Вы тут

У мінскім студатрадзе больш за 500 студэнтаў працуюць слесарамі-зборшчыкамі бытавой тэхнiкi


У студэнцкiх атрадах БРСМ у разгары трэцi працоўны семестр. У рамках маштабнага маладзёжнага вытворчага праекта сумесна з буйным прадпрыемствам краiны — ЗАТ «Атлант», пачынаючы з 1 лiпеня больш за 500 студэнтаў з ВНУ Беларусi i Расii прыступiлi да работы на аб'ектах Мiнскага завода халадзiльнiкаў. Там хлопцы i дзяўчаты працуюць у якасцi слесараў-зборшчыкаў бытавой тэхнiкi. Пра ўражаннi студэнтаў пасля амаль двух працоўных тыдняў мы распыталi ў некаторых байцоў незвычайнага студатрада.


Студатрад «Эйфарыя».

Дваццацiдвухгадовая Крысцiна ХУБУЛАВА, чацвёртакурснiца Сiбiрскага ўнiверсiтэта фiзiчнай культуры i спорту — камандзiр праекта «Атлант-2020». У студатрадаўскiм руху дзяўчына ўжо чатыры гады, заўсёды займала адказныя пасады камандзiра або камiсара розных праектаў, прызнаецца, што гэта ёй вельмi падабаецца. Вось i сёлета Крысцiна разам з камiсарам Кiрылам Раманавым, студэнтам-чацвёртакурснiкам Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, курыруюць 12 зводных атрадаў на прадпрыемстве.

— Гэта новы для ўсiх нас вопыт, сюды ў асноўным набiралi тых, хто яшчэ нiколi не быў у студатрадзе, таму прыемнае хваляванне перад першымi працоўнымi буднямi было. Аднак ужо зараз магу сказаць, што студэнтам працаваць тут спадабалася. Хлопцы i дзяўчаты заступаюць у дзве змены па восем гадзiн штодня, за кожным з iх замацаваны вопытны майстар. Жывём у iнтэрнаце, дзе вельмi ўтульна i добра кормяць, адпачынак праводзiм актыўна. Да закрыцця працоўнага семестра, якое адбудзецца 21 жнiўня, запланаваны спаборнiцтвы па футболе, валейболе, стрытболе, тэнiсе, шахматах, цiкавыя конкурсы накшталт «Вiзiтоўка атрада», на найлепшую студатрадаўскую песню, таксама iнтэлектуальныя гульнi, творчы фестываль «АтлантФЭСТ». I гэта далёка не ўвесь спiс, — расказвае Крысцiна.

Камандзір праекта «Атлант-2020» Крысціна Хубулава і камісар Кірыл Раманаў.

Дзяўчына дзелiцца, што ў наступным годзе ёй хацелася б i надалей удзельнiчаць у падобных праектах: «Калi ўпершыню замест тыповага адпачынку летам я абрала работу ў студатрадзе, з боку матулi сустрэла неразуменне. Аднак праз некаторы час яна ўбачыла, наколькi гэта для мяне важна i цiкава. Я стала больш адкрытай i камунiкабельнай, лiчу, што гэты вопыт безумоўна дае добры старт для ўсебаковага развiцця кожнага студэнта».

Дваццацiгадовы Уладзiслаў САВЕЛЬЕЎ, чацвёртакурснiк Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, на «Атланце» займае пасаду камандзiра ў «Эйфарыi» — атрадзе сваёй ВНУ.

— Дагэтуль два гады запар летам ездзiў на Усебеларускую маладзёжную будоўлю. Аднак сёлетнi праект адрознiваецца ад усiх папярэднiх, таму цiкава, што ён нам прынясе. Адбор байцоў на праект «Атлант-2020» пачаўся з верасня мiнулага года. Студэнты на працягу некалькiх месяцаў паказвалi свае здольнасцi i ўменнi, удзельнiчалi ў розных мерапрыем-
ствах, i ўвесну мы канчаткова вызначылiся з камандай, — усяго ў нас у атрадзе 11 хлопцаў i дзве дзяўчыны. Наш атрад стартаваў на аб'екце першага лiпеня. Спачатку многiм было нялёгка з-за таго, што доўга трэба стаяць на нагах, аднак хутка прызвычаiлiся. Мае абавязкi як камандзiра заключаюцца ў тым, каб вырашаць пытаннi, якiя ўзнiкаюць у каманды, узаемадзейнiчаць з камiсарам, а таксама выконваць работу на самiм прадпрыемстве. Напрыклад, калi кагосьцi паставiлi на складаны працэс i чалавек не спраўляецца, я звяртаюся да майстра i ён дае студэнту iншае, лягчэйшае заданне. У асноўным хлопцы стаяць на канвееры, збiраюць халадзiльнiкi, а дзяўчаты сочаць за тым, каб усё было зроблена якасна, а затым абклейваюць тэхнiку брэндзiраванымi наклейкамi.

Уладзiслаў лiчыць, што праца ў студатрадзе на такiм маштабным праекце — гэта не толькi добрая магчымасць падзарабiць студэнту, а таксама стымул годна прадставiць свой унiверсiтэт сярод iншых. «Мая галоўная мэта на гэты час — набрацца вопыту i, калi атрымаецца, у далейшым стаць адным з удзельнiкаў галоўнага каманднага складу БРСМ. Гэта вельмi крута!»

Васямнаццацiгадовая Ангелiна ТУРОК, студэнтка трэцяга курса Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, разам з Уладзiславам працуе на «Атланце» ў адным атрадзе. Аб праекце дзяўчына даведалася ад сваёй сяброўкi. «Паехалi туды разам?», — прапанавала яна Ангелiне, i вось яны ў складзе каманды «Эйфарыi».

— Зразумела, быў страх, раптам штосьцi не атрымаецца, будзе фiзiчна цяжка, не ведала, чаго чакаць ад нашай задумы, — усё ж такi дзяўчат тут няшмат. Аднак хутка зразумела, што хвалявацца не варта, спецыялiсты ўсяму навучаць. Бацькi таксама падтрымалi. У першы рабочы дзень было даволi цяжка, але надалей ужо стала прасцей, i перажываннi амаль сышлi. Мы працуем на аб'екце i ў першую, i ў другую змену. Праз кожныя дзве гадзiны — перапынкi, у тым лiку i на абед. Таксама калi на працягу дня ёсць вольны час, абмяркоўваем i рыхтуемся да наступных мерапрыемстваў. Пасля насычанага дня вяртаемся ў iнтэрнат, i добра тое, што ў маiм блоку жывуць дзяўчаты з iншых атрадаў, можна падзялiцца з iмi сваiмi ўражаннямi i паслухаць iх.

Ангелiна ўпэўнена, што працоўны семестр на «Атланце» пройдзе лёгка i цiкава: «Хачу тут знайсцi сяброў i атрымаць карысны вопыт для будучынi, добра правесцi час з iншымi студэнтамi. А яшчэ важнай матывацыяй для мяне з'яўляецца магчымасць зарабiць уласныя грошы для далейшага навучання ў аўташколе. Думаю, студатрад дае маладым людзям уяўленне пра фiзiчную працу i разуменне таго, што грошы не прыходзяць лёгка. Папрацаваўшы на заводзе, ужо зусiм па-iншаму стаўлюся да iх. Спадзяюся, у наступным годзе мне пашчасцiць iзноў прыехаць сюды».

Для дваццацiгадовага студэнта Беларуска-Расiйскага ўнiверсiтэта Яўгена ЕРАШОВА працоўнае лета ў рамках студатрада сёлета адбылося ўпершыню i адразу ўдала, — каманда «BRUklin» выбрала хлопца сваiм камiсарам.

— Наш калектыў складаецца з 28 хлопцаў i адной дзяўчыны, — самых актыўных, iнiцыятыўных маладых людзей нашай ВНУ. У нас усе роўныя па значнасцi, гэта безумоўна крута: калi ўзнiкае пэўнае пытанне або праблема, вырашаем іх разам. Спачатку на прадпрыемстве з намi праводзiлася навучанне, iнструктажы. Першы працоўны тыдзень прайшоў для ўсiх нас добра, мы настроеныя на плённую працу. Тут неабавязкова быць вельмi моцным у фiзiчным плане — зыходзячы з фiзiчных даных, для кожнага студэнта майстар знойдзе работу. Радуе, што кожны дзень распiсаны, напоўнены падзеямi, рознымi мерапрыемствамi, як спартыўнымi, так i забаўляльнымi — дакладна не засумуеш.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Iх назвалi Атлантамi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».