Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Пуцеправод у Віцебску — найважнейшая дарога


Сёння ў Віцебску пасля рэканструкцыі адкрыўся пуцеправод «Полацкі». У цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Ён перарэзаў чырвоную стужку, урачыста адкрыўшы абноўлены пуцеправод у Віцебску. Па новым мосце Прэзідэнт праехаў у трамваі. Па рэйках, пакладзеных па еўрапейскай тэхналогіі, трамвай ідзе мякка.

«Самыя цяжкія часы блуканняў па пакутах у Віцебску скончыліся. Я ўяўляю, якая была бяда ў Віцебску, калі гэтага пуцеправоду не было, а быў стары. Якая была праблема і бяда, калі гэты стары пуцеправод закрылі на паўтара гады і пачалі будаўніцтва гэтай развязкі. Пагадзіцеся, што без гэтага цуда-збудавання Віцебск існаваць не мог. І далей было б горш і горш», — звярнуўся да мастабудаўнікоў і гараджан Аляксандр Лукашэнка.

Гэты тыдзень у Прэзідэнта ўвогуле стаў амаль віцебскім. Заўтра ён прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця «Славянскага базара». Але сённяшнюю падзею кіраўнік лічыць больш важнай.

«Вы пабудавалі раней нават, чым мы планавалі гэты пуцеправод. Дзякуючы вам абнаўленне Полацкага пуцеправода завершана на некалькі месяцаў хутчэй, і вельмі важна, што мы гэты аб’ект здаём да нашага «Славянскага базара», прыедуць госці з замежжа, з Беларусі і ўбачаць сучасны, прыгожы горад. Вельмі сучасная, вельмі прыгожая, вельмі зручная атрымалася развязка, пуцеправод. Гэта помнік на стагоддзі, які мы пакідаем нашаму славянскаму гораду. Гэта найважнейшая дарога, і мы яе зрабілі. А значыць, для жыхароў Беларусі, для нашых гасцей наш Віцебск стаў яшчэ больш прывабным», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка задаволены тым, што і побач з новым аб’ектам тэрыторыя добраўпарадкаваная.

«Мы нічым не ўтрымаем нашых людзей тут, у Беларусі, калі мы не будзем плаціць нармальную зарплату»

Некалькі дзён таму, адкрываючы мост праз раку Сож у Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэта важнейшы кірунак на наступную пяцігодку. У краіне маюць быць пабудаваныя 18 буйных мастоў і каля сарака — невялікіх. Так што праца ў маставікоў і будаўнікоў у Беларусі будзе — галоўнае, паставіў задачу забяспечыць годную зарплату.

«Мы нічым не ўтрымаем нашых людзей тут, у Беларусі, калі мы не будзем плаціць нармальную зарплату. Будаўнікі — малайчыны, яны ж працуюць ва ўмовах замаразкаў, дажджоў. Добра, што мы захавалі нашы калектывы мостабудаўнікоў, — далёка не кожная краіна можа пабудаваць мост. Мы гэта ўмеем рабіць. Калі за паўтара гады ствараюць такія помнікі — гэта дорага каштуе», — падзякаваў Прэзідэнт.

«Гэты іспыт маставікі вытрымалі»

Прэзідэнт падтрымаў рашэнне будаўніцтва кальцавой дарогі вакол Віцебска — па яго словах, нельга пускаць транспарт праз горад транзітам. Вакол усіх буйных гародаў дарожныя «колы» ёсць.

Работніца ААТ «Мастабуд» падзякавала кіраўніку дзяржавы за ўвагу і клопат, з якімі ў Беларусі ставяцца да развіцця дарожнай інфраструктуры. Стварэнне буйных аб’ектаў дазваляе будаўнікам працаваць дома. Асобна віцябляне ўдзячныя за падтрымку старэння паўночна-заходняга абходу Віцебскай кальцавой аўтадарогі.

«Такія маладыя людзі непакояцца аб паўночна-заходнім абходзе, пуцеправодах і гэтак далей — значыць, у нас, у нашай нацыі ёсць будучыня», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў: пад праект грошы знойдуцца — і паабяцаў завяршыць рэалізацыю праекта ў бліжэйшую пяцігодку.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў нагадаў, якую рэзалюцыю паставіў на лісце з просьбай паўтара года таму Прэзідэнт: «Думайце пра людзей». Дзякуючы гэтаму фінансаванне ішло без перапынку, добра спрацавалі праектанты, будаўнікі не падвялі.

«Любыя прэзідэнцкія выбары — гэта іспыт. Не толькі я буду здаваць экзамен — я таксама, але больш за ўсё вы (актыў Віцебшчыны — «Зв.»). Гэты іспыт маставікі вытрымалі, і губернатар таксама», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў звярнуў увагу Прэзідэнта на ўчастак вуліцы Гагарына, на мадэрнізацыю якога амаль хопіць сэканомленых пры стварэнні пуцеправода грошай.

У падарунак Прэзідэнту віцябляне падрыхтавалі карціну.


Пуцеправод «Полацкі» пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, апошні раз рэканструяваны ў 1958 годзе і ўяўляе асаблівую важнасць для вулічна-дарожнай сеткі горада Віцебска, з’яўляецца адной з найважнейшых транспартных артэрый горада, размешчанай у месцы зліцця вуліц Касманаўтаў, Цітова і Ленінградскай, якія з’яўляюцца ў сваю чаргу працягам рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Р20 і Р115.

Пасля правядзення чарговага тэхнічнага абследавання пуцеправода ў лістападзе 2018 года было выяўлена, што мост знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе неадкладнага правядзення работ для рэканструкцыі, каб пазбегнуць узнікнення надзвычайных сітуацый, бо пад уздзеяннем руху транспарта, агрэсіўных сцёкаў з маставога палатна і перападаў тэмпературы адбываюцца інтэнсіўныя каразійныя працэсы апорных канструкцый збудавання. Было прынята рашэнне аб неабходнасці працягу будаўніча-мантажных работ на аб’екце, якое было пачата ў чэрвені 2011 года. У сувязі з адсутнасцю фінансавання з 2015 года работы былі спыненыя. 

Рух транспарту і пешаходаў па пуцеправодзе спыніўся 15 лістапада 2018 года. Улічваючы нязручнасці, звязаныя з закрыццём руху на пуцеправодзе (да рэканструкцыі па ім праходзілі 4 трамвайныя і 15 аўтобусных маршрутаў, штодня курсіравала 110 маршрутак), на аб’екце была арганізавана дзвюхзменная праца, а таксама праца ў выхадныя дні. Колькасць працоўных на аб’екце перавышала 400 чалавек і 70 адзінак тэхнікі. Дзякуючы зладжаным мерапрыемствам, мабілізацыі будаўнічых арганізацый з розных рэгіёнаў рэспублікі аб’ект рэалізаваны ў максімальна кароткія тэрміны (першапачаткова на ўзвядзенне моста адводзілася 49 месяцаў, фактычна ўклаліся ў 20 месяцаў).

Усяго па аб’екце з пачатку выканання будаўнічых работ на 01.07.2020 асвоена 82,38 мільёна рублёў, у тым ліку крэдытных рэсурсаў 68,01 мільёна рублёў. 

Збудаваны новы пуцеправод ўяўляе сабой маставое збудаванне шырынёй 45 метраў, вышынёй 7,6 метра (падмоставы габарыт), працягласцю 412 метраў, з развязкамі працягласцю з’ездаў 160 метраў.

Спецыфіку пуцеправоду надае падыход да прылады трамвайных шляхоў, якія выкананы з ужываннем бясшпальнай канструкцыі па тэхналогіі ўклейвання рэек у металічных карабах у зборна-маналітныя ўчасткі жалезабетоннай канструкцыі трамвайнага палатна.

Пры гэтым рэйкі выкладзеныя на гумовыя пракладкі тэмпературна неразразнымі бізунамі, што памяншае колькасць стыкаў і забяспечвае зніжэнне шуму і вібрацыі ад руху рухомага саставу. Вялікая ўвага нададзена дэкаратыўнаму афармленню пуцеправода: устаноўлена архітэктурнае падсвятленне, парэнчныя агароджы з беларускім арнаментам, па краях — тумбы з гербам Віцебска.

Складанасці ўзнікалі і пры пракладцы інжынерных сетак, у сувязі з перасячэннем мноства інжынерных камунікацый, размешчаных у месцы пракладкі інжынерных сетак. Пракладзены сеткі газазабеспячэння агульнай працягласцю 925 метраў, сеткі вонкавага водазабеспячэння — 1535 метраў, сеткі гаспадарчай каналізацыі — 755 метраў, сеткі дажджавой каналізацыі — 4605 пагонных метраў, сеткі электразабеспячэння 10кВ — 7500 пагонных метраў, сеткі электразабеспячэння 0,4 кВ — 1400 метраў, сеткі вонкавага асвятлення (ілюмінацыя) — 11 000 метраў, пабудавана кабельная каналізацыя для пераключэння кабеляў сувязі — 2400 метраў, пракладзена оптавалакно.

Для аўтатранспарту выкананы паркоўкі, пешаходны пераход, тратуары плошчай 16338 м2, плошча азелянення склала 2,3 га. Для фізічна аслабленых прадугледжаны пад’ёмнік.

Будзе дапоўнена

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.