Вы тут

Сяргей Шаматульскi. «Забiтыя дзесяцiгоддзi»


«Твае, мае, яго, нашы i, несумненна, чужыя: дзевяностыя — згубная настальгiя», — так пачынае свае разважаннi пра страчаны час аўтар калонкi з назвай, якая менавiта да гэтых разваг больш за ўсё i пасуе, — «Артэфакты памяцi».


Рай заканчваўся за футбольным полем. Там, на доўгiм пероне, кiнутым шэрай стужкай памiж пуцямi, была яго мяжа. Чыгуначны канец усяго. Рыса. Маўклiвая бездань са з'едлiвымi гудкамi прыгарадных i хуткiх — «Заляцiць мяч — не шукай» — ды вусцiшнымi вочкамi-лямпачкамi, сiнiмi i бяздушнымi. Мы туды не хадзiлi. Пазбягалi перасякаць гэтую каменную мяжу, за якой i чорная рука, i марскi крыважэрны спрут, i знiклы суседскi хлопчык з папяровым, аблезлым ад летняга сонца тварыкам — памятым, няшчасным, — i iншае страшнае, усё. Усё там.

А тут — рай. Цi зусiм не тут, а ў нейкiм iншым, цудоўным свеце, якi мы, пасталеўшы, адважылiся пакiнуць назаўжды?

Але свiст. Цягнiк зрушыўся. Хiба было ўсё гэта на самай справе, цi перон i мяч — не што iншае, як iлюзiя ды гульня пад назвай «Шчаслiвае дзяцiнства — iнстытут — тое самае лета», створаная мозгам у якасцi абароны перад невядомасцю? Цяпер ужо не дазнацца. У плацкарце нам выдалi не бялiзну i не гарбату, а самую небяспечную рэч, якая ўваходзiць у кошт квiтка.

Прасцей кажучы, нам выдалi настальгiю.

Такi кампактны сусвет утульнай журбы, да краёў набiты суб'ектыўнай памяццю. Цэлафанавы пакет, з якога мы, грэбуючы iнструкцыяй, бралi занадта шмат — i ў вынiку страцiлi час. Падобна нянькам, што забiвалi чужых дзяцей з надзеяй вярнуцца на радзiму, мы, заблытаўшыся ў бясконцай рэфлексii, прымудрылiся забiваць цэлыя дзесяцiгоддзi.

Пахабныя малiнавыя пiнжакi, бландзiнкi, iнфляцыя i мерседэсы, «твае-мае» i кiнематаграфiчна крыштальныя дзевяностыя — ужо не эпоха. Дзевяностыя — чорная дзiрка, якая паглынула нулявыя i дзясятыя. Што адбываецца з намi сёння, адбываецца адначасова i ўчора, а дваццаты год — не больш чым лiчба. На хуткасцях, калi пакаленнi змяняюцца амаль iмгненна, мы з цяжкасцю можам згадаць двухтысячныя, затое лёгка пераказваем гiсторыi «апошнiх гадоў ХХ стагоддзя».

Свет стаў iншы пасля падзення вежаў-блiзнят? Здаецца, тут пра гэта нават не чулi. Масавая культура працягвае карыстацца састарэлымi кодамi. I калi вы скажаце, што дзевяностыя — усяго толькi мода, то я скажу, што гэта ўжо традыцыя. Так i не ўсвядомiўшы атрыманы вопыт, мы, як заўзятыя iпахон-дрыкi, зрабiлi з яго нацыянальную траўму — хранiчную «хваробу», якую ўжо немагчыма аналiзаваць. Таму што фальклор, вядома, не падлягае рэфлексii.

Сталае жаданне вярнуцца назад, выправiць цi хоць бы растлумачыць тое, што здарылася, толькi ўскладняе мiфы i далей адводзiць нас ад праўды. Так, сентыментальная настальгiя мiрыць мiнулае i сучаснасць, але яна ў сваёй татальнасцi яшчэ i пазбаўляе нас будучынi.

Футбольнае поле зарасло, перон абвалiўся, а мячык так i не быў знойдзены. Чорная рука не трапiла ў твой горад, ды i канца, як аказалася, не iснуе. Цягнiк едзе наперад i, гледзячы праз каламутнае акно вагона, раптам усведамляеш: рай знаходзiўся зусiм не там — ён заўсёды быў тут, проста мы гэтага не заўважалi.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.