Вы тут

Велікан, што прыйшоў з Балтыкі


Вялізны “Нявесцін камень” — адна з вядомых славутасцяў Ашмянскага раёна Гродзеншчыны


Пры “Нявесціным камені”

Валун той, кажуць, родам з Аланскіх астравоў Балтыйскага мора, і гэта найвядомы з камянёў на тэрыторыі Ашмяншчыны. Навукоўцы вызначылі, што важыць ён каля 74 тон. З’явіўся ж “Нявесцін камень” на зямлі нашай, паводле іх падлікаў, прыблізна 18–20 тысяч гадоў таму. Каштоўны помнік прыроды для мясцовай культурнай прасторы не толькі тым, што мае вялікія памеры. Вакол каменя цягам гадоў напластаваліся шматлікія міфы ды легенды, з ім спалучаныя. Так што можна смела сцвярджаць: ён і раней меў, і цяпер мае пэўны ўплыў на духоўнае жыццё жыхароў Ашмяншчыны, ды й не толькі яе.

Традыцыя шанавання валуна захавалася да нашых дзён у паўсядзённым жыцці мясцовых жыхароў. Яна грунтуецца на вераваннях вяскоўцаў — носьбітаў традыцыі, на перакананнях жыхароў рэгіёна, іншых мясцовасцяў у тым, што камень мае пэўныя цудадзейныя ўласцівасці. А два гады таму традыцыя шанавання двухметровага валуна “Нявесцін камень” з ружовага граніту ля вёскі Агароднікі, ва ўрочышчы Рамбоўскі Роў, была ўключана ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

“Сутнасць шанавання валуна мясцовымі жыхарамі праяўляецца ў ахвяраваннях яму абрусаў, стужак, ланцужкоў, дробных грошай, цукерак, прадметаў асабістага ўжытку, — гаворыць метадыст па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. — Маладыя пары наведваюцца туды, каб папрасіць у каменя шчаслівага й заможнага сямейнага жыцця, маладыя жанчыны — каб нарадзіць доўгачаканае дзіця, а дзяўчаты — каб знайсці добрага жаніха. Сталыя жанчыны просяць шчаслівае долі для дачок. Многія спяшаюцца ва ўрочышча, каб вылечыцца ад цяжкіх хвароб. Паводле слоў старажылаў, раней да каменя прыходзілі маладыя перад тым, як узяць шлюб. Паклаўшы ахвяру на валун або павязаўшы стужку ці ручнік на дрэва, трэба, кажуць, дакрануцца да каменя й моцна папрасіць яго выканаць жаданне. Дакладны час, каб наведваць сакральнае месца, мясцовыя традыцыі не рэгламентуюць. І сама традыцыя шанавання каменя-велікана не суадносіцца ні з якімі святамі: ні хрысціянскімі, ні народнымі.

Усе тыя фактары сведчаць: традыцыя шанавання валуна “Нявесцін камень” — адметны складнік духоўнага жыцця найперш жыхароў рэгіёна. У іх светапоглядзе, як кажуць, ёсць месца цудам, з каменем спалучаным. Цяпер і афіцыйна засведчана, што гэта — элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Бацькаўшчыны. І валун, безумоўна, мае значнае краязнаўчае, турыстычнае й сакральна-культурнае значэнне.

Як паведамілі ў Ашмянскім райвыканкаме, дзякуючы рэалізацыі праекта міжнароднай гуманітарнай дапамогі тэрыторыя вакол каменя была добраўпарадкаваная. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі зладзілі этнаграфічную экспедыцыю, запісалі аповеды старажылаў пра мясцовую славутасць і сабралі цікавы матэрыял. Потым правялі навукова-практычную канферэнцыю “Валуны — маякі гісторыі”, апублікавалі шэраг даследчых работ. Каля валуна ўстанавілі адпаведны інфармацыйны стэнд. Цяпер “Нявесцін камень” — месца, куды прыязджаюць не толькі жыхары Беларусі, але й замежнікі. “У апошняе дзесяцігоддзе назіраецца рэзкі ўздым папулярнасці гэтай славутасці, — зазначыў Сяргей Жылік. — Да “Нявесцінага каменя” зноў пачалі прыязджаць маладыя — замацаваць свой шлюб: каб ён быў такі ж трывалы, як тысячагадовы валун. На камені шмат ахвяраванняў: грошы, кветкі, завушніцы, ланцужкі, а на навакольных дрэвах вісяць матузкі, ручнічкі ды стужкі. Гэта прыклад сучаснай міфалагізацыі ды параўнальна новай традыцыі шанавання старажытнага валуна”.

Раіса Марчук

Фота Сяргея Жыліка

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.