Вы тут

Як даўней дождж выклiкалi?


«Я сама з Гомельшчыны, але ўжо доўгi час жыву пад Мiнскам. З дзяцiнства памятаю: як толькi доўгi час не было дажджу, нашы бабулi ўмелi рабiць некаторыя захады i выклiкаць яго...» — пiша-апавядае наша чытачка Надзея Мiкалаеўна са Смалявiч.


У адпаведнасцi з народнымi ўяўленнямi працяглая летняя засуха магла быць вынiкам розных парушэнняў, якiя датычылiся нормаў традыцыйнага звычаёвага права. Адным з такiх правiл з'яўлялася забарона «чапаць зямлю» (капаць ямы для слупоў агароджы, убiваць у зямлю калы, распачынаць будаўнiцтва хаты, закладваць камянi пад вуглы зруба i г. д.) да Радаўнiцы або да Дабравешчання (калi Радаўнiца была позняя). Тыя ж самыя забароны датычылiся i паводзiн людзей на Граным (восьмым пасля Вялiкадня) тыднi. Калi доўга не было дажджу, то вясковыя мужчыны збiралiся гуртам i разбуралi (проста валiлi на зямлю) той плот, якi быў узведзены ў час дзеяння агульнавядомых забарон.

Значнае месца ў рытуале выклiкання дажджу займала аблiванне вадой. Магiчная функцыя абраду абапiралася на сiлу замоўнага слова i дзеянне, у аснове якога ляжаў прынцып падабенства. Лiчылася: як ты аблiваешся вадой, так i зямля хутка «абальецца» дажджом. Часцей за ўсё верылi, што дождж пойдзе хутка, калi пры набытай дамоўленасцi аблiць цяжарную жанчыну або тую, што кармiла дзiця, жанчыну, якая доўга не працавала з-за хваробы, але паправiлася i выйшла на работу, а таксама пастуха.

На Беларускiм i Украiнскiм Палессi з мэтай выклiкання дажджу выконвалi i такiя спецыфiчныя дзеяннi, як пераворванне высахлага рэчышча ракi, дарогi, абворванне вёскi або толькi крыжа, якi стаяў на скрыжаваннi дарог; акрамя таго, проста на дарозе маглi выкапаць дзевяць ямак цi ўвогуле лапатай перакапаць дарогу ўпоперак.

Мiфалагiчным ключом да разумення згаданых рытуальных дзеянняў з'яўляецца звычай «адчыняць» крынiцы на дне ракi, гэта значыць «адчыняць» зямлю, вызваляючы падземныя воды з мэтай уздзеяння на ваду «нябесную».

Акрамя таго, iснаваў звычай адкопваць крынiцы на дне высахлай ракi. Гэты звычай цалкам пераклiкаецца з iншым — капаць ямы на дарозе. Утвараецца цiкавая сiмвалiчная паралель памiж шляхам, пракладзеным чалавекам, i ракой — дарогай, створанай Богам.

На Палессi i ў суседнiх раёнах Беларусi i Расii для таго, каб выклiкаць дождж, жанчыны (толькi ўдовы) або толькi дзяўчыны аралi або баранавалi высахлае рэчышча ракi. Такi абрад маглi выконваць i на мелкаводдзi.

А. Максiмаў паведамляе, як у 1889 годзе ў мястэчку Русаковiчы Iгуменскага павета выконваўся адзiн з такiх абрадаў: «Працяглая засуха страшэнна непакоiла нашых земляробаў, i вось яны вырашылi наступным чынам прадухiлiць немiнучую бяду. Па парадзе старэйшыны было наладжана «ўзорванне» ракi, яго выкапалі наступным чынам: некалькi жанчын запрэглiся ў саху i пад кiраўнiцтвам самай дужай у вёсцы бабы валачылiся па рацэ, узорваючы яе дно».

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.