Вы тут

Пра што марыў беларускі Дастаеўскі


У юбілейны для Кузьмы Чорнага дзень карэспандэнт «ЛіМа» паразмаўляў аб захаванні памяці слыннага пісьменніка з яго ўнукам і спадкаемцам спадчыны Міколам Раманоўскім, названым у гонар дзеда.


— Якое месца ў вашым выхаванні займаў знакаміты дзед і яго творчасць? Як паўплываў яго аўтарытэт?

— Дзякуючы яму атрымаў істотны кавалак ідэнтычнасці, эталон мовы. І роднай маёй мовай стала беларуская. У Мінску 1970-х гэта было даволі нетрывіяльна. Цяпер, бывае, думаю: а як бы ён павярнуў тую ці іншую фразу?

— У чым менавіта для вас выключнае значэнне творчасці Кузьмы Чорнага?

— У яго раманах для мяне першасныя этычныя прынцыпы, настолькі простыя, што выглядаюць трывіяльнымі і  таму часта забываюцца. І вельмі важны аспект нацыянальных светапогляду і характару, што, можа, трохі скрадваецца ў іншых аўтараў. Глыбінная людскасць. Думаецца адносна таго ці іншага твора: боскі дух дыхае дзе хоча, вось і сюды дыхнуў...

— На вашу думку, ці надаецца належная ўвага творчасці Кузьмы Чорнага і захаванню яго памяці?

— Выданні і Чорнага, і пра яго выходзяць: ў «Кнігазборы», ў серыі ЖЗЛБ: «Чалавек — гэта цэлы свет», пад вокладкай — збор успамінаў, біяграфічных матэрыялаў, у тым ліку неапублікаваных да таго часу літаратуразнаўчых прац. Але ў сталіцы не засталося ніводнага будынка, дзе Чорны жыў: няма куды прымацаваць мемарыяльную дошку. Няма помніка ў  сталіцы. Ёсць мемарыяльныя знакі і музей на радзіме, а ў Мінску, на Вайсковых могілках, толькі магіла... Хацелася б пабачыць новы, зусім поўны Збор твораў  — у  тым ліку з  перакладамі. Пераклады не ўваходзілі ў  ранейшыя тры Зборы, а іх хапіла б на цэлы том. Гэта ў  тым ліку і два пераклады п’ес (Астроўскага і Горкага), якія дагэтуль не надрукаваныя. Шкада, што няма слоўніка мовы Чорнага, хоць быў зроблены ў 1980-я гг. (пад кіраўніцтвам прафесара Мартынава ў Інстытуце мовазнаўства), але прапаў з-за тэхнічнага недагляду, цяпер трэба рабіць наноў.

З перакладамі, праўда, ёсць немалая тэксталагічная праблема. «Капітанская дачка», пераствораная Чорным, выходзіла ў кніжных выданнях чатыры разы (1936, 1941, 1948, 1949), і толькі ў апошнім перакладчыкам названы Чорны, ранейшыя былі ананімнымі. У кожнае наступнае выданне ўносіўся новы пласт правак паўзверх папярэдняга, агулам па ўсіх чатырох выданнях такіх месцаў каля 800. Часам праўкі чыста арфаграфічныя, але былі і глыбейшыя. Напрыклад, на першых старонках у Пушкіна чытаем: «Француз был мертво пьян», а ў перакладзе 1936 года: «Француз быў п’яны як зямля», у 1941-м і далей: «Француз быў п’яны».

Падобная праблема будзе і з арыгінальнымі творамі. Раман «Зямля» першапачаткова меў эпіграф з Язэпа Пушчы, а пазней у Зборах твораў перадрукоўваўся без яго. Аб прычыне можна здагадацца: першы збор твораў Чорнага выйшаў яшчэ да рэабілітацыі Пушчы, але чаму ў другім і трэцім — тое самае, няясна. Не даследавана, ці ёсць папраўленыя «паціху» месцы ў тэксце яшчэ.

— Што, на вашу думку, трэба зрабіць для лепшага разумення творчасці і пакутніцкіх лёсаў пісьменнікаў пакалення Кузьмы Чорнага?

— Трэба іх чытаць... Дый галоўнае — гэта стан грамадства, пры якім такія лёсы немагчымыя. Думаю, пра такое грамадства Чорны і марыў...

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.