Вы тут

Падкормка агуркоў народнымi сродкамi і сакрэты буйнога часнаку


Падкормка агуркоў народнымi сродкамi

Чым толькi не падкормлiваюць дачнiкi агурочныя пасадкi. У ход iдуць дрожджы, попел, хлеб, курыны памёт, цыбульнае шалупiнне, а таксама розныя настоi. I, што самае цiкавае, такiя падкормкi выдатна працуюць. Вось некалькi правераных рэцэптаў.

Дражджамi

Адно з эфектыўных угнаенняў, якое можна прыгатаваць у хатнiх умовах, — гэта падкормка на аснове хлебапякарных дражджэй. Адзiн iх пачак трэба растварыць у 10 л вады, раз на дзень памешваючы, i настойваць трое сутак у цёплым месцы.

Уносiць такую падкормку лепш за ўсё пасля палiву агуркоў, па 0,5 л на адзiн куст. Яна не толькi стымулюе рост агуркоў, але i абараняе iх ад шкоднiкаў. Толькi вазьмiце на заметку, што такую падкормку не варта праводзiць больш чым 2-3 разы за сезон.

Попелам

Дрэўны попел — не менш каштоўнае ўгнаенне для агуркоў: у iм утрымлiваюцца ўсе карысныя элементы, так неабходныя гэтай культуры на працягу росту i фармiравання пладоў.

Падкормлiваць агуркi попелам можна двума спосабамi.

Сухiм попелам. Iм адвольна пасыпаюць глебу пад агуркамi перад палiвам.

Настоем попелу. Для яго прыгатавання трэба змяшаць попел з вадой i настаяць 2 тыднi. На 1 л вады павiнна прыходзiцца 2-3 сталовыя лыжкi попелу.

Праводзiць любую з гэтых падкормак можна 5-6 разоў за сезон. Норма расходу настою — 0,5 л на адзiн куст.

Састаў попелу шмат у чым залежыць ад таго, з чаго ён атрыманы. Напрыклад, попел з драўнiны лiставых парод багаты на кальцый, у попеле з кары i саломы больш фосфару, а попел лугавой травы адрознiваецца высокiм утрыманнем калiю.

Хлебам

Падкормка агуркоў хлебам — выдатная альтэрнатыва ўгнаенням з дражджэй. Каб прыгатаваць хлебнае ўгнаенне для пазакаранёвага ўжывання, варта ў вядры вады замачыць бохан хлеба i настаяць ноч. Ранiцай хлеб неабходна расцерцi i дадаць у ёмiстасць 10 мл ёду. Далей атрыманую масу разводзяць вадой з разлiку 1 л угнаення на 10 л вады i апырскваюць ёй агуркi.

Калi ж настойваць хлеб тыдзень у закрытым вечкам вядры i ў цёплым месцы, то вы атрымаеце добрую каранёвую падкормку. Для яе можна выкарыстаць не цэлы бохан, а чэрствыя скарыначкi, узятыя ў адвольнай колькасцi. Для палiву агуркоў такую «закваску» разводзяць з вадой у суадносiнах 1:3. На адзiн кусцiк павiнна прыходзiцца 0,5 л хлебнага ўгнаення.

Палiваць угнаеннем агуркi можна адзін раз у пяць дзён. Пачынаць падкормкi варта, калi агуркi пачнуць ўтвараць завязi. Працягваць iх можна да самага канца плоданашэння.

Курыным памётам

Нягледзячы на тое што курыны памёт — арганiчнае ўгнаенне, ён утрымлiвае жалеза, медзь, серу, марганец, цынк i кобальт. Таму падкормлiваць iм карысна не толькi агуркi, але i iншыя агародныя i садовыя культуры.

Каб прыгатаваць настой курынага памёту, неабходна залiць яго вадой у прапорцыi 1:20 i пакiнуць на некалькi гадзiн, перыядычна памешваючы. Далей атрыманы раствор трэба працадзiць. Пасля гэтага ён гатовы да ўжывання. Пад адну раслiну рэкамендуецца ўносiць каля 0,5 л настою. Выкарыстоўваць угнаенне на аснове курынага памёту рэкамендуецца тры разы за сезон: у пачатку вегетацыi, падчас цвiцення агуркоў i падчас актыўнага плоданашэння.

Шалупiннем цыбулi

Угнаенне з цыбульнага шалупiння добрае тым, што яго можна выкарыстоўваць як для каранёвай, так i для пазакаранёвай падкормкi. Пры гэтым апырскванне i палiў агуркоў настоем цыбульнага шалупiння — гэта не толькi паўнавартасная падкормка, але i абарона ад хвароб.

Такi настой гатуецца з 20 г шалупiны i 5 л цёплай вады. Сумесь павiнна атрымлiвацца на працягу чатырох дзён, пасля чаго яе варта працадзiць. Такая падкормка карысная не толькi агуркам, але i многiм iншым агароднiнным культурам, у прыватнасцi таматам.

Як правiльна падкормлiваць агуркi настоямi i адварамi

  • Паколькi настоi i адвары часцей за ўсё з'яўляюцца канцэнтраванымi, то, каб палiваць або апырскваць агуркi, угнаенне варта развесцi вадой.
  • Агуркi можна палiваць двума спосабамi: непасрэдна пад корань i ў баразёнку, праведзеную ўздоўж шэрагу раслiн на адлегласцi 6-7 см ад iх.
  • За ўвесь сезон гэтую культуру рэкамендуецца падкормлiваць 3-4 разы.

Добры рост агуркоў i iх плоданашэнне шмат у чым залежаць ад правiльных падкормак. А якiя ўгнаеннi для гэтага выкарыстаць — кожны агароднiк вырашае сам.


Сакрэты буйнога часнаку

Азiмы часнок выпусцiў стрэлкi, стрэлкi абламалi i выкарысталi — хто на ежу, хто на ўгнаенне. Не забылiся пакiнуць некалькi стрэлак для сiгналу да ўборкi. I вось настаў час яшчэ адной важнай аперацыi — адграбання зямлi ад галовак.

Чаму гэта так важна i дзейсна? Падчас выспявання зярнят на стрэлках (так званых бульбачках) i адрастання галоўкi часнок пры наяўнасцi вельмi моцных глыбокiх каранёў цягне галоўку ўнiз. Яму гэта трэба для заглыблення галоўкi на зiму.

Нам жа патрэбна буйная галоўка, каб выкапаць восенню.

Таму бяром прыдатны iнструмент i «вызваляем» галоўкi, роўна напалову павiнны яны тырчаць з зямлi. Робiцца гэта прыкладна за 3-4 тыднi да ўборкi часнаку. Нагадаем, што яе трэба рабiць, калi нiжняе лiсце пажоўкла, а абалонка на бульбачках высахла i лопнула.

Ёсць яшчэ адзiн добры момант у адграбаннi зямлi ад часночных галовак. Можна адразу заўважыць, калi якая з iх стала распадацца на зубкi яшчэ ў градцы, i неадкладна яе выкапаць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.