэстамі на COVІD-19, зробленымі за 72 гадзіны да вылету. А можа быць, з каранцінам (14 дзён). У апошнім выпадку гэта, зразумела, не турыстычны варыянт.

— Якія яшчэ краіны будуць патрабаваць тэсты?

— Пакуль нічога пра гэта сказаць не магу. Магчыма, Туніс. Сёння тураператары спрабуюць дамовіцца аб тым, каб беларускіх гасцей прымалі без тэстаў. Уявіце, цэлы самалёт турыстаў павінен прыйсці за 72 гадзіны да вылету і здаць тэст. Не ведаю, наколькі гэта магчыма. У любым выпадку, выкліча ў людзей негатыў. Турцыя плануе прымаць беларусаў без тэстаў, як і Егіпет. Але інфармацыя мяняецца кожны дзень.

Дзе нас пакуль не чакаюць

Італія мела намер адкрыць граніцу для беларускіх турыстаў з 15 чэрвеня. Але да гэтага часу італьянскія межы закрытыя. Тое ж самае датычыцца і Іспаніі. Зараз іспанскія курорты пачалі прымаць турыстаў з краін Еўрасаюза. Ці пусцяць іспанцы ў госці нас, будзе залежаць ад таго, як складзецца ў гэтай краіне эпідэмічная сітуацыя. Калі прыток еўрапейскіх турыстаў не паўплывае на рост захваральнасці на каранавірус у Іспаніі, тады нешта, магчыма, будзе «свяціць» і нам.

Кіпр пакуль таксама пад пытаннем. Але беларускія тураператары спадзяюцца, што пасля таго, як Грэцыя адкрые свае курорты для нашых турыстаў, іх пачне прымаць і Кіпр.

Больш далёкія і экзатычныя напрамкі сёння тураператары нават не разглядаюць. Краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Эміраты пакуль закрытыя. Акрамя таго, ляцець на адпачынак праз Расію ці Украіну сёння немагчыма — у абедзвюх краінах прадугледжаныя два тыдні каранціну. Магчыма, у найбліжэйшы час гэтыя краіны ўвядуць для беларусаў магчымасць транзіту.

Аб новых турыстычных напрамках таксама гаворкі не ідзе — вярнуць бы тое, што было.

З пункту гледжання бяспекі

Так ці інакш, да канца лета выбар у нас сапраўды з'явіцца. Куды варта ехаць, а якія напрамкі ўсё ж лепш не выбіраць?

Быццам бы бяспечная Грэцыя — там не было сур'ёзнага ўсплёску «кароны». У Італіі пацярпела поўнач, поўдзень пандэмія закранула менш, а на астравах у эпідэмічных адносінах бяспечней за ўсё. У Іспаніі пандэмію лепш за ўсё перанесла Маёрка, кажа Вольга Якубоўская. Калі ў канцы лета Італія і Іспанія адкрыюць для нас свае курорты, гэта трэба ўлічваць.

Турцыя і Егіпет — традыцыйна найбольш бюджэтны і вельмі масавы адпачынак. У мэтах бяспекі там уведзена сертыфікацыя для атэляў.

— Будуць змены, накіраваныя на тое, каб не дапусціць масавага збору людзей. Шведскі стол будзе хутчэй за ўсё цяпер з афіцыянтамі, на пляжах тапчаны паставяць далей адзін ад аднаго, — тлумачыць суразмоўніца.

— Як арганізаваць свой адпачынак, каб засцерагчы сябе з эпідэмічнага пункту гледжання?

— Калі вы «самаізалюецеся», самае бяспечнае — домік каля мора. Гэта можа быць бунгала, віла, асобныя гасцявыя домікі. Як правіла, такі тып атэляў даражэйшы. Ды і моладзь, напрыклад, засумуе сядзець у аддаленні ад людзей «для бяспекі». Можна выбраць тур без харчавання або толькі са снеданнем, арандаваць аўто і аб'ездзіць усе найбліжэйшыя цікавыя мясціны. Гэта, з аднаго боку, досыць бяспечны варыянт з пункту гледжання пандэміі, з другога — дазваляе лепш пазнаёміцца з краінай і ўбачыць значна больш, чым традыцыйны пляжны адпачынак. Зрэшты, у вялікіх атэлях знаходзіцца настолькі ж небяспечна з пункту гледжання магчымасці заразіцца каранавірусам, як у мінскім метро або ў краме каля дома. Ну, а мыць рукі з мылам і надзяваць маску ў месцах збору людзей — напрыклад, у самалёце — гэта, вядома, правільна. І самае галоўнае — не забываць пра страхоўку. І звяртаць увагу на тое, ці пакрывае ваша страхоўка выпадкі заражэння COVІD-19. Лепш асобна ўдакладніць гэты момант у сваёй страхавой кампаніі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Прэв’ю: panda-travel.by

Загаловак у газеце: Няхай мора хвалюецца замест нас

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.