Вы тут

Часопiсы, што выходзiлi ў мiжваенныя гады, сталi даступныя анлайн


Больш за чатыры тысячы нумароў часопiсаў, што выходзiлi ў мiжваенныя гады, сталi даступныя анлайн. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi запрашае пазнаёмiцца з iмi на сваiм рэсурсе.


Сёння ў электроннай калекцыi «Беларуская лiтаратурная спадчына. Часопiсы 1919—1939 гадоў» змешчана 270 найменняў перыядычных выданняў, што выходзiлi на тэрыторыi БССР i Заходняй Беларусi. Сярод iх — «Нёман», «Маладняк», «Узвышша», «Наш край», «Мастацтва i рэвалюцыя», «Працаўнiк асветы», «Штэрн», «Рунь», «Полымя», «Заходняя Беларусь», «Беларускi летапiс», Znicz, выданнi для дзяцей, моладзi i жанчын.

Калi пагартаць адсканiраваныя старонкi, можна адчуць, чым жылi нашы папярэднiкi, якiя тэмы хвалявалi маладых лiтаратараў, вакол якiх выданняў яны гуртавалiся. Вы даведаецеся, як развiвалася прамысловасць, якiмi прыладамi i тэхнiкай карысталiся сяляне, наколькi шырокi быў краязнаўчы рух, калi па вулiцах Мiнска пабеглi першыя трамваi, як выглядаў Дом урада i як будаваўся студэнцкi гарадок БДУ, якiя святы i як адзначалi, з якiмi цацкамi гулялi малыя ў дзiцячых садках, як жанчыны змагалiся за свае правы, чым швейная фабрыка «Кастрычнiк» уражвала замежную дэлегацыю, як працавалi лiкпункты, што адказвалi за лiквiдацыю непiсьменнасцi, якую касметыку i iншыя тавары можна было набыць, якое ў тыя часы было надвор'е i многае iншае.

Вялiкая ўвага ўдзялялася ў тагачаснай прэсе дзецям i моладзi. Абмяркоўвалiся школьныя праграмы, настаўнiкi дзялiлiся сваiмi напрацоўкамi i прапановамi, узнiмалi пытаннi аб тым, якой павiнна быць вучэбная праграма, не забывалiся не толькi на палiтычнае, але i на палавое выхаванне падлеткаў. Дзяцей прывучалi да сацыяльна адказнай працы, дзейнiчала многа гурткоў. Дарослыя нават хвалявалiся, цi не перагружаны малыя рознымi карыснымi заняткамi.

У той час актыўна развiваўся стаханаўскi рух, але з публiкацый вынiкае, што ўдарна людзi працавалi не толькi за iдэю: у 1930-я гады найлепшыя работнiкi атрымлiвалi грашовыя прэмii i рэчавыя ўзнагароды (гэта магло быць палiто, мэбля, швейная машынка). Былi свае стымулы i ў школьнiкаў — напрыклад, мне сустрэўся здымак, на якiм пiянерку за выдатную вучобу каталi на самалёце.

Электронная калекцыя часопiсаў вартая ўвагi ўсiх, хто цiкавiцца гiсторыяй, культурай, эканомiкай, медыцынай, а таксама карысная супрацоўнiкам архiваў i музеяў, краязнаўцам, настаўнiкам.

Для зручнасцi карыстальнiкаў выданнi падаюцца па прадметных рубрыках: «Адукацыя i выхаванне», «Ахова здароўя i медыцынскiя навукi», «Краязнаўства», «Палiтыка i грамадства», «Эканомiка», «Статыстыка» , «Сельская гаспадарка», «Мастацтва» i iншыя. Часопiсы, прысвечаныя лiтаратуры i лiтаратуразнаўству, знаходзяцца ў розных раздзелах у залежнасцi ад таго, дзе яны выдавалiся: на тэрыторыi Заходняй Беларусi, у БССР цi за мяжой.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: «Нацыяналка» прапануе...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.