Вы тут

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi


Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя. Ад павышанага цiску пакутуе каля 2,2 мiльёна беларусаў, а гэта кожны трэцi дарослы. I распаўсюджанасць хваробы расце. Пры гэтым толькi 9,5 % хворых пастаянна прымаюць неабходныя прэпараты, якiя дазваляюць кантраляваць артэрыяльны цiск. А між тым артэрыяльная гiпертэнзiя выступае асноўным фактарам рызыкi ў развiццi цяжэйшых сардэчна-сасудзiстых хвароб, якiя з'яўляюцца прычынай смерцi насельнiцтва больш чым у палове выпадкаў. Сярод найбольш распаўсюджаных — хранiчная iшэмiчная хвароба сэрца i вострыя формы — iнфаркт мiякарда, iнсульт i парушэннi мазгавога кровазвароту.


«52 % насельнiцтва не кантралюе свой цiск»

— Хваробы сiстэмы кровазвароту займаюць першае месца ў нашай краiне сярод прычын смерцi. Больш за 50 % насельнiцтва памiрае менавiта ад iх, — расказвае загадчык кафедры кардыялогii i рэўматалогii БелМАПА Андрэй ПРЫСТРОМ. — Пры гэтым унёсак фактараў рызыкi ў развiццё сардэчна-сасудзiстых хвароб большы за 50 %, а правiльна падабранай тэрапii — значна меншы. Таму вельмi важна быць адказным за сваё здароўе i кантраляваць фактары рызыкi.

Артэрыяльная гiпертэнзiя — якраз той фактар, якi можна кантраляваць, прымаючы падабраныя доктарам прэпараты. Праўда, не ўсе гэта робяць правiльна. А 52 % насельнiцтва ўвогуле не кантралюе свой цiск.

— У нас мае месца нiзкая прыхiльнасць да лячэння. Хворы прымае лекi тры месяцы, цiск нармалiзуецца, бо мы сёння валодаем эфектыўнымi гiпатэнзiўнымi прэпаратамi. А праз тры месяцы кiдае iх прымаць, бо цiск стаў нiжэйшы. I вяртаецца да таблетак ужо пасля чарговага гiпертанiчнага крызу. Заўважу, што калi пацыент не лечыцца, рызыка ўскладненняў дасягае 43 %, калi лечыцца нерэгулярна — 37 %, — адзначае вядучы навуковы супрацоўнiк лабараторыi артэрыяльнай гiпертанii РНПЦ «Кардыялогiя» Таццяна НЯЧОСАВА.

Яна падкрэслiвае, што Сусветная арганiзацыя аховы здароўя ставiць мэту да 2025 года знiзiць смяротнасць ад сардэчна-сасудзiстых хвароб на 25 %. Пры гэтым эксперты арганiзацыi прагназуюць, што колькасць людзей з павышаным цiскам вырасце на планеце да 1,5 мiльярда, гэта значыць колькасць гiпертонiкаў павысiцца на 60 %.

«Каля 60 % беларусаў мае большую вагу, чым рэкамендавана»

Iстотнымi фактарамi рызыкi ўзнiкнення артэрыяльнай гiпертэнзii з'яўляюцца курэнне, высокi халестэрын, лiшняя вага i атлусценне, цукровы дыябет.

— У Беларусi курыць 27 % насельнiцтва. I гэты фактар рызыкi ўзнiкнення iнфаркту мiякарда пераважвае ўсе астатнiя разам узятыя, — аргументуе Андрэй Прыстром. — Вялiкi працэнт насельнiцтва мае высокi халестэрын, i толькi 3,1 % яго кантралюе. Каля 35 % беларусаў мае лiшнюю вагу, а ў 25 % увогуле атлусценне. Уявiце, каля 60 % нашага насельнiцтва мае большую вагу, чым рэкамендавана. Сярод вядучых фактараў рызыкi i цукровы дыябет, колькасць выпадкаў якога ў свеце iмклiва расце.

У Канадзе i ЗША правялi даследаванне, якое красамоўна сведчыць пра знiжэнне смяротнасцi пры ўплыве на фактары рызыкi. З 1994 да 2005 года там удалося скарацiць смяротнасць ад iшэмiчнай хваробы сэрца на 30 %.

— Унёсак хiрургiчнага i тэрапеўтычнага лячэння ў гэтае змяншэнне склаў 43 %, уплыву на фактары рызыкi — 48 %, — адзначае Таццяна Нячосава. — Лячэнне вострага iнфаркту мiякарда паўплывала, напрыклад, на 8 %, а знiжэнне ўзроўню халестэрыну — на 23 %. Лячэнне хранiчнай iшэмiчнай хваробы сэрца паўплывала на 17 %, хранiчнай сардэчнай недастатковасцi — на 10 %, а знiжэнне сiсталiчнага цiску — на 20 %.

Для кантролю свайго стану здароўя кожны дарослы павiнен ведаць свае бiямаркеры.

  • Халестэрын — меней за 5 ммоль/л.
  • Каэфiцыент атэрагеннасцi — меней за 4.
  • Лiпапратэiны нiзкай шчыльнасцi — меней за 3.
  • Трыглiцэрыды — меней за 2 ммоль/л.
  • Лiпапратэiны высокай шчыльнасцi — больш за 1,1 ммоль/л у мужчын i 1,2 ммоль/л у жанчын.

Самае складанае — фiзiчная актыўнасць

Таццяна Нячосава кажа, што змянiць спосаб жыцця, каб прадухiлiць артэрыяльную гiпертэнзiю, не так i складана.

— У 2010 годзе ўрачы Вiцебска, Брэста i Мiнска правялi даследаванне, у якiм удзельнiчала 1470 пацыентаў. Iх назiралi цягам года. Акрамя падбору таблетак, урачы давалi памяткi i рэкамендацыi па харчаваннi i фiзiчнай актыўнасцi. У вынiку 64 % пацыентаў дасягнулi кантролю артэрыяльнага цiску. Каля 74 % памянялi харчаванне. Складаней за ўсё змянiць свае адносiны да фiзiчнай актыўнасцi, — адзначае медык. — Для гiпертонiка галоўнае хадзьба — неабавязкова бегаць марафоны цi ў трэнажорнай зале паднiмаць штангу. Прычым i хадзiць неабавязкова 10 тысяч крокаў у дзень. Дастаткова зрабiць нагрузку пастаяннай i выпрацаваць у сябе гэту звычку.

Спецыялiст адзначыла, што ўсё часцей артэрыяльная гiпертэнзiя сустракаецца ў падлеткаў. Бо яшчэ адзiн фактар рызыкi — павышаны ўзровень мачавой кiслаты.

— А гэта падагра. Хто меў хоць адзiн яе прыступ, памятаюць яго ўсё жыццё. Але ёсць i бессiмптомнае цячэнне, што часта сустракаецца ў моладзi. Узровень мачавой кiслаты павышаюць пiва, iншыя алкагольныя напоi, а таксама фруктоза. Папiлi салодкай газiроўкi — узровень мачавой кiслаты павысiўся. А ён павiнен быць нiжэйшы за 360.

Не адмяняйце прэпарат, якi прымалi да эпiдэмii

Спецыялiсты пакуль не робяць адназначных ацэнак наконт таго, як каранавiрусная iнфекцыя паўплывала на ўзровень сардэчна-сасудзiстых хвароб. Але ўпэўненыя, што ў хуткiм часе колькасць пацыентаў павялiчыцца.

— Людзi, якiх штосьцi непакоiла, заставалiся дома, бо баялiся заразiцца. I падчас пiка каранавiруснай iнфекцыi мы назiралi змяншэнне колькасцi пацыентаў, якiя да нас паступалi, — кажа намеснiк дырэктара па тэрапеўтычнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогiя» Алена КУРЛЯНСКАЯ. — Таму мы чакаем пiка ў асеннi перыяд i не выключаем, што многiя дацягнуць да сардэчна-сасудзiстай катастрофы.

— Важна прымаць прэпараты, якiя вы прымалi раней, — дадае Андрэй Прыстром. — У Еўропе, напрыклад, падчас пандэмii на 15 % знiзiлася прыхiльнасць да лячэння. Памятайце, што калi ў вас артэрыяльная гiпертэнзiя цi цукровы дыябет, яны павiнны кантралявацца. Толькi ў выпадку, калi вы заразiлiся, урач можа адмянiць некаторыя прэпараты — тут ёсць нюансы.

Таццяна Нячосава звяртае ўвагу на тое, што публiкацыi, нiбыта iнгiбiтары АПФ (яны прызначаюцца пры сардэчна-сасудзiстых хваробах) дрэнна сябе зарэкамендавалi пры каранавiруснай iнфекцыi, не пацверджаны маштабнымi даследаваннямi. Урач заклiкае нi ў якiм разе самастойна не адмяняць той прэпарат, якi вы прымалi да эпiдэмii. Менавiта такую выснову зрабiла сусветная медыцынская супольнасць.

Каб жыць доўга i шчаслiва...

Таццяна Нячосава згадала даследаванне, якое праводзiлi ў Гарвардзе цягам 70 гадоў, калi пяць пакаленняў урачоў назiралi i перадавалi адно аднаму сваiх пацыентаў. У вынiку выйшла кнiга, дзе сфармуляваны асноўныя пастулаты шчаслiвага i здаровага жыцця. Першы з iх — хварэць можна, але нельга адчуваць сябе хворым. Да любой хваробы трэба ставiцца як да дарожнага здарэння, але нельга яго ўспрымаць як асноўны сцэнарый жыцця. Другi элемент — каханне, а шчаслiвы шлюб — надзейная прыкмета даўгалецця. Трэцяя выснова, якую зрабiлi вучоныя, — добрыя людзi жывуць даўжэй i шчаслiвей, чым злыя, бо варожы настрой — адзiн з фактараў рызыкi каранарнай недастатковасцi. Важным вучоныя назвалi i клопат пра душу, чаму спрыяюць ёга i медытацыя. I апошнi элемент — вучыцца нiколi не позна. Напрыклад, людзi, якiя любяць чытаць кнiгi, жывуць у сярэднiм на шэсць гадоў даўжэй за тых, хто не вiтае такi занятак. Бо разумовая актыўнасць станоўча ўплывае на захаванне цвярозага розуму да глыбокай старасцi.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».