Вы тут

Дзмітрый Касаткін. Усё ж такі рысь…


Усё ж такі рысь…
Ф’южн для прыемнага чытання нанач

Дзмітрый КАСАТКІН


Дзмітрый Касаткін працуе камерцыйным дырэктарам маскоўскага выдавецтва «Художественная литература». Празаік і публіцыст. Яго кніга «Дзень да дзембеля» прысвечана армейскім будням у цяжкі час распаду СССР. Твор «Усё ж такі рысь…» таксама распавядае пра армію. Але…
Пачынаючы з «Майстра і Маргарыты», тэма «катоў» самых розных памераў, парод і характараў карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод літаратараў ва ўсім свеце. Здавалася б, чаго толькі пра іх не пісалі! І гэтага аўтара панесла туды ж. Калісьці яму давялося некалькі месяцаў жыць у глухім заснежаным лесе, дзе воляй лёсу таварышам яму стаў напаўдзікі кот, падобны на рысь. Аўтар захаваў цёплыя ўспаміны пра гэтага сябра і ў рэшце рэшт ператварыў іх у прыгожую казку. У вельмі прыгожую казку. Верыць ёй нельга, а так хочацца…


Сенсацыя?!

Нядзеля. Раніца. Мабільнік. Тэлефануе стары знаёмы.
— Корсакаў! Ютуб не глядзеў?!
— Адкуль? Толькі ўстаў…
— Саша, піплы сёння гугляць, ледзь вочы прадраўшы…
— І зубы не чысцяць?
— Натуральна. А раптам вайна?
— Ага! Пачалася і скончылася…
— Карацей! Ты — не ў мэйнстрыме, не прасунуты чалавек. Але мільёны праглядаў. Там пра ката. Твайго нагадвае.
— Чым?
— Кот гаворыць… З лініі Манергейма.
— Хлусня! Так доўга не жывуць.
— Не, запіс не новы. Вікілікс рассакрэціў.

Зіма, 1987

Мар’ян свайго радаводу не ведаў. Разумеў, што асінкі не даюць апельсінкі, але ў генафонд не заглыбляўся. Сорамна, гэта праўда. Але навошта яму, дзікуну, паходжанне? Гэта дамашнія кошкі нараджаюцца са спісам продкаў — ім шыі пачэсваюць, сушаць фенам поўсць, медалі ўручаюць. Гэта перад імі выстранчаюць — каб гаспадароў любілі. А перад ім не.
Яго доля — хітрасць і спрыт, а памяць яму непатрэбна. Нават перашкаджала б. Кажуць жа, што кепскае лепш не памятаць: так і дыхаецца лягчэй. А прадзедаў згадваць — справа няўдзячная. Можа так атрымацца, што і жыць не захочаш.
Але адна думка Мар’яна не пакідала. Не разумеў ён свайго месца. Дзе яно? Сярод дзікіх звяроў? Ці мо, наадварот, сярод тых, каго ён не любіць, таму што маму забілі яны? Але ж не яго? Ні разам з ёю, ні потым, калі ў іх была такая магчымасць. Вось і пытанне: чаму людзі яго прымаюць за свайго? І чаму так жорстка і без ваганняў расправіліся з мамай? Зрэшты, часткова адказ ён ведаў: мама была рыссю. З гэтым усё зразумела. А з ім вось незразумела: ён — кот ці рысь?

* * *

Корсакаў Сашка дома не начаваў. Зрэшты, што значыць дома? Так ён называў свой пакойчык на сакрэтным аб’екце, там, дзе КаУР, дзе лінія Манергейма, дзе глухамань, дзе мяжа старых імперый — Расіі і Швецыі, ад якіх некалі адчыкільгала Фінляндыя.

* * *

Знаёмая неяк спытала, дзе ён жыве.
— Пад Ленінградам, на лініі Манергейма, — адказаў Мар’ян.
— Пад Ленінградам — КаУР! А Манергейм твой — пад Выбаргам, — запярэчыла вечная спрачальніца, выпешчаная кошка, адукаваная і з радаслоўнай.
— Ну, дык я і кажу: Выбарг пад Ленінградам.
— Фэ! Як можа быць Выбарг пад Ленінградам, калі Выбарг старэйшы?
— Адкуль ты ведаеш?
— Дурніла ты! Ён быў заснаваны Гастамыслам, родным дзедам Рурыка.
— І што? Ён такі ж малы, як стары.
— Не разумееш элементарнага! — зарагатала знаёмая. — Не бываюць старэйшыя пад малодшымі. Сыны, унукі, праўнукі ідуць за бацькамі і дзядамі. У гэтым сэнс гісторыі, а ты пра гэта, дзікун лясны, без разумення.
І праўда, Мар’ян не ведаў, як усё гэта звязана з месцам прапіскі, адно што прыкмячаў: кошачкі з радаслоўнымі жывуць у кватэрках, а без радаслоўных — на сметніках. Ён жыў у лесе. Яго задавальнялі балоты, азерцы, закінутыя бліндажы, як і тое, што ўвесь час ціха. Карэльскі перашыек — месца вечнага супрацьстаяння. Але цішыня ў ім няпростая! Яе сцераглі, хавалі тут нейкія таямніцы, будучыні — баяліся. А гэта для жыцця першая справа: не будзі ліха, пакуль ціха.

* * *

Сашка дома не начаваў. У бытавым корпусе, які называўся домам, пацукі дурэлі і днём, а ноччу гэтыя шэрыя стварэнні выпаўзалі, як змеі, з-пад цэментнай падлогі, з цеплатрасы, і крычалі, і скакалі па ложку, і грызлі тое, што кепска ляжала, і цяжка кракталі. Сашка бетону б не пашкадаваў, каб ліквідаваць гэтае каралеўства, але дазволу не меў.
Затое яму дазволілі абжыцца ў слясарні, дзе пацукоў не было, але патыхала анучамі, маслам, металічным пылам і смуродным гарам печкі-буржуйкі, маленькай і закуродымленай.
Сашка напальваў яе перад сном да чырвані, потым праветрываў майстэрню ад чаду і доўга, цяжка засынаў ад нясцерпнай гарачыні. Ну а раніцай! — а раніцай ён прачынаўся ад холаду, бо слясарню за ноч, натуральна, выветрывала — прадзімала скрозь шчыліны. І перш чым выпаўзці з-пад коўдры, Корсакаў расціраў кончык халоднага носа і ўдыхаў па камандзе — «дыхні». Калі пара з рота ішла, ён рабіў выснову, што ў памяшканні ніжэй за сем. І, накінуўшы на кашулю са споднікамі шынялёк, хуценька распальваў буржуйку.
Зіма як казна — сваё возьме.
Сёння пакой не здаваўся такім бялявым, заінелым, як мінулымі днямі.
Ён штурхануў дзверы, але яны не адчыніліся. Наваліўся з усяе моцы — і ўтварылася вузкая шчыліна, праз якую прасыпаўся снег. За ноч на ганак намяло добрую гурбу. «Таму і не холадна, што аж пад дах замяло, — рашыў Корсакаў, — таму і выспаўся!» Начны сон днём не заменіш ніякімі ўрыўкамі расслаблення, толькі ён дае сілу не зваліцца да вечара. Не, па абедзе Сашка, вядома, уварве ў сталоўцы хоць чвэрць гадзінкі: жаданне дрыхануць у цёпленькім месцы да пастраення невынішчальнае. Але ажываць будзе лягчэй.

* * *

Калі б ён быў рыссю, разважаў Мар’ян, ісці па гурбах было б яму хоць бы што. Уся справа ў лапах. Мала таго, што яны ў іх доўгія (і па гэтай прычыне змагацца з імі амаль няма сэнсу), дык рысі яшчэ ўмеюць іх ставіць нібы лыжы, як гэта робяць людзі. Але ён не рысь. Дакладней, не мае такіх доўгіх лап і не можа, як яны, слізгаць па завалах пухкага снегу. Не можа. А што гэта значыць? Значыць, і паляваць у акіяне пушынак не можа. А калі не паляваць, давядзецца пакутаваць ад голаду. Хаця гэта не страшна.
Па-сапраўднаму страшна — самому ператварыцца ў здабычу.
Вось тады Богу молішся. Колькі разоў Ён сніўся Мар’яну, прыходзіў да яго ў розных абліччах, але найчасцей пад выглядам хударлявага юнака з лагоднай усмешкай. Размаўляў з ім, называў Сваё імя. Яно складалася з тысячы гукаў — гэтую мелодыю цяжка было запомніць. Мар’ян адчуваў у ёй нейкую моц, спасцігнуць якую не мог.
Аднаго разу Мар’ян спытаў Яго: «Як зразумець веліч Слова?» Гасподзь усміхнуўся куточкамі вуснаў і вяла адказаў: «Што ты хочаш пачуць?» Мар’яна Ён зноўку здзівіў. Але патлумачыў: «Назаві лаканічна, лепш за ўсё адным словам, што табе трэба, — тое і будзе».
Мар’ян ужо хацеў крыкнуць: «Ежа!» — але падумаў, што так растаўсцее, хутка састарэе і неўзабаве загіне. Успомніў пра грошы, але тут жа зразумеў, што яны — тое самае. Праўда, яны даюць яшчэ ўладу, але маці гаварыла, што гэтая цёмная слабасць лёгка знішчае душы. Вось так — слова, якога ад яго чакаў Гасподзь, стала жудаснай галаваломкай, і ўсё ж ён сказаў: «Хачу я заўсёды… хачу я мець на пытанні — адказы».— Назаві адно слова! — запатрабаваў Бог.
— Адказ! Заўсёды давай мне адказ, — прамурлыкаў Мар’ян.
— Які? — засмяяўся прыемны юначы голас.
— Просты — так або не, — прагаварыў кот, адчуваючы, што ў яго адымае мову.
Усталявалася маўчанне. Мар’ян прыняў яго за згоду і спытаў:
— А ці магу я называць Цябе проста — ТАК?
Юнак не адказаў, але ўсміхнуўся і прыхільна апусціў вочы. Знік уладарны позірк. Мар’яну ад гэтага зрабілася лягчэй, але на нагах ён ледзь трымаўся — ад промняў, што ліліся з цёмных юначых вачэй. Кот таксама схіліў галаву. Маўчанне азначала згоду. Не згоду з просьбай, а Згоду з Богам.
Так і пачаў Мар’ян верыць у вялікае «ТАК», якое цяпер азначала для яго маўчанне, але не пустое, а гаворачае.
«Мне ў лесе цяпер страшна. Ці магу я пайсці да людзей? Ці не пагражае мне гэта нейкім няшчасцем?» У адказ прагучала маўчанне — «ТАК». Мар’ян агледзеў кроны вакол сябе: дрэвы замерлі, слухаючы размову.
«Ці ёсць там чым харчавацца? — працягваў Мар’ян распытваць. — Ці не атручуся я адкідамі?» Зноў, як раней, прагучала: «ТАК».
Мар’ян убачыў грэнадзёрку, сінічку, што чубком прытулілася да сасны, слухаючы размову.
«Ці здолею я ўцячы, калі натраплю на ваўкоў? Або калі паляўнічыя прымуць мяне за дзікую рысь?» І зноў адказам было яму: «ТАК».
Мар’ян пільна ўзіраўся ў бяздонныя гурбы. І сняжынка не варухнулася пад націскам ветру.
Усё слухала іх з Богам размову.
Гэта было тое самае «ТАК».

* * *

Мар’ян любіў лес, аднак рашыў цяпер ісці да людзей. Пытаецца люты, ці добра абуты! Яго прымуць. На палігоне ён даўно ўсіх ведаў, з усімі там сябраваў, яму нават давалі паесці, бо ў людзей жа заўсёды аб’едкі знойдуцца. Не для кожнага стрэчнага, вядомая рэч, але яго прывячалі, перад ім любілі казырыцца: гляньце, маўляў, падсілкавацца прыпоўз, голад і ваўка з лесу гоніць. «Смех дыйгодзе!» Ён жа ішоў да іх тады, калі адчуваў небяспеку ў лесе, а не з-за голаду. Ад іх вараных костак і вэнджанага сала поўсць лезе, жывот круціць. І сыходзіў ён зноў паляваць не для забавы, як ім здавалася, а таму, што хацеў сапраўды наесціся ўволю і адаспацца на сыты жывот. А што яшчэ трэба?!

Сёння ён быў сыты. Дзень да гэтага, цьмяны, пахмурны, смугою туману прадвяшчаў снегапад, але ў шэрай імгле Мар’ян высачыў зайца, сплёў хітрыя петлі слядоў на снезе: каб той іх знайшоў і з гэтай прычыны надоўга залёг, а потым сарваўся на ногі ў паніцы. А Мар’ян тут як тут, ён чакаў: яго з маленства вучылі, як затойвацца ў засадзе. Ён нагнаў сваю ахвяру і адразу ж з’еў — колькі здолеў, ад астатняга заднюю частку адгрыз і з ёю залез у дупло. Схаваў.

Вярнуўся. З рэшткамі здабычы зноў залез ў зацішны куток. Дагрыз усё спакойна і паспяшаўся на начлег. Зрабіў усё так, як зрабіла б рысь, без сумненняў у правільнасці. Ва ўсім!

І быў цалкам шчаслівы, хаця раніцай адразу ж зразумеў, што логава ў бліжэйшыя дні яму не пакінуць з-за гурбаў. Але пашанцавала. Убачыў, як нехта брыдзе на лыжах прама пад носам. Хто — не пазнаў, бо не ведаў. І не падышоў. Але пазней усё ж адправіўся ў разведку — незнаёмец на лыжах прывязаў скруткі путанкі да тонкіх бярозак і раскідаў абрэзкі морквы. Рудыя,

з сінявой. Зайцоў прывабліваў. Але Мар’ян не разумеў: навошта ён гэты дрот утапіў у снезе? Якіх падвохаў чакаць? Нагадвае пастку, у якую трапіла яго маці — рысь па імені Хера.

* * *

Яна тады вішчала як ніколі. Нічога не бывае страшней за дзікі крык закатаванай кошкі:

Небо уронит
Ночь на ладони.
Нас не догонят,
Нас не догонят.

Мар’ян сядзеў побач і плакаў, не ведаючы, як дапамагчы. Высокія ноты мамінага голасу — плач, лаянка, перадсмяротныя маленні — забівалі яго маральна. Хацелася ўзарваць увесь гэты свет!
— Сынок, усё бессэнсоўна, — перасцерагла яна ад неабдуманых дзеянняў, — людзі зрабілі мне кепска, з гэтым нічога не зробіш.
— Мама, не разумею — навошта зло існуе на свеце?
— Гэта адваротны бок. Не рабі дабра — не атрымаеш і зла.
— Адкуль жа яно бярэцца?
— Яно ад гордасці…
— А гордасць адкуль?
— Ад багацця і абжорства. Яны прыводзяць да атлусцення, а тое ўжо і да смерці. Так зло забівае сябе. Гэта доўгі працэс, мне не дачакацца.
— А што бывае пасля?
— Пасля дабро вяртаецца і расцвітае, але зло, непрыкметнае, знясіленае, яго ўжо падсцерагае. І расце, паглынаючы дабро, спачатку паціху, пасля ўсё хутчэй і хутчэй, наліваецца і таўсцее за кошт яго сокаў. І нарэшце перамагае.
— А дабро?! — праз слёзы ўсклікнуў Мар’ян.
— Ад яго застаецца толькі насенне.
— Мама! Але ж зло потым знішчыць сябе?
— Абавязкова. Ты ўсё зразумеў, мой маленькі. Але табе трэба бегчы. Па мяне ідуць. Яны нясуць у сабе зло. Як мага далей трымайся, калі пачнуць мяне забіваць. Чалавеку пад гарачую руку не пападзіся…
Хера, пачуўшы блізка людзей, зноў ціхенька завыла:

Ты сын и ужас мой.
Все перепуталось навек,
И мне не разобрать
Теперь, кто зверь, кто человек,
И долго ль казни ждать.

Да яе набліжаліся крадучыся, бясшумна, як ім здавалася. Мар’ян азірнуўся, каб апошні раз паглядзець на любімую маму. Але яна не заўважыла яго спакутаванага позірку: Хера адчайна грызла тую нагу, якой трапіла ў пятлю. Хацела адарваць яе і сысці. Але не змагла. Не паспела — яе не дагналі, але застрэлілі.

Люта пазірала рысь на людзей у перадсмяротныя імгненні.

* * *

Мар’ян ішоў на палігон. Баяўся, што на лыжні падпільнуюць або раскладуць якой трасцы, куды ён уляпаецца, калі загадзя не заўважыць. Рухаўся азіраючыся, амаль што краўся, але не знайшоў нічога. Хаця мог бы не хвалявацца: адабрэнне ТАК ён атрымаў. Аднак на Бога спадзявайся, але і сам дбай. Зрэшты, удача не падвяла, вывела з пахмурнага лесу туды, дзе жылі мясцовыя.

Рабочыя, іх было пяцёра. Ён ведаў кожнага. Яны як звяры — жылі ў лесе, толькі не ў норах, а ў старэнькіх вагончыках, з якіх вытыркалі шэрыя трубы для пракладкі тэлефоннага кабелю. Трубы псавалі паветра пахам дыму і парушалі пейзаж сасняку. Гэтым страшыдлікам, як меркаваў Мар’ян, лепш было б гніць пад зямлёю — іх месца там, а не на даху. Быццам мастак на зімовым пленэры, кот уяўляў, як павінен выглядаць свет, і радаваўся, калі гэтыя трубы засыпалі, а ў іх сярэдзіны засоўвалі драты ў чорнай аплётцы, каб заткнуліся. Іх хавалі, пакідаючы зверху барабаны ад кабелю замест помніка, — гэта каб ворагу лягчэй было знайсці тыя трасы пад зямлёю і знішчыць. Мар’ян ведаў — рабочыя, убачыўшы яго, узрадуюцца і пачнуць адразу піць гарэлку. Кінуць яму пару смярдзючых селядцовых галоў. Але сёння ён не хацеў мець з імі спраў, бо не галадаў, і вырашыў спачатку залегчы ў слясарцы. Вечарамі там ціха, а па начах — да жаху маўкліва, нема.

«Калі дзверы прыадчыняцца, — вырашыў кот, набліжаючыся да парога, — знайду месца ўнутры, дзе не гуляе скразняк, а калі апынуцца замкнёнымі, дык ёсць доўгі лаз». Непрыкметны, ён вядзе наўпрост у падполле і пачынаецца побач з дровамі, што гадамі стаяць сцяною ўздоўж бытоўкі.

* * *

Корсакаў служыў лейтэнантам, але трапіў у армію нечакана-негадана. Прызвалі яго двухгадзічнікам, і не адразу пасля заканчэння інстытута, а калі і думаць нават перастаў, што могуць «забрыць». Ужо меркаваў, што гэтая доля яго абміне, ды памыліўся. Але паставіўся да волі лёсу спакойна і армію прыняў як узнагароду, аднак заставацца на службе не збіраўся.

Больш за ўсіх абураўся яго дзед, калі пачуў, што ўзнагародзілі ўнука павесткай. Старога ўвесь час нешта тузала: з дзяцінства забараняў унуку браць у рукі пісталет, хоць бы і цацачны. Узрадавала яго, што Сашку накіравалі не ў ракетчыкі, дзе служаць сур’ёзна, а ў пацешны будбатальён.

Многіх туды справаджвалі, хоць яму на добры толк належала служыць у супрацьпаветранай абароне. Доўг перад Радзімай Корсакаў выконваў бездакорна, за што атрымаў у падпарадкаванне роту. І паколькі быў нежанаты, ганялі яго па дальніх аб’ектах, дзе нічога, акрамя прыроды, не было. Добра. Ад начальства падалей, да кухні бліжэй, а кухня была ў яго нібы свая. Што яшчэ трэба: дзе боршч ды каша, там і айчына наша.

І гэты армейскі дзянёк праляцеў на аб’ектах, дзе працавалі салдаты. Яго салдаты. Яны ў прамерзлай зямлі калупалі траншэі, разграбалі старызну ў нежывой электрастанцыі, капалі яму пад КНС. Так светлавы дзень і прайшоў. Буржуйку пачаў паліць перад вячэрай, а пасля адбою вярнуўся ў бытоўку, набіў печ дровамі — не прагараць і за гадзіну, — усеўся чытаць, разважаючы

пра жыццё. А ў ім, жыцці, быў тупік. Дакладней, такі «беспрасвет», што ён нават не засмуціўся, калі прызвалі на службу, ад якой равеснікі збягалі, здабываючы «белыя білеты» пра слабае здароўе.

У нуднай лабараторыі, дзе Корсакаў апынуўся пасля дыплома, цёткі ўвесь час нешта вязалі ды адлучаліся ў прыбіральню — мераць калготкі, а мужыкі… адны спалі на працоўных сталах, іншыя ляпілі нешта дзіўнае, у адрыве ад справы. Дысертацыю — яе любой цаной! Сашка таксама пра лаўры вучонага марыў, але па-іншаму. І разумеў цяпер, што больш карысны тут як афіцэр — рыючы катлаваны, чым там — «пінжаком», займаючыся навукай. «Ці я не для яе?

Але хто ж тады? Дзе яны — тыя, хто служыць навуцы? Далі мне “скурачкі” вынаходніцтваў, а не ўкараняюць. Непатрэбныя? Каму тады гэтыя паперчыны з гербамі? Што за сістэма? Якія законы ёю рухаюць? І я — за якім чортам я патрэбен?!»

Яшчэ раздражнялі ў калідорах і на вуліцах лозунгі пра камунізм, роўнасць, братэрства. Яны нагадвалі гірлянды на ёлцы, якая да Старога Новага года стаіць без іголак. Чакае, калі выкінуць.

Сашка адчуваў сябе чужым у сваёй жа краіне — без слёз тэлек глядзець не мог. Што ў ім нёс Генсек? Ён камячыў словы, але падчас армейскай службы Сашка ў яго заўважыў ужо не адсутнасць мовы, але адсутнасць думкі. Адна прафанацыя. Новая супольнасць — савецкі народ?! Але ў яго палова салдат не гаворыць па-руску, яны множыць не ўмеюць, а газеты плятуць пра стопрацэнтную пісьменнасць. Хрэнь поўная.

Сашка не быў ні крытыканам, ні дысідэнтам, антысаветчыкаў ён цярпець не мог, мяркуючы, што дэмагогія пра дэмакратыю ім патрэбна, каб зваліць за мяжу і там жыць на дармаўшчыну. Ён хацеў служыць радзіме, але не ведаў, як да яе падысці, і не жадаў стаць большасцю, якая галасуе аднагалосна. Вось і лічыў сябе нейкім ізгоем — Расію любіць, але не кіраўніцтва. Таму і вырашыў, што яму належыць прэтэндаваць на нешта карыснае, няхай і невялікае, але такое, што залежыць ад яго, тут і цяпер. На палігоне хапала праблем, і пацукі таксама былі праблемай, але да яе нікому не было справы. Гэта даводзіла да шаленства. «Устаў зранку, памыўся, прывёў сябе ў парадак — і адразу ж

прывядзі ў парадак сваю планету». Тым больш што ўчора яны зжэрлі партфель з ротнай дакументацыяй. Па кавалачках збіралі сярод дэрмаціну «пярвічку» — рахункі, квіткі, праязныя білеты.

Лёгка сказаць — знішчыць пацукоў, але як? Атруту не жруць — гэта праверана, у мышалоўкі не лезуць — гэта вядома. Ды і дзе знайсці мышалоўкі на пацука памерам з кошку? Гэта ж капканы!

Мясцовыя сцвярджалі, што дапамог бы тут толькі кот — чаротавы, які звычайна жыве ў лесе, але выходзіць. Ды як яго сустрэць, як прымусіць выканаць патрэбную справу?

Працяг у №№ 6, 7 і 8

Пераклад з рускай Святланы ВОЦІНАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».