Вы тут

Ёсць месца для замежных сяброў


Вядомыя часопісы “Вясёлка” ды “Полымя” кожны па­свойму прадстаўляюць творчасць аўтараў з замежжа


Уладзімір Ліпскі і ў 80 — малады!

Дзіцячым часопісам “Вясёлка” больш за 40 гадоў кіруе вядомы пісьменнік, грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі, які сёлета ў маі адзначыў 80‑годдзе. Творчая каманда рэдакцыі знаходзіць магчымасць, каб знаёміць юных чытачоў і з тым, як глядзяць на свет, якім яго бачаць людзі ў іншых краінах. Сёлета, напрыклад, тое дапамог зрабіць туркменскі пісьменнік Акмухамед Вельсапараў. Дарэчы, упершыню ён друкаваўся ў Беларусі ў 1990 годзе: тады выйшла яго апавяданне ў перакладзе на беларускую мову ў альманаху “Братэрства”. І вось праз тры дзесяцігоддзі (у №1 часопіса “Вясёлка” за 2020 год) надрукавана яго дзіцячае апавяданне “Гняздзечка, якое звалілася ў арык”. Прычым абодва творы пераклаў на беларускую мову Алесь Карлюкевіч: у свой час ён, тады афіцэр Савецкай арміі, служыў у Ашхабадзе, асабіста ведаў некаторых туркменскіх пісьменнікаў. Яшчэ ў тым жа нумары “Вясёлкі” пададзена, у перакладзе гэтага ж творцы, апавяданне Абдылы Ісламава “Пярэсты”.

Свежы нумар часопіса “Вясёлка”

Нагадаем, што ў апошнія некалькі гадоў у беларускім друку з’явіліся пераклады твораў туркменскіх дзіцячых пісьменнікаў Агагельды Аланазарава, Касыма Нурбадава, Камека Куліева. Прастора дружбы літаратараў Беларусі й Туркменістана пашыраецца. Новыя публікацыі аўтараў з Каракумскага краю выходзяць у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, газеце “Літаратура і мастацтва”, альманаху “Далягляды”.

Што да літаратурна-мастацкага часопіса “Полымя”, то на ягоных старонках, можна сказаць, гучаць галасы літаратараў самых розных народаў. Толькі ў 2019‑м “Полымя” прадставіў на сваіх старонках творы 27 аўтараў з замежжа. То былі паэты, празаікі, драматургі, нават літаратуразнаўцы. Беларускія перакладчыкі пераўвасаблялі на мову Купалы й творы класікаў, пісьменнікаў, якія даўно пайшлі з жыцця.

Вялікую ўвагу надае рэдакцыя мастацкаму перакладу: ёсць раздзел “Галасы свету”. Пагадзіцеся, прыгожая назва, якую іншаму з айчынных выдавецтваў можна было б скарыстаць і ў вызначэнні адпаведнай кніжнай серыі. Па традыцыі ў “Галасах свету” знайшлося месца кітайскай паэзіі. Вершы Вэнь Ідо, Су Шы пераклаў Навум Гальпяровіч. Урывак з п’есы “Ёна” польскага драматурга Беньяміна Букоўскага выкладзены ў перакладзе Марыі Пушкінай. Ганна Бараноўская прадставіла свае пераклады з англійскай: апавяданні Перкінс Шарлоты Гілман “Жоўтыя шпалеры” ды Кейт Шапэн “Пара шаўковых панчох”, урывак з рамана Гарыет Джэйкабс “Каханы”. Нагадаў пра сябе й перакладчык з нямецкай Андрэй Касцюкевіч, падараваўшы чытачам асалоду ад знаёмства з падборкай вершаў Фрыдрыха Гёльдэрліна “Абраны лёсам”. А паэзію Марыі Райнер Рыльке пераклаў з нямецкай Сяргей Сцяпан.

Усё часцей “Полымя” звяртаецца да публікацый перакладаў суседзяў нашых — украінскіх аўтараў. Летась пададзены вершы Вікторыі Шэвель (пераклаў Мікола Адам), Ірыны Сажынскай ды Аляксандра Казінца (пераклала творы абодвух Юлія Алейчанка), Наталлі Дзіцяняк (пераклаў Мікола Адам).

Нацыянальныя літаратуры Расіі прадстаўлены паэзіяй Наталлі Ахпашавай, Шайхзады Бабіча, Тамары Ганіевай, Мустая Карыма, Зульфіі Хананавай. Над перакладамі іх твораў працавалі Святлана Быкава, Бажэна Ганушкіна, Іна Фралова, Віктар Шніп.

Не менш ураджайным на публікацыі замежных аўтараў абяцае быць для “Полымя” й бягучы год.

Мікола Берлеж

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».