Вы тут

Цёця Ксеня родам з Шашалевічаў


Лепшыя рысы беларускага характару праявіліся ў роднай сястры рэпрэсаваных пісьменнікаў Андрэя Мрыя ды Васіля Шашалевіча, якая жыла ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, за Палярным кругам. Дзякуючы ёй зберагліся некаторыя важныя дакументы пра жыццё братоў, не абарваліся ў часе нітачкі роду.


Ксенія Шашалевіч. 1952

Гэтыя нататкі я прысвячаю светлай памяці Ксеніі Антонаўны Шашалевіч, роднай маёй цёці Ксені. Якая, так склаліся абставіны, стала другой мамай для маёй роднай, старэйшай сястры Аксаны, дачкі Андрэя Шашалевіча. А наш з Аксанай тата ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як Андрэй Мрый.

Пачнём — ад каранёў. Аксіння (Ксенія) Антонаўна пабачыла свет у 1900 годзе ў сяле Палуж, калі ў сям’і валаснога пісара Антона Шашалевіча ды ягонай жонкі былі ўжо дзеці: Антаніна (1888), Анастасія (…?), Андрэй (1893), Васіль (1897). (На пачатак ХХ стагоддзя сяло Палуж, пры аднайменнай рэчцы, было цэнтрам Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. У 1910‑м сяло налічвала 76 двароў, было там амаль 600 жыхароў. Паселішча мела праўленне воласці, праваслаўную царкву, млын-вятрак, пастаялы двор. (Цяпер — тэрыторыя Краснапольскага раёна Магілёўшчыны. — Рэд.). Са слоў цёці Ксені мне помніцца: нарадзілася 4 красавіка, хоць у анкетах, бывала, пісала й 6 лютага. Расла ў сям’і вельмі беднай, паколькі бацькі-карміцеля не стала ў 1902 годзе. Але дзеткі ўсе былі дружныя, дапытлівыя й здольныя, а маці-ўдава ўсё магчымае рабіла, каб яны вучыліся.

(Цікавыя падрабязнасці пра маці цёці Ксені (сваю бабулю Еўфрасінню) падала Аксана Рухіна ў лісце (1988 год) літаратуразнаўцу Яўгену Лецку: “Калі Антон Дзяменцевіч паміраў, ён быццам бы казаў жонцы, каб яна дзяцей не вучыла: хай гаспадараць на зямлі, будуць сялянамі. Але жонка яго, Еўфрасіння Фамінічна, зрабіла наадварот. Сама яна, здаецца, — дачка псаломшчыка, была непісьменная, ды, праўда, мама казала, што пісаць не ўмела, але ўмела чытаць і нават чытала раманы. Яна вырашыла вучыць дзяцей і для таго, прадаўшы хату, адправілася ў Магілёў: хацела “даваць” абеды й тым зарабляць на вучэнне дзяцей. Але нічога з таго не выйшла. Мабыць, праз год прыйшлося вярнуцца ў Палуж. ... Давялося жыць сям’і амаль у галечы. А дзеці былі ўсе здольныя, добра вучыліся. Дзяўчынак не прынята было тады вучыць. Але старэйшая паступіла вучыцца насуперак волі маці. Яна выдатна здала іспыты ў гімназію: нейкі “хросны” дапамагаў. Другая дачка, Анастасія, вучылася дзесьці пры манастыры. Мама ўспамінала, што аскетычнае манаскае выхаванне падарвала яе здароўе. А была яна мастачкай-самавукам. Выдатныя працы яе згарэлі ў часе налёту банды зялёных. Цётка Настачка рана памерла. Хлопчыкаў маці аддала вучыцца спачатку ў духоўнае вучылішча, потым — у семінарыю. Кажуць, што бацька (Аксана Рухіна мае на ўвазе Андрэя Мрыя. — Рэд.) ні за што не хацеў туды ісці, але ж маці настаяла”. — Рэд.) Не заўсёды, аднак, дзеці ўдавы Еўфрасінні маглі хадзіць у школу. Ксеня дык адразу пайшла ў 2‑і клас, потым, казала, год “сядзела на печы” ды пайшла адразу ў 4‑ы. Пасля паступіла ў гарадское вучылішча ў Гомель, і апынулася там адзінай дзяўчынай. Паступіла ў Петраградскі дзяржуніверсітэт, а закончыла можа й Ленінградскі: так яго пераназвалі 1924‑м. Напэўна, многае здавала экстэрнам. Вывучылася на хіміка, хоць, казала дачцэ Аксане, больш ёй падабалася матэматыка.

Выйшла замуж Ксенія Шашалевіч, верагодна, у год заканчэння ВНУ, і разам з мужам паехала на працу ў Петразаводск. Муж яе, Мікалай Васільевіч Хрысанфаў, загадваў Карэльскім Цэнтральным архіўным бюро, быў вядучым спецыялістам НДІ культуры рэспублікі. (У інтэрнэце знаходзім, што быў ён карэлам, вядомы як карэльскі савецкі паэт, перакладчык, архівіст. Родам з Петразаводскага павета Аланецкай губерні. У мінулым — чырвонаармеец, у гады рэвалюцыі — актыўны член партыі левых сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў). Магчыма, тое рэвалюцыйнае мінулае й паслужыла адной з прычын, калі рэпрэсавалі Хрысанфава ў 30‑я гады. У 1924‑м ён закончыў факультэт грамадскіх навук Петраградскага дзяржуніверсітэта і яшчэ аднагадовыя курсы пры Леніградскім аддзяленні Цэнтрархіва. — Рэд.). Мікалай Васільевіч быў арыштаваны 26 кастрычніка 1937 года, асуджаны тройкай НКУС СССР 28 снежня й расстраляны на пачатку 1938‑га. Вось такое гора прыйшло ў сям’ю цётачкі Ксені, што, не маючы сваіх дзяцей, выхоўвала на той час дачку рэпрэсанага брата Андрэя, майго таты.

Памятаю, зімой 1956‑га (жылі мы тады ў Петразаводску, у доме Якава Васільевіча Яўсеева, брата Мікалая Хрысанфава) я вучылася ў 9‑м класе школы, Аксана — ужо на V курсе Петразаводскага дзяржуніверсітэта. (Пра жыццё ў Петразаводску знаходзім цікавыя дэталі таксама ў тэксце Аксаны Рухінай “Мама, отец, мать. Воспоминания”, змешчаным у часопісе “Нёман” http://www.zvіazda.by/be/news/20170112/1484210954‑oksana-ryuhіna-mama-otec-mat-vospomіnanіya — Рэд.) І вось тады неяк да нас на зімовыя канікулы прыехала Ксенія Антонаўна. Яна перасялілася, каб больш зарабляць, у прычыгуначны пасёлак Лоухі (цяпер — пасёлак гарадскога тыпу, найдалёкі паўночны карэльскі райцэнтр), працавала ў мясцовай чыгуначнай школе. Цёця Ксеня прывезла на выставу школьнікаў: арганізаваны ёй гурток юннатаў ды выгадаваныя імі экспанаты. Дзяцей, якія прыехалі з ёй, размясцілі ў чыгуначнай школе, а ўранні Ксенія Антонаўна ішла на выставу. І вырашыла ўзяць мяне з сабой, а выхаванцы яе рушылі на выставу іншым шляхам. Па дарозе цёця Ксеня распавядала мне пра арганізатарку выставы, Ганну Маркаўну Смірнову. А тая жанчына ўмела й каштоўныя экспанаты для выставы здабыць, і ў штодзённай працы вызначыцца, і выдатных сыноў-блізнят гадавала. “Вось, можа, то вашы з Аксанай жаніхі! — нібы незнарок падышла цёця да сваёй любімай тэмы. — Якраз двое! Але ж глядзі, каб не пайшла ты замуж раней за Ксаначку!” І хоць я ніяк не падзяляла яе мар і апасенняў, але ж падтакнула: “Ну, трэба ж, якое супадзенне! Ды не, я не спяшаюся…” Выстава была выдатная! Вакол яе завіхалася сціплая жанчына. Як потым аказалася, мая будучая свякроў… Ксенія Антонаўна як у ваду глядзела! Старэйшы з сыноў-блізнят Ганны Маркаўны, Усевалад, які з’явіўся на свет на 20 мінут раней за брата, праз 16 гадоў стаў маім мужам. З тых часоў мы ўсё жыццё разам. Вось якая цёця Ксеня празарліўка!

Гэта яна, цёця Ксеня, звезла мяне ад мамы, з Браншчыны — яшчэ летам 1944 года. Помніцца, у Дзень Перамогі я была ў Петразаводску, і прычым ужо немалы час. Калі цёця прыехала па мяне, то навезла сукеначак ды гаварыла з мамай, што мне патрэбнае развіццё, што мяне можна будзе ўладкаваць у дзіцячы садок. Але ні сукеначкі, ні нейкае развіццё не вабілі мяне, і я з недаверам на яе глядзела. Калі ж цёця Ксеня нагадала мне (а я ўжо ведала тое ад мамы...), што ў Петразаводску жыве мая сястрычка, то ўсё маё недавер’е прапала. За сястрой — хоць на край свету!.. А суседка, помніцца, угаворвала мяне маму не пакідаць. Казала, што я ёй — апора. Ды я ў чатыры гады, вядома ж, таго не разумела. Мама з цёцяй мяне адпусціла. І ў далейшым я жыла то з мамай ды старэйшым братам Юрам, то з цёткай Ксеняй ды старэйшай сястрой Аксанай.

Клопаты пра нашу (маю ды Аксаны) “замужнюю” будучыню былі ўласцівыя цёці Ксені як жанчыне з народа. Яна зберагла ў сабе здаровы, народны, сялянскі па сутнасці светапогляд на жыццё, на шчасце, якое для жанчыны — у замужжы, і галоўныя таленты яе раскрываюцца ў сям’і ды дзецях. “То ж табе шчасце будзе! — гаварыла па-беларуску, калі прапаноўвала мне ў жаніхі якога чарговага кандыдата. Ды й Аксане пастаянна дапякала такімі “тэматычнымі” гутаркамі.

У жанчынах цёця Ксеня цаніла дамавітасць. Марыла, каб Аксана яе навучылася пячы пірагі, спрабавала вучыць яе шыць… Гэта быў горкі запавет яе брата Андрэя. У лістах з лагера ён прасіў сястру не вучыць дачку мастацкай вышыўцы, але пастарацца даць ёй простыя навыкі кройкі ды шыцця. На жаль, Ксенія Антонаўна залішне настойліва праводзіла запавет брата ў жыццё: Аксана так запрацівілася яе выхаваўчым метадам, што вучыцца шыць наадрэз адмовілася. Але тыя дробныя непаразуменні, вядома ж, нішто ў параўнанні з тым, што мая цёця ўмела даць людзям як адукаваная асоба, да таго ж біёлаг па прафесіі. Дастаткова ўспомніць юннацкі гурток у Лоухскай школе, пра які я згадала вышэй, ці яе працу па азеляненні запалярнага пасёлка, дзе беларусцы давялося жыць і працаваць нямала гадоў. Гімназічная сяброўка Маргарыта Эрн, якая жыла ў Ленінградзе, пісала цёці Ксені: “...Радуюсь тому, что наконец твои труды по озеленению получили должную оценку. ... Не представляю тебя бездеятельной в данном случае. Ваш поселковый совет должен был бы учредить премии за лучшее озеленение…”.

Ксенія Шашалевіч з дочкамі брата, Андрэя Мрыя: Аксанай (якую яна ўдачарыла) і Наталляй, якую пэўны час гадавала. 1948 год.

Калі цёця мая жыла ў Петразаводску, то працавала ў чыгуначнай школе № 9. А прыкладна з 1952‑га па 1960‑ы жыла й працавала ў Лоухах: каб фінансава падтрымліваць вучобу Аксаны, ды й маю таксама. Гады два там з ёю жыў і Генадзь Шашалевіч, сын брата Васіля. Выйшаўшы на пенсію, Ксенія Антонаўна яшчэ нейкі час заставалася ў Лоухах. З‑за хімікатаў (бо, пэўна ж, выкладала й хімію ў школе) яна пакутавала экзэмай, і часам паказвала мне свае сапсаваныя пазногці на руках. Да яе, у Лоухі паехала працаваць па размеркаванні ў 1956‑м Аксана пасля заканчэння ўніверсітэта, і я следам: вучылася там у 10‑м класе.

На далёкай Поўначы беларуска Ксенія Антонаўна зраднілася з тамтэйшай экзотыкай. Аднойчы ў Лоухах мы з ёю пайшлі ў лес па грыбы. І над нізінай, якая аддзяляла яго ад пасёлка, цёця паказала мне паўночнае ззянне. Для мяне, якая жыла да таго пераважна ў Беларусі, гэта было нова, незвычайна, і я радавалася той навізне. Ужо на схіле гадоў мне зноў пашчасціла ўбачыць такое дзіва — у Мурманску, горадзе майго маленства: то было яшчэ больш грандыёзнае відовішча!

Ксенія Антонаўна вельмі натуральна ўпісвалася і ў паўночны Лоухскі пейзаж, і ў мясцовыя звычаі. Там, у Лоухах, у цёці Ксені было шмат сяброў. Маці яе калегі па школе, карэлка Нікуліна, захапляючыся ўмелымі яе рукамі, неяк сказала ёй: “Сама памры, а рукі на зямлі пакінь!”. Гэтае мудрае карэльскае выслоўе чула я й пазней. Рукі цёці Ксені працавалі, ня ведаючы адпачынку. Яны ўмелі практычна ўсё — як і рукі яе брата, майго таты, які загінуў у гады рэпрэсій. Абодва ж выраслі ў беларускай сялянскай сям’і, дзе, як пісала пазней Аксана, “не гнушались никакой работы и смело брались за любое дело: вышивать, сапожничать, мастерить мебель и т. д.”.

Сталыя гады Ксеніі Антонаўны прыйшліся на ліхія 40‑я ды 50‑я, калі ўмелыя рукі яе ратавалі нас ад голаду й беднасці. Колькі адзення — паліто, сукенак, касцюмаў… — яна ўмела пашыць практычна з нічога! Дакладней, са старога, падношанага адзення, ператвараючы абноскі ў “цукерачку”. Але нават і ў гады, калі беднасць адступіла, цалкам шчасныя — ці то па звычцы, ці то з эканоміі не давала цёця Ксеня спакою сваім рукам ды ўсё перамайстроўвала старыя рэчы на новы лад. У ёй, як у люстэрку, справабавала я ўбачыць рысы свайго таты, якога амаль не ведала пры жыцці. Цёця Ксеня была вельмі настойлівым чалавекам, яна ўпарта імкнуліся да пастаўленай мэты. Яе жыццёвымі дэвізамі былі: “Кроў з носу, а зраблю!” (прычым гаварыла яна тое заўсёды па-беларуску!) ды “За спрос не б’юць у нос!”. На словы падзякі за абед ці вячэру яна заўсёды адказвала ўдзячна ў рыфму: “Дзякуй таму, хто еў і давалі каму!”.

Памерла Ксенія Антонаўна ў Петразаводску 23 чэрвеня 1971 года, пахаваная на Сулажгорскіх могілках. Там ёсць надмагільны помнік, магіла яе дагледжаная. Аксана таксама там сабе выбрала месца: бо гады ж бяруць сваё. Я была на той магіле ў 1972 годзе з дачкой Анечкай, хоць свякроў не хацела мяне туды пускаць: маўляў, малых дзяцей нельга браць на могілкі. А мне пайсці туды з малой была прычына. Я потым сказала Анечцы: “Ксенія Антонаўна малачко грудное ад Аксаны нам прыносіла для цябе”. І Аня гэта памятае.

На здымку ў рэдакцыі газеты “Голаса Радзiмы”: на першым плане побач з прафесарам Адамам Мальдзісам — Наталля Прушынская, за ім справа — Екацярына Бялова (дачка Аксаны Рухінай, унучка Андрэя Мрыя). За Наталляй Прушынскай — Вольга Нікалаева (унучка Антаніны Стратановіч (у дзявоцтве Шашалевіч), роднай сястры Андрэя Мрыя). Мінск, 20.11.2015 г. Фота Івана Ждановіча

Ксенія Антонаўна з’явілася мне ў двух нядаўніх снах. У адным апранута была ў сукенку колеру хакі — найбольш часты колер адзення ў пару пасляваенную… Дакор я бачыла ў вачах яе: нібыта жыве яна дзесьці на ўскраіне горада пакінутая, адна… Бязмежны смутак і жаль ахапілі мяне ў сне! Прачнулася ад слёз… Расказала сон сястры — яна таксама вялікае пачуццё жалю адчула. Іншым разам цёця Ксеня прыбачылася мне ў сне пасля таго, як я прадумала ўжо тэкст вось гэтых успамінаў. І ў другім сне позірк яе быў больш бадзёры, і, можа быць, душа яе цяпер будзе спакойная. Бо ведае цяпер напэўна мая цётачка: я вельмі ўдзячна ёй з ўсё добрае, што мела ад яе ў сваім жыцці.

Наталля Прушынская, г. Петразаводск

Ад рэдакцыі. Менавіта Ксенія Шашалевіч удачарыла, выхавала Аксану, дачку брата Андрэя: малой было два гады, калі ў лютым 1934-га яго ў Мінску арыштавалі ў першы раз. На просьбу падрабязней расказаць пра тое Наталля Прушынская нам адказала: “Ну, пісаць пра подзвіг удачарэння сястры маёй, на той час дачкі ворага народа, якім быў аб’яўлены ў 30-я гады мой бацька — гэта вялікі аповед. І можа пра тое лепш раскажа сама Аксана, і яна ўжо нешта пра тое напісала”. То маем надзею з часам змясціць і нататкі Аксаны Андрэеўны Рухінай — старэйшай дачкі Андрэя Мрыя.

Не ўсе ведаюць, што Артур, адзін з сыноў Андрэя Мрыя ды ягонай жонкі Соф’і Зыкавай, ацалеў пасля арышту бацькі дзякуючы брату апошняй, Івану Зыкаву, які жыў у Гомелі. Менавіта ён усынавіў пляменніка. Пазней Артур Іванавіч Зыкаў (1931 — 2014) стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук, працаваў у Харкаўскім універсітэце.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?