Вы тут

АНТ запускае новае кулiнарнае шоу «Народны кухар»


У наступную нядзелю тэлеканал АНТ запускае новае кулiнарнае шоу «Народны кухар». Вас чакаюць захапляльныя «смачныя» паядынкi i шмат цiкавых рэцэптаў на любы густ.


Як адзначаюць стваральнiкi праграмы, падчас прагляду вы адкрыеце для сябе новыя фарбы i ўласныя здольнасцi ў кулiнарным мастацтве. Дарэчы, ахвотныя прадэманстраваць свае ўменнi падалi больш за 100 заявак. У вынiку для «змаганняў» у студыi адабралi 16 прэтэндэнтаў, якiя ў рэальным часе прадэманструюць тэлеаўдыторыi сваё ўменне гатаваць i iмправiзаваць на кухнi.

— Iдэя кулiнарнай праграмы, у якой будуць удзельнiчаць простыя людзi, а не славутасцi, неяк амаль адначасова з'явiлася ў нас з Германам Цiтовым. Потым разам з Дзмiтрыем Сiмагам зладзiлi мазгавы штурм — нарадзiўся «Народны кухар». Нам хацелася зрабiць праграму не столькi пра ежу, колькi пра людзей, пра адносiны, пра кулiнарныя традыцыi беларусаў. Мы ставiлi сабе мэту паказаць, як проста радаваць адно аднаго кожны дзень, калi гатаваць рамантычныя сняданкi i вячэры, а таксама зацiкавiць дзяцей кулiнарным працэсам, — кажа кiраўнiк праекта Таццяна Рудакоўская. — Бо нiшто так не ўзмацняе сямейныя адносiны, як прыгатаванне ежы. I няма больш правiльнай ежы, чым прыгатаваная дома.

Некалькi месяцаў прымалi заяўкi ад патэнцыйных удзельнiкаў шоу. Каб паказаць свае здольнасцi, трэба было не проста даслаць фота прыгатаваных страў, але яшчэ i расказаць пра сябе, зняць вiдэавiзiтоўку — бо калi для медыйных людзей здымкi — звыклая рэч, то ў простага чалавека камера (а на праекце iх задзейнiчана 12) можа выклiкаць як мiнiмум пачуццё дыскамфорту. Калi для першага этапу выбралi 30 заявак, то першых восем прэтэндэнтаў запрасiлi на здымкi. Паколькi «Народнага кухара» стваральнiкi пазiцыянуюць як сямейна-кулiнарнае шоу, то з кожным канкурсантам у якасцi су-шэфа прыязджаў нехта з сям'i — згадзiцеся, гатаваць у чатыры рукi лягчэй i хутчэй, чым у дзве. На прыгатаванне страў кожная з камандаў мае ўсяго толькi 45 хвiлiн. Але падчас працэсу гатавання страў, калi з нечым не спраўляешся, ёсць магчымасць скарыстацца кнопкай «Дапамога эксперта», i тады можна чакаць у падмогу сабе сапраўднага шэф-кухара.

Эксперты ацэньваюць вынiк работы па трох крытэрыях: сервiроўка, тэхналогiя прыгатавання i смак. Потым пераможцы кулiнарных паядынкаў сустрэнуцца ў паўфiнале i фiнале праграмы. Яшчэ адна асаблiвасць «Народнага кухара» ў тым, што адзнакi тут будуць выстаўляць у грамах (максiмальная — 100 грамаў). Падтрымлiваць аматараў шчыраваць на кухнi будуць беларускiя артысты i народныя творцы ў кампанii вядучага шоу Германа Цiтова. А ацэняць удзельнiкаў «Народнага кухара» эксперты — шэф-кухар Антон Каленiк, фермер Андрэй Абрамаў i адна медыйная асоба (гэты чалавек будзе новы ў кожным выпуску).

Як адзначаюць стваральнiкi новага шоу, гэтай праграмай iм хочацца аб'яднаць людзей з розных рэгiёнаў, каб больш расказаць не толькi пра кулiнарныя, але i пра культурныя традыцыi ў розных кутках нашай краiны. Бо ўсе ўдзельнiкi — гэта тыя людзi, якiя ў сваiм населеным пункце i на сваiм рабочым месцы дэманструюць Беларусь, якая яна ёсць.

Таму калi лiчыце гатаванне руцiннай справай, то рыхтуйцеся змянiць сваю думку. I не прапусцiце кулiнарнае шоу «Народны кухар» у эфiры АНТ 12 лiпеня. Яно будзе выходзiць кожную нядзелю.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена тэлеканалам АНТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».