Вы тут

Аляксандр Крывашэеў: «Мы бачым у жывёлах сяброў»


Легенда беларускай рок-музыкі Аляксандр Памідораў, удзельнік такіх культавых праектаў, як «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут», добра знаёмы радыёслухачам як вядучы ранішняй праграмы на «Радыё Рокс» пад імем Аляксандр Крывашэеў. У яго не толькі два імені, але і дзве коткі – Булачка і Малюта.

–У дзяцінстве ў вас былі жывёлы?

– У нашай сям’і яны былі яшчэ да майго з’яўлення на свет. Бацькі распавядалі, што ў іх доўга жыў кот Тыгр, які ўцёк. Праўда, у двары пасля яго знікнення гуляла шмат «тыгранятак».

З першым гадаванцам – сабакам Чарнышом – у мяне адносіны не склаліся. Ён прызнаваў толькі маю маму, быў адданы ёй да самазабыцця. А я не падабаўся да такой ступені, што ён пару разоў мяне нават пакусаў. Не так каб вельмі моцна, але бацькі мусілі знайсці для Чарныша новую сям’ю.

Потым у нас была вельмі цікавая котка Муся – чорна-белая ангорская. Яе падарылі маме на дзень нараджэння. Муся і маму, і мяне прызнавала сваімі гаспадарамі, а вось да чужых не ішла. У нейкі момант я заўважыў пэўныя дзівацтвы ў паводзінах коткі. Мама ў камандзіроўцы, я прыходжу вельмі позна пасля вучобы і рэпетыцый, а Муся зусім не галодная. І нават як быццам не засумавала па зносінах з чалавекам. Што такое? Потым даведаўся, што яна па карнізе прабіралася да нашай суседкі паесці, пагасцяваць. А іх першае знаёмства адбылося так: ноччу жанчына адчула на сабе нечы погляд. Аказалася, Муся сядзела на падваконніку. Суседка пытае: «Ты хто?», а Муся адказвае: «Мяў». Суседка: «Хочаш есці?», Муся: «Мяў». Вось так яна і хадзіла ў госці. Мы правялі з коткай выхаваўчую работу: усё-ткі трэці паверх... Тая зрабіла выгляд, што прыняла да ведаму. Не дзіва, што аднойчы падчас такой вылазкі яна ўпала. Два дні не з’яўлялася дома. Потым сядзела ў пад’ездзе ўся ў пыле, спалоханая, галодная. Да суседзяў не пайшла, ад пачастунку адмовілася, чакала мяне да позняга вечара... У Мусі было доўгае і цікавае кацінае жыццё.

– Кажуць, калі ёсць дзеці, трэба абавязкова завесці жывёлу, каб малое клапацілася пра кагосьці слабейшага за сябе.

– Калі мая дачка Соня была ў дастаткова свядомым узросце для таго, каб узяць на сябе частку адказнасці за гадаванца, у нас зноў з’явілася котка. На сямейным савеце вырашылі, што імя ёй прыдумае Соня. Яна назвала котку Бусяй. Вельмі наравістая па характары, тая стала любіміцай дачкі і мамы, і гэта было ўзаемна. Котка проста млела ад шчасця, калі дачка з ёй гуляла. Буся пражыла ў нас амаль 12 шчаслівых каціных гадоў. Са мной яна была больш стрыманай, але магла і палашчыцца. А вось калі прыйшоў час ездзіць да ветдактароў, яна зразумела, што гэтыя клопаты я ўзяў на сябе. На жаль, Буся сыходзіла вельмі цяжка...

– Як з’явіліся ў доме цяперашнія коткі? Ці важна для вас, якой яны пароды?

– Ёсць, вядома, вельмі сімпатычныя пароды, той жа мэйн-кун або шатландская аблавухая. Але ўсё-такі мы бачым у жывёлах сяброў, а не статусную рэч. Як гаворыцца ў сацыяльнай рэкламе, каб купіць, патрэбныя грошы, а каб узяць жывёлу з прытулку, трэба сэрца. Вось таму першай у нас з’явілася звычайная котка дваровай пароды. Назвалі яе Булачкай. Аднак нядоўга яна была ў адзіноце. Мая сяброўка пераконвала мяне, што трэба ўзяць кампаньёна Булачцы, каб ёй не было сумна. Спачатку мне гэтая ідэя не вельмі падабалася. У той жа час я разумеў, што пры нашым ладзе жыцця, калі мы ў шэсць раніцы сыходзім з хаты і з’яўляемся бліжэй да поўначы, гадаванцу і сапраўды сумна і самотна. Усё вырашылася літаральна за адзін дзень. Сяброўцы паведамілі, што заводчыца пазбаўляецца ад непажаданага прыплоду яе брытанкі з выпадковым дваровым катом. Неверагоднае дзікунства: яна хацела ўтапіць увесь памёт! Я сказаў, што адно кацяня мы забіраем, кінуў кліч сярод неабыякавых людзей, і астатніх таксама ўдалося выратаваць. Мы думалі, што забралі ката, нават імя яму выбралі. Але аказалася, што гэта котачка.

Булачка.

Малюта.

– Як яны ладзяць паміж сабой?

– Характары ў іх розныя. Булачка такая шалапутная асоба, а Малюта флегматычная, часцей за ўсё яе паводзіны дэманструюць: ах, не царская гэта справа. Час ад часу ў котак бываюць прыступы рэўнасці, але не агрэсіўныя. Нярэдка яны ўсім сваім выглядам паказваюць: ніхто нас тут не любіць. І вось тады гаспадары пачынаюць вакол іх скокі, а яны ў адказ: не хачу, не буду!

– Котачкі хутка прыстасаваліся да жыцця ў кватэры?

– На здзіўленне гэты перыяд прайшоў вельмі спакойна. Мы ўзялі іх зусім маленькімі, і яны хутка ўсяму навучыліся. Самы крытычны момант, калі ім было паўтары месяцы: так і намагаліся парваць што-небудзь ці падрапаць. Я да гэтага стаўлюся па-філасофску: коткі існуюць для таго, каб гарэзіць.

– У сваёй большасці яны днём спяць, ноччу актыўнічаюць. А ў вашых гадаванак які распарадак?

– Булачка і Малюта вельмі добра падстроіліся пад рэжым дня гаспадароў, то бок я прачынаюся ў шэсць раніцы, і яны таксама.

– Да працэдуры стэрылізацыі ў многіх людзей неадназначнае стаўленне. Чаму вы за?

– У свой час мне ветэрынар патлумачыў, што ў Бусі не ўзніклі б тыя страшныя праблемы са здароўем, ад якіх яна і памерла, калі б котка была стэрылізаваная. Па-другое, гэта адзіны цывілізаваны спосаб рэгулявання колькасці жывёл. Нашы пястушкі пасля аперацый «жаліліся» – маўляў, дрэнна нам, і вельмі хацелі зняць павязкі. Адбылася пацешная рэч: Булачка развязала павязку на Малюце, калі нас не было дома.

Цяпер нашы гадаванкі ў поўным парадку. Праўда, заўважылі проста неверагодныя змены ў паводзінах. У прыватнасці, яны сталі па-іншаму рэагаваць на музыку, пачалі адрозніваць жанры. Калі гучыць музыка 60-70-х гадоў, Булачка насцярожваецца. А Малюта праяўляе цікавасць да сучаснай «папсы».

– Многія коткі не любяць купацца, а вашы як да гэтай працэдуры ставяцца?

– Мае – цалкам спакойна, яны выказвалі незадаволенасць, толькі калі іх выціралі – вось тут ужо было крыкаў! Больш таго, Булачка любіць шпацыраваць па краі ванны. Неяк прыйшоў дадому – ніхто не сустракае. Дзе коткі? Гляджу – ляжаць абедзве ў пустой ванне.

– Булачка, падобна, больш любіць гасцей?

– Абедзве гасцінныя паненкі, але Булачка бяжыць сустракаць. Мне здаецца, як толькі яна чуе званок у дзверы, так яе кіпцікі выстукваюць: хто гэта, хто гэта?

– Вы іх песціце?

– Вядома! І смачная ежа, і клопат, і ўвага. Яны гэта разумеюць і чуйна рэагуюць. Але ведаеце, коткам, як і людзям, трэба асабістая прастора, асабісты час, калі ім хочацца ўладкавацца там, дзе зручна, і каб нават смачнай ежай не спакушалі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіву Аляксандра Крывашэева

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.