Вы тут

Бяспечны манiкюр. У салоне цi ў дамашнiх умовах?


Прыгожыя i дагледжаныя рукi — вiзiтоўка любой жанчыны. Акуратны манiкюр характарызуе яго ўладальнiцу толькi са станоўчага боку. Але як зрабiць так, каб гэтая рэгулярная працэдура была бяспечная: аддаваць перавагу толькi майстру ў салоне, або можна рабiць яго ў дамашнiх умовах? Як не атрымаць небяспечныя iнфекцыi, сярод якiх гепатыт В i С, ВIЧ, грыбок i герпес? Пры гэта расказала памочнiк урача-гiгiенiста Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Таццяна Ляшкевiч.


— Калi вам падабаецца ваш майстар, да якога вы прыходзiце дадому, можаце карыстацца яго паслугамi. Але важна памятаць, што спецыялiст павiнен прытрымлiвацца ўсiх правiл бяспекi, — адзначае медык.

Ёсць некалькi рэчаў, на якiя варта звярнуць увагу, перад тым як даверыцца майстру. Спецыялiст па манiкюры абавязаны мець даведку аб стане здароўя з адзнакай аб праходжаннi гiгiенiчнага навучання, якую павiнен прад'явiць па вашым патрабаваннi. Звярнiце ўвагу на тое, што працаваць ён мусiць у аднаразовых пальчатках i масцы. Перад тым як пачаць рабiць манiкюр, майстар павiнен апрацаваць вашы рукi антысептыкам. Спецыялiсту трэба мець у наяўнасцi некалькi камплектаў iнструментаў, бо апрацоўка кожнага з iх (калi яна адбываецца па ўсiх правiлах) займае не менш за дзве гадзiны. Перад пачаткам працэдуры майстар павiнен у вашай прысутнасцi адкрываць iнструмент у спецыяльных крафт-пакетах са стыкерамi, на якiх пазначаны час i дата стэрылiзацыi.

Важна памятаць, што калi падчас працэдуры была пашкоджана цэласнасць скурных покрываў, неабходны дэзынфекцыйныя i стэрылiзацыйныя мерапрыемствы. А iнструмент абавязкова павiнен прайсцi ўсе этапы апрацоўкi ў строгай паслядоўнасцi. Па-першае, гэта дэзынфекцыя. Яна знiшчае грыбы, бактэрыi, вiрусы i iншыя мiкраарганiзмы. Калi яе прапусцiць, яны могуць трапiць на iншыя прадметы з усiмi наступствамi. Па-другое, ачыстка, што дазваляе змыць часцiнкi скуры, крывi, рэшткi касметычных сродкаў, пыл, якiя не ўдалося выдалiць падчас дэзынфекцыi. Супраць рэшткаў куцiкулы цi старога лаку бяссiльная нават стэрылiзацыйная апрацоўка. Ачыстка праводзiцца спецыяльнымi растворамi цi вiбрацыйнымi шчоткамі-абразiвамi. Апошнi этап — стэрылiзацыя — тэрмiчнае знiшчэнне спор патагеннай мiкрафлоры. Для гэтай працэдуры выкарыстоўваецца абсталяванне, якое дапамагае дасягнуць звышвысокiх тэмператур.

Звяртайце ўвагу на гэтыя важныя моманты i памятайце, што ваша здароўе залежыць у тым лiку ад бяспечных паводзiн навакольных.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?