25 верасня, пятніца

Вы тут

Хто ў Магiлёўскай вобласцi мае шанц атрымаць падтрымку з мясцовага бюджэту для сваёй гаспадарчай дзейнасцi


Указ № 143 даў магчымасць мясцовым органам улады мяняць тэрмiны выплаты падаткаў, збораў i пошлiн, якiя iдуць у мясцовыя бюджэты. Напрыклад, толькi ў Магiлёве адтэрмiноўку па выплаце арэнднай платы да 30 верасня бягучага года з наступнай растэрмiноўкай атрымалi 104 арандатары.


Пры Магiлёўскiм гарвыканкаме створана спецыяльная камiсiя па рэалiзацыi ўказа. У яе ўвайшлi прадстаўнiкi гарвыканкама, раённых адмiнiстрацый горада, падатковых органаў, фiнансiсты, эканамiсты.

— Камiсiя ў iндывiдуальным парадку разглядае ўсе пытаннi, якiя паступаюць ад суб'ектаў гаспадарання i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, — удакладняе першы намеснiк старшынi Магiлёўскага гарвыканкама Аляксандр Пацёмкiн. — Перш за ўсё звяртаем увагу на фiнансавы складнiк арганiзацыi, колькасць занятых i, адпаведна, на тое, як канкрэтна каранавiрус паўплываў на работу таго цi iншага суб'екта гаспадарання. Сярод тых, па якiх прынятае рашэнне падтрымаць, — прадпрыемствы «Магiлёўаблаўтатранса», якiя функцыянуюць у межах горада, — мы маем права разглядаць i льготы i прэферэнцыi толькi на тыя падаткi, якiя паступаюць у мясцовы бюджэт. У нашым выпадку размова iдзе пра аўтапарк № 1, тралейбусны i грузавы паркi. Выручка па гэтых суб'ектах гаспадарання знiзiлася за перыяд пандэмii на 30 %. Падтрымку вырашана аказаць таксама i гасцiнiцам, нумарны фонд якiх складае больш за 120 нумароў, — гэта «Магiлёў» i «Турыст». Адтэрмiноўку па зямельным падатку i падатку на нерухомасць атрымала i прадпрыемства «МагiлёўАтракцыёны». Калi быў перыяд самаiзаляцыi, атракцыёны не працавалi наогул — адпаведна, за гэты перыяд істотна ўпала выручка.

Адбылiся паслабленнi i для iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Магiлёўскi аблсавет дэпутатаў прыняў рашэнне ў два разы знiзiць суму адзiнага падатку для прадстаўнiкоў малога бiзнесу. Толькi ў Магiлёве плацельшчыкамi адзiнага падатку з'яўляюцца 3321 чалавек.

— За кошт гэтага страты гарадскога бюджэту склалi адзiн мiльён сто трыццаць тысяч рублёў, — адзначае Аляксандр Пацёмкiн. — Але наша задача — не дапусцiць падзення колькасцi насельнiцтва, занятага ў эканомiцы горада Магiлёва.

Аналагiчныя рашэннi прымаюцца на ўзроўнi кожнага з раёнаў Магiлёўскай вобласцi. У Мсцiславе, напрыклад, збiраюцца аказаць вельмi неабходную падтрымку двум прадпрыемствам раёна. Як паведамiлi ў райвыканкаме, усяго па дапамогу звярнулася шэсць суб'ектаў гаспадарання.

— Мы лiчым патрэбным знiзiць стаўкi па зямлi i нерухомасцi для двух нашых прадпрыемстваў — аграфiрмы «АграТэхУсход» i аўтапарка, — паведамiла начальнiк фiнансавага аддзела Мсцiслаўскага райвыканкама Алена Куксоўская. — Калi нам гэтыя дакументы зацвердзяць, суб'екты гаспадарання атрымаюць дапамогу. Указ № 143 вельмi своечасовы i патрэбны. I справядлiва, што вызначацца з тым, каму дапамагчы, можна на месцах. Гэта, канешне, давядзецца ўзгадняць на абласным узроўнi, што таксама справядлiва, бо бюджэтныя грошы абмежаваныя. Мы са свайго боку разглядаем асобна кожнае прадпрыемства, арганiзацыю, iндывiдуальнага прадпрымальнiка. I калi ў крамы людзi з прыходам пандэмii хадзiць не перасталi, то, напрыклад, карыстацца транспартам адназначна сталi меней.

Як паведамiлi ў «Магiлёўаблаўтатрансе», iх мсцiслаўскi фiлiял з сакавiка амаль напалову знiзiў свае даходы. Страты склалi 54 тысячы рублёў. Iльвiную частку даходаў прыносiў прадпрыемству мiжнародны беларуска-расiйскi маршрут Магiлёў—Смаленск, якi быў запатрабаваны i мсцiслаўскай моладдзю, што вучыцца ў расiйскiх навучальных установах, i мясцовымi жыхарамi, у якiх шмат раднi на расiйскай тэрыторыi. Пасля таго як Расiя ў сувязi з пандэмiяй закрыла свае гранiцы, рэйс быў адменены. Замест яго цяпер курсiруе аўтобус Магiлёў—Мсцiслаў, але напаўняльнасць яго зусiм не тая. Для падтрымання зносiн памiж райцэнтрам i населенымi пунктамi раёна, якiя знаходзяцца на маршруце адмененага пакуль рэйса Магiлёў—Смаленск, былi ўведзены дадаткова яшчэ два маршруты — да вёскi Каськова i аграгарадка Разанцы. Але гэта хутчэй сацыяльныя рэйсы, якiя не пакрываюць страт.

Што датычыцца ТАА «АграТэхУсход», якое ў Мсцiславе таксама лiчаць неабходным падтрымаць, то гэта яшчэ зусiм маладое расiйска-ўкраiнскае прадпрыемства, якое зарэгiстравалася ў лiпенi мiнулага года. Спецыялiзуецца яно на вырошчваннi збожжавых i зернебабовых культур. Iнвестар выкупiў пустуючы будынак школы ў вёсцы Несцерава i зрабiў з яго адмiнiстрацыйна-гаспадарчы аб'ект, уладкаваў мехдвор, стварыў 26 рабочых месцаў. На цяперашнi момант на тэрыторыi 2,5 тысячы гектараў ТАА «АграТэхУсход» вырошчвае сланечнiк, рапс, кукурузу i ячмень. А яго дырэктар Вiктар Андрыiшын вядзе перамовы з кiраўнiцтвам раёна, каб павялiчыць пасяўныя плошчы да 10 тысяч гектараў. У раёне задаволены дзеяннямi iнвестара i лiчаць неабходным яго падтрымаць.

— Аграфiрма з'яўляецца плацельшчыкам адзiнага падатку, — растлумачылi ў фiнаддзеле. — У заканадаўстве прапiсана, што выручка за мiнулы год для прадпрыемстваў сельскай гаспадаркi павiнна быць не меншая за 50 % ад агульнай выручкi за папярэднi год. Але ў сувязi з тым, што летась фiрма толькi зарэгiстравалася i яшчэ не паспела атрымаць выручку, яна аўтаматычна становiцца плацельшчыкам падатку на зямлю, а гэта ў некалькi разоў павялiчвае iх выдаткi. Атрымлiваецца, што iнвестар яшчэ i зарабiць нiчога не паспеў, а ўжо павiнен несцi страты. Указ № 143 дазваляе выправiць гэты момант.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Прэв’ю: shkolazhizni.ru

Загаловак у газеце: Падтрымка з мясцовай «кiшэнi»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».