Вы тут

Я — сё­мы, або Дзя­ду­ля ў «дэ­крэ­це»


Так ужо склалася жыццё, што мне давялося пайсцi ў дэкрэтны водпуск (па доглядзе дзiцяцi да дасягнення iм трохгадовага ўзросту). Такi варыянт афiцыйна прадугледжаны беларускiм заканадаўствам: замест мацi даглядаць немаўля можа бацька, бабуля цi дзядуля. (За гэту работу дзяржава яшчэ i грошы плацiць.) У нашай сям'i агульным галасаваннем адказную пасаду матулi-выхавальнiцы даверылi мне, ды ў рэшце рэшт нi ў кога iншага такой магчымасцi i не было.


— «Абавязкi мамы» я пачаў выконваць з 1 студзеня 2019 года. На той момант у Беларусi ў «дэкрэце» знаходзiлася больш за тысячу бабуль i толькi шэсць дзядуляў. Такiм чынам, я стаў у краiне сёмым, а на Ганцаўшчыне — i ўвогуле першым. Многiя знаёмыя, даведаўшыся пра маё рашэнне, жартаўлiва цiкавiлiся: ты, маўляў, на якiм месяцы цяжарнасцi?

Аднак, шчыра прызнаюся, мне тады было не да жартаў. Узвалiць на сябе такую адказнасць у шасцiдзесяцiтрохгадовым узросце — гэта сапраўды няпросты крок. I я доўга вагаўся, пакуль на яго вырашыўся. Сёння ж заяўляю катэгарычна: нiколькi не шкадую пра гэты свой учынак, бо даглядаць, выхоўваць маленькага чалавечка — задача хоць i няпростая, але пачэсная i вельмi прыемная. Гэта ж на тваiх вачах, пры тваiм самым непасрэдным удзеле немаўля пачынае пазнаваць свет, станавiцца «на крыло», асэнсоўваць паняццi дабра i зла, зацвярджаць сябе ў навакольным грамадстве. Ты разумееш, што менавiта ад цябе ў многiм залежыць, якiм ён стане чалавекам.

Але ўсё па парадку. Сашку на пачатку нашых з iм цесных стасункаў споўнiлася 1 год 9 месяцаў 12 дзён. Ён ужо ўпэўнена хадзiў па хаце, любiў гуляць з машынкамi, праўда, мала што гаварыў: «дай», «хачу», «мама»... А тут раптам дзед з вусамi! Вось з вусоў ён i пачаў — чапляўся за iх сваiмi моцнымi пальчыкамi i тузаў туды-сюды, радасна смеючыся. Адным словам, новая забава з'явiлася ў малога. Потым сур'ёзна паглядзеў на мяне i вымавiў: «Дзед!»

Выхаваўчы працэс пачаўся. З усiх бакоў ад сямейнiкаў пасыпалiся парады. Хтосьцi раiў адразу ўзяць малога ў яжовыя рукавiцы, i дачка пажартавала: «дзедаўшчына», маўляў, пачынаецца; жонка катэгарычна заявiла: караць дзiця нельга нi ў якiм разе, крычаць на яго — таксама не. А ўнучак уважлiва вывучаў новага выхавальнiка — прыкiдваў, напэўна, як гэтага старога чалавека самому ўзяць «у абарот». Я, у сваю чаргу, насцярожана назiраў за сваiм падапечным — чаго чакаць ад хлопчыка?

Не, не скажу, што займацца з унукамi — справа для мяне ўвогуле незнаёмая. Сашка ўжо шосты ў нашай сям'i. У старэйшай дачкi Алены растуць трое — унук Алёшка i ўнучкi Аня i Марыяна, ды i ў малодшай Юлi Сашка стаў трэцiм пасля Уладзiка i Ромкi. Але адна рэч сустракацца з унукамi перыядычна, па святочных днях, а тут жа зусiм iншае — кожны дзень. Дваццаць чатыры гадзiны ў суткi. I накармiць, i напаiць, i пагуляць, i спаць палажыць, i, прабачце, на гаршчок пасадзiць. На выхадныя, праўда, дачка яго забiрала да сябе ў Брэст — давала дзеду адпачынак. Аднак я хутка прывык да сваiх абавязкаў, i не надта ўжо i патрэбен быў мне той адпачынак.

Хутка прывык да мяне i Сашка. Ён ледзь не з першага дня ўцямiў, што новая нянька не такая ўжо i строгая, i пачаў лiтаральна вяроўкi з мяне вiць. А я i сапраўды на практыцы прымяняў англiйскi метад выхавання — дазваляў малому рабiць усё, што ён хоча. Кармiў, гуляць вадзiў, спаць укладваў не па прымусе, а тады, калi той прасiў, мульцiкi дазваляў глядзець, пакуль яму не надакучвала. Карацей кажучы, дзейнiчаў па прынцыпе: чым менш забарон — тым менш спакус. I, дарэчы, хутка заўважыў, як зваротная рэакцыя наступiла, эфект бумеранга, так бы мовiць: ты на дзiця не крычыш — i яно на цябе не крычыць, ты з iм па-добраму — i дзiця з табою па-добраму.

Былi, вядома, у маiм метадзе выхавання i забароны. Не без гэтага. Але iх было мала, i яны датычылiся толькi бяспекi. Таму ўнук да iх прыслухоўваўся i заўсёды выконваў. Напрыклад, калi Сашка лез да электрычных прыбораў цi iмкнуўся забрацца на падаконнiк, я казаў, што так рабiць нельга, бо гэта небяспечна. I ён разумеў — праз нейкi час сам паказваў на акно цi на мiкрахвалёўку i казаў: «Небяспечна».

Бабуля, паназiраўшы за «аглiцкiмi» метадамi дзеда, паспрабавала ўмяшацца: распуста, маўляў. Я ў адказ толькi плячыма пацiснуў: не падабаецца — давай сама. Але яна ў нас усё жыццё на кiруючых пасадах працавала, таму прывыкла да каманднага стылю. I адразу ж пацярпела фiяска. Унук бабулiны каманды проста iгнараваў. Калi ж ён не паслухаўся ўказанняў раз, другi, трэцi, яна махнула рукой на «аглiцкiя» метады i перайшла да нашых — шлёпнула малога па мяккiм месцы. Той у даўгу не застаўся i... адказаў бабулi тым жа.

Я ж працягваў дзейнiчаць сваiм спосабам. I, мiж iншым, мой падапечны паслухмяна выконваў усе мае просьбы i нi разу не забаставаў.

Сашка аказаўся здольным i кемлiвым хлопчыкам. Iмгненна схоплiваў усё новае, любiў маляваць i чытаць кнiжкi, iмклiва павялiчваў слоўнiкавы запас, пачаў гаварыць цэлымi фразамi. Нагуляўшыся з ранiцы з машынкамi, ён прасiў: «Давай, дзед, будзем займацца». Гэта значыць, што трэба даставаць азбуку i вучыць лiтары. Першую мы з iм вывучылi лiтару А, потым мамiну лiтару М, дзедаву Д, бабулiну Б... Праз 15—20 хвiлiн вучыць лiтары яму надакучвала, i мы пераходзiлi да знаёмства з лiчбамi. Першыя пяць — колькi пальчыкаў на адной руцэ — ён запомнiў ужо на першым занятку. Да дзесяцi вучылiся лiчыць крыху больш, але i з гэтай задачай хутка справiлiся. На ўроках малявання спачатку вучылi колеры. Гэта справа Сашку вельмi падабалася, i ўжо праз два-тры днi ён беспамылкова называў мне любы колер. Я нарадавацца не мог поспехам малога.

Вядома ж, я разумеў, што перагружаць дзiця вучобай нельга, гэта магло адбiць усякае жаданне вучыцца, таму больш часу мы праводзiлi ў гульнях. Асаблiва ўнуку падабалiся падарожжы па горадзе (наш дэкрэтны водпуск праходзiў у асноўным у Кобрыне). Традыцыйна амаль штодня, калi дазваляла надвор'е, мы хадзiлi з iм да чыгункi i назiралi, як мiма праходзiлi цягнiкi. Сашка хутка навучыўся адрознiваць пасажырскiя ад грузавых, лiчыць, колькi ў саставе вагонаў, вызначаць, куды цягнiк едзе — на Брэст цi на Гомель. Потым iшлi з iм да аўтамагiстралi Брэст — Мiнск, якая праходзiць праз Кобрын, i вучылiся запамiнаць маркi машын: пажарная, мiлiцыя, пiкап, кран, лесавоз... Яшчэ адным аб'ектам, дзе ўнуку падабалася гуляць, стаў сквер воiнскай славы, закладзены ў гонар кобрынскiх верталётчыкаў, якiя загiнулi ў Афганiстане. Там на пастаменце стаiць сапраўдны ваенны верталёт — ён цягнуў хлопчыка да сябе, бы магнiт. Пасля знаёмства з гэтым помнiкам нашы штодзённыя падарожжы пачыналiся ўжо не з чыгункi, а менавiта з верталёта. Я расказваў Сашку пра вiнтакрылую баявую машыну, пра людзей, якiя на ёй ваявалi i гiнулi ў далёкай горнай краiне. Малы ўважлiва слухаў. Гэта таксама былi ўрокi. Урокi ваенна-патрыятычнага выхавання.

Увогуле вучоба i гульня ў нас заўсёды перапляталiся: на вучэбных занятках мы гулялi ў вучня i настаўнiка, спаборнiчалi, хто хутчэй запомнiць тую цi iншую лiтару, слова, лiчбу, а ў кожнай гульнi я стараўся знаходзiць i навучальны аспект.

...Iмклiва iдуць днi, тыднi, месяцы. Сашка размаўляе са мною па-даросламу, часам задае такiя пытаннi, на якiя не адразу i адказ знаходжу: «Дзед, а як дождж iдзе? У яго ж ножак няма...»; «Адкуль сонца бярэцца?»; «Навошта табе вусы?» Тлумачу, хоць па рэакцыi ўнука адчуваю, што не заўсёды мае тлумачэннi яго задавальняюць. Ну што ж, падрасце — зразумее. На ўсё патрэбен час. А сам сабе думаю: а сапраўды, навошта мне тыя вусы? Ды i дождж як без ножак iдзе, не ведаю...

На зiму мы паехалi з унукам у Брэст. Там — новыя ўражаннi. Сашку спадабалася гуляць у Скверы мiру на Партызанскiм праспекце, дзе акцыянернае таварыства «Савушкiн прадукт» абсталявала дзiцячы гарадок. Тут i горкi, i альтанкi, i пясочнiца... Сашка адразу палез на самую высокую горку — я нават спалохаўся: раптам звалiцца ўнiз. Не, карапуз моцна трымаўся за борцiкi i ўпэўнена пераадольваў перашкоды. А мне падумалася: а малайцы «савушкiнцы» — такую цудоўную справу зрабiлi для мясцовай дзятвы!

Днямi Сашку споўнiлася тры гады. Такiм чынам, мой дэкрэтны водпуск скончыўся. Заўтра — на работу. I радасна, i сумна адначасова. Радасна — таму што не дарэмна правёў гэты час, нешта даў маленькаму чалавечку. А сумна — развiтвацца. Не назаўсёды, вядома ж, мы будзем i надалей сустракацца з унукам, праўда, ужо не так часта. Спадзяюся, ён будзе мяне чакаць.

...Учора патэлефанавала дачка. Расказала, што Сашка, прачнуўшыся ранiцай, адразу пацiкавiўся: «А дзе мой дзед?» У мяне ад гэтых слоў сэрца зашчымела.

Вячаслаў БУРДЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».