Вы тут

ЦТ. Умовы заданняў аднолькавыя, варыянты для выбару адрозніваюцца


«Усе тэсты, якiя прапануюцца падчас ЦТ, рэпетыцыйнага вочнага цi дыстанцыйнага тэсцiравання, адпавядаюць праграмам уступных iспытаў, спецыфiкацыi, а таксама зместу падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў. Таму структура тэстаў i ў першы, i ў другi дзень здачы ЦТ па рускай мове заставалася нязменная, ва ўсiх пазiцыях тэмы паўтаралiся», — пра гэта паведамiла журналiстам намеснiк дырэктара па асноўнай дзейнасцi Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВIЧ.


Нагадаем, што ўпершыню абiтурыентаў, якiя здаюць ЦТ па рускай мове i матэматыцы (гэта самыя масавыя дысцыплiны), па прычыне напружанай эпiдэмiчнай абстаноўкi падзялiлi на два патокi — каб размясцiць iх у аўдыторыях з захаваннем бяспечнай дыстанцыi. Таму яны праходзяць тэсцiраванне з рознiцай у адзiн дзень. На думку асобных удзельнiкаў ЦТ, абiтурыенты, якiя пiсалi тэсты па рускай мове ў другi дзень, апынулiся ў больш выйгрышным становiшчы, таму што сутнасць прапанаваных iм заданняў была iдэнтычная тым заданням, якiя абiтурыенты здавалi ў першы дзень. Пасля заканчэння ЦТ «першапраходцы» падзялiлiся з сябрамi iх зместам, i тым, хто пайшоў здаваць на другi дзень, было прасцей сарыентавацца, настроiцца i падрыхтавацца да тэста. У iх заставаўся для гэтага час.

Наталля Вайцяховiч катэгарычна не згодная з такой пастаноўкай пытання.

— Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў планамерна рыхтуе абiтурыентаў да ЦТ, — кажа яна. — I калi вы паглядзiце на змест рэпетыцыйнага тэсцiравання, то ўбачыце, што i там пазiцыi, заяўленыя ва ўмовах задання, адпавядаюць зместу праграм уступных iспытаў. Прывяду толькi адзiн прыклад. Адно з заданняў гучыць так: «Укажыце, у якiх словах часцiца «не» пiшацца асобна». I гэтую ж фармулёўку вы ўбачыце не толькi падчас ЦТ па рускай мове i ў першы, i ў другi дзень, але i ў рэпетыцыйным i дыстанцыйным тэсцiраваннi. Але варыянты, з якiх абiтурыенты выбiраюць правiльны, прапануюцца абсалютна розныя. Для рашэння такога, здавалася б, простага задання, як напiсанне часцiцы «не» ў словах, абiтурыенту трэба ведаць дзевяць пазiцый (напiсанне «не» з дзеясловамi, лiчэбнiкамi, прыслоўямi, прыметнiкамi i гэтак далей. — Аўт.), пры гэтым ён павiнен умець адрознiваць часцiны мовы. Гэта ўсё комплексныя заданнi, якiя дазваляюць нам ацанiць не толькi цалкам выкананыя заданнi, але i заданнi, якiя былi выкананыя часткова. Таму я хачу заспакоiць абiтурыентаў: так, умовы заданняў былi аднолькавыя, але прапанаваныя варыянты для выбару адрознiвалiся, таму мы можам казаць, што былi створаны абсалютна роўныя ўмовы для абiтурыентаў, якiя здавалi тэсты i ў першы, i ў другi дзень. Паўтораў у нас не было. Тэсты па матэматыцы ў першы i другi дзень таксама будуць адпавядаць спецыфiкацыi i праграмам уступных iспытаў, таму ўсе ўдзельнiкi ЦТ зноў акажуцца ў роўных умовах. Хачу заўважыць, што, абмяркоўваючы тэсты ў iнтэрнэце, маладыя людзi проста марнуюць каштоўны час, якi яны маглi б накiраваць на сваю падрыхтоўку.

Кансультант упраўлення вышэйшай адукацыi галоўнага ўпраўлення прафесiйнай адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Рэма ГЯРЛОЎСКАЯ паведамiла, што больш за пяць працэнтаў зарэгiстраваных на ЦТ абiтурыентаў не з'явiлiся на першыя тры выпрабаваннi. Чатыры чалавекi былi выдаленыя за выкарыстанне мабiльных тэлефонаў, шэсць абiтурыентаў змогуць прайсцi ЦТ у рэзервовыя днi ў сувязi з тым, што прапусцiлi выпрабаваннi па медыцынскiх паказаннях.

Наталля Вайцяховiч звярнула ўвагу абiтурыентаў на наступную акалiчнасць: калi ў працэсе здачы ЦТ яны адчуюць сябе дрэнна, то павiнны неадкладна паведамiць пра гэта арганiзацыйнай камiсii ў экзаменацыйнай аўдыторыi. Iм акажуць медыцынскую дапамогу i па медыцынскiх паказаннях яны будуць мець права праходжання ЦТ у рэзервовы дзень Але сёлета ўжо былi звароты ад абiтурыентаў праз тры-чатыры гадзiны пасля завяршэння экзамену. Тыя скардзiлiся, што адчувалi сябе нядобра, разам з тым яны выканалi тэст у поўным аб'ёме, здалi свае матэрыялы i атрымалi ў пропуску пазнаку «Тэсцiраванне прайшоў». Таму казаць пра iх допуск да пераздачы тэста ў рэзервовы дзень дастаткова праблематычна.

Рэма Гярлоўская паведамiла, што ўсяго на ЦТ сёлета зарэгiстравалася больш за 64 тысяч чалавек, а на першую ступень вышэйшай адукацыi плануецца прыняць больш за 55 тысяч студэнтаў, у тым лiку на бюджэтныя месцы — каля 27 тысяч.

У параўнаннi з папярэднiм годам будзе павялiчаны набор на медыцынскiя, асобныя педагагiчныя спецыяльнасцi i спецыяльнасцi, звязаныя з фiзiчнай культурай i спортам. Мэтавы набор павялiчыцца на медыцынскiя спецыяльнасцi i спецыяльнасцi, звязаныя з сельскай гаспадаркай. Згодна з указам Прэзiдэнта, выпускнiкi профiльных аграрных класаў атрымалi сёлета права паступаць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасцi без уступных выпрабаванняў, але на ўмовах мэтавай падрыхтоўкi i пры наяўнасцi ў атэстаце адзнак па профiльных прадметах не нiжэй за 7 балаў. Як правiла, гэта фiзiка, матэматыка, бiялогiя i хiмiя.

Акрамя таго, указам Прэзiдэнта прадугледжана льготнае паступленне для асоб, якiя прайшлi тэрмiновую ваенную службу (службу ў рэзерве) i маюць рэкамендацыi воiнскiх часцей. Гаворка iдзе пра тых, хто завяршыў службу ў год прыёму або ў папярэднi год. Такiя маладыя людзi маюць права па-за конкурсам паступаць на завочную i вячэрнюю формы навучання для атрымання вышэйшай адукацыi. Але iм патрэбныя вынiкi ўступных выпрабаванняў або ЦТ. Пры наяўнасцi адзнак не нiжэй за 6 балаў i сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыi яны маюць таксама права па-за конкурсам паступаць на спецыяльнасцi профiлю «ахова здароўя».

Спецыфiкацыя — гэта своеасаблiвы алгарытм пабудовы тэста: яна вызначае яго структуру, колькасць заданняў па кожнай тэме i ўзровень iх складанасцi. Распрацоўваецца на падставе Праграм уступных iспытаў у ВНУ i ССНУ на бягучы год. На сайце Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў можна знайсцi спецыфiкацыю тэстаў, якiя давядзецца здаваць абiтурыентам 2020 года.

Надзея НIКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.