Вы тут

Ад Алы да Масквы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў у шэрагу знакавых імпрэзаў, прысвечаных памяці пра Вялікую Айчынную вайну, пра яе ахвяры, пра Вялікую Перамогу


На Парадзе ў Маскве маршыруе сцяганосная група зводнай роты ганаровай варты Мінабароны Беларусі

“Ніхто не забыты, нішто не забыта…” У логіку гэтых простых і бязмежна высокіх слоў гарманічна ўпісваецца траекторыя шляху, якім незалежная Беларусь рухаецца ў будучыню. Што хаваць: раней больш увагі надавалася героям, парадам, ардэнаносцам вайны, самой Перамозе. Потым на Карце Нашай Памяці з’явілася Брэсцкая крэпасць, ад якой да перамогі было яшчэ вельмі далёка. Потым — Хатынь, і Курган Славы, і партызанскі “Прарыў” на Вушаччыне. У пару незалежнасці Беларусь падняла “Чырвоны Бераг” на Жлобіншчыне, Мемарыяльны комплекс “Трасцянец” ды шэраг іншых “прызабытых” мясцін. А цяпер вось і вёска Ала. Каб нікога не забыць, варта й сапраўды развіваць нітачкі памяці з самай глыбінкі, ад простых сялянскіх хатаў ды іх мірных жыхароў, якіх полымя вайны бязлітасна змяло ў нябыт — і слядоў не пакінула.

Спачатку ў гэтых нататкаў быў загаловак “Ад Брэста на Масквы”. Перабіраючы ў памяці насычаныя на падзеі дні, я ўдакладніў: яшчэ раней пачаўся шлях Прэзідэнта ў Маскву. Пачаўся — з раней мала каму вядомай вёскі Ала Светлагорскага раёна. Даўні, ваеннай пары боль і трагедыя Алы сёлета знайшлі ўвасабленне ў новым мемарыяле.

Уранні 21 чэрвеня, крыху менш за суткі да страшнага імгнення ў летапісе нашай еўрапейскай цывілізацыі — да пачатку вайны — на стужках інфармагенцтваў з’явілася вестка: Прэзідэнт прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Мемарыяльнага комлекса “Ала”. І вось ужо выстралілі ў інтэрнэт, разышліся па свеце фотаздымкі, рэпартажы з Алы. Мяркую, многія зразумеюць і без перакладу, якую праўду даносяць вось гэтыя словы, напісаныя на плітах мемарыяла па-беларуску: “Мы жывём, пакуль помнім. Мы жывыя, пакуль нас помняць”.

24 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка вітае ганаровых гасцей Парада Перамогі ў Маскве.

Па сутнасці, на тонкіх нітках чалавечай памяці й трымаецца нашае Жыццё. Калі ж каму падаецца, што гэта не так, то прыслухайцеся да меркаванняў Алоіса Альцгеймера, нямецкага псіхіятра: гэта ён даследаваў вядомую цяпер нейрадэгенератыўную хваробу. На вялікі жаль, некаму яшчэ падаецца: калі мы не будзем абцяжарваць сябе памяццю пра мінулае, то нам будзе лягчэй жыць. А ў жаданні лёгкага жыцця незаўважна губляецца й само Жыццё.

Прэзідэнт паабяцаў падтрымаць стварэнне мемарыяла ў Але ў снежні 2019‑га: калі сустракаўся са студэнтамі й выкладчыкамі медуніверсітэтаў. Адказваючы на пытанне адной са студэнтак, якая родам са Светлагорскага раёна, сказаў: “Падтрымліваю вашу ініцыятыву. Абавязкова прыеду на адкрыццё мемарыяла”.

Прыехаў. Стрымаў слова!

Гісторыя вёскі Ала трагічная. Раніцай 14 студзеня 1944‑га нямецкі карны атрад разам з вайсковай часцю, у якой было каля 1000 салдат, атачыў Алу, куды раней сагналі жыхароў некалькіх вёсак. Людзей заганялі ў дамы, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. Усяго там загінула 1758 мірных жыхароў, з іх 950 — дзеці. Зямля вёскі Ала ёсць на Могілках вёсак у Мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Пасля вайны там паставілі помнік: скульптуру салдата, які стаіць на калене з вянком. А сама Ала не адрадзілася…

Брэст. 22 чэрвеня 2020 года. Хутка світанне...

Наступным месцам памяці на шляху Прэзідэнта ў Маскву стаў Брэст. Сотні людзей паўдзельнічалі у начным мітынгу-рэквіеме, які праходзіў у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Праходзіў мітынг-рэквіем 22 чэрвеня ў 4 гадзіны раніцы на тэрыторыі крэпасці, абаронцы якой першымі у тыя ж імгненні 22 чэрвеня 1941 года ўсталі на шляху магутнай, датуль непераможнай ваеннай машыны вермахта.

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў у крэпасці вянок да Вечнага агню і выступіў з прамовай. У Беларусі, адзначыў ён, заўсёды будуць памятаць пра подзвіг тых, хто абараняў Брэсцкую крэпасць. “Таму што ў іх — веліч і сіла духу людзей, якія не скарыліся, — падкрэсліў ён. — Якраз тады, калі не здаючыся паміралі апошнія абаронцы крэпасці, вораг быў пераможаны псіхалагічна. І гэта быў першы крок савецкага народа на шляху да найвялікшай Перамогі новага часу”. Хоць да яе было яшчэ далёка, але пачатак быў пакладзены. “У той дзень захопнікі паўтарылі няўсвоены гістарычны ўрок: народ, які жыве на гэтых землях, аддасць жыццё, але не стане рабом. Вельмі сугучна з нашым часам! Тут змагаліся прадстаўнікі чым трыццаці нацыянальнасцяў. І ўсе яны выканалі свой святы абавязак. Яны абаранялі сваю Радзіму, хоць нарадзіліся за тысячы кіламетраў ад Брэста”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасля прамовы Прэзідэнт гутарыў з ветэранамі.

А 24 чэрвеня ён з сынамі быў на Парадзе Перамогі ў Маскве. І сядзеў на святочнай трыбуне у часе ўрачыстасці побач з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Аляксандр Лукашэнка і яго сыны стоячы віталі роту ганаровай варты Узброеных сіл Беларусі, калі яна праходзіць міма трыбуны.

Мы памятаем! Ніхто не забыты, нішто не забыта!

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.