Вы тут

Як выконваецца Указ № 143 «Аб падтрымцы эканомiкi»


Тэма эканомiкi на сесii Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў гучала, так бы мовiць, на поўны голас i ў розных вымярэннях. Былi разгледжаны змены ў бюджэт i iнвестыцыйную праграму сталiцы на 2020 год. Дэпутаты таксама прааналiзавалi ход рэалiзацыi рашэння Мiнгарсавета дэпутатаў аб падаткаабкладаннi, абмеркавалi iншыя пытаннi. Iшла размова i пра выкананне вядомага Указа № 143 «Аб падтрымцы эканомiкi». Гэты дакумент прадугледжвае меры дапамогi суб'ектам гаспадарання асобных галiн эканомiкi, якiя найбольш пацярпелi ад пандэмii.


Старшыня камiтэта эканомiкi Мiнгарвыканкама Уладзiмiр Навумовiч агучыў асобныя лiчбы i прыклады з такой практыкi гарадскiх улад. Да iх звярнулiся па падтрымку 1917 суб'ектаў гаспадарання, з якiх ужо больш за 1300 атрымала льготы па падатках i арэнднай плаце прыблiзна на 20 мiльёнаў рублёў. Уладзiмiр Навумовiч адзначыў, што гарадскiя ўлады вырашылi ўдвая знiзiць сумы падатку на нерухомасць i зямельнага падатку, вызначылi вiды дзейнасцi, якiя атрымаюць адпаведныя прэферэнцыi. Прадпрыемствы могуць падаваць удакладненыя дэкларацыi ў раённыя падатковыя iнспекцыi.

Па звестках старшынi, такой падтрымкай скарысталiся 115 суб'ектаў на суму 4,6 мiльёна рублёў. Сярод iх 40 арганiзацый рэспублiканскай формы ўласнасцi, 30 — камунальнай i 45 — без ведамаснай падпарадкаванасцi. Па 68 заявах дадзена адтэрмiноўка з наступнай растэрмiноўкай па падатках i па 42 — падатковы крэдыт на суму звыш 3,8 мiльёна рублёў. Цяпер на разглядзе знаходзіцца яшчэ каля 100 зваротаў.

Вядома, на сённяшнi дзень гэтыя лiчбы ўжо iншыя i, зразумела, таксама не канчатковыя. Бо ў гарвыканкаме, паводле слоў старшынi камiтэта, пастаянна аналiзуюць сiтуацыю, звароты бiзнесменаў. Не выключана, што пад уплывам абставiн можа быць пашыраны пералiк эканамiчных вiдаў дзейнасцi для выдзялення дапамогi, — час пакажа.

Трэба сказаць, што ў адпаведнай камiсii гарсавета аператыўна абмеркавалi ўказ № 143, прыкiнулi прыкладны пакет мер, якiя дапамогуць зменшыць страты бiзнесу ва ўмовах пандэмii. Пытанне аб падтрымцы прадпрыемстваў i зборы падаткаў абмяркоўвалася разам з разглядам бюджэту горада. Сярод мер дапамогi — даванне адтэрмiноўкi, растэрмiноўкi i падатковых крэдытаў, якiя цалкам выплачваюцца ў бюджэт сталiцы, знiжэнне сум падаткаў на зямлю i нерухомасць, памяншэнне арэнднай платы за зямельныя ўчасткi, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасцi, якiя падлягаюць выплаце ў II i III кварталах бягучага года.

Адразу пасля прыняцця Указа № 143 дэпутаты праз СМI i iнтэрнэт пачалi тлумачальную работу. Так, на сайце Мiнгарсавета дэпутат Эдуард Кузняцоў проста i даходлiва расказаў пра тое, як мяркуецца наладзiць дапамогу пацярпелым ад пандэмii прадпрымальнiкам. Падыход iндывiдуальны: не будзе пагалоўнага давання прэферэнцый усiм. Кожны зварот вывучаецца ў спецыяльна створанай камiсii гарвыканкама, у якую, дарэчы, увайшлi два дэпутаты гарадскога Савета, i толькi потым прымаецца рашэнне аб мэтазгоднасцi аказання падтрымкi канкрэтнай юрыдычнай асобе. Прадпрымальнiкi могуць скарыстацца правам на дапамогу i такiм чынам палепшыць сваё фiнансавае становiшча — скажам, на два кварталы перанесцi выплату падаткаў.

Цяпер сiтуацыя ў дзелавым асяроддзi сталiцы няпростая. Хтосьцi праз пандэмiю трапiў у непрагназаванае складанае становiшча. Нехта, наадварот, нечакана атрымаў вялiкi прыбытак — ёсць i такiя прыклады. Такiм бiзнесменам няма сэнсу прэтэндаваць на прэферэнцыi. А вось калi прадпрыемства нясе рэальныя страты, яму дапамогуць, растлумачыў Эдуард Кузняцоў.

У iндывiдуальных прадпрымальнiкаў ёсць магчымасць перайсцi на iншыя рэжымы падаткаабкладання i пераразлiку адзiнага падатку ў сувязi з часовым вымушаным прастоем у рабоце цi скарыстацца арэнднымi канiкуламi, мараторыем на павелiчэнне базавай арэнднай велiчынi i арэнднай платы. Акрамя таго, мясцовым распарадчым i выканаўчым органам даецца права памяншаць маёмасныя падаткi. Юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам — уласнiкам маёмасцi рэкамендавана даваць арандатарам адтэрмiноўку па аплаце арэнднай платы, а таксама змяншаць яе памер з улiкам аб'ёму iх выручкi. Так, у сувязi са скарачэннем колькасцi наведвальнiкаў i памяншэннем даходаў субсiдыi атрымаюць мiнскiя заапарк — 285 тысяч рублёў — i «Кiнавiдэапракат» — 1,3 мiльёна рублёў.

Сённяшняя эканамiчная i грамадска-палiтычная сiтуацыя ў сталiцы аб'ектыўна заклiкае дэпутатаў актывiзаваць работу з выбаршчыкамi. У гэтай сувязi хацелася б адзначыць прынцыповае i злабадзённае выступленне на сесii старшынi гарадскога Савета Андрэя Бугрова, якi шчыра казаў пра павышэнне аўтарытэту дэпутата ў акрузе. Ён нагадаў прысутным, што мясцовае самакiраванне з'яўляецца адным з галоўных складнiкаў беларускай дзяржаўнасцi, а ў сваёй дзейнасцi Мiнгарсавет зыходзiць з iнтарэсаў грамадзян, якiя жывуць на тэрыторыi горада.

Леанiд Лахманенка

Прэв’ю: budny.by

Загаловак у газеце: Падыход — iндывiдуальны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.