Вы тут

Маргарыта Латышкевiч. «Век людзей»


Раман-фэнтэзi. Урывак

Не адзiн месяц «Маладосць» друкуе гэты захапляльны твор, дорачы шматлiкiм аматарам фэнтэзi хвiлiны i гадзiны задавальнення ад ледзь не лiтаральнага сузiрання сюжэтных падзей. Прачытайце ўрывак — i адкажыце: хiба вы не апынулiся там, па той бок старонкi?..


Ледзяны сабака Гона, з гарбатым шыпастым хрыбтом з натапыранымi льдзiнкамi рэдкай поўсцi, плоскаю галавой ды трыма доўгiмi хвастамi, што праразалi ў заснежанай зямлi глыбокiя барозны, падбiраўся ўсё блiжэй, прыпадаючы брухам да зямлi. Правалы вачнiц у аголеным сабачым чэрапе свяцiлiся зеленаватым агнём, а вострыя iклы скалiлiся больш чым непрыязна. Ад ўсёй вусцiшнай постацi так i павявала дыханнем сцюжы — i таксама халоднаю ярасцю.

— Заўсёды... болей любiў катоў, — прашаптаў Ясь. Донай пакруцiў галавой: наўрад цi пачварны кот, складзены з зачараванага лёду, кагосьцi тут парадаваў бы. Сабака ж уцягнуў паветра скрозь зубы i вантробна загыркаў, утаропiўшыся ў Доная i Яся. Злосна шчоўкнуў пашчай, згледзеўшы Ручай, якi поўнiўся пагрозлiвым спевам рун, i зiрнуў далей па дарозе, на замкнёныя вароты вёскi, вiдаць, прымерваючыся, прынюхваючыся.

А там, за ненадзейнаю агароджаю — Донай i сам адчуваў гэта ўнутраным звярыным чуццём — хавалася таропкае бiццё многiх жыццяў, кволых i не абароненых ахоўнымi чарамi. Ды яшчэ клубiлася там тое, што прыцягвае любога драпежнiка, — жах.

Цiкава, трохi адчужана гаварыў сабе Донай, назiраючы за зверам па-над клiнком, як доўга вытрымаюць вароты? Колькi там было выстаўлена дружыннiкаў? Двое, трое? У любым выпадку, замала.

А яшчэ там Сташка.

Донай рыпнуў зубамi i пераступiў з нагi на нагу, адцясняючы Яся плячом трохi назад i ўбок. На ягоны ледзь заўважны рух ледзяны сабака паспешлiва крутануўся i гыркнуў мацней — быццам побач заварочаўся гром. Доўгiя хвасты, складзеныя з шыпастых ледзяных пазванкоў, з сiлаю забiлi па дарозе, высока падкiдваючы камякi бруду ды калiўцы сухой травы.

Цяжкi, думаў Донай, з сумневам звузiўшы вочы. Вядома, такая махiна. Вось ведаць бы, плаваць ён умее? I наколькi ўвогуле плывучы зачараваны лёд?

— Пастараюся адвесцi яго ад вёскi, — прагаварыў Донай цiха. — Сам. Праз бор. Да возера, можа. Там... палонкi.

Ясь, выдыхнуўшы, згодна пакiваў i прашаптаў, каб Донай не хваляваўся — ён, музыка, хутка прывядзе някепскую падмогу.

— Страшнейшую за Гона, — удакладнiў Ясь. — Адно... не дай яму цябе з'есцi да таго.

Донай чмыхнуў, пацёр разгарачаны лоб праваю рукою, думаючы, што апошнiм часам занадта многа iстот так цi iначай спрабавалi пакаштаваць яго на зуб. I выдыхнуў, i рассыпаўся па снезе языкамi белага агню, i абабег ледзянога сабаку агнiстым кальцом. Ганчак закруцiўся, цяжка тупаючы магутнымi лапамi, шчоўкнуў зубамi раз, другi, спрабуючы ўхапiць полымя. Загыркаў раз'юшана — i згледзеў Доная, якi, хiснуўшыся, зноў зрабiўся сабою. Донай ударыў ледзянога сабаку ў правалены бок, мiж рэбраў — але Ручай, дзынкнуўшы, адскочыў ад аплеценага чарамi лёду. Ды i параненая нага Доная падвяла, калi ён неабачлiва перанёс цяжар цела на яе: уваччу пацямнела, зазвiнелi ўнутры чэрапа сярэбраныя званочкi.

— Сцеражыся!.. — крыкнуў Ясь з цемры. Ахнула i зацiхла лютня. Донай пакацiўся па снезе, усляпую ўдарыў кордам. Пасыпалася ледзяная крошка, ганчаковы скiвiцы ляскнулi ў Доная над вухам. Ён ударыў iзноў, перакулiўся цераз плячо — i ўбачыў снег пад сабою i цень, якi падаў на гэты снег зверху, цень, ад якога павявала сцюжаю. Сцiснуўшы зубы, Донай узляцеў iмклiваю вiхураю, рынуўся наперад, да хваёвых узгоркаў, рассякаючы сабою сумёты, праломлiваючыся скрозь сухiя калючыя зараснiкi. Гона памкнуўся следам, i яго халодны подых Донай увесь час адчуваў на сваёй шыi.

Уздымаючы iскрыстую снежную замець, ён пранёсся па схiле мiж хвояў. Ганчак, хакаючы i шчоўкаючы пашчай, з аглушальным тупатам ляцеў следам, задзяваючы хвастамi ствалы дрэваў, так што порстка ўзляталi ўверх драбочкi кары ды сухая iглiца. Мiльгалi дрэвы, мiльгалi пагоркi, зарослыя асiннiкам сухiя лагчыны, равы i бураломы, а возера ўсё не было вiдаць. Хутка Донай з адчаем зразумеў, што пачынае стамляцца, што мiжволi слабее, запавольваецца. А вось ганчак бег нястомна, не разбiраючы дарогi, i званчэй шчоўкаў страшнаю пашчаю, i падвываў на ляту.

У чарговай лагчыне з-пад снегу выбiралася нешырокая ручаiна, схопленая сiняватым iльдом. Донай вiхураю рвануўся праз яе, ажно ўздыбiлася ад ягонага руху ледзяная корка на вадзе, — i, быццам перасекшы нябачную мяжу, раптоўна страцiў усю палётнасць ветру ды бяссiльна павалiўся на звярынай сцежцы да вадапою. Стаяў на карачках, патрэсваючы галавою, i дзiвiўся: куды магла падзецца ўжо звыклая песня таемных знакаў, якая гучала ўвесь час у самой крывi, якая — вяла, без якой унутры было цёмна i пуста? I Ручай у Донаевай руцэ таксама знямеў, не свяцiўся болей ярасным белым агнём, i руны на iм згаслi.

Ганчак праходжваўся ўздоўж вады, злосна ўзрыкваючы, выдыхаючы з правалаў ноздраў серабрыстыя клубы iнею. Перасячы тую нябачную мяжу ўслед за Донаем сабака Гона не рашаўся, толькi скалiўся, рыў магутнаю лапай снег, ярасна бiў хвастамi па засыпаных сухою iглiцай валунах ды карчагах. Донай, абапершыся на корд, падняўся на ногi. Зiрнуў па-над хвоямi, якiя рассыпалiся па навакольных узгорках, на нiзкае пахмурнае неба, што патроху пачынала згасаць. I сэрца Доная абрынулася ў гулкую пустку: анiяк не атрымлiвалася згадаць, у якiм баку ляжала вёска, а дзе мусiла быць возера. Зноў зазвiнелi ў галаве сярэбраныя званочкi, ад якiх падкотвала млосць, i Доная прабрала нядобрая дрыготка.

Ён правёў рукою па валасах, часта выдыхаючы мутныя аблачынкi пары. Ледзяны ганчак дваiўся i вырастаў у Донаевых вачах. Снег пад нагамi патроху цямнеў, налiваўся нядобраю чарнатою, як i крысо курткi, як i ўсё вакол. I зараз, без братавага пляча, без спеву рун унутры, без жывога звону корда, гэтая чарната куды болей пужала — бо Донай застаўся з ёю сам-насам.

— Я не хачу, — прашаптаў Донай чарнаце, адчуваючы, як нямеюць ногi. — Я не...

Сабака, улавiўшы ягоную слабасць, з прагным рыкам скочыў наперад. Донай сустрэў яго ўдарам клiнка, але ад нацiску ледзяной грамады адляцеў назад, павалiўся спiнаю на пругкую сцяну маладога алешнiку. А сабака, кульгаючы, са скавытаннем адхiснуўся ўсiм целам. На льснянай ледзяной лапе бачны быў чорны след ад корда — быццам зброя ў Донаевых руках была распалена дачырвана.

Ганчак раз'юшана ўзвыў i, размахнуўшыся, секануў хвастамi, быццам бiзунамi. Донай ухiлiўся, адступiўшы на крок, другi, ад трэцяга хваста паспеў засланiцца клiнком. Сабака шчоўкнуў зубамi, заскавытаў, бо некалькi пазванкоў таго хваста, што напароўся на клiнок, адляцелi прэч. А пасля, разявiўшы пашчу, кiнуўся, i сiлы, каб унiкнуць, каб ухiлiцца, у Доная не засталося.

Разам з зубастай ледзяною махiнаю ён кулём пакацiўся долу, ломячы алешнiк. Падаючы, сек ды сек усляпую кордам, адбiваючыся ад прагных iклаў, што падбiралiся да горла, што жадалi рваць i нявечыць.

Гэта было трохi зацягнутае, павольнае падзенне, зусiм як у сне, i, зусiм як у сне, вакол узнялася душнай хваляю лiтасцiвая цемра. Ганчака гэтаю хваляй падхапiла i знесла ўбок, i там пачвара са страшэнным грукатам забiлася i завыла, патроху зацiхаючы. А Донай упаў на самае дно цемры i застаўся нерухома ляжаць на стылай утрамбаванай зямлi, усё яшчэ сцiскаючы дзяржальна свайго корда.

Сярэбраныя званочкi ў галаве паступова сцiхлi. Замест iх мякка загаварыў Вельс, што ляжаў тут жа, побач, зусiм як тады, у маленстве, калi яны мусiлi дзялiць адзiн ложак. — Памятаеш, даверлiва шаптаў брат, моцна трымаючыся за Донаеў рукаў, памятаеш, мы тады былi зусiм малыя, i была ў цябе чорная котка? Ласкавая такая, дробненькая i круглая, з доўгiм распушаным хвастом, з шаўковай поўсцю, з цiхiмi далiкатнымi лапкамi, з разумнымi зялёнымi вачыма. I аднойчы котка збегла ў лес, а мы пайшлi за ёю. Памятаеш?..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».