Вы тут

Мірскае свята Яе Вялікасці Кнігі


Гродзеншчына паказвае прыклад у захаванні асветніцкіх, кніжных традыцый Бацькаўшчыны: у другі раз прайшлі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”. Фестываль кнігі ды асветніцтва — яркая падзея культурнага жыцця на Гродзеншчыне, Карэліччыне.


Сёлетні адметны фармат

Цэнтральная вежа Мірскага замка

У Беларусі, у адрозненне ад многіх блізкіх і далёкіх краін, кнігавыдавецкае, кнігагандлёвае жыццё не спынілася ў сувязі з каранавіруснай абстаноўкай. Ды ўсё ж пандэмія вымагае быць абачлівымі. І больш чытаць! Мяркуйце самі: сёлета ў маі ў параўнанні з маем‑2019 продаж кніг у сетцы гандлёвых аб’ектаў ААТ “Белкніга” (101 “кропка” па ўсёй краіне) узрос на 60–70 і болей працэнтаў. І ўсё ж… Плануючы фармат, праграму “Кніжных сустрэч‑2020”, некалькі разоў рэальна, не віртуальна збіраўся аргкамітэт, праходзілі рабочыя сустрэчы. Усё, што спланавалі да прышэсця пандэміі, рэалізаваць не ўдалося. Адмянілася двухдзённая праграма свята (запланавана была на 20 і 21 чэрвеня). Не задзейнічалі, як хацелася, райцэнтр Карэлічы, больш сцісла далучылася да свята пісьменніцкая грамадскасць. У раённай бібліятэцы планавалі прэзентацыі кніг тых аўтараў, хто працуе ў галіне гісторыі ды краязнаўства, і на прастору раённага краязнаўчага музея разлічвалі. Не атрымалася…

Бліжэй да свята вырашылі зрабіць імпрэзы яго досыць камернымі: каб удзел у іх адкрыцці прымалі няшмат людзей. І большую ўвагу надаць трансляцыі тых імпрэз у інтэрнэт-прасторы. Каб расказаць і пра кніжнае свята, і пра новыя выданні, прысвечаныя гісторыі Бацькаўшчыны. У Беларусі штогод выдаецца каля 10 тысяч назваў кніг у год! І кніг краязнаўчых у гэтай плыні нямала. Як шырэй пра іх расказаць? Як зрабіць, каб, напрыклад, ураджэнец Слоніма, жывучы ў Мінску, не абмінуў малатыражны даведнік пра родны горад? Такіх пытанняў было шмат. Адказам на іх у некаторай ступені сталася й сама ідэя правядзення фестывалю, выставы, свята гістарычнай кнігі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”. З падключэннем шматфарматнага інфасуправаджэння, у тым ліку і ў сацсетках. Арганізацыі анлайн-рэжыму кніжнага фестывалю ў многім спрыяла праца Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы непасрэдна ў Міры.

Пра айчынныя традыцыі кніжніцтва — праз выяўленчае мастацтва

Істотная частка праграмы Мірскіх кніжных сустрэч была сёлета спалучана з выяўленчым мастацтвам. Усе арганізатары фестывалю — міністэрствы інфармацыі ды культуры, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Музей “Замкавы комплекс “Мір” — прынялі рашэнне: акцэнтаваць асноўны складнік зместу на візуалізацыі. Як вынік — запланавалі й паспяхова адкрылі цэлы шэраг мастацкіх выстаў. Генератарам гэтай справы выступіла вядомая кніжніца, мастацтвазнаўца, арт-менэджар Ала Зміева. У паўночна-заходняй вежы замка адкрылася выстава мінскага мастака Юрыя Крупянкова “Памяці мястэчка”. Куратар выставы — Юры Абдурахманаў. “Выстава Юрыя Крупнякова ў Міры — лагічны працяг праекта “Ціхая мелодыя нашых мястэчак”, які раней быў прадстаўлены ў шэрагу гарадоў Беларусі, а таксама ў Літве, — гаворыць Ала Зміева. — Праект прысвечаны знікламу свету яўрэйскіх мястэчак. Памяць аб тым жыве ў сэрцы, у творчасці мастака. У экспазіцыю ўвайшлі як вядомыя, так і новыя творы аўтара: жанравыя кампазіцыі, партрэты, пейзажы. Святло любові, настальгіі сыходзіць ад прац, на якіх прадстаўлены крыху ідэалізаваны свет яўрэйскіх мястэчак Беларусі. Асобны блок экспазіцыі складаюць працы, прысвечаныя Халакосту…”

У святочных імпрэзаў — гістарычны каларыт

У Слановай зале (Усходні корпус Палаца, другі паверх) адкрылі выставу “500 гадоў. Мастацтва, кніга, мастацтва кнігі”. 500‑годдзе беларускага кнігадрукавання мы адзначалі ў 2017 годзе. І выстава нацыянальная з назвай “Скарыніяна” праводзілася ў 2017‑м. Дарэчы, праект, які сёлета прыехаў у Мір, таксама ўпершыню прэзентаваўся на згаданай “Скарыніяне”. Але, вылучаны ў асобную выставу, ён паспяхова прадаўжае вандраваць па свеце — не толькі па Беларусі. Час ад часу дапаўняецца новымі артэ-фактамі, якія сведчаць пра злучанасць мастацтва й кнігі: праз кніжную графіку, кніжны дызайн, праз вобраз кнігі ў выяўленчым мастацтве. Цяпер у праекце былі прадстаўлены працы Паўла Татарнікава, Валянціна Шобы, Юрыя Якавенкі, Уладзіміра Даўгялы. Добрым дапаўненнем да тых набыткаў сталі 22 тамы факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Выдадзеныя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, гэтыя кнігі далёка не кожны кнігазбіральнік, кніжнік можа ўвогуле дзе-небудзь пабачыць…

А ў Вялікай канферэнц-зале была прадстаўлена выстава “Дзіцячая кніжная ілюстрацыя Беларусі ды Эстоніі”.

Красамоўны беларускі экслібрыс

Асобна звернем увагу на выставу “Рэтраспектыва беларускага экслібрыса”, якую арганізатары размясцілі ў Паўночным корпусе Палаца, на першым паверсе. Мастацкі куратар праекта — сябра беларускай ФІСАЕ (Міжнародная федэрацыя таварыстваў аматараў экслібрыса), графік, аўтар многіх кніжных знакаў, мастацтвазнаўца Вольга Крупянкова. Вось як яна каментуе саму ідэю прысутнасці такога праекта ў праграме “Кніжных сустрэч у Мірскім замку”: “Рэтраспектыўная выстава беларускага экслібрыса ахоплівае кніжныя знакі, выкананыя за апошнія 100 гадоў. Праект уключае ў сябе арыгінальныя кніжныя знакі за перыяд з часін Таварыства аматараў экслібрыса Анатоля Тычыны да сучаснай беларускай арганізацыі ФІСАЕ, якую, дарэчы, узначальвае Ала Зміева. На выставе прадстаўлена больш за 100 экслібрысаў беларускіх класікаў гэтага жанра. Пачатак, зразумела, ад савецкага перыяду: працы Анатоля Тычыны, Яўгена Ціхановіча, Арлена Кашкурэвіча, Мікалая Лазавога, Міколы Селешчука, Міколы Рыжага, Уладзіміра Правідохіна. Тут і працы сучасных графікаў, якія менавіта праз экслібрыс набылі сусветную славу: Юрыя Якавенкі, Рамана Сустава, Таццяны Сіплевіч, Ганны Ціханавай-Йарданавай, Сафіі Піскун, Яўгеніі Цімашэнкі, Вольгі Крупянковай, Андрэя Ярашэвіча, Хвёдара Шурмялёва, Уладзіслава Квартальнага ды іншых творцаў. Дзе й калі яшчэ можна пабачыць такое багацце?! Мы спрабавалі разгортваць падобныя выставы й на іншых пляцоўках у звязку з кніжнымі імпрэзамі, выставамі. Але ж, падаецца, што ў Міры атрымалася найболей удала”.

Удзельнікі святочнай імпрэзы ў Мірскім замку

Эстампы, сабраныя ў “Рэтраспектыве беларускага экслібрыса”, выкананы ў розных графічных тэхніках: афорт, літаграфія, ксілаграфія, лінагравюра. Усё сабрана ў экспазіцыю з некалькіх прыватных збораў, у тым ліку й з калекцыі вядомага беларускага калекцыянера экслібрыса Алега Судлянкова.

“У пошуках страчанага”: старыя паштоўкі знаёмяць з Гродзеншчынай

Асобкам на другіх “Кніжных сустрэчах у Мірскім замку” быў вылучаны й творчы праект вядомага філакартыста, калекцыянера, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, чальца Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”. Толькі за апошні год пабачылі свет чатыры яго філакартычныя альбомы, прысвечаныя Гарадзеншчыне. У іх аповед пра старыя паштоўкі з выявамі мясцін Гродна, Слоніма, Наваградка й Смаргоні ды блізкіх да іх ваколіц. Такія кнігі не з’явіліся б на свет, калі б не шматтысячная калекцыя старых паштовак, якую Уладзімір Аляксеевіч збірае некалькі дзесяцігоддзяў. І асобнае месца сярод іх займаюць матэрыялы, звязаныя з Гродна, Гарадзеншчынай. Разам з альбомамі на выставе ў Міры калекцыянер прадставіў і арыгінальныя паштоўкі першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя з выявамі Карэлічаў, Міра ды блізкіх да іх ваколіц.

Прадстаўленне філакартыі на “Кніжных сустрэчах…” істотнае таму, што Уладзімір Ліхадзедаў зладзіць там яшчэ не адну тэматычную, храналічную выставу. Зборы яго дазваляюць тое рабіць і ў звязку з ушанаваннем розных гістарычных асоб. А Мір, Мірскі замак — гэта ж не толькі гаспадары той прасторы: Ільінічы, Радзівілы, Святаполк-Мірскія ці хтосьці яшчэ. Гэта й гісторыя жыцця, творчасці многіх культурных дзеячаў. І старыя паштоўкі (а ў калекцыях Ліхадзедава ёсць шмат іншых матэрыялаў: старыя перыядычныя выданні, кнігі, пісьмовыя прылады, прадметы побыту…) дапамогуць развіць уяўленні пра самыя розныя гістарычна-культурныя тэмы. Ну а яшчэ, гаварылі пра тое ў часе “Кніжных сустрэч…”, самога калекцыянера варта прыцягнуць да вывучэння гісторыі замка, ягоных ваколіц з дапамогай зразумелага яму матэрыяла.

Краязнаўства — магутны рэсурс: Саюз пісьменнікаў Беларусі далучаецца

Адна з кніжных экспазіцый

Да ўдзелу ў свяце спрычыніўся й Саюз пісьменнікаў Беларусі. Летась, дарэчы, была надзвычай істотнай падтрымка ў складанні праграмы “Кніжных сустрэч у Мірскім замку” ад СПБ, Гродзенскага абладдзялення СПБ. Прыязджалі на свята‑2019 і пісьменнікі з Украіны, Польшчы, Расіі. Мікалай Ефімовіч прэзентаваў сваю кнігу пра легендарную артыстку балета Майю Плісецкую. Ірына Данеўская расказала, як ідзе праца над гістарычным раманам “Багуслаў Радзівіл”. Паўдзельнічаў у свяце й сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі паэт і празаік Валерый Казакоў. Прыехаў тады са сваёй кнігай і кіраўнік ансамбля “Беларускія песняры” Уладзіслаў Місевіч. Так што пісьменніцкі ўнёсак быў важкі.

Сёлета на круглым стале ў часе абмеркаванняў, дыскусій выступіла першая намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах. Расказала, як працуе секцыя краязнаўства СПБ. Адзначыла: у 2018–2020 гадах шмат зроблена літартарамі краіны ў гістарычна-краязнаўчым кірунку. І такая праца патрабуе большай прэзентацыйнасці ў грамадстве — выхаду ў перыядычны друк, электронныя СМІ, у сацсеткі. “Краязнаўства — гэта выдатная пляцоўка для развіцця выхаваўчай працы, — заўважыла Алена Стэльмах. — І, спадзяюся, што ўжо ў ІІІ “Кніжных сустрэчах у Мірскім замку” прымуць шырокі ўдзел школьнікі, што пісьменнікам будзе каму расказаць пра свае здабыткі, пра новыя кнігі…”

Праграма “на заўтра”

Своеасаблівым падсумаваннем кніжнага свята стаў круглы стол “Замкавы комплекс “Мір” — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА”, які прайшоў у Вялікай канферэнц-зале. Мадэратарамі дыскусій у часе яго правядзення выступілі дырэктар музея Аляксандр Лойка і пісьменнік Алесь Карлюкевіч. Многія выступоўцы вялі размову пра перспектывы развіцця комплекса: рэканструкцыю вадаскіднога збудавання з добраўпарадкаваннем і арганізацыяй пляцоўкі сезоннага гандлю, усталяванне рэгулярнага парка (так званы “італьянскі сад”), рэстаўрацыю й прыстасаванне флігеля. І кандыдат гістарычных навук Вольга Папко, і вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Надзея Усава, і загадчык аддзела генеалогіі, геральдыкі ды нумізматыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксей Шаланда — усе сышліся ў тым, што развіццю музейнага комплекса спрыяе вялікая даследчыцкая праца, якую вядуць музейшчыкі. Асновай жа новых пошукаў, канферэнцый, семінараў з’яўляецца зварот да мірскага гістарычнага кніжніцтва. І добра было б ужо да ІІІ “Кніжных сустрэч у Мірскім замку” факсімільна перавыдаць штосьці з ранейшых кніг пра Мірскі замак.

Круглы стол “Замкавы комплекс “Мір” — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА”

На круглым стале выступілі намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі (ён перадаў дзве бібліятэчкі кніг у падарунак Мірскай гарпасялковай бібліятэцы і СШ № 1 г. п. Мір), мастацтвазнаўца Ала Зміева, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Храмы, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў… Вядома ж, “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку” варта разглядаць як комплексную, шматаблічную імпрэзу. І, магчыма, праект спланаваць з разлікам на ўвесь гадавы каляндар. Ужо сёння, скажам, можна распрацаваць літаратурна-краязнаўчы маршрут “Літаратурная Карэліччына” з Мірам як “пунктам адліку”. А ў самім музеі цягам года добра было б правесці шэраг прэзентацый кніг, якія рыхтуюцца ў айчынных выдавецтвах і звязаны з гісторыяй. Ды й розныя творчыя конкурсы варта было б папярэдне абвясціць. Хаця б такія: “Гістарычная тэма ў беларускай кніжнай графіцы”, “Лепшая паштоўка на гістарычную тэму”, “Краязнаўчая кніга года”… І вынікі падсумаваць — у чэрвені 2021 года.

Кастусь Ладуцька, гарадскі пасёлак Мір, Карэліцкі раён

Фота: Уладзіслаў Цыдзік

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».