Вы тут

Памяць, пакінутая пад крыжамі


Вайну 1920—1921 года паміж Савецкай Расіяй і Польшчай савецкія гістарыёграфы вызначалі як «паход Антанты». Між тым сутнасць яе палягала ў барацьбе за ўсталяванне новых межаў паміж Расіяй і Польшчай. Абедзве дзяржавы прэтэндавалі на беларускія і ўкраінскія землі, аргументуючы свае памкненні фактамі нібыта гістарычнай даўніны, прыводзячы этнічны склад мясцовага насельніцтва і яго палітычныя арыентацыі. Тэрыторыі і Беларусі, і Украіны былі выключна тэатрам ваенных дзеянняў у гэтай вайне, прасторай палёў і лясоў, водных рубяжоў і чыгуначных ліній, шашэйных і прасёлкавых дарог. Мясцовае насельніцтва разглядалася і з польскага, і з савецкага бакоў як патэнцыйны людскі рэзерв для папаўнення вайсковых шэрагаў.


Пасля завяршэння вайны 1919—1920 гадоў у савецкай навуцы яна асвятлялася толькі з гледзішча ваенных дзеянняў, прычым пралікі і няўдачы альбо замоўчваліся, альбо згадваліся мімаходзь. Між тым грунтоўнага даследавання, заснаванага на факталагічным матэрыяле, гісторыкі так і не стварылі. Сярод першых аўтараў, якія ставілі мэту раскрыць драматычныя падзеі ў гісторыі Беларусі таго перыяду, можна назваць Анатоля Грыцкевіча з яго працай «Барацьба за Беларусь 1917—1921».

Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет навукова-папулярнае выданне Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч «Па слядах польска-савецкай вайны, 1919—1920». Акрамя таго, што яно асвятляе асноўныя падзеі вайны пры дапамозе актуальнага фотаматэрыялу аўтары знаёмяць чытачоў з пахаваннямі і мемарыяламі загінулым войнам, як савецкім, так і польскім, крытычна асвятляюць стан, у якім цяпер знаходзяцца гэтыя архітэктурныя помнікі.

Даследчыкі грунтоўна падышлі да напісання работы, паказалі не толькі аб’ект даследавання, але і аб’ёмную гістарычную карціну таго часу. У прадмове да кнігі раскрываюцца перадумовы станаўлення беларускай дзяржаўнасці і складаная сітуацыя, у якой вайна стала непазбежнай, тое, што да яе прывяло. У перыяд утварэння і станаўлення новых дзяржаў (у тым ліку абвяшчэнне БНР у 1918 г., потым, 1 студзеня 1919 г., — ССРБ, а ўжо 16 студзеня — ЛітБел) узнікла пытанне аб іх дзяржаўных межах, асабліва паміж Польшчай і савецкай краінай, якія дамінавалі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Пасля ануліравання 13 лістапада 1918 года БрэстЛітоўскай мірнай дамовы Чырвоная Армія атрымала загад прасоўвацца за Захад і займаць беларускія землі. Камандуючаму Заходняй Арміяй Андрэю Снесараву была пастаўлена задача да канца 1918 г. выйсці на лінію Вільня — Гродна — Масты — Лунінец — Пінск і далей. Кіраўніцтва Польшчы расцэньвала гэтую сітуацыю як акупацыю сваёй тэрыторыі. Таму прасоўванне войскаў Чырвонай Арміі ўглыб літоўскабеларускіх тэрыторый выклікала пратэсты з боку польскага ўрада. У ходзе перамоў Расіі і Польшчы тэрытарыяльныя прэтэнзіі абедзвюх дзяржаў не дазволілі прыйсці да заключэння мірнага пагаднення. Эскалацыя напружанасці ў рэгіёне, узрастанне колькасці польскіх вайсковых фарміраванняў і іх канцэнтрацыя каля межаў савецкіх рэспублік зрабілі непазбежнымі ваенныя сутыкненні, як зазначана ў рабоце.

Але не на баявых дзеяннях і не на палітыцы дзяржаў адносна ходу вайны зрабілі галоўны акцэнт аўтары даследавання. Яны асвятлілі тое, што заўжды з’яўляецца вынікам любых войнаў: чалавечыя страты. Прычым у выданні пададзены розныя пункты гледжання на статыстыку забітых. Так, паводле афіцыйных звестак, за перыяд 1918—1921 гадоў польскія страты былі больш ад 50 тысяч чалавек. Дакладныя страты Чырвонай Арміі не падлічаны, бо няма дакладных крыніц, на падставе якіх гэта можна было б зрабіць. Што тычыццца забітых і параненых салдат і камандзіраў Заходняга і Паўднёва-Заходняга франтоў у 1920 годзе, аўтары прыводзяць лічбу 17 544 чалавекі, узятую з кнігі «Грыф сакрэтнасці зняты», аднак, зазначаюць даследчыкі, звесткі гэтыя не выклікаюць даверу, бо «толькі ў Варшаўскай бітве, згодна з польскімі крыніцамі, загінула каля 25 тысяч чырвонаармейцаў і каля 70 тысяч трапіла ў палон». Аўтары прыводзяць інфармацыю і адносна палонных, паказваючы ўсю спрэчнасць і недакладнасць сітуацыі з іх падлікам, прычым аналізуюцца дадзеныя, якія прыводзіліся і ў расійскай, і ў польскай гістарыяграфіі. Пра ўмовы ўтрымання палонных у лагерах можна зрабіць высновы, звярнуўшыся да ўспамінаў асоб, якія праз гэта прайшлі. Так, у кнізе прыводзяцца вытрымкі пра лагер, арганізаваны польскім бокам для савецкіх вязняў у Бабруйскай цытадэлі. Прааналізаваўшы крыніцы і літаратуру, даследчыкі прыводзяць інфармацыю і пра іншыя лагеры на тэрыторыі Польшчы, а таксама дадзеныя адносна рэпатрыяцыі. Не абыдзены ўвагай і факт, забойства палонных з абодвух бакоў.

Памяць пра тое, што калісьці адбывалася, якой балючай яна б ні была, павінна захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне. Каб крывавыя падзеі назаўсёды засталіся толькі гісторыяй. Што можа перадаць гэтую памяць лепей, чым месцы пахаванняў загінулых? «...Работы па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў ажыццяўляліся ў асноўным на тэрыторыі Польшчы і беларускіх заходніх рэгіёнаў, якія да 1939 года ўваходзілі ў яе склад, і датычыліся больш польскіх пахаванняў. Падобныя работы праводзіліся і на тэрыторыі БССР, аднак упарадкаванню польскіх магіл патрэбнай увагі не надавалася. На пахаваннях воінаў Чырвонай Арміі і ваеннапалонных усталёўваліся сціплыя помнікі. Некаторыя з пахаванняў зберагліся і па сёння, іншыя з цягам часу сталі занядбанымі і забытымі...» — падсумоўваюць аўтары вынікі даследавання.

У кнізе прыводзяцца звесткі аб пахаваннях па ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь, з указаннем раёна і вёскі. Апісанне мясцовасці, дзе знаходзяцца могілкі, як упарадкаваны пахаванні, надпісы на помніках, звесткі мясцовых жыхароў адносна тых, хто знайшоў тут апошні прыстанак — пра ўсё можна пачытаць на старонках кнігі-альбома, багата ілюстраванага адпаведнымі фотаматэрыяламі. Ёсць у выданні і апісанні пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Польшчы: у Вялікапольскім ваяводстве, Куяўска-Паморскім, Лодзінскім, Люблінскім, Мазавецкім, Падляскім і Паморскім.

Помнік загінулым воінам, в. Зенанполле, Чэрвенскі р-н.

Тое, што кніга, прызначаная захаваць памяць пра вайну і пра тых, хто загінуў, пабачыла свет, мае значэнне не толькі для Беларусі, але і для Польшчы, якая ў сілу гістарычных абставін заўсёды была для Беларусі альбо сястрой, альбо саперніцай. Думаецца, выхад гэтай кнігі паспрыяе развіццю міжнародных стасункаў і добрасуседскіх адносін, заснаваных на ўсведамленні сумесна перажытых як добрых падзей, так і драм. «Выданне ў Беларусі альбома з апісаннем месцаў на беларускай зямлі, дзе знайшлі вечны спакой воіны Першай сусветнай вайны і Польска-бальшавіцкай вайны, — гэта важная падзея. І нават сімвалічная, таму што альбом выдадзены ў юбілейным годзе, калі адзначаецца стагоддзе Варшаўскай бітвы — пераломнага моманту вайны 1920 года», — зазначыў ва ўступным словае да кнігі Артур Міхальскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.