Вы тут

Зручнасці стымулююць эка-рух


З дапамогай праекта «Зялёныя гарады» ў Наваполацку ўсталёўваюць першыя велагаражы


Так, у Наваполацку на вуліцах з’яўляюцца новыя аб’екты веласіпеднай інфраструктуры — велагаражы. Яны ўсталёўваюцца ў рамках рэалізацыі праекта «Зялёныя гарады», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Эксперт Праекта па ўстойлівай гарадской мабільнасці Павел Астапеня спадзяецца, што з’яўленне велагаражоў у цэлым надасць імпульс развіццю веларуху ў горадзе.

Па словах Паўла, у рамках розных сацыялагічных апытанняў, якія праводзіліся ў Наваполацку, жыхары выказваліся пра недахоп месцаў для захоўвання веласіпедаў. Многія, у каго ёсць веласіпед, па гэтай прычыне альбо ім не карыстаюцца наогул, альбо карыстаюцца вельмі рэдка.

— Відавочна, што з’яўленне велагаражоў можа ў прынцыпе стымуляваць сесці на веласіпед чалавека, які раней пра гэта і не задумваўся, — мяркуе Павел.

Усяго ў Наваполацку будзе ўсталявана пяць велагаражаў. Кожны разлічаны на 20 веласіпедаў. Месцы для іх устаноўкі выбіралі гарвыканкам і прадстаўнікі службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Да сваёй эксплуатацыі велагаражы неўзабаве будуць гатовыя. Але вось хто зможа імі карыстацца — пытанне пакуль адкрытае.

— У любым выпадку, вырашаць будуць гарадскія ўлады, я толькі як эксперт магу выказаць сваё бачанне, на якім і буду настойваць, — кажа Павел Астапеня.

На думку эксперта, той, хто будзе карыстацца велагаражом, павінен уносіць нейкую плату, няхай нават сімвалічную. Трэба разумець, што такі аб’ект недастаткова проста ўсталяваць. Яго трэба ўтрымліваць. Гэта і відэаназіранне, і неабходнасць у нейкай замыкальнай прыладзе, і мінімальная ўборка. Калі ж карыстанне гаражом будзе бясплатным, то досвед Мінска паказвае, што нічым добрым гэта хутчэй за ўсё не скончыцца. Тыя гаражы, якімі ў сталіцы можна было карыстацца бясплатна, праз некалькі месяцаў ператварыліся ў пляцоўкі па збору смецця.

— Таму я адназначна выступаю за тое, каб утрыманне велагаражоў нейкім чынам кампенсавалася, — заключае Павел.

У якасці станоўчага прыкладу Павел Астапеня прыводзіць досвед сталічнага мікрараёна «Зялёны Бор», дзе ўсталяваныя вялікія велагаражы, і з якімі ўсё ў парадку. Імі могуць карыстацца мясцовыя жыхары, у кожнага ёсць ключ, але плата за гэтую паслугу цэнтралізавана ўключаецца ў «жыроўкі».

Ёсць і яшчэ станоўчыя прыклады. Напрыклад, дзейнічае іншая сістэма, ужо досыць распаўсюджаная ў Мінску, калі з карыстальнікам заключаецца дамова на захоўванне веласіпеда. Плата складае 7–8 рублёў у месяц, веласіпед пад замком, у гаспадара ёсць ключ. І гэта ўсё таксама дастаткова паспяхова функцыянуе.

На погляд Паўла, Наваполацк можа пайсці як па шляху «звычайных замкоў з ключамі», так і па «хай-тэк» варыянце, калі картка адкрывае электронны замок, які падключаны да невялікай сонечнай батарэі, і ад яе ж працуе вэб-камера відэаназірання. Такое рашэнне зусім недарагое.

Магчыма, што ў велагаражах не хопіць месца ўсім ахвочым.

— Я быў бы рады, калі б такое адбылося, — іранізуе Павел. — Але цяпер гэта прадказаць, напэўна, немагчыма. Таму мы і ўкараняем «пілотныя» праекты, каб пераканацца ў эфектыўнасці таго ці іншага рашэння, а потым ужо тыражаваць пазітыўны досвед.

Павел Астапеня лічыць, што калі будзе абраны шлях на бясплатнае карыстанне велагаражамі, але пры тым яны будуць ахоўвацца, то хутчэй за ўсё так і адбудзецца — месцаў у іх можа не хапіць. Дарэчы, канструкцыя гаража прадугледжвае ўшчыльненне, павелічэнне колькасці месцаў для захоўвання веласіпедаў у выпадку неабходнасці. Калі ж за захоўванне веласіпеда ўсё ж такі давядзецца плаціць — ажыятажнага попыту на такія велагаражы напэўна чакаць не варта.

Дарэчы, у найбліжэйшы час у Наваполацку можа прыкметна павялічыцца колькасць палос для руху веласіпедыстаў, якія будуць выкананыя па аналогіі з той, якая ўжо ёсць на вуліцы Маладзёжнай. Горад рыхтуецца абнаўляць дарожную разметку, і «Зялёныя гарады» ініцыявалі адпаведны праект, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Дзяржаўтаінспекцыі. Калі ён будзе ўхвалены, новыя палосы для веларуху з’явяцца на шэрагу іншых гарадскіх вуліц.

Акрамя гэтага, «Зялёныя гарады» плануюць падоўжыць у Новаполацку веладарожку, якая цяпер ідзе ў парку паміж вуліцамі Коласа і Узбярэжнай. Веладарожка пройдзе цераз мост, на другі бок ракі, дзе яе працягласць уздоўж Заходняй Дзвіны складзе больш за паўтара кіламетра.

Алег Багамазаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.