Вы тут

Прэзідэнт: Карупцыя — гэта іржа


У адміністратыўным комплексе на праспекце Пераможцаў сабралася каля тысячы чалавек. Гэта кіраўнікі дзяржаўных органаў, члены Мінгарвыканкама, парламентарыі, кіраўнікі сілавых структур і ведамстваў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў Мінска, кіраўнікі акцыянерных таварыстаў, прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці, устаноў адукацыі і аховы здароўя, грамадскіх аб’яднанняў.


 

Аб сітуацыі ў сталіцы і выкліках на перспектыву Прэзідэнту далажыў старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак. Па яго словах, пастаўлена задача росту даходаў грамадзян, а Мінск стане разумным горадам з зялёнымі тэхналогіямі.

На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка папрасіў ні ў якім разе не лічыць сённяшнюю сустрэчу перадвыбарнай. Ён звярнуў увагу, што мінчане ў большасці – гэта людзі, хто сам ці чые продкі прыехалі з рэгіёнаў. А гэта зноў прыводзіць да тэзіса аб неабходнасці мець уласны кавалак зямлі.

«Адна з асноўных задач, якую мы вырашым у найбліжэйшай пяцігодцы, — гэта пераход на электрамабілі»

У прамове падчас сустрэчы са сталічным актывам Аляксандр Лукашэнка закрануў усе бакі жыцця Мінска, рэспублікі ў цэлым і міжнародных адносін.

Напрыклад, Прэзідэнт адзначыў, што развітая транспартная інфраструктура дазваляе Мінску, нягледзячы на надзвычай высокі ўзровень аўтамабілізацыі, заставацца зручным для перамяшчэння і ўтульным. Але спыняцца на гэтым нельга.

«Адна з асноўных задач, якую мы вырашым у найбліжэйшай пяцігодцы, — гэта пераход на электрамабілі. Мы проста не павінны тут адстаць. Калі мы адстанем, будзе дрэнна. Таму цяжка, але нам давядзецца бегчы і, прынамсі, ні ў якім выпадку не адстаць», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

«Чацвёртае месца ў СНД займае наш метрапалітэн, будуем трэцюю лінію — у найбліжэйшы час увядзем яе у строй і разгрузім яшчэ больш наш горад. Вы ведаеце, што я патрабую ад урада і гараджан пераходзіць на электрамабілі», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

У Нацыянальным аэрапорце пабудавана другая ўзлётна-пасадачная паласа. А ў найбліжэйшыя гады, паведаміў Прэзідэнт, да паветранай гавані будзе падведзена электрычка з чыгуначнага вакзала Мінска.

У працяг тэмы — будаўніцтва атамнай станцыі.

«Я часта аб гэтым казаў, калі мы пачыналі яе узводзіць, што нам яна патрэбна. Бяспека важная, безумоўна. І сёння навучыліся ўжо будаваць бяспечныя ядзерныя рэактары», — нагадаў Прэзідэнт.

Па яго словах, Беларусь літаральна акружаная атамнымі станцыямі.

«Абслугоўваць рэактар павінны тыя, хто яго будаваў. Гэтыя тэхналогіі нікому не перадаюцца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Такім чынам, краіна тэхналагічна ўзнімаецца вышэй — і гэта галоўны доказ пры прыняцці рашэнняў па БелАЭС, касмічнай сферы і сферы інтэлектуальных тэхналогій.

Трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны 

«У Мінск як магнітам прыцягваюцца вытворчыя і фінансавыя рэсурсы, едуць працаваць найбольш кваліфікаваныя кадры. Гэта нядзіўна: Мінск — гэта сталіца, палітычны, эканамічны, культурны і навуковы цэнтр, візітная картка нашай краіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў: — Таму парадак у незалежнай Беларусі пачалі наводзіць менавіта з Мінска. Сюды былі ўкладзены ўсе рэсурсы і сілы».

Апошнім часам чарга надышла да рэгіёнаў, з’явілася магчымасць «аддаць доўг» вёсцы, малым гарадам. На думку Прэзідэнта,трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным за сімвалічную плату перадаць ва ўласнасць беларусам пустыя ўчасткі ў сельскай мясцовасці.

«Такім чынам мы адрадзім і неперспектыўныя вёсачкі, мы будзем развіваць малыя гарады, пасёлкі гарадскога тыпу і людзям створым зручнасці для жыцця», — адзначыў Прэзідэнт.

Мінск — узорны горад для правядзення спартыўных і культурных мерапрыемстваў

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мікрараёнах, пра якія ішла пагалоска аб высокай злачыннасці, узніклі цяпер папулярныя месцы для жыцця, даўгабуды завершаны, а сталіца разбагацела на ўнікальныя будынкі кшталту Нацыянальнай бібліятэкі.

«Мы правялі ІІ Еўрапейскія гульні. Для нас гэта было важна, гэта быў дыпламатычны прарыў. Гэта найважнейшае пытанне, а па-другое: мы вельмі моцна падцягнулі Мінск, пабудавалі новыя спартыўныя аб’екты. Нехта крытычна да гэтага ставіцца, а я лічу, што ўсё, што мы тады стварылі, застанецца нават не нам, а нашым дзецям. І сёння Мінск з’яўляецца ўзорным горадам для правядзення рознага роду спартыўных і культурных мерапрыемстваў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт аб каранавірусе: трэба не дапусціць паўторнай эпідэміі

«Сістэма і кіруемасць у сферы аховы здароўя дапамагла нам у такім густанаселеным і адкрытым горадзе пераадолець гэтыя праблемы. Самым галоўным было не дапусціць панікі. Мы гэта з вамі пераадолелі, і дай бог, каб і далей паціху адысці ад гэтай бяды і не дапусціць паўторнай эпідэміі», — звярнуўся да актыву Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь — папулярная краіна для медыцынскага турызму

Па інфармацыі першай асобы, за апошнія чатыры гады ўведзены ў строй чатыры бальніцы, тры паліклінікі, медыцынскі цэнтр у Ждановічах, Мінскі гарадскі анкалагічны дыспансер, падстанцыя хуткай дапамогі.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у якасці медыцынскіх турыстаў Мінск наведалі грамадзяне дзясяткаў краін, а экспарт медпаслуг налічвае дзясяткі мільёнаў долараў.

«Мы, як і многія развітыя дзяржавы (Амерыка, еўрапейскія дзяржавы, Ізраіль) пачалі лячыць замежнікаў. Нават не пачалі — лечым даўно. Пра што гэта гаворыць? Што наша ахова здароўя ў большасці сваёй прасунутая і запатрабаваная», — зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка.

«ІТ — гэта добра, але ў аснове ўсяго быў і будзе чалавек»

Па словах Прэзідэнта, Мінск аб’ектыўна задае тон па многіх сучасных кірунках. Прыклад — унікальны Парк высокіх тэхналогій, экспарт якога летась перавысіў два мільярды долараў. У ПВТ звыш за 800 кампаній-рэзідэнтаў і 63 тысячы працаўнікоў.

«Лічбу» трэба хутчэй укараняць у нас у эканоміцы, сацыяльнай сферы. Мы ж ІТ-краіну вырашылі пабудаваць. І дзе гэта рабіць перш за ўсё, як не ў Мінску? Інфармацыйныя тэхналогіі — гэта „разумны горад“, паслугі, грамадская бяспека. Без гэтага горад спыніцца ў развіцці. Пры гэтым непарушнае патрабаванне: усё павінна быць зручным і камфортным як для жыхароў, так і гасцей нашай сталіцы», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. І зноў папярэдзіў: ІТ — гэта добра, але ў аснове ўсяго быў і будзе чалавек.

«Мы не дапусцілі бяздумнай прыватызацыі нашых гігантаў»

І той, хто хоча працаваць, мае шмат магчымасцяў для гэтага.

Менавіта людзей Прэзідэнт лічыць найбольш запатрабаванымі ў агляднай будучыні. Прынамсі, эканоміка горада, якая расце і атрымлівае меры па падтрымцы, садзейнічае штогадоваму з’яўленню пяці тысяч суб’ектаў гаспадарання.

Прэзідэнт нагадаў, што бізнес-клімат Мінска — адзін з лепшых у СНД і спрыяльны нават на сусветным фоне: на чацвёртым месцы па эканамічнай эфектыўнасці вядзення бізнеса сярод еўрапейскіх гарадоў і рэгіёнаў будучыні. Летась беларуская сталіца ўвайшла ў лік дзесяці еўрапейскіх гарадоў, якія абавязкова варта наведаць.

«Беларуская сталіца — прызнаная культурная пляцоўка», — працягнуў кіраўнік дзяржавы. Каб у гэтым упэўніцца, ён прапанаваў прайсці па вуліцах сталіцы, мінуючы тэатры, галерыі, канцэртныя залы. У беларускіх творцаў ёсць усе магчымасці для самарэалізацыі.

«У свеце ацанілі Беларусь як краіну з нізкім паказчыкам карупцыі»

Падчас сустрэчы зайшла гутарка і аб праблемах. Галоўнай Аляксандр Лукашэнка назваў адрыў кіраўніцтва горада ад рэальных патрэб людзей, бюракратызм і карупцыю.

«Карупцыя — гэта іржа, якая раз’ядае не толькі эканоміку, але і грамадства, увесь уклад, які мы стварылі. У свеце ацанілі Беларусь як краіну з нізкім паказчыкам карупцыі. У нас не трэба плаціць узнагароду, каб да кагосьці прыйсці. Калі нехта жадае інакш — я не ваш Прэзідэнт. І вы не галасуйце за мяне. Карупцыя — гэта знявага чалавека. І я не хачу, каб Беларусь пагрузілася ў гэтую дрыгву», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён заклікаў не губляць сувязь з грамадзянамі і асабліва моладдзю, а пасля выбараў не астываць і самазаспакойвацца. Па словах Аляксандра Лукашэнка, належыць умацаваць і выканаўчую, тэхналагічную дысцыпліну, якая непасрэдна ўплывае на якасць прадукцыі, а значыць, і на экспарт. Без экспарту (і валюты) краіна жыць не будзе, папярэдзіў Прэзідэнт.

«Мінск павінен застацца ў межах першай кальцавой дарогі»

«Асаблівую ўвагу нам трэба звярнуць у цэлым на горад. Ён павінны быць узорам ва ўсіх адносінах. Пакуль агульнагарадская чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў налічвае амаль 200 тысяч сем’яў. Не вырашана задача па затрыманні роста насельніцтва сталіцы на ўзроўні не больш за два мільёны чалавек — а пажадана спыніцца на цяперашнім узроўні», — адзначыў супярэчнасць фактаў кіраўнік дзяржавы.

Перанасялення дапусціць нельга ні ў якім выпадку, Мінск павінен застацца ў межах першай кальцавой дарогі, адназначна абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі нехта думае, што мы гэтую зялёную зону, паркі і іншыя пачнём падразаць і там нешта будаваць, жыллё… Гэтага не будзе. Гэта набытак людзей», — папярэдзіў ён.

Замест ушчыльнення Мінска, упэўнены лідар Беларусі, трэба будавацца на свабодных землях і ствараць транспартныя сувязі з гарадамі-спадарожнікамі.

«Нам удалася крыху збіць кошты, асабліва і перш за ўсё там, дзе людзі стаяць у чарзе. І гэты працэс мы будзем узмацняць. Будзем узмацняць будаўніцтва арэнднага жылля, жыллё спажывецкіх якасцяў. Нам трэба забяспечыць перш за ўсё людзей, якія не маюць жылля», — заявіў Прэзідэнт.

«У Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным кірунку — як удасканаленне таго, што ў нас ёсць»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць эфектыўнага карыстання дзяржаўнай маёмасцю. Вынас прадпрыемстваў з цэнтра горада будзе працягнуты, на старых пляцоўках магчыма развіваць чыстыя вытворчасці.

«Задач вельмі шмат, задачы вельмі няпростыя. І рэформамі гэтыя задачы не вырашыш. Паколькі шмат кажуць аб „пераменах“, я вам павінен сказаць, як я разумею гэтыя рэформы і як мы ішлі па жыцці, рэфармуючыся. У Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным кірунку — як удасканаленне таго, што ў нас ёсць. Мы маем адпаведныя кампетэнцыі, мы маем адпаведныя школы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Супрацоўнічаць дзяржава гатовая з кожным, хто прапануе нешта новае карыснае.

«У нас задачы велізарнай важнасці, якія мы павінны рашыць. І рэформа — гэта будзем удасканальваць, паглыбляць і пашыраць, што мы ўмеем рабіць. Таму рэформы і яшчэ раз рэформы, але як удасканаленне таго, што ў нас ёсць: ці то адукацыя, ахова здароўя, прамысловасць ці сельская гаспадарка», — заключыў Прэзідэнт.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».