Вы тут

Што прапаноўваюць арт-пляцоўкі Мінска?


Так склалася, слова «лета» ў свядомасці большасці людзей асацыіруецца з адпачынкам, вандроўкамі, бестурботным баўленнем часу. Гэтым летам усё інакш: многія шукаюць паратунку, каб збегчы ад рэальнасці, узбагаціцца эмоцыямі, пачуццямі, якіх не хапала апошнім часам… І адзін з найлепшых памочнікаў — творчасць, свая ці чужая. Што прапануюць мастацкія галерэі ды музеі?


Зведаць новае

 Шэраг цікавых прапаноў у Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, якому сёлета спаўняецца 5 гадоў. Віртуальны праект, прысвечаны гэтай падзеі, прадстаўляе найбольш значныя творы, што знаходзяцца ў фондах цэнтра, і іх аўтараў. Пакуль на сайце можна пабачыць расповеды пра Юрыя Пятрова, Людмілу Кальмаеву, Алу Замай, але праект, які будзе доўжыцца да канца лета, яшчэ папоўніцца вартымі імёнамі. Дарэчы, да юбілею НЦСМ плануе каталагізаваць усе творы з фондаў  — 5 тысяч экспанатаў. Адзначаецца, што каталог, на які зараз ідзе збор сродкаў, можа стаць найважнейшай друкаванай прэзентацыяй тэндэнцый сучаснага беларускага мастацтва.

Адзін з кірункаў працы НЦСМ  — адукацыя. Цэнтр запрашае педагогаў і школьнікаў на майстар-класы па акварэльнай тэхніцы. Чакаюць дзяцей ды іх бацькоў і ў навуковым летнім лагеры «Ximikids». У праграме прадугледжаны лабараторныя работы, майстар-класы па інжынірынгу, экскурсіі, эксперыменты, лекцыі, квэсты, навуковыя шоу-праграмы і мноства іншых актыўнасцей. Сумесна з музеем навукі «Элементо» НЦСМ прапаноўвае дзецям паўдзельнічаць у арт-лагеры «Леанардзіка». Тэма кожных заняткаў прысвечана асобнаму віду мастацтва: тэатру, музыцы, кіно, харэаграфіі, выяўленчаму мастацтву.

Плён работы супрацоўнікаў НЦСМ сёння — міжнародны выставачны праект «Алфавіт вайны». Ён аб’ядноўвае мастакоў з Беларусі, Расіі і Украіны, якая выказваюцца на тэму Другой сусветнай вайны. Фотаздымкі, архіўныя і змадэляваныя артэфакты, інсталяцыі, жывапіс і графічныя лісты складваюцца ў экспазіцыю, ствараючы кантэкст для даследавання і пошуку адказаў на пытанні, звязаныя з вайной. Удзельнікамі праекта сталі Артур Бондар (Украіна / Расія), Аляксандр Веледзімовіч (Беларусь), Мішэль Дайліда (Беларусь), Андрэй Дубінін (Беларусь), Аляксандр Кладаў (Беларусь), Саша Курмаз (Украіна), Аляксандр Міхалковіч (Беларусь), Вольга Савіч (Беларусь), Ігар Саўчанка (Беларусь). Выстаўка, па якой арганізаваны экскурсіі для школьнікаў, працягнецца да 20 верасня. У яе межах праходзіць цыкл паказаў беларускага ваеннага кіно з удзелам кінакрытыкаў. Гледачы ўжо абмеркавалі фільм «Цераз могілкі» Віктара Турава. Наступныя стужкі цыкла — «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава (мадэратар сустрэчы Максім Карпіцкі), «Сыны сыходзяць у бой» Віктара Турава (мадэратар — Тарас Тарналіцкі), а таксама «Ідзі і глядзі» Элема Клімава (мадэратар — Ірэна Кацяловіч).

Паглядзець шэдэўры кіно

Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура запрашае на кінапаказы ў бясшумным рэжыме з выкарыстаннем бесправаданых навушнікаў. Праект «Cinemascope #shhh» набывае яшчэ большае значэнне ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце: паглядзець класіку сусветнага кінематографа можна пад адкрытым небам ва ўнутраным дворыку музея-майстэрні, трымаючы сацыяльную дыстанцыю. Максімальная колькасць наведвальнікаў — 50. У праграме, як правіла, — актуальная дакументалістыка і артхаус. Усе стужкі трансліруюцца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі. 17 чэрвеня гледачы маглі пазнаёміцца з фільмам «B-Movie: Шум і шаленства ў Заходнім Берліне» (1979—1989 гг.), а сёння ўвазе наведвальнікаў прапануюць фільм «Цуд-сцяна» (1968 г.). Паказы ладзяцца ў сераду і пятніцу ўвечары, таму наведаць Мемарыяльны музей-майстэрню Заіра Азгура можа кожны жадаючы. У праграме «Cinemascope #shhh» наступных тыдняў: «Пурпурная ружа Каіра» (1985 г.) — кінакамедыя Вудзі Алена, навеяная класічным фільмам Бастэра Кітана 1924 года «Шэрлак-малодшы»; «Анамаліза» (2015 г.)  — амерыканскі анімацыйны фільм, сцэнарый да якога напісаны Чарлі Каўфманам на аснове ўласнай п’есы; «12 разгневаных мужчын» (1957 г.)  — рэжысёрскі дэбют Сідні Люмета, экранізацыя аднайменнай радыёп’есы Рэджынальда Роўза, якую сучасныя кіназнаўцы лічаць адной з самых адметных юрыдычных карцін у гісторыі; «Шэрбурскія парасоны» (1964 г.) — музычная меладрама Жака Дэмі з Катрын Дэнёў у галоўнай ролі; «20 000 дзён на Зямлі» (2014 г.) — біяграфія Ніка Кейва, знятая ў нетрадыцыйнай манеры пастановачнай дакументалістыкі; «Суспірыя» (1977 г.) — фільм жахаў італьянскага рэжысёра Дарыа Арджэнта.

Акрамя таго, адкрылася выстаўка дакументальнай фатаграфіі «Заір Азгур: ад майстэрні да музея». Як адзначаюць арганізатары, пастаянная экспазіцыя ўстановы ўключае толькі 10 % прадметаў з запаснікаў. Фатаграфічная калекцыя музея — архіў вернакулярнай фатаграфіі сям’і Азгура, а таксама калекцыя партрэтнай фатаграфіі, якой карыстаўся Заір Ісакавіч падчас працы над скульптурнымі творамі. Дэманструюцца 30 унікальных фотаздымкаў, якія ахопліваюць перыяд жыцця майстра з 1920-х па 1990-я гг. Матэрыял дае ўяўленне пра творчы працэс, а таксама пра майстэрню як адметную прастору. На здымках прадстаўлена некалькі працоўных месцаў Заіра Азгура, сярод якіх майстэрня скульптара Р. Баха ў Ленінградзе, студыя ў Маскве, куды Азгур быў накіраваны для працы ў якасці скульптара ва Упраўленне мастацтваў БССР (дзе за серыю партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай вайны яму было прысвоена званне «Народны мастак БССР»), і памяшканні ў Мінску — па вул. Някрасава і вул. Трактарнай (цяпер вуліца Азгура). На здымках зафіксаваны моманты працы скульптара над партрэтамі Якуба Коласа, Янкі Брыля, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Пятра Машэрава ды іншых. Экспазіцыя ўключае фатаграфічны матэрыял з фондаў Мемарыяльнага музея-майстэрні З. Азгура, а таксама фотакопіі з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Навуковага архіва Расійскай акадэміі мастацтваў. Многія з іх дэманструюцца ўпершыню. Але гэта толькі першая выстаўка з серыі запланаваных.

Пазнаёміцца з айчыннымі і замежнымі творцамі

У Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва пачала работу выстаўка казахстанскіх габеленаў «Стэпавая мазаіка». Прадстаўлены работы мастакоў, членаў Саюза мастакоў Рэспублікі Казахстан Маліка Муканава, Айдара Жамхана, Баўыржана Дасжанава. Творцы  — лаўрэаты дзяржаўных прэмій і аўтары навуковых артыкулаў на тэму савецкага і сучаснага казахстанскага габелена. Для кожнай з работ у экспазіцыі «Стэпавая мазаіка» характэрны свае арнаменты і колеравыя рашэнні, а таксама асаблівасці тэхнікі вырабу. Звяртаючыся да прыродных стыхій, аўтары ствараюць складаныя, са шматлікімі падтэкстамі, мастацкія вобразы, у якіх адлюстроўваюцца сакральна-міфалагічныя аспекты светапогляду цюркскіх народаў, культура Казахстана. У якасці матэрыялу для габеленаў казахстанскія майстры выкарыстоўваюць авечую, казіную і вярблюджую шэрсць, а таксама шоўк, бавоўну, лён і акрыл. У колеравай гаме габеленаў гарманічна злучаюцца практычна ўсе фарбы спектра, яны ўяўляюць сабой сапраўдныя жывапісныя палотны, у якіх складана вылучыць адно дамінуючае адценне. Наведаць выстаўку можна да 26 ліпеня.

Працягвае працу ў абноўленым фармаце і выстаўка жаночых партрэтаў Леаніда Шчамялёва «Бясконца люблю…», дзе прадстаўлена больш чым 40 работ мастака з сямейных калекцый, у якіх майстар імкнецца перадаць не толькі жаночы вобраз, але і раскрыць душу персанажа, адлюстраваць сутнасць. Для мастака гераіні твораў, на палотнах не проста родныя жанчыны, але музы. З выстаўкай «Бясконца люблю…» можна пазнаёміцца да 9 жніўня.

Паўдзельнічаць у навуковай працы

У Нацыянальным мастацкім музеі анансуецца XVIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Аладаўскія чытанні  — 2020», што мае адбыцца 25 верасня. Заяўкі на ўдзел і даклады прымаюцца да 5 верасня. Работа канферэнцыі будзе арганізавана па дзвюх секцыях: «Музейныя калекцыі: гісторыя фарміравання, новыя паступленні, атрыбуцыі» і «Музей і наведвальнік у XXI стагоддзі: стратэгіі камунікацыі». Арганізатарам мэта канферэнцыі бачыцца ва ўвядзенні ў навуковы абарот вынікаў найноўшых даследаванняў у галіне беларускага і сусветнага мастацтва, камплектаванні фондаў і матэрыялаў, якія адносяцца да сучаснай музейнай практыкі: музейная педагогіка, інтэрактыўныя і інклюзіўныя праграмы, выставачныя праекты і маркетынгавыя стратэгіі. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве могуць мастацтвазнаўцы, музеязнаўцы, гісторыкі, рэстаўратары, культуролагі і прадстаўнікі сумежных прафесій.

Рыхтуецца таксама Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Творчасць Фердынанда Рушчыца ў кантэксце еўрапейскай мастацкай культуры», якая пройдзе ў межах святкавання 150-годдзя з дня нараджэння творцы. Тэмы для абмеркавання  — «Мастацкая, педагагічная і грамадская дзейнасць Ф. Рушчыца»; «Творчасць Ф. Рушчыца ў прасторы сучаснага мастацтва»; «Атрыбуцыя, захаванне і рэстаўрацыя мастацкай спадчыны Ф. Рушчыца»; «Мастацкая культура Еўропы другой паловы XIX — першай паловы XX стст.».

Каб пазнаёміцца з бягучымі выстаўкамі, можна наведаць Нацыянальны мастацкі музей і гэтымі днямі. Напрыклад, працягнута работа выставачнага праекта «Чырвоны — код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, ўлада». Да 2 жніўня можна пабачыць экспазіцыю, якая пабудавана нібыта дыялог твораў розных эпох і стылістычных кірункаў, дзе чырвоны колер асэнсоўваецца часам дыяметральна супрацьлегла. Выяўленне шматзначнай вобразнасці чырвонага колеру ў беларускай культуры — задача праекта. Сярод найважнейшых экспанатаў — ручнік Ганны Федарцовай (1970-я гг.), карціны «Макі» Мікалая Залознага (1968 г.), «Лад» Уладзіміра Васюка (2004 г.), «Страсці» Аляксандра Сушкова (2015 г.), «Мінск 1919 года» Леаніда Дударэнкі (1977 г.).

Між тым на сайце ўстановы можна «павандраваць» і па віртуальных выстаўках. Найбольш адметная — «Дзеці мастакоў», прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Сярод аўтараў, творы якіх змешчаны ў экспазіцыі, — Фёдар Бруні, Віктар Васняцоў, Барыс Кустодзіеў і іншыя.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Кантэкст для пошукаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.