Вы тут

Як адзначылі Дзень Незалежнасці ў рэгіёнах краіны


У Дзень Незалежнасці ва ўсёй краіне прайшлі святочныя мерапрыемствы. Па добрай традыцыі ў гэты дзень у якасці падарункаў жыхарам вялікіх гарадоў і маленькіх населеных пунктаў прымяркоўваюць адкрыццё значных аб’ектаў. Сёлета, напрыклад, у Брэсце пачала дзейнічаць новая экспазіцыя ў Брэсцкай крэпасці, у Магілёве запушчаны ў эксплуатацыю басейн у сярэдняй школе ў Казіміраўцы, а ў сталіцы — «музычны фантан». Больш падрабязна аб тым, як сустрэлі свята ў рэгіёнах, у матэрыялах нашых уласных карэспандэнтаў.


Брэстчына

Дзіцячы садок і экспазіцыя ў Брэсцкай крэпасці

У Брэсце святкаванне Дня незалежнасці па традыцыі пачалося з ускладання кветак да Вечнага агню ў крэпасці і помніка воінам-вызваліцелям. Пасля цырымоніі была ўрачыста адкрыта новая экспазіцыя «Абарона Усходняга форта» ў Брэсцкай крэпасці.

Усходні форт — асаблівая старонка ў гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці. Тут змагаліся абаронцы цытадэлі нават тады, калі асноўныя сілы гарнізона былі разгромлены і захоплены ў палон. Тут здзяйсняў свой подзвіг легендарны маёр Гаўрылаў. Новы музей размешчаны ў нядаўна адрэстаўраваным будынку форта. Праведзена маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Экспанаты для новай экспазіцыі назапашваліся дзесяцігоддзямі. І вось цяпер яны сталі даступнымі для прагляду экскурсантаў і наведвальнікаў.

Да свята на Брэстчыне прымеркавана адкрыццё цэлага шэрагу аб’ектаў. Толькі ў Пінскім раёне пачынаюць работу тры новыя прадпрыемствы і ўстановы. У Парахонску чырвоную стужачку перарэзалі перад уваходам у дзіцячую школу мастацтваў, якая адкрылася пасля рэканструкцыі. Пункт сарціроўкі і перапрацоўкі ягад ААТ «Палескія журавіны» запрацаваў ў вёсцы Селішча, а ў Дубновічах гэтага раёна ўвялі ў строй магутны малочна-таварны комплекс.

У Ганцавічах гледачы прыйшлі на святочны сеанс ў новы кінатэатр «Маладосць». Новым ён стаў пасля рэканструкцыі. А напярэдадні свята ў вёсцы Скокі Брэсцкага раёна адкрылі такі патрэбны і чаканы сацыяльны аб’ект — дзіцячы садок.

У Скоках быў дзіцячы садок на 35 месцаў. У выніку рэканструкцыі месцаў у дзіцячай дашкольнай ўстанове стала 175. Да старога будынка прыбудавалі дзве аднапавярховыя і дзве двухпавярховыя секцыі. Таксама з’явілася 9 прасторных веранд, узведзена кацельная. Цяпер у новым садку сучасныя музычная і спартыўная залы, харчовы блок, пральня, прасторныя і светлыя групы.

Прыгарадныя вёскі Скокі, Цюхінічы, Старое Сяло разрастаюцца. Для бацькоў маладых сем’яў было праблемай уладкаваць дзіця ў дашкольную ўстанову, выстраілася чарга, а некаторыя маці не маглі выйсці на работу. Таму бацькі выказвалі асаблівую падзяку за доўгачаканае наваселле. Са знамянальнай падзеяй выхаванцаў і іх бацькоў павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Губернатар адзначыў, што ў краіне і рэгіёне ўдзяляецца вялікая ўвага падрастаючаму пакаленню:

— Летась былі ўзведзены вялікія дашкольныя ўстановы ў Баранавічах і Пінску, два гады таму адкрылі садок на 350 месцаў у Брэсце, летась школу-сад. Пачынаюцца праектныя работы на школу-сад у Тэльмах Брэсцкага раёна. У новых мікрараёнах гарадоў укараняецца вопыт размяшчэння дзіцячых садкоў на першых паверхах новых дамоў. Летась такі адкрылі ў Драгічыне, яшчэ адзін узводзіцца ў Брэсце.


Віцебшчына

Як святкуе Прыдзвінне?

Як заўсёды, у Віцебску галоўнае святкаванне, калі ўлічыць маштабнасць падзей, праходзіць на плошчы Перамогі.

Кіраўнікі абласной вертыкалі ўлады ўсклалі кветкі да вечнага агню. Губернатар Мікалай ШАРСНЁЎ, віншуючы землякоў, нагадаў, што беларуская дзяржаўнасць гістарычнымі каранямі з Полацкай зямлі. А страшныя гады ваенных выпрабаванняў аб’ядналі ўсіх, хто жыў на беларускай зямлі. Нашы дзяды і прадзеды прадэманстравалі мужнасць у супраціўленні і барацьбе з акупантамі. Памяць і павага да таго, што зроблена продкамі, іх подзвігаў — гэтыя якасці ў кожнага, хто жыве ў нашай краіне. Тым, каму мы абавязаны Перамогай, — нізкі паклон і павага.

Сёлета на плошчы правялі афіцыйную цырымонію адкрыцця абласной Дошкі гонару. Раней гэты знакавы аб’ект знаходзіўся у парку, насупраць помніку Леніна. І даўно ўжо было заўважна, што неабходна мадэрнізаваць дошку, зрабіць пасля рамонту адпаведнай патрэбам часу. Мясцовая ўлада вырашыла, што на плошчы Перамогі, якая сапраўды вельмі прыгожая і стыльная, самае месца і Дошцы гонару.

А ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі абнавілі тэматычную выставу, прысвечаную Вялікай Айчынай вайне. Можна больш падрабязна даведацца пра тое, што адбывалася ў Віцебску і ваколіцах ў 1941–1944 гадах. Вызваліцеляў тады сустракалі ўсяго каля 120 жыхароў. Вялікі інтарэс выклікае і тэма аднаўлення абласнога цэнтра…

Ва ўсіх буйных населеных пунктах праводзяць святочныя мерапрыемствы. А людзей здалёк: з маленькіх вёсачак, хутароў запрасілі на святы ў аграрныя гарадкі і пасёлкі.


Гомельшчына

У Гомелі пачаў працу спартыўны комплекс і адкрылася вуліца Шаўчэнкі

На Гомельшчыне святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці прайшлі ва ўсіх раёнах рэгіёну. У абласным цэнтры старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь САЛАВЕЙ прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця адной з найлепшых навучальна-трэніравальных баз абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Так у Гомелі пасля працяглых работ па рэканструкцыі адкрыты спартыўны комплекс па вуліцы Партовай.

Генадзь Салавей адзначыў, што абноўлены аб’ект — прыемны падарунак гараджанам да Дня Незалежнасці. І такіх сацыяльна значных наваселляў напярэдадні свята і непасрэдна ў гэты дзень для жыхароў вобласці падрыхтавалі нямала:

— Амаль 250 дзяцей прынялі абноўленыя дзіцячыя сады ў Гомельскім і Петрыкаўскім раёнах. Першых гледачоў сустракае пасля маштабнай рэканструкцыі Мазырскі драматычны тэатр. Аднавіў дзейнасць Палац культуры ў Камунары Буда-Кашалёўскага раёна — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Адкрыццё пасля рэканструкцыі спартыўнага комплексу па вуліцы Партовай — працяг шэрагу значных адкрыццяў спартыўных аб'ектаў у рэгіёне.

— За год мы адкрылі лыжаролерную трасу і крыты футбольны манеж у Гомелі, стадыён у Петрыкаве і басейн у Мазыры. Пры комплексным добраўпарадкаванні раённых цэнтраў абавязковай умовай стала стварэнне спартыўных пляцовак для моладзі. Усё гэта пашырае магчымасці для ўсіх жадаючых і яшчэ больш актывізуе спартыўнае жыццё рэгіёну, — падкрэсліў Генадзь Салавей.

Спартыўны комплекс па вуліцы Партовая быў пабудаваны ў 1964 годзе. У 2009 годзе было прынята рашэнне закрыць яго на рэканструкцыю. Трэніроўкі прыйшлося перанесці ў залы іншыя устаноў. Пасля маштабных аднаўленчых работ спартыўны аб’ект — гэта басейн на 25 метраў з пяццю дарожкамі, гульнявая, трэнажорная і фітнес пляцоўкі, скаладром, а таксама зала сухога плавання, спецыялізаванае памяшканне для фехтавання і веласіпедная база.

Такім чынам адноўлены спарткомплекс у Гомелі будзе выкарыстоўвацца для трэніровак па плаванні, лёгкай атлетыцы, фехтаванні, сучасным пяцібор'і, скалалажанні, дзюдо, грэка-рымскай і вольная барацьбе, веласпорце і гульнявым відам спорту. Адначасова ва ўстанове змогуць займацца фізічнай культурай і спортам 145 чалавек.

Яшчэ адным падарункам для гамяльчан да свята стала адкрыццё пасля рэканструкцыі вуліцы Шаўчэнкі. Гэта вельмі важны для горада транспартны кірунак — палёгка для аўтамабілістаў, якія са значнай часткі мікрараёнаў горада цяпер хучэй змогуць дабірацца да цэнтральных вуліц, чыгуначнага і аўтавакзала.

Праезная частка вуліцы Шаўчэнкі павялічылася ўдвая. Цяпер гэта чатыры паласы з уладкаванымі з’ездамі на другую транспартную артэрыю Гомеля — вуліцу Палескую.

— Гэта не толькі павялічыць прапускную здольнасць на гэтым кірунку, разгрузіць іншыя ўчасткі, але і зменіць транспартную лагістыку на бліжэйшых магістралях, — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця дарожнага аб’екту старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка. — Вуліца Шаўчэнкі — гэта яшчэ адзін крок паслядоўнай праграмы рэканструкцыі транспартнай сеткі горада, якая ажыццяўляецца ў апошнія гады, — падкрэсліў ён. — Можна ў гэтай сувязі ўзгадаць такія вуліцы як Барыкіна, Інтэрнацыянальная, Кірава, Федзюнінскага і шэраг іншых. Тры гады таму капітальна адрамантаваны аўтавакзал. Сёлета будзе ўведзены новы гандлёва-забаўляльны цэнтр на скрыжаванні вуліц Шаўчэнкі і Курчатава.

Вядома, што ў наступным годзе маштабныя аднаўленыя работы запланаваны на ўчастку дарогі Крупская — Савецкая.


Гродзеншчына

ЗАГС у Ваўкавыску, зладжана экспазіцыя ў вежы Гедыміна

Гістарычны цэнтр Гродна стаў месцам асноўных святочных падзей абласнога цэнтра. Пачатак быў дадзены традыцыйным мітынгам у парку Жылібера, дзе ля помніка загінуўшым воінам гарыць Вечны агонь.

Тэма памяці ўвасоблена ў габелене «Гісторыі жывая ніць», прэзентацыя якога адбылася з удзелам аўтараў на вуліцы Савецкай. Палатно, памерам два метры на паўтара мог убачыць кожны, хто завітаў на свята. Пешаходная вуліца — традыцыйнае месца святочных мерапрыемстваў. Сёлета тут упершыню будзе самы працяглы праект «Канцэрт на балконе», які нядаўна ўвайшоў у гарадское культурнае асяродзе і вельмі падабаецца гараджанам і гасцям горада. Творчы праект — мастакоў і фотамайстроў — стварыў алею-выстаўку на плошчы Савецкай. У работах увасоблены вобраз старажытнага Гродна ў розных выявах. Як адзначыў арганізатар галерэі Аляксандр Ласмінскі, для паказу выбраны лепшыя фотаздымкі і жывапісныя работы на тэму горада.

А вось у культурнай сталіцы Беларусі — горадзе Лідзе — сёння пачала дзейнічаць новая экспазіцыя. Яна адкрыта ў адноўленай вежы Гедыміна ў Лідскім замку. Выстаўка знаёміць са старажытнай эпохай ХIV стагоддзя, калі быў заснаваны адзіны на сёння адноўлены замак-кастэль у Беларусі. Экспанаты займаюць чатыры ярусы, дзе можна даведацца як пра асобу Гедыміна — заснавальніка замка, так і пра станаўленне Вялікага княства Літоўскага. Таксама створаны і княскі пакой з адпаведнымі той эпосе рэчамі. Дарэчы, менавіта тэрыторыя замка стала эпіцэнтрам свята. Знакавай падзеяй можна назваць правядзенне ХІІІ фестываля нацыянальных культур Лідскага раёна.

Па ўсёй Гродзеншчыне ўвесь дзень праходзяць канцэрты. У праграме — выступленне музычнага тэатра «Рада», квартэта Гродзенскай капэлы, ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы», ансамбля «Песняры», арт-групы «Беларусы», групы сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», Улады, Алены Ланской, Гюнэш, Сашы Нема, балалаечніка Аляксандра Варанішча, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Улада Сазонава і Нікіты Фаміных, шоў-балета Алега Мачана і іншых. Вядомыя артысты выступяць ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці.

Адной са значных падзей свята, безумоўна, стала ўрачыстае адкрыццё адноўленага ЗАГСа ў Ваўкавыску. Да гэтага рэгістрацыі шлюбаў праводзіліся ў раённым Палацы культуры. Цяпер для ўрачыстай цырымоніі створаны больш камфортныя ўмовы. Прадугледжана  безбар’ернае асяроддзе і зручная паркоўка для шлюбных картэжаў. Сродкі на рамонт выдаткаваны з раённага бюджэта, у тым ліку, сабраныя на раённых суботніках.

Добрыя падарункі да свята зрабілі гродзенскія будаўнікі і дарожнікі. Адным з даволі зручных аб’ектаў стаў новы падземны пешаходны пераход у паўночным  мікрарёне Гродна, які злучыў тэрыторыю актыўнай забудовы Грандзічы з больш абжытымі Белымі Росамі. Пераход прайшоў пад высокім насыпам з чыгункай. Дарэчы, гэты мікрараён нядаўна атрымаў яшчэ адзін тралейбусны маршрут, ён працягнецца праз увесь горад да паўднёвага мікрараена Альшанка. Самы працяглы маршрут, кола якога складае 60 кіламетраў, забяспечваюць бескантактныя тралейбусы. Трэба сказаць, што Гродна некалькі год таму стаў першым горадам рэспублікі, дзе пачаў курсіраваць транспарт з аўтаномных ходам. Маршрут пралягае па добраўпарадкаванай магістралі. Літаральна напярэдадні Дня незалежнасці ўведзены ў дзеянне некалькі дарожных ўчасткаў у цэнтральнай частцы Гродна.


Магілёўшчына

Для дарослых і дзяцей

Запушчаны ў эксплуатацыю басейн СШ № 46 Магілёва — урачыстая цырымонія адкрыцця аб’екта адбылася 1 ліпеня ў рамках святкавання Дня Незалежнасці.

Басейн стаў другім этапам праекта, у рамках якога у 2019 годзе была здадзена ў эксплуатацыю самая сучасная ў горадзе сярэдняя школа на 1200 месцаў у жылым раёне абласнога цэнтра — Казіміраўцы, а таксама вынікам работы на просьбы жыхароў. Пра гэта на ўрачыстай цырымоніі расказаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір ЦУМАРАЎ, паведаміўшы прысутным, што дадзеныя абяцанні выконваюцца згодна з дамоўленасцямі — у 2017 годзе адкрыўся дзіцячы сад на 390 месцаў, у 2019 — сярэдняя школа, праз 10 месяцаў — басейн у ёй. Зараз у гэтай жа жылой зоне будуецца паліклініка для дарослых і дзяцей.

Сёння Казіміраўка — жылы мікрараён з развітой інфраструктурай. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ падзякаваў будаўнікам, якія працавалі на аб’екце за працу, якасць і тэмп, што дазволілі раней нарматыўных тэрмінаў здаць у эксплуатацыю басейн, тым самым зрабіць доўгачаканы падарунак жыхарам мікрараёна.

Будынак басейна ўяўляе сабой двухпавярховае памяшканне. На першым размешчана чаша басейна працягласцю 25 метраў і сем дарожак, а таксама распранальні, душавыя, медкабінет. На другім — трэнажорная зала з сучасным наборам абсталявання для дарослых і дзяцей. Басейн будзе выкарыстоўвацца як вучэбная база сярэдняй школы, а таксама тут плануецца арганізацыя наведвання для ўсіх жадаючых, якія пражываюць у мікрараёне.

Кошт другога этапа праекта — 6,5 мільёнаў рублёў.


Мінск

«Музычны фантан» і навінкі аўтапрама

У сталіцы святкаванне Дня Незалежнасці распачалося з патрыятычнага шэсця «Беларусь памятае» па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі і цырымоніі ўскладання кветак да Вечнага агню. Апоўдні на пляцоўцы Палаца спорта стартавала выстава-кірмаш «Зроблена ў Беларусі», якая будзе дзейнічаць тут усе выхадныя. Мінчанам і госцям сталіцы прадэманстравалі шарокі асартымент прадукцыі айчыннай вытворчасці, а падсілкавацца можна было на фуд-корце.

Адным з самых яркіх падзей гэтага дня, безумоўна, стане ўрачыстае адкрыццё «музычнага фантана» на набярэжнай Свіслачы ў парку імя Янкі Купалы: гэта спалучэнне музыкі, «танцуючых» струменяў, лазернага шоу на водным экране… Яркае воднае шоу, якое распачнецца ўвечары, парадуе відавочцаў дапазна. Святочны ж гала-канцэрт «Беларусь бязмежная» з удзелам зорак беларускай эстрады адбудзецца каля стэлы «Мінск — горад-герой», а завяршыцца святкаванне росквітам салютаў, якія «запусцяць» з 8 кропак горада.

Дарэчы, святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да галоўнага свята дзяржавы, пройдуць ва ўсіх раёнах беларускай сталіцы.

Між іншым, кропку ў віры святочных падзей ставіць яшчэ рана: да канца выхадных на Кастрычніцкай плошчы можна пабачыць выставу ўзораў айчыннага машынабудавання: сваю прадукцыю дэманструюць МАЗ, БЕЛАЗ, БелДжы, Амкадор. Выстава працуе з ранку і да самага вечара.


Міншчына

Жыллё для шматдзетных і сучасная крама

Трэцяга ліпеня на Міншчыне пройдуць як агульнаабласныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Беларусі, так і раённыя.

У гэты дзень кветкі і вянкі ад дэлегацый Мінскай вобласці ляглі да падножжа мемарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Курган Славы», гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна».

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і грамадскіх арганізацый прынялі ўдзел у патрыятычным шэсці «Беларусь помніць» у Мінску на праспекце Незалежнасці і плошчы Перамогі.

Затым кіраўнік цэнтральнага рэгіёна ўсклаў кветкі да брацкай магілы воінаў Савецкай Арміі, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ў гарадскім скверы ў Беразіно. Пасля гэтага губернатар ўручыў ключы шчаслівым навасёлам 40-кватэрнага жылога дома. Тут атрымалі кватэры 38 шматдзетных сем’яў.

У Барысаве ўведзены ў дзеянне пяць жылых дамоў на вуліцы Гарадоў Пабрацімаў. Навасёлам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны ключы ад новых кватэр. Падзею прымеркавалі да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Беларусі. У пяці кааператыўных дамах налічваецца 165 кватэр, 39 з іх будаваліся за кошт Мінаблвыканкама для адсялення людзей, які пражывалі ў старых, непрыдатных дамах. Яшчэ 124 прызначаны для тых, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаяў на чарзе, у тым ліку — 84 для шматдзетных сем’яў, дзе гадуецца трое і больш дзяцей. Гэтыя дамы пабудавалі ў даволі сціслыя тэрміны — за паўтара года. Гэта прыгожыя сучасныя будынкі, дзе прадугледжаны ўмовы ў тым ліку і для камфортнага пражывання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Амаль два гады ў Дзяржынску на вуліцы Мінскай ішло будаўніцтва новага магазіна «Хатні». І вось напярэдадні свята ён адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Гэта першы такі аб’ект гандлю ў горадзе. Тут можна набыць усе неабходныя тавары для харчовых і бытавых патрэб. У краме будзе рэалізавацца і прадукцыя ўласнай вытворчасці, прапаноўвацца шмат акцый.

Будаўніцтва новай крамы пацягнула за сабой і ўладкаванне інфраструктуры. Сучасны выгляд набыў аўтобусны прыпынак, цераз дарогу з’явілася дадатковая стаянка для аўтатранспарту.

У Мар’інай Горцы пабудаваны сучасны плавальны комплекс, якога так даўно чакалі жыхары Пухавіцкага раёна. У спартыўна-аздараўленчым цэнтры прадугледжаны дзіцячы і дарослы басейны, устаноўка для гідрамасажу, трэнажорнае крэсла для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ёсць фінская саўна і турэцкі хамам, а таксама невялікі басейн з халоднай вадой, пакой адпачынку.

Вольга АНУФРЫЕВА, Святлана ЯСКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Валерыя КАРАЛЯ, Маргарыты УШКЕВІЧ, БЕЛТА

Загаловак у газеце: Эпіцэнтры свята

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.