23 верасня, серада

Вы тут

Член Савета Рэспублiкi Ала Смаляк правяла прамую тэлефонную лiнiю для жыхароў Гомельскай вобласцi


Член Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi за дзве гадзiны адказала на пытаннi, якiя датычылiся самых розных сфер жыццядзейнасцi.


Так, напрыклад, да сенатара звярнуўся пачынаючы фермер з Добрушскага раёна. Мужчына расказаў, што два гады займаецца развiццём фермерскай гаспадаркi. Сёння гадуе больш за 20 авечак, дзвюх кароў, коней. Ён паведамiў, што пакуль абмежаваны ў сродках i не можа ў сваёй гаспадарцы адкрыць новыя рабочыя месцы. Для далейшага развiцця ўласнай справы неабходны крэдыт. Аднак з атрыманнем пазыкi ў дабрушанiна ўзнiклi праблемы. Фермер прасiў сенатара дапамагчы разабрацца ў сiтуацыi.

Зварот ад жыхаркi Гомеля датычыўся закона аб валанцёрскай дзейнасцi. Жанчына, якая сама з'яўляецца актыўным удзельнiкам валанцёрскага руху адной з грамадскiх арганiзацый, адзначыла своечасовасць разгляду пытання, што яе хвалявала. Гамяльчанка звярнулася да члена Савета Рэспублiкi з просьбай, каб у закон уключылi прапановы ўсiх добраахвотнiцкiх арганiзацый. Важна, на яе думку, да прыняцця дакумента правесцi шырокае народнае абмеркаванне, бо ён закране iнтарэсы многiх людзей з актыўнай грамадзянскай пазiцыяй.

Iнiцыятыва ўнесцi змены ў iснуючае заканадаўства прагучала таксама ад жыхара Добрушскага раёна. Мужчына падкрэслiў, што клапоцiцца пра экалогiю, штогод высаджвае дрэвы. Пры гэтым яго турбуюць меры пакарання для тых, хто незаконна высякае дрэвы, шкодзiць прыродзе. Аўтар званка прапанаваў караць за такiя дзеi не толькi штрафам, але яшчэ i грамадскiмi работамi — напрыклад, прымусiць высаджваць новыя дрэвы.

На прамой тэлефоннай лiнii не абышлося i без пытанняў барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19. Так, жыхары рэгiёна цiкавiлiся практыкай прымянення пастановы Савета Мiнiстраў № 344 «Аб змяненнi пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 30 лiстапада 2007 года № 1650». Паводле гэтага дакумента ў пералiк захворванняў, якiя даюць грамадзянам права на бясплатнае забеспячэнне лекамi, што выдаюцца па рэцэптах пры амбулаторным лячэннi, уключана iнфекцыя, выклiканая COVID-19.

Яшчэ адзiн жыхар рэгiёна патэлефанаваў, каб выказаць падзяку кiраўнiцтву краiны за прынятыя меры, якiя датычацца барацьбы супраць каранавiруса. Мужчына адзначыў, што, на яго думку, правiльны крок — не спыняць работу прадпрыемстваў i арганiзацый, каб у людзей захавалася магчымасць працаваць i атрымлiваць зарплату, выконваючы пры гэтым меры прафiлактыкi. Таксама словы ўдзячнасцi за прафесiяналiзм у лячэннi хворых на COVID-19 ён адрасаваў медыцынскiм работнiкам.

Паступiлi на прамую лiнiю i звароты па пытаннях ЖКГ, рамонту транспартных артэрый. Напрыклад, жыхары дома па вулiцы Матросава ў Гомелi звярнулiся да сенатара с просьбай дапамагчы з рамонтам дарогi.

Па вынiках прамой лiнii пытаннi, якiя маюць патрэбу ў прапрацоўцы i пошуку канкрэтных рашэнняў, узятыя на кантроль. Заяўнiкам дадуць адказы i тлумачэннi.

— Прамыя лiнii дазваляюць пачуць праблемы людзей i дапамагчы ў iх вырашэннi. Разам з тым прыемна чуць i iдэi па заканатворчай дзейнасцi, словы ўдзячнасцi за меры, якiя прымаюцца па тых цi iншых пытаннях, — падкрэслiла Ала Смаляк.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Ад пытанняў ЖКГ да заканадаўчых iнiцыятыў

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.