Вы тут

Паслухаць хаты галасы


Літаратурна-этнаграфічная экспазіцыя “Мова хаты”, створаная ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, мае свае таямніцы й даволі незвычайнае прызначэнне


Інтэр'ер сялянскай хаты ў Акінчыцах, дзе нарадзіўся Якуб Колас

У выставачнай зале — амаль 60 квадратных метраў — створаны чатыры сімвалічныя куты традыцыйнай беларускай хаты: печ, бабін кут, спальнае месца й чырвоны кут. І ёсць усе атрыбуты сялянскага побыту: печ, дзежка, куфэрак, ложак, стол… Побач з рэчамі, якімі карысталіся гаспадары хаты, выставілі кнігі. Такім чынам, кожны кут набыў сваю адмысловую літаратурную тэматыку. Толькі прыслухайся, паразважай — і пачуеш, на якой мове размаўляе вясковая хата. У такім асяродку шмат можна даведацца пра нашых продкаў і родзічаў, пра будучы ўраджай ды прыроду, пра нараджэнне, адраджэнне й Радзіму. Бо хата ж, можна сказаць, усяму пачатак.

Як расказала старшая навуковая супрацоўніца музея Святлана Кажамяка, стваральніца экспазіцыі, прызначана яна ў першую чаргу для дзяцей. Таму не абышлося й без маленькага Дзядка-хатнічка, які схаваўся пасярод старадаўняга посуду. Магчыма, не ўсе ведаюць, што нашы продкі лічылі яго калісьці духам хаты. Звычайна, бытавала павер’е, хатнічак жыве сабе ў падпеччы ці ў каморы й вылазіць адтуль толькі ноччу альбо на Дзяды, каб павячэраць разам з гаспадарамі хаты. На выставе “Мова хаты” дзеці могуць пазнаёміцца з беларускімі народнымі казкамі. Сярод іх і “Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка”. Прадстаўлены й аўтарскія казкі з расповедамі пра хату. Сярод іх “Чортаў скарб” і “Кацёл з каменьчыкамі” Уладзіміра Караткевіча, “Шчасце й Няшчасце” Уладзіміра Ягоўдзіка, “Чаму Меша не мае хаты” Надзеі Ясмінскай ды іншыя. Выстаўлены кнігі пра школы-хаты й хатняе навучанне дзяцей у даўнейшых вёсках. Цікава пагартаць падручнік педагога й багаслова Сяргея Паўловіча “Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. 4.1: першы год навучання (пасля азбукі)” (Вільня, 1929). Ёсць і падручнік граматыкі з калекцыі палескага фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага.

Рэчы, што напаўняюць прастору “хаты”, невыпадковыя: куфэрак стаяў раней у доме паэта Пятра Сеўрука з‑пад Гродна. Бажніца й ручнік належалі сям’і Максіма Гарэцкага. Многія матэрыялы — з уласных фондаў Музея гісторыі літаратуры: з калекцый “Кераміка й шкло”, “Этнаграфія”, “Ткацтва”, “Рэчы побыту”. Некаторыя з іх прадаставіў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры й побыту.

Выстава папулярызуе таксама й этнаграфічную нашу спадчыну. На ёй можна ўбачыць этнаграфічныя матэрыялы са збору Беларускага народнага фальклорнага ансамбля “Вербіца”.

Ажыццявіць такі цікавы праект музейшчыкам дапамаглі навуковыя працы загадчыка кафедры тэорыі й гісторыі дызайну Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў Якава Ленсу, літаратуразнаўцы Таццяны Шамякінай, фалькларыста Янкі Крука.

Хатнічак — добры дух хаты

Сёлета — 110‑я ўгодкі паэткі Ларысы Геніюш. Скразной тэмай ва ўсёй творчасці Ларысы Антонаўны была тэма Радзімы. Яе вершы, паэмы поўняцца спрадвечнымі вобразамі й матывамі, сугучнымі народнаму светаўспрыманню. Радкі з верша паэткі “Мая мова” й натхнілі аўтараў на стварэнне экспазіцыі “Мова хаты”. Тэксты многіх вершаў паэткі напаўняюць прастору экспазіцыі.

Выстава прадоўжыцца да 30 верасня, будзе даступнай і віртуальным наведнікам на сайце музея: http://bellіtmuseum.by.

Вось некаторыя цікавыя факты пра хату ад супрацоўнікаў Музея літаратуры.

***

Раней будаўніцтва хаты пачыналі ўвесну толькі пасля Дабравешчання (6 красавіка). З даўніх часоў месца для новае хаты выбіралі наступным чынам. За некалькі дзён да будаўніцтва кідалі на зямлю дубовую кару з лесу і прыкладна на чацвёрты дзень падымалі яе й глядзелі, што пакажацца пад карой. Калі там знаходзілі чарвякоў ці чорных мурашак, то лічылі, што такое месца найбольш спрыяльнае для будаўніцтва. Калі ж пад карой заводзіліся павукі ці звычайныя мураўі, то хату ў такім месцы не будавалі.

***

З той жа мэтай — удала выбраць месца пад хату — гадалі й на хлебе. Кідалі з‑за пазухі тры невялічкія круглыя боханы хлеба й глядзелі, як яны ўпадуць на зямлю. Калі хлеб ляжаў верхам, скарынкай да неба, то будаўніцтва пачыналі, калі ж да зямлі — вызначалі новае месца.

***

Не ставілі хату там, дзе раней праходзіла дарога ці стаяла лазня. Людзі верылі, што ў такіх месцах водзіцца нячыстая сіла.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.