Вы тут

Радасць у песнях. Да 120-годдзя Міхася Забэйды-Суміцкага


З песняй чалавек заўсёды. Спакон вякоў яна была неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця: працы і адпачынку, радасці і смутку. Сотні тысычагоддзяў таму, уразіўшыся прыгажосцю птушыных спеваў, журчаннем стромкай ракі, пошумам ветру ў галінах магутных дрэў, заўважыўшы світальную палітру сонечных адценняў альбо няўцямную тугу захаду, пераднавальнічную трывогу прыроды альбо лагоду веснавой раніцы, паспрабаваў чалавек выказаць паўнату сваёй душы, якая толькі стала на шлях сталення.


Яўгенія Янішчыц і Міхась Забэйда-Суміцкі. 1970 г.

Развіваўся пясняр, сталела і песня, прайшла разам з ім шлях ад эвалюцыйнага маленства да вышынь дасканаласці майстэрства і віртуознасці. Убірала ў сябе радасць і боль, захапленне і горыч, шчасце і тугу... Уся яе паўната і неабсяжнасць выяўляецца часам у галасах тых, хто прыходзіць на гэтую зямлю ўпрыгожыць сабою свет... «Нашто каласы, калі няма васількоў», — сказаў аднойчы Максім Багдановіч. «Лявоніху», «Зялёны дубочак» ды іншыя народныя матывы ўпершыню вывеў на эстрадную сцэну сусветнага маштабу Міхась Забэйда-Суміцкі, адзін з найпрыгажэйшых беларускіх тэнараў...

«...Сапраўднаю маёю моваю сталася песня, якой я прысвяціў амаль усё сваё жыццё. Я мусіў ахвярна і многа працаваць, каб гэта песня гаварыла больш і лепей, чым мова звычайная. Вясёлыя кампаніі былі не для мяне. Не маючы добрага здароўя, я мусіў трымацца далей ад людзей, каб мог як найлепш падрыхтавацца і даць людзям больш радасці сваімі песнямі, сваім скромным мастацтвам…» — так напісаў Міхась Іванавіч Забэйда-Суміцкі ў лісце да Зоські Верас амаль напрыканцы жыцця. Чытаю яго лісты да сяброў, яго кароткія ўспаміны, вывучаю дакументы яго архіва і прыходжу да думкі, што жыццё нашага слаўнага артыста лёс адмыслова тварыў нам у навучанне як прыклад чалавечых пакут, але і прыклад волі да жыцця, злучанай з незвычайным працалюбствам.

М. І. Забэйда нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 г. у в. Шэйпічы, што на Гродзеншчыне, у сялянскай сям’і. Яшчэ ў дзяцінстве праявіўся дадзены яму вялікі Божы дар быць спеваком. І дар гэты, што ўзяў па спадчыне ад маці і бацькі, узгадаваны ў самых чыстых крынічных глыбінях таленту свайго народа, ён не разгубіў, а зрабіў сімвалам нацыянальнай культуры, голасам беларусаў у шматгалоссі свету.

Дзяцінства нішчымнае, сірочае было: рана страціў бацьку. Працаваў поруч з маці, каб хоць крыху зарабіць на школку. «Як нам жылося, можаце сабе ўявіць з таго, што з семярых дзяцей да пажылога веку дажыў я адзін. Астатнія памерлі маленькімі. Адзін брат Валодзя дажыў да 22 год і той памёр ад сухотаў», — горкая праўда яго ўспамінаў. З васьмі гадоў працаваў падзёншчыкам на самых розных работах. Вучыўся спачатку ў Зельзіне, а пасля ў Галоўчыцах, што былі за сем кіламетраў. У 1914 г. скончыў школу і за лета падрыхтаваўся да конкурсных экзаменаў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Экзамены здаў паспяхова і пасля запісаў: «Цягніком чацвёртага класа вярнуўся ў Ваўкавыск, а адтуль з торбаю і ботамі за плячыма, пехатою, босы ішоў 45 кіламетраў дахаты». Так жа хацелася як хутчэй абрадаваць маці.

Маладзечанская настаўніцкая семінарыя стала для яго ўніверсітэтам сталення: не толькі навучала, але і выпрабоўвала. Ён тут упершыню далучыўся да класічнай музыкі, пачуў імёны вялікіх кампазітараў і выканаўцаў. Спяваў у семінарскім хоры. Правучыўся год, а летам 1915 г. пачалася спешная эвакуацыя жыхароў прыфрантавых вёсак у глыб Расіі. І ён разам з маці і братам Уладзімірам адправіліся ў бежанства. У Пензе як казённага стыпендыята М. Забэйду прынялі на вучобу ў мясцовую настаўніцкую семінарыю. А праз нейкі час высветлілася, што Маладзечанская настаўніцкая семінарыя эвакуіравана яшчэ восенню 1915 г. у Смаленск, куды Міхась і скіраваўся. Семінарыю скончыў у 1918 г. Але савецка-польская вайна і наступныя за ёй падзеі (Маладзечна ўвайшло ў склад Польшчы) не дазволілі пакінуць Смаленск. Пазней паехаў у сяло Бароўскае Барнаульскага павета, дзе ў гэты час знаходзілася маці і многія яго землякі.

Праз нейкі час яму прапанавалі месца настаўніка ў сяле Усць-Калманскае, амаль за сотню кіламетраў ад Бароўскага, дзе заставалася маці, з якой пасля сустрэўся толькі праз шаснаццаць гадоў. Аддаецца педагагічнай і культурнай дзейнасці. «Праца была цяжкая, але цікавая. Я арганізаваў там Калманскае культурна-асветнае таварыства. Мяне, васямнаццацігадовага хлопца, выбралі старшынёй. Праводзілі з сялянямі гутаркі на розныя тэмы, чыталі лекцыі, ставілі п’есы. У мяне многа было запалу. Сам я іграў і спяваў. Так я прапрацаваў адзін год».

Калаж Віктара Калініна.

Да працы ў Калманскім М. Забэйда прыступіў якраз у той час, калі ўладу на Алтаі прадстаўляў белагвардзейскі Часовы Сібірскі ўрад. Горад Барнаул быў заняты белагвардзейскімі войскамі яшчэ ў чэрвені 1918 г. Але вельмі хутка, пры падтрымцы мясцовага насельніцтва, пачаліся актыўныя выступленні чырвоных партызан. Баі паміж партызанамі і белай гвардыяй за Барнаул і яго ваколіцы былі вельмі жорсткімі. Амаль цалкам узятыя ў кола партызанамі белыя часці ў ноч на 10 снежня 1919 г. пакінулі Барнаул і адышлі на ўсход. У сваіх успамінах адзін з відавочцаў тых падзей запісаў: «Адначасова з эвакуацыяй устаноў з горада рушыла і мясцовая буржуазія. Вагонаў не хапала, ехалі на конях. Па тракту праз Об з ранку да вечара сунуліся падводы “адступаючых”. Вось у такую кламутную раку падзей трапіў і наш М. Забэйда. Магчыма, што ён “адступаў” не самастойна, а са сваёй школай, дзе працаваў. Пра гэта, на вялікі жаль, ён нідзе не згадаў. Яго лёс, як і многіх іншых уцекачоў ад грамадзянскай вайны на Алтаі, закінуў у далёкую Маньчжурыю. На станцыі “Пагранічная” Кітайскай усходняй чыгункі атрымаў пасаду настаўніка. Пазней працаваў у Вэйшахэ  — на маленькай станцыі той жа Кітайскай усходняй чыгункі. Праз два гады за добрую працу быў пераведзены ў Харбін». У даведніку «Весь Харбин» за 1926 г. на ст. 225 ёсць інфармацыя і пра М. Забэйду: «Забейда Мих. Ив. Сл. НШ КВжд. Угол Садовой и Технической 43. 1-ая Новогородняя школа  — Почтовая, 54  — 55». Першы адрас — гэта месца пражывання Міхася Іванавіча. Як удалося ўстанавіць, дом гэты належаў і ўтрымліваўся за кошт КВЖД. Пасведчанне, выдадзенае М. Забэйду пры ад’ездзе ў 1932 г., паведамляе, што ён, да таго як з’явіцца ў Харбіне, «служыў на Кітайскай усходняй чыгунцы з 1922 г. настаўнікам школы на станцыі Мяньдухэ, настаўнікам школы ў пас. Затон». З 1 верасня 1924 г. «перамешчаны штатным настаўнікам 2-ой Сунгарыйскай школы», якая знаходзілася ў межах Харбіна. Выкладаў ён і ў Камерцыйным вучылішчы, адкуль «самазвольніўся» ў сувязі з савецка-кітайскім ўзброеным канфліктам, які адбыўся ў 1929 г. пасля захопу кітайскім бокам кантролю над чыгункай, што была сумесным савецка-кітайскім прадпрыемствам. Баявыя дзеянні адбываліся на працягу ўсяго года. «У знак салідарнасці з Савецкім Саюзам была аб’яўлена неафіцыйная забастоўка, у якой прыняла ўдзел і мая школа. Улады, варожа настроеныя да Савецкага Саюза, пазбавілі нас жалавання». 22 снежня 1929 г. падпісалі т. зв. «Хабараўскі пратакол», у выніку якога канфлікт быў ліквідаваны. Праз нейкі час Міхася Іванавіча аднавілі на працы.

У Харбіне М. Забэйда далучаецца да культурнага жыцця горада. Выдатныя педагогі музыкі і спеваў Ю. Плотніцкая (былая партнёрка Ф. І. Шаляпіна), К. Тамашынская, І. Метэр, якіх М. Забэйда сустрэў у Харбіне, вызначылі яго далейшы лёс. Яны зрабілі ўсё, каб ён паверыў у сябе і свой талент. Пасля М. Забэйда быў прыняты ў оперу ў Харбіне, а ў 1932 г. скіраваўся ў Мілан.

Там сустрэўся са знаёмай па Харбіне спявачкай Анжалікай Краўчанкай, якая пазнаёміла яго з педагогам спеваў Фернанам Карпі. На той час Ф. Карпі трымаў прыватную школу. У яго біяграфіі адзначана, што пасля завяршэння кар’еры опернага спевака (1930-я гг.) ён стаў педагогам спеваў і працаваў у Празе, Генуі, Мілане. Ф. Карпі быў у захапленні ад свайго вучня, здзіўляўся і ставіў у прыклад іншым яго працаздольнасць і вытрымку. Тры гады ў Мілане не абмяжоўваліся выключна наведваннем заняткаў у школе. М. Забэйда выступаў з многімі партыямі на сцэне знакамітага Ла Скала, часта гастраляваў. Ён быў заўважаны і ацэнены публікай і музычнымі крытыкамі. Але час вучобы скончыўся, від на жыхарства ў Мілане таксама, і М. Забэйда адпраўляецца ў краіну, у межах якой пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 г. апынуліся яго родныя Шэйпічы і дзе так доўга чакала сустрэчы са сваім сынам маці. Ужо ў Польшчы зноў вымушаны быў шукаць працу. З выдатна падрыхтаваным рэпертуарам і самымі высокімі рэкамендацыямі адправіўся ў Познаньскі оперны тэатр. Пашанцавала заключыць дамову на тэатральны сезон 1935-36 гг. Успамінаў: «Там спяваў па-польску. Пашырыў свой рэпертуар новымі операмі: “Унос з сэралю” Моцарта, “Юлій Цэзар” Гендэля, “Барыс Гадуноў” Мусаргскага і іншымі, у якіх спяваў галоўныя тэнаровыя ролі. Адносіны да мяне дырэктара оперы былі не лепшымі, бо я не ўтойваў таго, што я беларус». Пасля была праца на Варшаўскім радыё, гастролі па гарадах Заходняй Беларусі і Польшчы, запісы першых кружэлак. Але зноў прыйшла вайна. 1939 год прынёс М. Забэйду новыя пакуты: ён становіцца сведкам бамбёжак Варшавы, губляе сваіх сяброў, перажывае кантузію. І, тым не менш, не жадае спыняць артыстычную дзейнасць, шукае шляхі яе развіцця. Для гэтага падае просьбу на выезд «для артыстычных выступленняў» у Прагу. 30 красавіка 1940 г. ХІІІ камісарыят польскай паліцыі ў Варшаве дазволіў М. І. Забэйду туды выехаць. Ад гэтага часу яго жыццё да канца дзён будзе звязана з гэтым горадам.

Але і тут яго чакалі выпрабаванні. Не пазбегнуў у Празе падчас акупацыі правакацыйных прапаноў, як акцёр не мог не выступаць і гастраляваць і ўрэшце стаў вязнем знакамітай сваімі неверагоднымі катаваннямі Панкрацкай турмы. Выстаяў і застаўся чалавекам і вялікім артыстам. Пасля вайны, як і многія, не меў добрага жылля, часта хварэў, але ратавала песня. І найперш беларуская. Яго рэпертуар мог змяняцца ад оперных партый да песень на мовах народаў свету, але ў большасці канцэртаў нязменнай заставалася прысутнасць беларускай песні. «Беларускі салавей»  — так называлі яго крытыкі і прыхільнікі таленту. Але «беларускі салавей» толькі аднойчы заляцеў у сваю родную і такую жаданую Беларусь. Гэта быў травень  — чэрвень 1963 г. Не без арганізацыйных клопатаў Максіма Танка і Рыгора Шырмы, сваіх сяброў яшчэ па Вільні 1930-х, ён правёў амаль месяц на радзіме і выступіў у многіх гарадах. Пасля вяртання ў Прагу напісаў М. Танку: «Дарагі дружа Максіме! Часта ў жыцці бывае, што хочацца многа сказаць і не знаходзіш першых слоў. Я ж з гэтымі словамі хадзіў у Мінску, ехаў у Прагу і цяпер яны на паперы самі просяцца. Гэта: вялікае, шчырае дзякуй за той сардэчны, цёплы (і нават палкі), сапраўдны брацкі прыём, з якім я спаткаўся на Радзіме. Перажыў хвіліны, якія абагацілі мяне на ўсё жыццё, улілі новыя сілы. Аб гэтым падарожжы, аб сустрэчы з Табой і іншымі суайчыннікамі не забуду пакуль жыць буду. Хочацца працаваць! Хочацца быць карысным для Бацькаўшчыны». Гэтыя словы ён будзе неаднойчы паўтараць у лістах да шматлікіх сяброў у Беларусі.

М. Забэйду не пакідала думка аб перадачы сваёй архіўнай спадчыны на радзіму. Для яго гэта было раўназначным фізічнаму вяртанню. І ён прыняў адзіна правільнае на той час рашэнне: 22 лістапада 1965 года склаў завяшчанне, у якім адным з наследнікаў устанавіў «Дзяржаўны беларускі мастацкі архіў» (так у афіцыйным пасведчанні на чэшскай мове), што наследаваў «мастацкія прадметы — ноты, кружэлкі, магнітафонныя стужкі, кнігі, карэспандэнцыю, магнітафон, піяніна».

Міхась Забэйда-Суміцкі пайшоў з жыцця 21 снежня 1981 года. Вельмі хутка інюркалегія ЧССР пачала росшук архіўнай установы, указанай у завяшчанні. Праз некалькі гадоў умовы завяшчання былі цалкам выкананы і ад 1985 г. яго архіўны фонд захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Значную яго частку складаюць творчыя дакументы спевака: рукапісы і друкаваныя выданні арый з опер, рамансаў і інш. Асаблівае месца сярод іх займаюць беларускія народныя песні, а таксама песні кампазітараў М.  Аладава, Ул. Алоўнікава, А.  Багатырова, К.  Галкоўскага, А. Туранкова, М. Куліковіча-Шчаглова і інш. на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Адама Русака, Максіма Танка. Адну з самых унікальных частак архіва М. Забэйды складае яго ліставанне з дзеячамі мастацтва, літаратуры, культуры Беларусі. Ён беражліва захаваў лісты С. Александровіча, А. Бажко, З. Верас, А.  Гардзіцкага, Н. Гілевіча, С.   Грахоўскага, Ул.  Караткевіча, А. Карпюка, А. Лойкі, С. Новіка-Пеюна, С. Панізніка, Я.  Саламевіча, П.  Сергіевіча, М.  Танка, Р.  Шырмы, Я.  Янішчыц і многіх іншых. Захавалася і значная колькасць асабістых дакументаў М.  Забэйды, якія дазваляюць удакладніць многія факты яго біяграфіі, а таксама фотаздымкі ад 1918 да 1980-х гг. Архіўную частку фонду М. Забэйды выдатна дапаўняюць кніжныя і нотныя зборы, якія налічваюць каля пяцісот асобнікаў, у тым ліку з дарчымі надпісамі, а таксама музейныя рэчы. На вялікі жаль, уключаны ў спіс завяшчанай спадчыны раяль «Шолзэ» не быў дазволены да вывазу.

Асабістыя дакументы Міхася Забэйды-Суміцкага. Калаж Яны Будовіч.

На падставе архіўнага фонду спевака і іншых фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (М. Танка, С. Грахоўскага, З. Верас і інш.) рыхтуецца дакументальны зборнік, прысвечаны жыццю і дзейнасці М. І. Забэйды-Суміцкага. Чытач зможа пазнаёміцца з эпісталярнай спадчынай, успамінамі, манаграфіямі, артыкуламі, якія прысвячаліся Забэйду-Суміцкаму ў розныя гады, а таксама даведацца пра яго рэпертуар і хранаграфію канцэртнай дзейнасці.

Ганна ЗАПАРТЫКА

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва музея літаратуры і мастацтва

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.