Вы тут

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў


Днямi Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў. Да гэтай даты быў прымеркаваны запуск найноўшага спецыялiзаванага комплексу для падрыхтоўкi спецыялiстаў. Размясцiўся ён на базе Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў ведамства.


— Кiраўнiк дзяржавы паставiў задачу — забяспечыць якасную падрыхтоўку кадраў, — адзначае старшыня Дзяржаўнага камiтэта судовых экспертыз Андрэй Швед. — I сёння мы можам казаць, што яна выконваецца эфектыўна. Але гэта можа быць толькi дзякуючы двум складнiкам — высокаквалiфiкаваным, сумленным, старанным экспертам i сучаснай матэрыяльна-тэхнiчнай базе. Штогод мы ўкараняем новыя вiды экспертыз. Адпаведна, трэба рыхтаваць людзей. Толькi за апошнiя пяць гадоў у сценах iнстытута асвоена 18 новых спецыяльнасцяў, што адпавядае неабходнасцi падрыхтоўкi кадраў па многiх вiдах экспертыз.

Андрэй Швед адзначыў, што такая ўстанова на постсавецкай прасторы ўнiкальная. Тут сабраныя ўсе магчымасцi для падрыхтоўкi спецыялiстаў у сферы судовай экспертызы. У тым лiку — i замежных. Што, у сваю чаргу, забяспечвае трывалы прыток валюты ў краiну:

— Толькi за апошнi год больш за 1000 экспертаў, у тым лiку 70 з iншых краiн, прайшлi ў нас перападрыхтоўку. На некаторых спецыяльнасцях у iнстытуце тэрмiн навучання складае паўтара года. Пул заявак на найблiжэйшыя гады ўжо складзены. Бюджэт атрымаў больш за 200 тысяч долараў. Асноўная частка гэтых грошай выдаткаваная на набыццё сучаснага абсталявання для патрэб iнстытута. У гэтым ёсць свая спецыфiка. Так, мы iмкнёмся ўкараняць у нашу работу ўсе беларускiя распрацоўкi, але ёсць сегмент тэхнiкi, якi вырабляецца толькi ў замежжы — Злучаных Штатах Амерыкi, Японii, Паўднёвай Карэi, Германii.

Мадэрнiзацыя вучэбнай базы iшла паўтара года. У Iнстытуце арганiзаваны навучальныя лабараторыi па розных кiрунках судовай экспертызы, абсталяваныя сучаснымi адмысловымi комплексамi. У лабараторыi судова-медыцынскiх даследаванняў маецца сiстэма сканавання гiсталагiчных прэпаратаў. Ва ўсёй краiне такiх толькi чатыры. Сярод яе магчымасцяў — алiчбоўка i маштабаванне малюнка пад мiкраскопам у рэжыме рэальнага часу з магчымасцю трансляцыi праз iнтэрнэт. Гэта дазваляе, мiж iншым, калегiяльна разглядаць атрыманыя вынiкi падчас анлайн-дэманстрацыi, што ў сваю чаргу павялiчвае практычную скiраванасць навучання. Пры неабходнасцi на гэтым прыборы можна праводзiць даследаваннi не толькi ў мэтах навучання, але i ў межах расследавання крымiнальных спраў.

У iнстытуце месціцца шмат iншых лабараторый — лiнгвiстычная, фонаскапiчная, мастацтвазнаўчая, iнавацыйных тэхналогiй... Вельмi цiкавы кабiнет, у якiм вучаць праводзiць трасалагiчныя даследаваннi. Гэта значыць, рабiць заключэннi па пакiнутых матэрыяльных слядах. Чаго тут толькi няма ў якасцi прадмета навучання — замкi, дзверы, вопратка...

— У гэтым кабiнеце мы вучым высвятляць прыкметы ўзлому замкоў, адбiткаў пальцаў, слядоў абутку, фарбавальных сродкаў, — каментуе прарэктар па навучальнай рабоце Вадзiм Пазняк. — Таксама ў нашай кампетэнцыi — складанне цэлага па фрагментах. Напрыклад, чалавек разбiў фару ў аўтамабiлi i з'ехаў з месца ДТЗ. Задача эксперта — сабраць усю «мазаiку», каб высветлiць, як прыйшоўся ўдар.

Адна з задач лабараторыi, прызначанай для спецыяльных экспертыз, — навучыць эксперта адбiраць для даследаванняў пахi. А таксама — абыходзiцца са спецыяльнай тэхнiкай у палявых умовах.

— Нязменны атрыбут судовага эксперта, з якiм ён адпраўляецца на выезд на месца здарэння, — гэта спецыялiзаваны чамадан з рознымi прыстасаваннямi, — адзначае старшы выкладчык Таццяна Дудко. — Цяпер яны таксама робяцца ў Беларусi. Чамадан гэты важыць 12 кiлаграмаў. На першы погляд — шмат. Але ўзмоцнены корпус мусiць быць для таго, каб эксперт мог размясцiцца на любой мясцовасцi, каб спакаваць пробы цi запоўнiць працэсуальныя дакументы. Ён жа не будзе цягаць з сабой у палi i лясы адмысловае крэсла.

Таццяна Дудко дэманструе некалькi iнструментаў, якiмi карыстаюцца судовыя эксперты. У iх арсенале ёсць звычайныя рулеткi, але на змену iм ужо прыходзяць лазерныя дальнамеры. Яны незаменныя ў цяжкадаступных месцах. Яшчэ адзiн прыбор дазваляе высветлiць наяўнасць праводкi ў сценах. Ёсць у эксперта i партатыўны цеплавiзар — для вымярэння тэмпературы аб'екта на адлегласцi.

Асаблiвы гонар iнстытута — спецыяльны крымiналiстычны палiгон. Ён дазваляе ў сцiслыя тэрмiны змадэляваць любую абстаноўку месца здарэння. Гэта трэба для таго, каб будучыя спецыялiсты вучылiся працаваць у самых розных сiтуацыях.

— На iм стажоры могуць пабачыць, як след з месца здарэння забiраецца на месцы здарэння, трапляе да эксперта i як ён з iм працуе, — заўважае рэктар iнстытута Iрэна Лапiна. — Першы допуск, якi атрымлiвае эксперт, — гэта агляд месца здарэння... Акрамя таго, пры дапамозе спецыялiзаванага кулеўлоўнiка можна на практыцы спасцiгаць тонкасцi балiстычнай экспертызы. Ёсць нават прыстасаванне для вымярэння нацяжэння цецiвы ў арбалетах.

У тэму

Лабараторыя Дзяржкамітэта судовых экспертыз увайшла ў тройку найлепшых у свеце

Лабараторыя даследавання нафтапрадуктаў і гаруча-змазачных матэрыялаў Дзяржкамітэта прымала ўдзел у даследаванні Round Robіn, у якім спаборнічалі 19 лабараторый з 16 краін свету, паведамілі БелТА ў ДКСЭ.

Трэба было вызначыць від двух разліваў нафтапрадукту, выяўленага ў выглядзе плям на прыбярэжнай тэрыторыі Іспаніі. Акрамя гэтага, неабходна было высветліць знешнія фактары навакольнага асяроддзя, якія паўплывалі на хімічны састаў разлітага нафтапрадукту, выявіць крыніцу забруджвання.

Узорамі для параўнання сталі пробы, якія ўзялі з маторнага адсека судна, заўважанага ў месцы разліву за некалькі дзён да выяўлення плям нафтапрадуктаў. Выкарыстоўваліся матэрыялы, узятыя на нафтаперапрацоўчым заводзе, які знаходзіцца побач з месцам разліву.

Справаздачу беларускіх экспертаў камісія ацаніла на 96 балаў са 100 магчымых. «Ацэньваліся якасць атрыманых даных, правільнасць вызначэння тыпу нафтапрадуктаў і падабенства паміж імі, паўната і дэталізацыя заключэння», — адзначылі ў ведамстве.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Загаловак у газеце: Новае абсталяванне для судовых экспертаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.