Вы тут

Параўнанне мастацкіх перакладаў кнігі Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень»



Cathedra

Рубрыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі журфака БДУ


Ілья Аранскі vs Алена Пятровіч

Параўнанне мастацкіх перакладаў кнігі Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень»

«Гары Потэр» стаў кнігай, якая літаральна аб’яднала ўвесь свет — і дзяцей, і дарослых. Першымі, хто зрабіў франшызу даступнай для чытання на прасторах СНД, былі выдавецтва «Росмэн» і перакладчык Ілья Аранскі. Ніводнае беларускае выдавецтва доўгі час не рабіла нічога, каб набыць правы на пераклад, але некалькі гадоў таму ў інтэрнэце з’явіліся неафіцыйныя аматарскія пераклады, а ў 2019 годзе выдавецтва «Янушкевіч» набыло афіцы­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­йныя правы на франшызу — і 14 снежня «Гары Потэр» па-беларуску паступіў у продаж.

Паколькі чытачы ўжо ведалі кнігу ў перакладзе на рускую, перад Аленай Пятровіч як перакладчыцай на беларускую стаяла нялёгкая задача. Каб зразумець, наколькі ўдалай атрымалася беларуская версія, варта параўнаць яе не толькі са звыклым рускім тэкстам, але і з арыгіналам.

Перш чым рабіць параўнанне, звернемся да самога паняцця «мастацкі пераклад». У першую чаргу ён з’яўляецца не проста перадачай, а інтэрпрэтацыяй арыгінальнага тэксту. Даследчыкі вылучаюць розныя падыходы да перакладу літаратурных твораў. Так званы лінгвістычны прынцып найперш прадугледжвае аднаўленне фармальнай структуры арыгінала [2, c.75]. Гэта калі кожнае слова тэксту перакладаецца літаральна, і чытач у поўнай меры можа зразумець закладзены аўтарам сэнс, аднак пры гэтым узнікае вялікая рызыка эстэтычных страт арыгінала. Іншыя даследчыкі (напрыклад, Г. Гачэчыладзе), наадварот, мяркуюць, што, працуючы з тэкстам, вельмі важна захаваць усю яго эстэтыку, таму неабавязкова рабіць дакладны пераклад[1, с.63]. Гэты прынцып атрымаў назву «літаратуразнаўчы».

Выкарыстанне розных падыходаў можна прасачыць на прыкладзе ўласных імёнаў. Прытрымліваючыся лінгвістычнага прынцыпу, перакладчык хутчэй за ўсё не будзе змяняць іх. Згодна ж з літаратуразнаўчым падыходам, ён будзе імкнуцца адаптаваць імёны, асабліва гаваркія.

Кожны з падыходаў мае свае недахопы і станоўчыя бакі, таму звычайна перакладчыкі стараюцца працаваць на мяжы іх, каб максімальна поўна перадаць і сэнс тэксту, і яго эстэтыку.

У пераліку асноўных крытэрыяў мастацкага перакладу — дакладнасць (перакладчык павінен максімальна поўна перадаць сэнс твора, не скажаючы і не дапаўняючы аўтара); простасць (перакладчык павінен імкнуцца да максімальна яснага і простага варыянта перакладу); літаратурнасць і эстэтычнасць (пераклад павінен цалкам адпавядаць нормам сучаснай літаратурнай мовы і эстэтычным канонам).

Звернемся да перакладаў кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень». Ужо з першай старонкі мы бачым розніцу ў перадачы назвы вуліцы: у Ільі Аранскага яна Тисовая, у Алены Пятровіч — Крушынавая. У арыгінале — Privet drive, што даслоўна азначае «Біручынавая алея». Сэнс у тым, што апекуны Гары былі самымі звычайнымі людзьмі, а біручына расце ў Англіі паўсюдна. Калі ўзяць пад увагу такі каментарый самой Дж. К. Роўлінг, можна зрабіць выснову, што абодва пераклады неабгнунтаваныя: у Расіі цісы не растуць паўсюль, як і ў Беларусі — крушына.

Адразу пасля гэтага мы сутыкаемся са сваякамі Гары, прозвішча якіх і на рускую, і на беларускую перакладзена як Дурслі. Гэта зноў адаптацыя. Дакладны пераклад з арыгінала гучыць як Дарсль. Зрэшты, падобную недакладнасць у транскрыбіраванні можна зразумець, бо прозвішча Дурсль дакладна выклікае асацыяцыю са словам «благі», што стварае для чытача адпаведнае ўражанне.

Любімую саву Гары, якую набыў яму Хагрыд, у розных перакладах назвалі па-рознаму. У арыгінале яе імя — Hedwig. У перакладзе Аранскага зроблена спроба адаптацыі: выйшла Букля. Беларускі варыянт адпавядае арыгіналу — Хэдвіга. Імя савы не было гаваркім, таму пры выбары варыянтаў адыгрываў ролю хутчэй стылістычны момант. У гэтым сэнсе Хэдвіга гучыць больш высакародна, чым Букля.

Вельмі важнымі ўласнымі імёнамі з’яўляюцца назвы факультэтаў. Аранскі робіць спробу адаптацыі, у выніку якой чытач знаёміцца з наступнымі факультэтамі: Гриффиндор, Пуффендуй, Когтевран і Слизерин. У перакладзе Алены Пятровіч — Грыфіндор, Хафлпаф, Рэйвенкло і Слізэрын. Тут зноў тая ж сітуацыя: Алена Пятровіч проста транскрыбіруе арыгінальныя назвы — Gryffindor, Hufflepuff, Ravenclaw, Slytherin, а расійскі перакладчык — спрабуе адаптаваць. Улічваючы, што назвы не маюць падвойных сэнсаў, складана аб’ектыўна ацаніць, чый падыход больш слушны.

Адной з самых няўдалых адаптацый у версіі «Росмэн» стала імя прафесара зеллеварэння: там яго назвалі Снеггом. У версіі выдавецтва «Янушкевіч» чытаем Снэйп. Наш пераклад больш дакладны, бо ў арыгінале гучыць Snape. Спроба даць персанажу гаваркое імя была перабольшаннем, бо сама Дж. К. Роўлінг падкрэслівала, што не закладвала ў яго ніякага падтэксту.

Мабыць, адзін з рэдкіх выпадкаў, калі даслоўны пераклад аказаўся горшым за адаптацыю, — імя галоўнага злыдня. Voldemort у арыгінале — Валдэморт і ў беларускім перакладзе. У версіі «Росмэн» — Волан-де-Морт. Нельга сказаць, што расійскі пераклад няправільны. Хутчэй за ўсё, справа ў тым, што, падаючы імя злыдня больш жахлівым, кніга адкрыла сябе і для сталай аўдыторыі. Валдэморт жа гучыць не так пагрозліва і, мабыць, па-дзіцячы.

Для большай паўнаты параўнання варта звярнуцца і да стылю аповеду. Для гэтага параўнаем тры тэкставыя фрагменты.

Арыгінал

«A giant of a man was standing in the doorway. His face was almost completely hidden by a long, shaggy mane of hair and a wild, tangled beard, but you could make out his eyes, glinting like black beetles under all the hair.

The giant squeezed his way into the hut, stooping so that his head just brushed the ceiling. He bent down, picked up the door and fitted it easily back into its frame. The noise of the storm out- side dropped a little. He turned to look at them all.

— Couldn’t make us a cup o’ tea, could yeh? It’s not been an easy journey...

He strode over to the sofa where Dudley sat frozen with fear.

— Budge up, yeh great lump - said the stranger.

Dudley squeaked and ran to hide behind his mother, who was crouching, terrified, behind Uncle Vernon.

— An’ here’s Harry! said the giant» [5, c. 39–40].

«Росмэн»

«В дверном проеме стоял великан. Его лицо скрывалось за длинными спутанными прядями волос и огромной клочковатой бородой, но зато были видны его глаза, маленькие и блестящие, как черные жуки.

Великан протиснулся в хижину и пригнулся, но голова его всё равно касалась потолка — уж слишком он был велик. Он наклонился, поднял дверь и легко поставил её на место. Грохот урагана, доносившийся снаружи, сразу стал потише. Великан повернулся и внимательно оглядел всех, кто был в хижине.

— Ну чего, может, чайку сделаете, а? Непросто до вас добраться, да… устал я…

Великан шагнул к софе, на которой сидел застывший от страха Дадли.

— Ну-ка подвинься, пузырь, — приказал незнакомец.

Дадли взвизгнул и, соскочив с софы, рванулся к вышедшей из второй комнаты матери и спрятался за неё. Тётя Петунья в свою очередь шагнула за спину дяди Вернона и пугливо пригнулась, словно надеялась, что за мужем ее не будет видно.

— А вот и наш Гарри! — удовлетворенно произнес великан» [3, c.59–60].

«Янушкевіч»

«У прахоне стаяў вялізны мужчына. Яго твар амаль цалкам хавала доўгая, калматая грыва валасоў і дізкая, зблытаная барада — былі відаць только яго вочы, якія блішчалі пад усім гэтым валоссем, як чорныя жучкі.

Волат зайшоў у хаціну, згорбіўшыся, але яго галава ўсё адно крыху кранался столі. Ён нахіліўся, падняў сарваныя дзверы і з легкасцю ўставіў іх назад. Шум ад шторму знадворку крыху пацішэў. Волат павярнуўся і паглядзеў на іх усіх.

— Што, нават чаю не прапануеце? Цяжкавата было да вас дабрацца…

Ён падышоў да канапы, на якой сядзеў збялелы ад страху Дадлі.

— Ды пасунь ты свой зад! – сказаў волат.

Дадлі завішчаў і схаваўся за маці, якая, сціснуўшыся ад страху, стаяла за спінай мужа.

— А вось і ты, Гары! – сказаў волат» [4, c.54–55].

У перакладзе Ільі Аранскага аповед гладкі і плыўны. Трохі зменена структура асобных выразаў, ёсць перастаноўкі, але яны дазваляюць больш дакладна перадаць думкі на рускай мове. У арыгінале Хагрыд размаўляе з вясковым акцэнтам. Варыянт выразу «Ну чего, может, чайку сделаете, а?» цалкам прымальны. Акрамя таго, Аранскі дадаў апісанні, чаго не было ў англійскай версіі, як, напрыклад, у перадапошнім абзацы.

У Алены Пятровіч пераклад у нейкай ступені нават празмерна адпавядае арыгіналу. Фактычнай перастаноўкі выразаў і сказаў не назіраецца. Толькі ў звароце да Дадлі фраза была перароблена. Але няма рванасці сказаў, якую можна было б чакаць. Усё выглядае гарманічна.

Можна зрабіць выснову, што ў гэтым выпадку пераклад Аранскага ў большай ступені адпавядае літаратуразнаўчаму прынцыпу, а пераклад Пятровіч — лінгвістычнаму. Аранскі часам павялічвае тэкставы аб’ём за кошт уласнай інтэрпрэтацыі, а Пятровіч, асабліва не адыходзячы ад арыгіналу, робіць тэкст больш лаканічным і зразумелым. Пры гэтым ён не становіцца сухім і фармальным.

Букля

Дурслі

Букля ці Хэдвіга?

Прозвішча Дурсль дакладна выклікае асацыяцыю са словам «благі», што стварае для чытача адпаведнае ўражанне.

Дзяніс КАШЭРА, 3 курс

Літаратура

1. Гачечиладзе, Г. Р. Художественный перевод и литературные взаимосвязи / Г. Р. Гачечиладзе — М. : Наука, 1982 — 260 с.

2. Комиссаров, В. Н. Теория перевода : Лингвистические аспекты / В. Н. Коммісаров — М. : Высшая школа, 1990 — 253 с.

3. Роулинг, Дж. К. Гарри Поттер и философский камень / Дж. К. Роулинг. — М. : Росмэн-пресс, 2009 — 400 с.

4. Роўлінг, Дж. К. Гары Потэр і філасофскі камень / Дж. К. Роўлінг. — Мінск. : Янушкевіч, 2019 — 332 с.

5. Rowling, J. К. Harry Potter and the Philosopher’s Stone / J. К. Rowling. — London. : Bloomsbury, 2014. — 332 p.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.