Вы тут

Аляксей Дудараў: характары твораў і творцы


Калі чалавек прыходзіць у мастацтва, складана прадугледзіць, які след ён пакіне. Ці запомняць яго такім, якім яму хочацца выглядаюць? Ці запомняць увогуле? Галоўнае, што можа зрабіць на зямлі кожны, і асабліва чалавек мастацтва, — заставацца верным сабе і працягваць расці.

Аляксей Дудараў — першае імя, якое згадвае большасць беларусаў як асацыяцыю да словазлучэння «беларуская драматургія». «Белыя росы»  — адна з першых назваў, з якой асацыіруецца словазлучэнне «беларускае кіно».

Сёлета выбітны беларускі драматург адзначае 70-годдзе.

Нарадзіўся ў вёсцы, скончыў тэхнікум, працаваў на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе, атрымаў прафесію акцёра. Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа, галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва», уваходзіў у склад сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання, быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. За гэтымі фактамі — вялікі шлях жыцця і творчасці, і, напэўна, амаль немагчыма прасачыць усё, што паўплывала на творцу, што хвалявала. На пытанне пра тое, як творчы шлях пачаўся, Аляксей Дудараў у адным з апошніх інтэрв’ю расказвае, што ў маленстве яму ніколі не было сумна: «Я заўсёды нешта маляваў, уяўляў сабе нейкія рэчы, нават проста глядзеў у столь, лежачы на печы. Адным словам, жыў у прыдуманым сабой свеце. Я лічу, што гэта было не што іншае, як патрэба ўнутраная. Думаю, калі ў табе жыве “бацыла” мастацтва, то нікуды ад яе не дзенешся».


Фота Кастуся Дробава.

Чалавек на фоне абставін

Першая сустрэча з Аляксеем Дударавым зазвычай адбываецца на ўроку беларускай літаратуры, калі справа даходзіць да вывучэння п’есы «Вечар». Сюжэт, які запомніўся яшчэ з восьмага класа: тры адметныя персанажы дажываюць свой век у «неперспектыўнай» беларускай вёсцы. Мудрая, але крыху наіўная Ганна, дзівакаваты, але надзвычай светлы, справядлівы і працавіты Мульцік і скептычны, недаверлівы і глыбока няшчасны Гастрыт утвараюць міні-грамадства, якое паступова развіваецца пад уплывам кожнага з іх.

У п’есе разам з тэатральна-выразнымі характарамі выступае адна з цэнтральных тэм для беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя — пытанне горада і вёскі. У адным з інтэрв’ю, прымеркаваных да юбілею, Аляксей Ануфрыевіч Дудараў адказваў на пытанне пра горад і вёску ў сваім жыцці так: «Дай Бог, каб адчуваць сябе чалавекам, а гарадскім, пасялковым ці вясковым — не істотна. Вёска, і Дубровеншчына, і маё дзяцінства — яно ўнутры».

П’еса — гэта размова пра чалавечыя лёсы, адзіноту і надзею. Калі чытаеш драму ў восьмым класе, падаецца, што характары і светапогляды герояў гіпертрафіраваныя і ўвесь твор размаўляе з чытачом занадта канкрэтна. Але справа толькі ў тым, што напісаны ён не для таго, каб чыталі, а каб глядзелі на сцэне.

Драматург у першую чаргу належыць менавіта тэатру, а не літаратуры, што пацвярджаецца і сучаснымі культурнымі працэсамі. Словы ў п’есе маюць абсалютна іншыя ўласцівасці, чым у прозе або паэзіі.

І менавіта словы прыводзяць Аляксея Дударава да справы яго жыцця. На пытанне «Як вы зразумелі, што вы драматург?» у размове, апублікаванай на партале mocny.by, аўтар адказвае: «Мабыць, калі пачаў чытаць. Мне нецікава было апісальніцтва, цікавілі дыялогі, размовы людзей. Таму што за нашымі словамі часта стаіць больш, значна больш».

Па ўсіх творах Аляксея Дударава заўважна, што цікавіць яго найперш чалавечая асоба ў любых абставінах.

Яшчэ адна п’еса з шэрагу самых вядомых  — «Радавыя». За яе аўтар у 1985 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. У цэнтры сюжэта  — унікальныя чалавечыя характары ў абсалютна экстрэмальных умовах — падчас вайны. Перад гледачамі зноў міні-грамадства, у якім па пэўных законах разгортваюцца аўтарскія разважанні пра жыццё і смерць, Бога і любоў. Фармальна п’еса не адпавядае прынцыпам адзінства месца і часу, але месца і час зноў паўстаюць як дэкарацыі, прытым больш для чалавечых думак, чым характараў. У цэнтры гэтага твора — хутчэй псіхалогія розных з’яў.

Сапраўдныя тэмы Дударава заўсёды пра ўнутранае, а не пра знешняе. Таму і сённяшнюю рэчаіснасць аўтар успрымае толькі як праблему, не вартую залішняй увагі: «Была ў мяне размова з адным рэжысёрам. Ён казаў, што трэба сцэнарый пра каранавірус напісаць. Я засмяяўся. Трэба пісаць не пра тое, што адбываецца на вуліцы. Халоднае лета. Што, гэта тэма для твора?»

Гісторыя і тое, як мы яе бачым

У 1990-х Аляксей Дудараў звяртаецца да гістарычнай тэматыкі. Аўтар прызнаецца, што гэтая цікаўнасць узнікла не без уплыву тагачаснага пад’ёму нацыянальнага руху. «Нас вучылі, што была грамадзянская вайна, крыўдзілі нашых вялікіх паэтаў пры царызме. Рэвалюцыя, Вялікая Айчынная… Далей нікому нецікава было зазіраць. Калі я пачаў паглыбляцца па-сапраўднаму ў нашу гісторыю, зразумеў, што яна нічым не розніцца ад таго, што апісаў вялікі Шэкспір. Наша Сярэднявечча нічым не адрозніваецца ад Сярэднявечча французскага, нямецкага», — распавядае ён.

Сцэна са спектакля «Чорная панна Нясвіжа». Фота з сайта kupalauski.by

Аляксей Дудараў пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра «Рычард ІІІ». Розным старонкам гісторыі Беларусі прысвечаны яго п’есы «Купала», «Песня пра зубра» паводле паэмы Міколы Гусоўскага, «Палачанка», «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Крыж» і іншыя. Асаблівую папулярнасць мае драма «Чорная панна Нясвіжа». Вядомы сюжэт легенды пра каханне Барбары Радзівіл і караля Жыгімонта Аўгуста, смерць Барбары ад рук маці Жыгімонта і яе вяртанне ў замак у выглядзе чорнага прывіда падаецца ў мастацкай апрацоўцы Дударава крыху па-іншаму. У легенды з’яўляюцца характары, у падзей  — эмоцыі. Драматург не робіць з гістарычных асоб нейкія выключна рамантычныя фігуры, не ідэалізуе іх. І гэта заўважна ва ўсіх гістарычных творах.

У п’есе «Князь Вітаўт» аўтар асабліва выяўляе нестандартны падыход да стварэння гістарычных твораў і гістарычных персанажаў. Замест стэрэатыпных вобразаў жорсткага Ягайлы і ідэалізаванага Вітаўта ён паказвае першага разважлівым і дальнабачным палітыкам, а другога — залішне эмацыянальным, даверлівым і мяккім. Асаблівы драматызм гістарычных падзей, паказаных у п’есе, падкрэсліваецца вершаванай формай аповеду і ўвядзеннем фантастычнага пласта: да гістарычных асоб далучаюцца міфічныя істоты. Такі падыход падкрэслівае ўспрыманне мінулага як чагосьці далёкага і нават іншасветнага, што надае самабытнасці.

Зразумела, гэтыя п’есы маюць усе ўласцівасці рамантычных сюжэтаў, але, па-першае, жывыя і сапраўдныя эмоцыі ўсё ж такі пераўтвараюць прывідаў у людзей. Па-другое — рамантызаванасць гісторыі насамрэч уваходзіла ў аўтарскія планы. Такія творы, акрамя іншага, з’яўляюцца яшчэ і інструментам папулярызацыі беларускай гісторыі, прыцягнення ўвагі да мінулага нашай краіны.

Улічваючы папулярнасць пастановак, можна лічыць, што гэтую функцыю п’есы выканалі.

Насамрэч творчасць Аляксея Дударава паўстае вельмі цікавым спалучэннем падыходаў. Яго заўсёды цікавіла ўнутранае, глыбока схаванае ў душы, пачуцці і перажыванні. Але пры гэтым матэрыялам для твораў часцей за ўсё станавілася рэчаіснасць: ці то гісторыя, ці то фантастыка. Аляксей Дудараў лічыць, што жыць у віртуальным свеце  — ненармальна, асабліва для чалавека, які займаецца мастацтвам. Бо той, хто знайшоў сябе ў мастацтве, абавязаны быць уважлівым да рэальнага свету, да таго, хто побач.

Зрэшты, нядзіўна: мы чытаем літаратуру і ходзім у тэатры менавіта дзеля таго, каб больш спазнаць, убачыць з нязвыклых бакоў сябе, свет вакол людзей, што побач. Таму і аўтар, чые творы накіраваныя на тое, каб дапамагчы ў гэтым, павінен задумвацца пра зразумеласць і актуальнасць.

Ганна ІВАНОВА

Загаловак у газеце: Насустрач унутранаму свету

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.