03 снежня, чацвер

Вы тут

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў


Цяпер абстаноўка паспрыяла таму, каб летам не выбiрацца ў далёкiя падарожжы, а наведаць свае славутыя мясцiны. Можна палюбавацца прыгажосцю архiтэктуры, згадаць гiсторыю, адкрыць для сябе новае i паказаць дзецям тое, чым варта ганарыцца. А паглядзець ёсць на што. Напрыклад, на Брэстчыне за апошнiя два дзясяткi гадоў шмат зроблена па адраджэннi помнiкаў гiсторыi i культуры. Работа працягваецца: у нас адраджаюцца раскошныя палацы — Ружанскi, Косаўскi, якiя нярэдка называюць замкамi. Мы з нуля аднавiлi сядзiбы слаўных землякоў — Адама Мiцкевiча, Тадэвуша Касцюшкi, на падыходзе дом Напалеона Орды. Ёсць узнятыя з руiн больш сцiплыя, але не менш значныя помнiкi даўнiны, якiя адлюстроўваюць культурны код сваёй эпохi i нясуць у сабе адбiтак духоўнага свету продкаў.


Ружанскі палац.

Рэзiдэнцыя роду Сапег

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах. Сёння гэта галоўная славутасць, гонар i сiмвал пасёлка, i не толькi яго. Канцлер Леў Сапега купiў мястэчка ў 1598 годзе i пабудаваў замак. Пры канцлеру гэта была абарончая крэпасць. Да нашага часу месцiчы ды турысты часта называюць комплекс будынкаў замкам. Але гэта няправiльна: былы замак стаў палацам у ХVIII стагоддзi пры Мiхаiлу Аляксандру з роду Сапег, прадстаўнiку галiны роду з гербам «Лiс» (дарэчы, пячатка з названым гербам з'яўляецца адным з найважнейшых экспанатаў музея). Мiхаiл Аляксандр запрасiў у Ружаны саксонскага архiтэктара Яна Бекера, якi стварыў цудоўны палац, архiтэктурай нечым падобны на Версаль. Тады ж Ружаны сталi магнацкай рэзiдэнцыяй. У палацы размясцiлi шыкоўную карцiнную галерэю, адну з найбагацейшых бiблiятэк Еўропы, у 1765 годзе ўзнiк прыдворны тэатр. Каралi i князi, якiя стаялi на чале дзяржаў, бывалi там гледачамi.

Шэдэўр архiтэктуры цярпеў ад многiх войнаў, асаблiва ад апошняй. Засталiся толькi муры, ды i яны паступова разбуралiся пад уздзеяннем прыроды i вандальных паводзiн людзей. Але ў 2008 годзе палац быў уключаны ў дзяржаўную праграму «Замкi Беларусi», пачалася яго рэстаўрацыя. За гэты час многае зроблена: адноўлены ўсходнi i заходнi флiгелi, уязная брама, на якой устаноўлена скульптура святой Ганны. З 2011 года працуе музей, тады ж сталi праводзiць свята «Ружанская брама».

Нядаўна рэстаўратары ўзялiся за ўсходнi корпус. Работы пачалi ў жнiўнi мiнулага года. Аднаўленне вядзецца ў адпаведнасцi з чарцяжамi, якiя захавалiся ў Варшаве. Фасад ужо ўмацавалi, з керамiчнай чарапiцы кладуць дах. Далей будуць працаваць над аднаўленнем унутранага iнтэр'еру. На месцы былога тэатра з'явiцца зала са сцэнай для тэатральных пастановак i канферэнцый. Таксама ў будынку запланаваны кавярня i гасцiнiчныя нумары.

— На гэтую работу сёлета з рэспублiканскага бюджэту выдаткоўваецца мiльён рублёў i каля 500 тысяч рублёў з раённага, — паведамiў галоўны спецыялiст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцём БРУХАН.

Паводле яго слоў, на найблiжэйшы час запланаваны пошукавыя i навукова-праектныя работы па кансервацыi цэнтральнага корпуса з аркадай. Пра аднаўленне пакуль гаворка не iдзе, але i кансервацыя — рэальны крок да захавання гэтай жамчужыны архiтэктуры. Iнакш, калi прыйдзе час i знойдуцца сродкi, аднаўляць не будзе чаго.

Сёння палацавы комплекс — адзiн з найважнейшых турыстычных аб'ектаў краiны. Музей складаецца з чатырох экспазiцыйных i выставачнай залаў. Працуе сувенiрная крама. Папулярнасцю карыстаецца паслуга музейных работнiкаў па рэгiстрацыi шлюбу ў непаўторнай гiстарычнай атмасферы. Гэтую ўрачыстасць праводзяць у зале «Гасцёўня канцлера».

Неаготыка з налётам рамантызму

«Звязда» не раз расказвала пра работу па аднаўленнi палаца Пуслоўскiх у Iвацэвiцкiм раёне. Арцём Брухан паведамiў, што першую чаргу палаца плануецца здаць у канцы гэтага года.

Прыгожы палац у Косаве — унiкальны помнiк неагатычнай архiтэктуры ХIХ стагоддзя. За сваю гiсторыю ён перажыў шмат. Ужо ў канцы пазамiнулага стагоддзя iмклiва пераходзiў ад аднаго гаспадара да другога, пакуль не быў адпiсаны ў дзяржаўную казну. У час Першай сусветнай палац разрабавалi, каштоўнасцi вывезлi за мяжу. Пры Польшчы тут была сельскагаспадарчая школа, дзе навучалi пчалярству. З пачаткам Вялiкай Айчыннай у палацы размясцiлася нямецкая камендатура, што i адыграла ракавую ролю. Падчас аперацыi «Баграцiён» партызаны спалiлi палац. Пажар бушаваў больш за тыдзень, яго нiхто не тушыў. Ад былога шэдэўра архiтэктуры засталiся фактычна руiны.

У 2008 годзе, калi работы толькi пачыналiся, будаўнiкi так i называлi аб'ект: «Руiны Косаўскага палаца». Бо прыйшлi яны да гурбаў цэглы ды знявечанага фасада, якi хаваўся ад вока падарожнага за высокiмi дрэвамi. А старажылы расказвалi будаўнiкам пра незвычайныя бэзавыя кампазiцыi. Пасадкi кустоў бэзу былi закладзены раслiнамi розных колераў. Калi яны зацвiталi, то стваралi сабой незвычайную па прыгажосцi карцiну. Бэз цвiў яшчэ некалькi гадоў пасля пажару, пакуль канчаткова не вырадзiўся i не прапаў...

I вось паступова, крок за крокам, палац у стылi англiйскай неаготыкi набывае свой ранейшы выгляд. Летась там адкрылi гасцiнiцу i кавярню, якiя карысталiся попытам аж да пачатку пандэмii. Цяпер вядзецца адбудоўванне на цэнтральным блоку. Тут задуманы шматфункцыянальны культурны комплекс з выставачнымi заламi, невялiкай музейнай экспазiцыяй, прасторай для канферэнцый i бальнай залай.

У Белай зале — яе iнакш называлi Бальнай — па рэдкiх фотаздымках будуць адноўлены сем фрэсак. Унутраным iнтэр'ерам удзяляецца шмат увагi. Вернуцца ў iнтэр'ер i Чорная, i Ружовая залы. Мастакi пакрываюць пазалотай з вельмi тонкай фольгi сцены i столi. Усё як i было — праект створаны ААТ «Брэстрэстаўрацыя» з улiкам стылю эпохi. Гэтая ж арганiзацыя вядзе работы па праекце афармлення парку. Умова — максiмальная адпаведнасць гiстарычнаму прататыпу. У Пуслоўскiх было больш за сотню вiдаў раслiн, прывезеных з усяго свету, у тым лiку экзатычных. Парк хутка ўпрыгожаць лiстоўнiцы, iншыя хваёвыя дрэвы, якiя ў свой час раслi ў ваколiцах.

Агульны кошт рэстаўрацыi наблiжаецца да 27 мiльёнаў рублёў. Сёлета плануецца асвоiць 6,7 мiльёна з абласнога i рэспублiканскага бюджэтаў.

Сядзiба мастака, што спынiў час

Варта адзначыць, што не толькi на Брэстчыне — у многiх рэгiёнах краiны помнiкi архiтэктуры аднаўляюцца па малюнках славутага Напалеона Орды. Ад некаторых аб'ектаў не засталося i каменя, а мы пра iх ведаем толькi па яго работах. Пра Напалеона Орду не раз казалi як пра мастака, што спынiў час. Сапраўды, не адно пакаленне абавязана яму важнай архiтэктурнай iнфармацыяй. I было б несправядлiва, каб радавая сядзiба мастака i кампазiтара ў Iванаўскiм раёне не адрадзiлася зусiм.

На сядзiбу Ордаў ва ўрочышчы Чырвоны Двор каля вёскi Варацэвiчы сродкi выдзелены з Фонду па падтрымцы культуры i мастацтва. Дом, у якiм нарадзiўся наш славуты зямляк два стагоддзi таму, згарэў падчас мiнулай вайны. Гэта была пабудова з парадным фасадам з чатырма калонамi. Дом меў паўтара дзясятка пакояў, шмат печак i камiны. Тыповая дваранская сядзiба канца ХVIII стагоддзя, ад якой, на жаль, засталiся толькi фрагменты падмурка, сажалка ды старыя дрэвы ў былым парку.

Работа па адраджэннi пачалася крыху больш за дзесяць гадоў таму. Тады былi адноўлены фундаменты, зроблены зрубы, але праз адсутнасць фiнансавання ўсё прыпынiлася. А летась з'явiлася магчымасць завяршыць пачатае. На аб'екце асвоена ўжо 650 тысяч рублёў з Прэзiдэнцкага фонду.

З часам там плануецца размясцiць тэматычную экспазiцыю на матывы шляхецкага побыту той пары. Традыцыйна будуць невялiкая гасцiнiца, аб'ект грамадскага харчавання, бальная зала. Таксама задуманы аранжарэя i бiблiятэка. Сядзiба стане цэнтральным аб'ектам музейна-культурнага комплексу Напалеона Орды, у якi ўваходзяць музей i карцiнная галерэя ў вёсцы Варацэвiчы.

​Каплiца Ажэшкаў у Закозелi.

Рэдкае па кампазiцыi, гармонii i якасцi выканання

Каплiца ў Закозелi апошнiя гады лiтаральна малiла аб дапамозе. Шэдэўр гатычнага мастацтва быў не проста ў аварыйным стане, а ў крытычным. Пра стан каплiцы шмат выказвалiся ў iнтэрнэт-супольнасцi. Спрабавалi i сродкi збiраць. Але сабранае можна вызначыць — як кот наплакаў...

Упершыню адну з самых старажытных неагатычных пабудоў на Беларусi мне паказаў тагачасны старшыня мясцовай гаспадаркi доктар сельгаснавук Мiкалай Якоўчык. Гэта было ў 2008 годзе. Мiкалай Сцяпанавiч на адным дыханнi чытаў лекцыю пра гiсторыю закозельскiх славутасцяў i былых гаспадароў маёнтка Ажэшкаў. Менавiта Якоўчык паклапацiўся пра тое, каб ваколiцу каплiцы расчысцiлi ад бур'яну i кустоўя, прывялi ў парадак. «Брэстрэстаўрацыя» правяла даследчыя работы, была выраблена праектна-каштарысная дакументацыя. Здавалася, адраджэнне блiзка, але нешта пайшло не так. Будаўнiкi не прыходзiлi, i на вачах пачало валiцца, паводле вызначэння Анатоля Федарука, «рэдкае па кампазiцыi, гармонii i якасцi выканання, ляпным дэкоры, дэкаратыўным лiццi збудаванне, i не толькi ў Беларусi».

У 2018 годзе крыжы i шпiль знялi падчас першачарговых мер па выратаваннi — яны маглi проста абрынуцца. Але сродкаў не знаходзiлася. Тады на кансервацыю аб'екта ў Драгiчынскiм раёне выдзелiлi 50 тысяч рублёў з грошай, заробленых на суботнiку. Сёлета з Прэзiдэнцкага фонду па падтрымцы культуры i мастацтва накiравана 348 тысяч рублёў, 200 тысяч выдаткаваў мясцовы бюджэт. Уся сума пойдзе на кансервацыю. З часам, калi знойдуцца сродкi, каплiцу, вядома, можна будзе аднавiць. Але да таго часу праведзеная належным чынам кансервацыя падоўжыць жыццё ўнiкальнага помнiка архiтэктуры i зробiць яго прыцягальным турыстычным аб'ектам.

Накiравана ў будучыню

Брэстчына вельмi багатая на гiсторыка-культурныя аб'екты, якiя маюць каштоўнасць. У афiцыйным спiсе iх значыцца 777. Насамрэч — нашмат болей. Апошнiмi дзесяцiгоддзямi адраджаецца, прыводзiцца ў парадак многае. Да тых вялiкiх палацаў, пра якiя сказана, можна дадаць палац Нямцэвiчаў у Скоках Брэсцкага раёна, дзе ў 1917 годзе было заключана гiстарычнае перамiр'е, якое азначала канец Першай сусветнай вайны. Сядзiба адноўлена ў 2013 годзе.

Хай сабе невялiкiя, але значныя аб'екты аднаўляюцца з прыцягненнем замежных грантаў, прыватнай iнiцыятывы альбо з дапамогай раённых бюджэтаў. I ўсё гэта важна, бо накiравана ў будучыню.

На сядзiбным комплексе ў Грушаўцы Ляхавiцкага раёна рэстаўрацыя вядзецца пераважна за сродкi еўрапейскага гранта. Гэта сумесны праект Еўрасаюза i Ляхавiцкага райвыканкама. Дарэчы, аднаўленне сядзiбнага дома Рэйтанаў спецыялiсты праводзяць з улiкам малюнка Напалеона Орды. Першую чаргу рэстаўрацыйных работ у Грушаўцы плануюць завяршыць да канца наступнага года. Тут размесцiцца шматфункцыянальны культурны цэнтр.

Ёсць прыклады, калi гiстарычныя аб'екты аднаўляе рэлiгiйная абшчына. Так было, напрыклад, з касцёлам у Воўчыне. А ў Баранавiцкiм раёне шчыруе вясковы святар. Руплiвец i падзвiжнiк Георгiй Сапун знайшоў мецэнатаў i аднавiў адразу дзве прыгожыя царквы: адну ў Пачапаве, другую, унiкальную трохкутную, — у вёсцы Вялiкая Сваротва.

Побач са згаданым Воўчынам размешчана цiкавая гiстарычная сядзiба ў Грымячы. Яе некалькi разоў куплялi розныя бiзнесмены, але не адзiн з iх не давёў свае планы адраджэння да фiналу. «Гэтым разам аб'ект набыў, здаецца, прадпрымальнiк з сур'ёзнымi намерамi, — заўважыў Арцём Брухан. — Будзем спадзявацца, што i ў Грымячу неўзабаве паедуць турысты».

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота з архiва ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.

Грамадства

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Пра асаблiвасцi абароны правоў дзяцей-правапарушальнiкаў (затрыманне, прымяненне мер стрымлiвання, следчыя дзеяннi) расказалi эксперты падчас аднаго з вэбiнараў, якiя сумесна з Рэспублiканскай калегiяй адвакатаў Дзiцячы фонд ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi арганiзаваў яшчэ летам.