Вы тут

Мелодыі халодных дахаў


Адзін з найбольш самабытных творчых тандэмаў Беларусі гурт «люты сакавік» зусім нядаўна выпусціў свой першы паўнавартасны альбом. Год таму дуэт дэбютаваў з EP Soram, цяпер дыскаграфія папоўнілася рэлізам пад назвай Bol Jon Moj («Боль ён мой»). Удзельнікі гурта Уладзь Лянкевіч і Эрык Арлоў-Шымкус распавялі, як стварыўся «люты сакавік» і як у іх атрымліваюцца такія песні.


Падчас здымак кліпа «Ненавіджу Парыж». Фота Аляксандры Бабковай.

— Як нарадзіўся праект?

Эрык: У нас быў папярэдні супольны праект «Эрык і я»...

Уладзь: А, ты ўжо кажаш «быў»?

Эрык: І быў, і ёсць, але «люты сакавік» пусціў у яго карані і пачаў цягнуць усе сокі. Ідэя была ў тым, што мы робім нейкія больш сур’ёзныя рэчы з насычанымі тэкстамі і музыкай. Узнікла жаданне зрабіць нешта лёгкае, у музычным плане. Іншымі словамі, «люты сакавік» пачынаўся як дадатковы праект, але цяпер перайшоў у стадыю асноўнага.

Уладзь: З праекта «Эрык і я» пачалося наша шчыльнае музычнае супрацоўніцтва. Таму што знаёмыя мы былі даўно. Прынамсі, я сачыў за Эрыкам, калі ён яшчэ быў маленькім хлопчыкам з кантрабасам, вёў livejournal і толькі спрабаваў пісаць па-беларуску. Мне заўсёды падабалася тое, што ён робіць, і яго дасведчанасць у акадэмічнай музыцы. Кажуць, людзі шукаюць у іншых тое, чаго ім не хапае. І я ўсведамляю, што ўва мне, можа быць, ёсць нейкі рок-н-рольны драйв, але адукацыі не хапае. Пазнаёміліся мы, напэўна, на «Бардаўскай восені», дзе былі з рознымі праектамі: я граў у гурце «TonqiXod», Эрык  — у гурце «Vuraj», яшчэ з Палінай Рэспублікай.

Я вялікі прыхільнік супольнай творчасці, таму што ў сутыкненні энергій ствараецца эфект нечага трэцяга. Калі мой папярэдні гурт разваліўся, пачаў шукаць, з кім магу супрацоўнічаць далей, і адразу падумаў пра Эрыка. Нельга сказаць, што ў нас адразу атрымалася нешта геніяльнае. Прайшлі этап першых рэпетыцый, калі даводзілася прыцірацца.

Мы абодва выйшлі з нейкага андэграўнду і, калі пачыналі рабіць «Эрык і я», думалі, што робім нешта папсовае, але высветлілася, што гэта той жа андэграўнд.

Калі на постсавецкай прасторы пачалася хваля папулярнасці постпанку і таму падобнага, я падумаў, згадаў усё, што падабалася раней, і вырашыў гэта з сябе выпусціць. Таму і прапанаваў Эрыку зрабіць другі праект. Пасля першага рэлізу мы не ведалі, ці будзе працяг. Гэта шмат у чым залежыць ад слухача — «люты сакавік» зроблены як праект для дыялогу са слухачом.

— Ці ёсць у вас адмысловая гісторыя пра назву?

Эрык: Самая складаная задача ў стварэнні гурта — прыдумаць назву. Памятаю, што ў нас было шмат варыянтаў, але менавіта гэтую прапанаваў Уладзь.

Уладзь: Мы зрабілі песні і хацелі іх адправіць на нейкі конкурс. За дзве гадзіны да дэдлайну дурыў галаву сваім сябрам, якія тады прыйшлі пагуляць у настолкі. І я падумаў: гэта праект, арыентаваны на больш шырокую аўдыторыю. Што яна ведае па-беларуску? Ну, можа быць, назвы месяцаў. І пачаў перабіраць. І сябры тады сказалі, што менавіта «люты сакавік» гучыць найлепш. Так і засталося.

— Як размеркаваны ролі ў вашым дуэце?

Эрык: Тэкст у першую (і адзіную) чаргу — гэта справа Уладзя. А з музыкай бывае па-рознаму: часам мы і ад тэксту маглі адштурхнуцца, часам проста рабілі нешта музычнае, а потым Уладзь дадаваў тэкст.

Уладзь: Усё можа пачацца з басовага ходу, можа — з нейкага чарнавіка, які ляжаў у Эрыка ў засеках. Часам мы думалі: трэба нешта напісаць... Эрык пакідваў які-небудзь біт, мы пад яго ў пэўнай танальнасці нешта імправізавалі. І калі такія нататкі ўжо ёсць, уключаюцца прапановы па аранжыроўцы...

Эрык: Каментарыі наконт тэксту...

Уладзь: Так, здаралася такое, што ў нас было некалькі музычных накідаў і некалькі маіх тэкстаў, але яны яшчэ не суадносіліся адзін з адным. У такіх выпадках мы проста пачынаем граць, і я падсоўваю Эрыку тэкст на мабільніку, а ён спрабуе знайсці, як словы будуць гучаць у песні. Тут і пачынаюцца спрэчкі: падыходзіць тэкст ці не падыходзіць... Я кажу, што ён ідэальна трапляе ў атмасферу, Эрык даводзіць, што ён не кладзецца па складах. Гэта сапраўды такі жывы працэс! Трэба разумець, што ў супольнай творчасці ўсё спрацоўвае толькі тады, калі ўсе кампаненты ўключаны, бо працэс складаецца з пастаяннага зачэплівання аднаго за іншае.

Эрык: Так, у нас нельга сказаць, што Лянкевіч напісаў тэкст, а я — музыку.

Уладзь: Зразумела, мы ведаем, дзе за што зачапіліся, ад чаго адштурхнуліся, але на выхадзе гэта не мае значэння. Важна тое, як усё працуе ў цэласным творы.

— Ваш новы альбом  — «Боль ён мой»  — атрымаўся больш меланхалічны, чым першы рэліз. Ці адчулі вы гэта самі? Ці заўважылі нейкія адрозненні ў настроі падчас працы?

Эрык: Агульныя змены, канешне, ёсць, яны ў першую чаргу датычацца музыкі, якая стала больш насычанай. У плане настрою для мяне другая частка  — апошнія тры трэкі — сапраўды гучыць больш меланхалічна. Гэта падабаецца, бо трэкі больш свежыя, ствараліся ўжо падчас запісу. І зразумела, што нейкі асабісты бягучы настрой адбіваецца на музыцы, якую пішаш.

Уладзь: Я, калі пішу тэксты, натхняюся біяграфіяй Эрыка. У мяне жыццё вельмі нецікавае. Мы думалі, як правільна расставіць трэкі ў альбоме, але фактычна атрымалася, што яны размясціліся ў храналагічным парадку. І можна прасачыць змены ў нашым настроі і эвалюцыю ў аранжыроўках, проста слухаючы ўсе трэкі запар. Самому пакуль цяжкавата аналізаваць, бо даволі блізка адчуваем гэтыя кампазіцыі.

Эрык: Так, патрэбна, каб прайшоў пэўны час, бо, як і з папярэднім рэлізам: праз паўгода пераслухоўваеш, і гучыць ужо абсалютна па-іншаму.

— Ці ёсць любімыя трэкі з альбома?

Эрык: Мой любімы  — «Паасобку». Не хочацца сябе нахвальваць, але заўсёды імкнуся давесці тое, што атрымліваецца, да максімальна магчымай якасці. Гэтая песня стваралася ў лайв-рэжыме, ужо падчас запісу, ёсць пэўныя знаходкі. Мне падабаецца, якім трэк атрымаўся і па гуку, і па настроі, і па тэксце.

Уладзь: Я ведаю, чаму Эрыку падабаецца «Паасобку» — там незвычайныя гарманічныя пераходы. Дзесьці застаецца прыкладна тая ж гармонія, але бас мяняе прачытанне танальнасці. І за кошт гэтага — нешта гнятлівае, музыка паступова пераносіць з аднаго настрою ў іншы...

Насамрэч, у альбоме няма ніводнага трэка, які б мы даляпілі проста, каб расцягнуць час.

Я люблю апошні трэк альбома «Голы», асабліва па музыцы. Там такая канцоўка, што я б яе расцягнуў хоць на дзесяць хвілін. Яшчэ падабаецца трэк «Гербарый», у прыватнасці тэкст. Гэта, дарэчы, той выпадак, калі словы ў нас былі даволі даўно, але доўга падбіралі музыку. З’явілася нават некалькі чарнавых варыянтаў, ды ніяк не складвалася. Але ў выніку атрымалася, і мне вельмі прыемна, што многім спадабалася.

— Чаму для кліпа вы выбралі менавіта «Ненавіджу Парыж»?

Уладзь: Яшчэ да таго, як гэта ўсё пачалося, у нас былі канцэрты, на якіх мы ігралі частку трэкаў з альбома. «Ненавіджу Парыж» на той час быў самы свежы. І тады нарадзілася думка, што трэк такі ўчэпісты, не асабліва патрабуе настраёвага паглыблення. Дарэчы, гэта ты сказаў, што трэба напісаць песню не толькі пра стасункі.

Эрык: Так, і каб яна была больш бадзёрая, з запалам.

Уладзь: Ну так, гэта было штуршком. Там няма нейкай асабістай драматычнай гісторыі, таму на яе было нястрашна здымаць кліп.

Эрык: Хацелася зрабіць кліп у эстэтыцы жанру  — нешта атмасфернае, дзе ў кадры проста тусуюцца. Ён часткова зняты на нармальную камеру, часткова — на тэлефон. Была мэта зрабіць не мегаякасна, а хутка і весела.

Уладзь: Папрасілі Аляксандру Бабкову — яна нам часта дапамагае з візуалам і ўвогуле. Я ўспомніў, што ёсць двор з Эйфелевай вежай, і гэтае месца падыходзіла да нашай інтэрпрэтацыі. Заставалася толькі быць смешнымі.

Візуальны складнік вельмі важны. У ідэале трэба ледзь не на пяць трэкаў здымаць кліпы, але варта з чагосьці пачаць.

— З кім вас часцей за ўсё параўноўваюць і на якую музыку арыентуецеся?

Уладзь: На вялікі жаль, ступень нашай вядомасці... Не, насамрэч, мы робім стаўку на тое, што цяпер у нас ёсць паўнавартасны альбом, і для слухачоў гэта магчымасць скласці больш цэласнае ўражанне пра нас. Таму чакаем, з кім нас параўнаюць. Пакуль экспертнага меркавання не выказвалі, больш за тое, у Беларусі пазакрываліся многія музычныя сайты. А на ўзроўні простых каментарыяў у сацыяльных сетках сур’ёзна ўспрымаць даволі цяжка. Бачыў нядаўна нешта кшталту «О, гэта ж беларускі “Электрофорез”».

Эрык: Нас складана у штосьці ўпісаць, бо няма ніякага чыстага стылю ці жанру. Ёсць пэўны сінтэз постпанку і колдвэйву, але большасць з гуртоў робіць музыку ў кананічным для гэтых жанраў фармаце. Таму так адразу і не скажаш, на што мы падобныя.

Уладзь: Мы натхняемся абсалютна рознымі рэчамі. Многія музыканты любяць расказваць, што яны працуюць у сваім унікальным жанры. І мы з тых жа творцаў. Іншая справа, што ёсць такая хваля: Nürnberg, Dlina Volny, «Молчат Дома», Akute з беларускамоўнага сегмента. Хутчэй за ўсё, гэта проста такі мясцовы кантэкст, да якога цікава быць далучаным, і мне здаецца, што можна гаварыць пра беларускую, мінскую хвалю такой музыкі. Хаця яна сапраўды розная: ад гітарнай да больш электроннай, спяваюць і па-руску, і па-беларуску, і па-англійску. Вядома, гэта не без уплыву таго, што адбываецца з музыкай на постсавецкай прасторы, асабліва ў Расіі. Там гэтая хваля постпанку не толькі вельмі вялікая, але і па атмасферы ўся працята часам, кантэкстам. Гэта актуальнае, з таго, што ўплывае.

Эрык: У мяне, канешне, свой кантэкст. Шмат электроннай музыкі я слухаў і слухаю цяпер. Ёсць цэлая хваля англійскай электроннай музыкі, больш складанай. Калі я сам шукаю нейкія гукі сінтэзатара, натхняюся імі. Ёсць, напрыклад, гурт Boards of Canada — там атмасферны гук. І хаця музыка, здаецца, не складаная, але тое, як яна зроблена, моцна на цябе ўплывае.

— Уладзь у адным інтэрв’ю сказаў, што «люты сакавік» вымагае быць крыху нягеглым падлеткам. Чаму?

Уладзь: Гэта да таго ж, што я ўжо казаў: чаму я павінен хаваць нейкую частку сябе. Не тое, каб я рабіў гэта наўмысна, але ўсё адно... Калі толькі пачынаў займацца музыкай, мой першы гурт быў шмат у чым іранічны, але мы ўсё ж спрабавалі рабіць сур’ёзныя рэчы і самім сабе і іншым даказаць, што можам звярнуць на сябе ўвагу калег па цэху. Пасля зразумеў: штосьці ўжо даказана, прынамсі сабе.

 Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».