Вы тут

Тата ў трэндзе


Рух бацькоўства разгарнуўся ў 108 краінах свету. Беларусь таксама ўваходзіць у гэты лік: у Мінску ёсць супольнасць неабыякавых мужчын, якія вучаць усіх татаў рабіць сваіх дзяцей шчаслівымі.


Фота unsplash.com

Летась у Мінску заявіла пра сябе грамадскае аб’яднанне «Совет отцов». Гэтая арганізацыя — афіцыйны партнёр і прадстаўнік міжнароднага руху «The World Needs a Father» у Беларусі. А крыху раней была зарэгістравана сацыяльна-асветніцкая ўстанова «Отцовство». Па сутнасці, гэта дзве арганізацыі, якія займаюцца адной справай. Толькі ў «Совете отцов» таты ўдзельнічаюць у трэнінгах і атрымліваюць падтрымку, рэалізуючы свае грамадска значныя ідэі. Так, напрыклад, адзін з татаў — член «Совета отцов», узяў на сябе шэфства над паркам — шырокай зялёнай паласой, што раскінулася на поўдні Мінска. Юрыдычная ж форма «Отцовства» не прадугледжвае членства і не дае права арганізоўваць татаў для сумесных акцый. Затое дазваляе праводзіць розныя адукацыйныя ініцыятывы: мужчынскія бацькоўскія сходы, семінары… На мове юрыспрудэнцыі «Совет» і «Отцовство» называюцца афіліраванай арганізацыяй. Так што не будзе памылкай называць яе па-рознаму.

«Практычна кожная сур’ёзная сацыяльная паталогія звязана з адсутнасцю бацькі» — гэта выказванне належыць навуковаму супрацоўніку Говардаўскага цэнтра сям’і, рэлігіі ды грамадства (Швецыя), прэзідэнту Амерыканскай кааліцыі за бацькоў і дзяцей (2005–2007 гг.), прафесару Сцівэну Баскервілю. І, мяркуючы па грамадскіх катаклізмах, якія перыядычна здараюцца ў розных частках нашай планеты, праблема безбацькоўства — сусветная. Ёсць такі статыстычны паказчык-індэкс, які вызначае ўзровень уцягнутасці таты ў справы сям’і. У Беларусі ён роўны 3,8 %: гэта прыкладна 12 мінут у дзень. Роўна столькі актыўнага (падкрэсліваю!) часу праводзяць бацькі са сваімі дзецьмі. Скажаце, мала? Але ў Малдове, напрыклад, толькі 1,5 %. А ў Казахстане — 15 %, і гэта лічыцца даволі высокім паказчыкам. Хоць, па вялікім рахунку, усё роўна мала.

Першымі ў наш беларускі «Совет» уступілі вядомыя ў сваіх прафесійных колах таты: спявак, блогер, псіхолаг, лінгвіст, журналіст. Дарэчы, усе — шматдзетныя бацькі: у каго чатыры, а ў каго і па шасцёра дзяцей. Распрацавалі «Стратегию О4» (па-русску: «ответственный, осознанный, осмысленный отец»). Мэта стратэгіі, па словах старшыні праўлення «Совета отцов» Аляксандра Велічкі, — убачыць у беларускіх сем’ях абноўленых мужчын, якія цалкам прысвячаюць сябе дзецям. Уласна кажучы, з яго ўсё і пачалося. Хоць у «Отцов» ёсць жалезнае правіла: культываваць «мы». І падчас гутаркі Аляксандр неаднаразова гэта падкрэсліваў: «Усе нашы распрацоўкі не належаць камусьці канкрэтна, нават калі іх ствараў адзін чалавек».

«Папа Skype, папа Face Tіme, папа What`s up…»

Фота - Аліса Гюнгер

Ранней, прызнаецца першы бацька «Советов», ганарыўся, што праводзіў па шэсць месяцаў за мяжой у камандзіроўках. Але потым убачыў, як дзеці растуць самі па сабе. Пачаліся ўнутрысямейныя цёркі ды канфлікты. Аляксандр, як дыпламаваны псіхолаг, хутка ўсвядоміў, у чым корань праблемы: прыйшоў час мяняць жыццёвыя прыярытэты. У выніку ён скараціў колькасць замежных паездак на дзве траціны, пачаў аднаўляць сямейныя адносіны і наганяць упушчанае. І раптам выявіў, што ў рускамоўным свеце на тэму бацькоўства няма ніякай інфармацыі, ніякіх методык, рэкамендацый. Былі некаторыя распрацоўкі ў Омску, але яны не завершаныя. Акрамя таго, працэсам кіравала жанчына. А гэта вельмі няправільна, лічыць Аляксандр, бо мужчынская псіхіка розніцца з жаночай, і гэта агульнавядомы факт. У выніку доўгіх пошукаў ён адправіўся ў Дзяржаўны ўніверсітэт Чыкага, ды яшчэ знайшоў аднадумцаў у Агаё (ЗША). Аднойчы яго запрасілі на дзелавую сустрэчу, дзе Аляксандр пазнаёміўся з доктарам Кассі Карстэнсам — нейрабіёлагам, фізіёлагам, адзіным вядучым спецыялістам, які займаецца праблемай татаў і дзяцей. Як рэктар Кейптаўнскага ўніверсітэта, ён запрасіў Аляксандра вучыцца да яго. Такім чынам, Аляксандр Велічка атрымаў паслядыпломную адукацыю ў сферы бацькавай псіхалогіі.

«В начале было слово…»

Па вяртанні дыпламаваны тата пачаў праводзіць семінары на базе тых школ, дзе працавалі яго знаёмыя-педагогі. Яны, вядома, таксама далучыліся да «Совета». Неяк адзін з такіх сходаў наведалі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, а затым прапанавалі камандзе неабыякавых мужчын стварыць юрыдычную структуру. І паўстала «Отцовство» з экспертнай і педагагічнай камісіямі, мужчынскім клубам. Семінары распрацоўвалі самі члены арганізацыі — доктары і кандыдаты «душэўных», назвала б іх так, навук: псіхолагі, педагогі, сацыёлагі. Дарэчы, усе яны — мужчыны. Ёсць таксама рэцэнзіі Белдзяржпедуніверсітэта на распрацаваныя методыкі.

Цяпер у полі зроку «Отцовства» больш чым 100 школ па ўсёй Беларусі. А заявак і запрашэнняў прыехаць правесці лекцыі — больш чым 500.

Тэма першага семінара «Падары дзіцяці тату», успамінае Аляксандр, нарадзілася сама па сабе: неяк на чарговым сходзе адзін з мужчын спытаў: што падарыць сыну на дзень нараджэння? Адказ быў кароткі ды просты: падары сябе, дакладней, увесь свой вольны час.

Сутнасць гэтага семінара — паказаць татам, што праблема ёсць, і вырашаць яе павінен мужчына. Але калі ён — галоўны карміцель (у большасці беларускіх сем’яў так і ёсць), тады колькі часу тата павінен адводзіць дзецям? Вядома, малое заўсёды хоча бачыць бацьку побач, перакананы шматдзетны тата Аляксандр. Таму прыходзіцца шукаць баланс паміж працай і домам. Інакш ніяк: паводле статыстыкі да 37‑мі гадоў тата губляе сям’ю, на якую зарабляе. Пацверджанне таму — лічбы: у сярэднім разводаў у Беларусі — 54 %. Асноўная прычына расставанняў — нізкая ўцягнутасць мужчыны ў сямейныя справы: у сярэднім 8 %. І пад уцягнутасцю тут разумеецца не «тата прыйшоў дамоў і сеў на канапу». Гэта павінна быць актыўная дзейнасць, дзе бацька свядома фарміруе асобу дзіцяці. Але спачатку трэба зразумець, што ты сам транслюеш. Бо, як сказаў аўтар вядомай «Педагагічнай паэмы» Антон Макаранка, асабісты прыклад — гэта не галоўны спосаб выхавання дзяцей, а адзіны.

Добра, калі тата заўсёды побач! Фота unsplash.com

«Бацькі асацыяльныя сталі», — разважае Аляксандр і далей расказвае пра тэорыю, чаму так адбылося. Па адной з версій, мабыць, самай вядомай: пасля вайны мужчын не засталося. Жанчыны вымушаныя былі ўзяць на сябе іх функцыі. А цяпер аддаваць не хочуць. Але ў Ірландыі вайны не было. Ды індэкс уцягнутасці там усё роўна маленькі — 8 %. Трохі лепш справа ідзе ў ісламскіх краінах. «Але ёсць свой перакос, па-мойму, калі тата ўсё кантралюе. А у нас бацькі індыферэнтныя: ну, расце сабе дзіця і хай расце. Мы рабілі апытанне сярод падлеткаў: калі з вамі тата размаўляў на якую-небудзь сур’ёзную тэму? Адказ «ніколі» быў у 80 % выпадкаў! Хто быў ініцыятарам — дакладна не памятаю». Але ж бацька, вядома, — гэта не проста «мужык у хаце». Ён — важны складнік выхавання. Галава сям’і, які бярэ за яе адказнасць. «Проста сказаць «я галоўны!» — недастаткова. Улада і адказнасць — два бакі аднаго медаля. Адно без другога — гэта альбо дэспатызм, альбо разгільдзяйства», — лічыць Аляксандр.

Таму адна з першых задач мужчынскай супольнасці — «дайсці» да свядомасці татаў, даць ім убачыць праблему. І дапамагчы змяніць парадыгму свайго бацькоўства. А для гэтага трэба хаця б сабраць іх разам. І ў тым ёсць цяжкасці. У школы на сходы яны не прыходзяць. Чаму? Ну, напрыклад, мужчынскія канферэнцыі да Дня абаронцы Айчыны праводзяць жанчыны… Але менавіта мужчына мужчыну хутчэй зразумее.

«Наогул, яны не любяць дзяліцца, раскрывацца. Разгаварыць мужчыну проста нерэальна, — расказвае Аляксандр. — Чаму многія з іх п’юць? Ад безвыходнасці. Не ведаюць, як вырашыць свае праблемы. На жаль, у нас на постсавецкай прасторы няма культуры звяртацца па псіхалагічную дапамогу. Лічыцца гэта праявай слабасці, гэта сорамна. Таму, калі мужчыны прыходзяць на трэнінг, перш за ўсё просім іх падзяліцца сваімі добрымі навінамі, а потым — расказаць аб праблеме. Усяго пяць хлопцаў сядзіць, а раскрыцца ім страшна! Але праз год, калі яны пасябруюць, ужо глядзім, ездзяць адзін да аднаго агарод капаць, машыну ўсёй групай купляюць камусьці. А як жа цяжка было на пачатку прызнацца, што ты — мужык, а ў машынах не разбіраешся!»

Другая важная задача «Отцов» — навучыць быць трэнерам, настаўнікам, памочнікам і дарадцам для іншых татаў. Наогул, сутнасць руху бацькоўства — прыцягнуць і аб’яднаць як мага больш мужчын. «Да 2025 года мы жадаем дасягнуць за 40 000 бацькоў у нашай краіне і перадаць ім пасланне пра сапраўднае бацькоўства» — напісана на адным з сайтаў арганізацыі. Гучыць прыгожа, амбіцыйна. Але што канкрэтна члены «Совета» робяць для дасягнення такіх высокіх мэтаў?

Школа не для мам

«50 звычак таты» — так называецца гадавы трэнінг, на які ў Мінску, а таксама ў Брэсце і Віцебску (там ёсць філіялы арганізацыі) раз у тыдзень прыходзяць таты, дзядулі, будучыя бацькі, бізнесмены і рабочыя — карацей, мужчыны ўсіх узростаў і сацыяльных статусаў. Дарэчы, Аляксандр заўважае, што сярод палітыкаў, мужчын, якія шмат чаго дабіліся ў соцыуме, бацькоўства становіцца трэндам. Чым больш адукаваны бацька, тым больш ён свядомы. Цікава, паводле статыстыкі, беларускія таты рэагуюць на заклік стаць лепш больш адкрыта. У Расіі водгук бацькоў — 1–2 % ад аўдыторыі, а ў нас 5–7 %. Гэта вельмі шмат, па словах Аляксандра. Ва Украіне справы ідуць так, як і ў Малдове — гэта значыць, дрэнна. І на заняткі ў «школу бацькоў» прыходзяць у асноўным свядомыя таты, а не тыя, «да якіх хацелася б «дастукацца». Але Аляксандр не маркоціцца: у гэтым ёсць свае плюсы, бо так расце сапраўдная каманда. Потым тыя свядомыя таты, атрымаўшы веды, адкрываюць свае групы па ўсіх раёнах горада і нават краіны. Так, у Мінску — ужо каля сотні членаў арганізацыі.

На працоўным стале Аляксандра Велічкі — усё самае неабходнае. Фота - Аліса Гюнгер

Трэнінг «50 звычак тады» разбіты на 7 тэматычных блокаў, усяго ў ім 50 тэм. Але там не сядзяць і не абмяркоўваюць, бо гэта не прадуктыўна. Першы занятак праводзіць так званы мадэратар, трэнер групы. Астатнія шэсць сустрэч вядуць самі мужчыны. Ім даюць асноўныя тэзісы па нейкай тэме і просяць як мага шырэй раскрыць, напрыклад, паняцце адказнасці. Бо, як сказаў той жа Макаранка: лепшы спосаб навучыцца, гэта пачаць кагосьці вучыць. Наступны момант — падсправаздачнасць. Дапусцім, тата атрымаў дамашняе заданне: сфарміраваць сямейны бюджэт. Потым ён прыходзіць і дае справаздачу аб выніках. «Уяўляеце, усе адзін перад адным даюць справаздачу! Гэта дзейсна. Ні разу не было такога, каб хтосьці не выканаў працу без важнай прычыны» — усміхаецца Аляксандр.

Абмяркоўваюць у школе і мам. Ведаеце, які самы жаданы падарунак для дзіцяці? Любоў да яго маці, пазітыўнае да яе стаўленне. Дарэчы, цікавы факт: маркер успрымання людзей у дзіцяці да 5 гадоў — як тыя ці іншыя асобы ўспрымалі яго маці. Многія не разумеюць: чаму, дапусцім, не падабаецца дзяўчыне блакітнавокі бландзін. Яна і сама не можа растлумачыць. Накшталт і добры хлопец, і прыгожы — а не падабаецца! Хутчэй за ўсё, у асяроддзі яе маці быў нехта падобны, хто ставіўся да яе дрэнна. Гэта замацоўваецца ў падсвядомасці, асабліва ў першыя гады жыцця. Многія таты крыўдзяцца: яны падарункі дзецям дораць, а тыя ніяк не рэагуюць. «Проста не трэба крычаць на маці!» — тлумачыць Аляксандр. І часта бывае, што прыходзяць мужчыны на чарговы занятак і клянуцца: ніколі на жонку крычаць не буду, бачу, як дзіця паўтарае. Дарэчы, гэтай праблеме на трэнінгу прысвечаны цэлы блок, у канцы якога — сустрэча з жонкай. Бо адна справа, калі мужчына кажа: я стаў мяняцца! Ды іншая — калі жонка гэта пацвярджае. Быў такі смешны выпадак: далі заданне тату абдымаць сына сем разоў на дзень: роўна столькі трэба, каб дзіця адчувала сябе прынятым. А потым мама распавядае: прыходзіць муж дамоў, кліча сына: ідзі сюды, буду цябе сем разоў абдымаць. Раз, два, тры… Але хіба пра такі тактыльны кантакт ішла гаворка на занятках? «Тым не менш, сёння гэты тата — адзін з самых паспяховых трэнераў, — з гонарам распавядае галоўны мадэратар Аляксандр. — Дарэчы, той выпіваў раней. Але кінуў. Хоць на трэнінгу няма ніводнай тэмы пра алкаголь. Проста калі ў чалавека з’яўляецца ўсвядомленасць — нават індэкс гвалту ў сям’і падае. Я рабіў запыт у Следчы камітэт, прасіў паказаць статыстыку па прычынах падлеткавых суіцыдаў. Мне адказалі, што не праводзяць даследаванняў на гэтую тэму. Але з ліку тых, хто пакінуў перадсмяротную запіску ці тых, каго выратавалі, у 70 % выпадкаў указана няшчасная сямейная абстаноўка. У асноўным гэта бацька-агрэсар. І калі мужчынам гэта агучваеш, яны прыходзяць у шок: значыць, калі я гарлапаню на дзіця, то яно можа з даху саскочыць? Так…»

Тата, мама, я — поўная сям'я. unsplash.com

Тата, які асацыюецца з абаронай, бяспекай, сілай, надзейнасцю, пачынае гарлапаніць і біць — гэта моцна траўміруе псіхіку дзіцяці. Часам бацькі плачуць, калі, нарэшце, усведамляюць гэтую праблему. Аляксандр расказаў, як на адным са сходаў, які арганізавалі ў мінскай школе для 150 работнікаў кандытарскай фабрыкі «Камунарка», хтосьці з татаў раптам сказаў: я зразумеў, гэта мая віна, што сын — двоечнік. Але яму ўжо 14 гадоў… «Ніколі не позна пачаць спачатку, — перакананы Аляксандр. — Будзе цяжка, але ўсё магчыма».

Прапагандуюць у «Совете» і сацыяльную актыўнасць. Напрыклад, дзякуючы аднаму з членаў арганізацыі завязалася сяброўства паміж Рэспубліканскім дзіцячым псіханеўралагічным дыспансэрам і «Бацькамі». Мужчыны пасільна дапамагаюць цэнтру: фарбуюць, беляць, электрыку чыняць. Нагаводнія капуснікі праводзяць з маленькімі пацыентамі, пераўтвараючыся ў Дзядоў Марозаў. І ў дзіцячыя дамы ездзяць. Дзякуючы актыўным татам з’явіўся валейбольны турнір, які цяпер стаў самым вялікім у краіне. Стартаваў «Кубок отцовства» па футболе. Велапрагулкі, паходы… Напрыклад, ёсць праект пад назвай «Чацвёрты мушкецёр»: 72 гадзіны без гаджэтаў. Толькі соль, запалкі — і ў Карпаты, на Каўказ. Татам і хлопчыкам такі экстрым вельмі падабаецца. Думалі і пра дзяўчат — вырашылі арганізаваць «Тата-баль». Яго плануюць правесці 12 снежня ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску. «Мы, мужчыны, — прызнаецца Аляксандр, — у танцах не разбіраемся, таму вельмі хвалюемся. Рэпеціруем па выхадных. Дочкі ўжо ў захапленні!»

Калі мама — тата

Усё гэта гучыць вельмі добра і аптымістычна, думала я, пакуль Аляксандр у падрабязнасцях распавядаў пра сваё бачанне шляхоў пераўтварэння сучаснай сям’і. Але калі бацька невядома дзе, і няма каму прыходзіць на такія трэнінгі ды семінары? Бо няпоўных сем’яў у нас вельмі шмат. «Але не большасць! — аспрэчвае мяне Аляксандр, і зноў звяртаецца да статыстыкі. — У Беларусі маці-адзіночак 46 %». Усё роўна лічба немалая, па-мойму. Але замест таго, каб разважаць пра «шклянку, якая напалову пустая альбо поўная», я вырашыла спытаць: што рабіць, калі няма бацькі? «Заўсёды ёсць дзядуля, — усміхаецца Аляксандр. — Яшчэ трэнеры нядрэнна спраўляюцца з некаторымі функцыямі бацькоў».

Ён расказаў, што на Захадзе добра працуе праграма «Партнёрскія сем’і». Сутнасць яе ў тым, што поўныя сем’і бяруць пад сваю апеку сем’і няпоўныя. У «Совете отцов» ужо ёсць падобная канцэпцыя, але Аляксандр прызнаецца, што пакуль не да канца разумее, як яна будзе працаваць у нашых рэаліях. Бо канфлікты паміж адным татам і некалькімі мамамі не патрэбныя ні ім самім, ні дзецям. А ў шведаў быў такі эксперымент: дзіцячыя дамы сумясцілі з дамамі састарэлых. У выніку, паводле апытання, старыя сябе адчувалі менш адзінока, а дзеці — менш сіратліва. Можа і ў нас такую сістэму ўвесці? Думаюць «Отцы» і пра трэнінгі для мам-адзіночак.

«Наогул гэта трагедыя, — робіць глабальную выснову Аляксандр. — У Малдове цэлая эпідэмія безбацькоўства. Таты пагалоўна зарабляюць грошы. І яны не проста ў бізнесе, яны з’язджаюць на заробкі з краіны на год-два. 80 % асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі выраслі ў сем’ях, дзе няма бацькі, няма разумення мужнасці. Якой бы добрай мама не была, яна не можа даць дзіцю некалькі асноватворных рэчаў. Па-першае — абарону».

Аляксандр расказаў, як у свой час спрачаўся з прадстаўніцамі руху фемінізму. Яны сцвярджалі, што ўсе роўныя, што няма розніцы паміж мужчынамі ды жанчынамі. «Гэтак думаеце, — адказаў ім тады Аляксандр, — да першай вайны. А прыйдзе натоўп мужыкоў, якім пляваць на вашы погляды, і пачне вас гвалтаваць і збіваць. Сваіх жа мужыкоў вы ператварылі ў сябе, таму яны пабягуць разам з вамі хавацца ў лясы. Альбо можа тады ўвядзем усеагульную вайсковую павіннасць? Чаму ж вы супраць?»

Фарміраванне ідэнтычнасці — таксама бацькоўская функцыя, працягвае пералічваць татавы функцыі Аляксандр. А яшчэ сцвярджэнне маралі. Мама можа быць вельмі станоўчай, і дзіця нават будзе гэта шанаваць, але капіяваць усё ж стане бацьку. Так адбываецца ў 60 % выпадкаў. Бацька — гэта першы легітымны прадстаўнік улады для любога дзіцяці. Калі тата патурае, стаўленне дзяцей да ўлады будзе такім жа. Калі бацька — дэспат, то любы міліцыянер падасца самым страшным чалавекам, ад якога малому захочацца бегчы. Так што стварэнне дома атмасферы любові, а не страху — гэта бацькоўская задача.

Ахвяра кахання

У «Совете отцов» катэгарычна супраць разводаў. Там нават праводзяцца сямейныя кансультацыі па гэтым пытанні. Дарэчы, ініцыятар разводаў у 90 % выпадкаў — жанчына. У першым афіцыйна заключаным шлюбе працэнт яго скасавання роўны 51 % (а ў грамадзянскім, вельмі папулярным цяпер, першы развод — у 90 % выпадкаў). У другім — 70 %, у трэцім — 90 %, у чацвёртым і наступных — 100 %. Гэтая агульнадаступная статыстыка наглядна паказвае, што першы негатыўны досвед накладвае адбітак на наступны. Развод — гэта разрыў. Гэта рубцовая тканіна, якая застаецца назаўсёды. Таму больш правільна, з пункту гледжання псіхолага Аляксандра, захаваць ранейшыя адносіны, чым ствараць новыя.

Галоўнае ў жыцці бацькоў — шчасце іх дзяцей. Фота unsplash.com

Вядома, жонка — самы ўплывовы чалавек у жыцці любога мужчыны. Як у прымаўцы: муж — галава, а жанчына — шыя; куды шыя паверне, туды галава і паглядзіць. «Чаму ж вы гэтым не карыстаецеся? — звяртаецца да мяне Аляксандр, мабыць, як да прадстаўніцы жаночай паловы чалавецтва. — Можна, канешне, выносіць мужу мозг, лаяцца. А можна ж, напрыклад, да нас на семінар запісаць. Быў такі выпадак: абзвоньвалі мы напярэдадні ўсіх, удакладнялі, хто прыйдзе. Аказалася, 27 мужчын наогул не ведаюць, што яны запісаныя. Але ўсе прыйшлі! Пяцёра з іх сёння — нашы трэнеры».

Якая ў сям’і роля жанчыны? Ствараць такую абстаноўку дома, каб муж хацеў туды вяртацца. Аляксандр жартоўна параўнаў мужчыну з канём: яго запрэглі — ён пацягнуў. І наадварот: калі яму можна не працаваць, бо жонка ўсё на сябе ўзваліла, значыць, можна не працаваць. Муж як бамбавік: набраў вышыню і ляціць. А жанчына ў такім параўнанні — гэта знішчальнік: можа ўверх падняцца, узвысіцца над мужчынам, можа і падладзіцца, каб даць яму выявіцца.

Закранулі мы ў размове і дэмаграфічную сітуацыю. «У нас з гэтым вельмі кепска, — шкадуе Аляксандр. — Каб выйсці ў станоўчую дынаміку, трэба гадоў 30. За гэты час упадзем у дэмаграфічную яму, то бок нацыя будзе выміраць. Але мы накшталт адной рукой змагаемся за дэмаграфію, а другой — забіваем дзяцей. Я пра аборты кажу. Неяк у «Совете» высветлілі: 80 % мужчын не ў курсе, што іх партнёрка хоча зрабіць аборт, а ў 50 % выпадкаў — наогул, што цяжарная. Вырашылі правесці эксперымент: прымусілі прынесці згоду партнёра жанчыны на аборт. Працэнт унутрычэраўнага забойства зменшыўся ў пяць разоў! Калі б наогул не рабілі аборты, у Беларусі было б сёння 50 млн людзей!». А колькі з іх было б няшчасных, пытаюся. Бо мала нарадзіць, яшчэ трэба і выхаваць! Самыя няшчасныя дзеці, на думку Аляксандра, дзе ў сем’ях адно дзіця, хоць часцей можна чуць такое пра шматдзетных. «Мы былі ў адной матулі дома, яе пазбаўлялі бацькоўскіх правоў: усё чысценька, прыгожанька, але дачка — неўротык. Бацькі суткамі сядзяць у казіно, дома не бываюць. Шасцігадовае дзіця ўвесь час адно». Вось і паўстала пытанне: што разумець пад дабрабытам? Аляксандр успомніў, як хадзіў у школу ў чаравіках дзеда, іх яшчэ і бацька насіў. А школьны касцюм быў ад дзядзькі. Тым не менш, сваё дзяцінства Аляксандр лічыць шчаслівым. Бацькі развяліся, але хлопчык Саша ніколі не чуў, каб яны лаяліся. А сёння ніхто не саромеецца канфлікты ладзіць пры дзецях. Ва ўжо згаданым неўралагічным дыспансеры ляжаць шмат дзяцей, якіх кладуць, каб адсудзіць у мужа грошы. Маўляў, такі-сякі да бальніцы дзіцяці давёў. І дзіця ў такім выпадку — разменная манета, а не плод кахання.

Праблема не ў шлюбе, запэўнівае Аляксандр. Праблема — у галаве, якой не хапае разумення, усвядомленасці. А пабудаваць адносіны можна з кім заўгодна, кахаць можна любога. Трэба для сябе толькі дакладна вызначыць, што важней: захаванне сям’і ці асабістае шчасце? Калі другое — чаго жаніліся, дзяцей заводзілі? Каханне — гэта ахвяра. І на пытанне, хто пацерпіць, яно заўсёды адказвае: я!

***

Нягледзячы на доўгую ды, па-мойму, змястоўную размову, пасля інтэрв’ю ў мяне засталося адчуванне недагаворанасці. А калі няма дзядулі, дзядзькі, трэнера?.. А калі тата ўсё ж такі з’ехаў зарабляць на хлеб надзённы ў іншую краіну ці не можа вярнуцца дадому? А калі няма кахання?..

Мне здаецца, немагчыма ўпісаць жыццё ў нейкую стройна выбудаваную сістэму, як бы таго ні жадаў чалавек. Але я абсалютна згодная, што самае-самае галоўнае ў жыцці таты і мамы — зрабіць дзіця шчаслівым. А як — само падкажа.

Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».