Вы тут

На Гомельшчыне маладыя людзі стварылi маладзёжны тэлевiзiйны канал ТАМ-ТV


Стэндап, гарачы выпуск, рэпартаж... Хлопцы i дзяўчаты з Чачэрска, што на Гомельшчыне, стварылi маладзёжны тэлевiзiйны канал ТАМ-ТV. «Народным» карэспандэнтам можа стаць кожны падлетак з раённага цэнтра, якi мае актыўную грамадзянскую пазiцыю i цiкавiцца тэлевiзiйнай вытворчасцю.


Тэлеканал «ТАМ-ТV» — дзецiшча Чачэрскага раённага цэнтра творчасцi дзяцей i моладзi. Ва ўстанове працяглы час дзейнiчала аб'яднанне па iнтарэсах «Ракурс». Яго ўдзельнiкi выдатна засвоiлi кухню вiдэавытворчасцi. Iх ролiкi атрымлiвалi ўзнагароды на розных конкурсах. Пасля з'явiлася амбiцыйная iдэя — стварыць уласнае тэлебачанне, якое будзе паведамляць аб жыццi раёна.

— Як стварыўся наш калектыў актыўнай моладзi? — кiраўнiк праекта «ТАМ-ТV» Анатоль Гурынаў па-тэлевiзiйнаму робiць iнтрыгу. — Мы прыходзiлi ў школы, прапаноўвалi каму цiкава паспрабаваць сябе ў кадры, пачытаць. Дзецi адгукалiся на прапанову. Прыходзiлi. Калi ў iх атрымлiвалася, то заставалiся.

Праект «ТАМ-ТV» — гэта пра тое, што не заўсёды для стварэння па-сапраўднаму якаснага прадукту патрэбныя сур'ёзныя фiнансавыя ўкладаннi. Галоўны рухавiк — iдэi, энтузiязм i мэтанакiраванасць.

— У нас была iдэя i гарачае iмкненне, але не было рэсурсаў, — дадае кiраўнiк праекта «ТАМ-ТV». — Спачатку мы здымалi, як маглi — бралi камеру ў сяброў, пазычалi штатыў, але не знiкала вялiкае жаданне нешта рабiць, рухацца, расцi.

Летась «ТАМ-ТV» камеру падарыла Гомельскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў. На пачатковым этапе школьнiкi вучылiся, як паводзiць сябе ў кадры, пiсаць сцэнарыi, выбiраць ракурс для здымак ды манцiраваць зняты матэрыял. Цяпер практычна ўсю работу па стварэннi медыйнага кантэнту школьнiкi выконваюць без дапамогi куратараў. Вырасла i творчая каманда. Сёння ў праекце — 15 чалавек. У кожнага — свае абавязкi.

— Мы стараемся пiсаць самi, але дзесьцi, канешне, патрэбна дапамога цi карэкцiроўка, — расказвае сакрэты тэлекухнi ўдзельнiца праекта Вiкторыя Процка. — Я, напрыклад, нiкога з вядомых вядучых не капiрую, але, зразумела, набiраешся вопыту, глядзiш па тэлевiзары выпускi навiн, назiраеш за карэспандэнтамi, вядучымi ў студыi, як яны выразна ўсё прамаўляюць, як гэта ўсё акуратна.

Успамiнае дзяўчына i аб сваiх першых уражаннях ад наведвання Гомельскай абласной тэлерадыёкампанii, калi здавалася, што трапiў у iншы свет, вочы разбягалiся, а душа, хутчэй за усё, цяпер назаўсёды адданая тэлебачанню.

Цяпер «ТАМ-ТV» — гэта зладжаны калектыў тэлевiзiйнiкаў: вядучыя, карэспандэнты, аператары, мантажоры, рэжысёры. Выпускi пабудаваны як блокi навiн. У полi зроку карэспандэнтаў — мясцовыя славутасцi, выдатныя мясцiны Чачэршчыны, падзеi i мерапрыемствы, якiя праходзяць у родным горадзе, расказваюць аб гераiчных земляках i гiстарычнай спадчыне раёна. Выпускi «ТАМ-ТV» выходзяць у сецiве. Займаюцца на студыi i аўтарскай мультыплiкацыяй.

— Мы паспрабавалi свае сiлы ў праектах, дзе трэба было займацца анiмацыяй. Авалодалi майстэрствам стоп-моўшэн — гэта перасоўванне ў кадры нежывых прадметаў, з якiх атрымлiваецца анiмацыйнае вiдэа, — тлумачыць Анатоль Гурынаў. — Першы наш вопыт быў з пластылiну i кардону, дзе мы анiмавалi персанажаў, якiя расказвалi аб энергазберажэннi. Цяпер актыўна працуем сумесна з мастакамi. Нам вельмi падабаецца працаваць у такiм творчым саюзе.

Пазнаёмiцца з вiдэапрадукцыяй «ТАМ-ТV» блiжэй можна ў iнтэрнэце: на афiцыйных сайтах Чачэрскага райвыканкама, устаноў адукацыi, а таксама ў сацыяльных сетках. Дарэчы, плённую творчасць удзельнiкаў маладзёжнага праекта высока ацанiла журы на абласных i рэспублiканскiх конкурсах, якiя праводзiць Мiнiстэрства адукацыi. Гэта матывуе юных журналiстаў не спыняцца на дасягнутым i рухацца наперад.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: ТАМ, дзе юначы iмпэт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?