Вы тут

Аквапарк, кiно i перамога над вiрусам. Пра што мараць нашы дзецi?


Новая каранавiрусная рэчаiснасць закранула абсалютна ўсе сферы жыцця. I калi ў некаторых выпадках можна было адмянiць, перанесцi цi паставiць на паўзу нават важныя справы, то сям'я, як сяброўства, паняцце кругласутачнае. Для многiх сем'яў у свеце меры каранцiну i самаiзаляцыi, сумяшчэнне аддаленай работы, дамашнiх спраў i вольнага часу сталi сур'ёзнай праверкай на трываласць, а пра абвастрэнне праблемы гвалту ў сям'i ў гэты час публiчна загаварылi нават галiвудскiя славутасцi Анжалiна Джалi i Рыяна...

Як маленькiя беларусы перанеслi самаiзаляцыю, сацыяльнае дыстанцыяванне i iншыя вымушаныя перамены, «СГ» распытала iх самiх. Пяцёра дзяцей намалявалi свае «адкладзеныя мары» — тое, чаго iм найбольш не хапала i што не атрымлiвалася зрабiць у цяперашнiх абставiнах, — а бацькi расказалi больш падрабязна, як падчас пандэмii каранавiруса змянiлася жыццё сям'i.


Злата

«Яшчэ ўвесну нашы дзецi перасталi наведваць садок, але муж працягваў хадзiць на работу, ды i я, хоць «з жыватом», таксама працавала, хiба толькi зменшылася колькасць iндывiдуальных заняткаў, а трэнiроўкi па фiтнесе збольшага праводжу ў Zoom, — дзелiцца гераiня адной з колiшнiх публiкацый «СГ», сацыяльны педагог, псiхолаг i фiтнес-трэнер Святлана Нямiрка. Паводле яе слоў, сям'я не сыходзiла ў самаiзаляцыю, але прытрымлiвалася сацыяльнай дыстанцыi — звяла да мiнiмуму паходы ў краму, адмовiлася ад наведвання месцаў масавага збору людзей.

У старэйшай дачкi змянiўся рэжым у спартыўных гуртках — сiнхроннае плаванне на няпэўны тэрмiн паставiлi на паўзу, скарацiлiся заняткi танцамi i канькамі, а англiйскую давялося працягваць вучыць анлайн. «Паколькi ў нас вельмi актыўная сям'я, то для нас гэта было не выпрабаванне, а хутчэй магчымасць больш часу бавiць усiм разам, i гэта, безумоўна, пайшло на карысць: мы не сварылiся адно з адным, а сталi яшчэ блiжэйшыя, — усмiхаецца без пяцi хвiлiн шматдзетная мацi. — Дзесьцi з мая мы вярнулiся да больш-менш звыклага рытму жыцця, пачалi наведваць бабулю — маю маму, займацца фiгурным катаннем, так што, мне здаецца, дзецi не адчулi сацыяльнай iзаляцыi».

Але гэта пазiцыя дарослых — цiкава, цi супадае яна з дзiцячым поглядам? У адказ на пытанне, пра што яна марыла ў гэтыя месяцы, 6-гадовая Злата Нямiрка намалявала нам цырк i кiно. Зразумела, нi туды, нi туды ў цяперашняй эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi сям'я не хадзiла. «Белдзяржцырк, наколькi я помню, спынiў прадстаўленнi яшчэ ў сакавiку, а вось ад кiно Злата не адмовiлася б, — разважае мама. — Хоць, па шчырасцi, не думаю, што гэта яе галоўныя мары: проста яе спыталi «чаго табе не хапае», i яна намалявала першае, аб чым у той момант падумала».

Брачыслаў

Сям'я Яўмененкаў таксама не сыходзiла ў iзаляцыю, бацька працягваў ездзiць на работу. Вырашылi, што з дзецьмi нельга сядзець у чатырох сценах, — таму па магчымасцi не наведвалi дзiцячы садок, больш выязджалi на прыроду, у тым лiку на базы адпачынку. «Мы мiнiмiзавалi кантакты — не ездзiлi да бабулi i дзядулi, не наведвалi дзiцячыя цэнтры, гульнявыя пляцоўкi, паркi i iншыя забаўляльныя прасторы, а ў крамы i гандлёвыя цэнтры ездзiў муж, — расказвае мама Iна. — Канешне, было вiдаць, што дзецi вельмi сумуюць па родных, i калi праз чатыры месяцы мы вырашылiся сустрэцца з бабуляй, абодва бакi былi ўсцешаныя, толькi што малыя ўдакладнялi: «А ў вас няма каранавiруса?» Яны малайцы, яны ў тэме i разумеюць, што мыць рукi, «пшыкаць» дэзынфiцыруючымi сродкамi — гэта неабходнасць, часам нават мне нагадваюць».

Брачыслаў Яўмененка на пытанне, чаго яму найбольш не хапае, намаляваў няспраўджаную пакуль мару — аквапарк з разнастайнымi горкамi. Справа ў тым, што летась сям'я адпачывала ў Букавелi, i там малы так натхнiўся ўсесезонным басейнам пад адкрытым небам, што выпатрабаваў з бацькоў абяцанне абавязкова наведаць аквапарк у Мiнску. «Я ведала, што ён намалюе менавiта гэта, яшчэ да таго, як на аркушы з'явiлася першая лiнiя, — уздыхае Iна, — бо аквапарк для Брачыка — мара нумар адзiн. На жаль, з яе здзяйсненнем пакуль давядзецца пачакаць».

Каця

«На пэўны час наша жыццё стала вельмi сумным з-за абмежаванняў кантактаў з роднымi i сябрамi i адмовы ад масавых мерапрыемстваў, але мы старалiся кампенсаваць гэта, часцей бываючы на свежым паветры, — разважае Алена, мама 7-гадовай Кацi Барысёнак. — Сямейны адпачынак дзесьцi за мяжой мы не планавалi, таму ў гэтым сэнсе ўцiскаць сябе не давялося. А чаго не хапала асабiста Кацi, давайце спытаем яе саму. Тым больш, скажу па сакрэце, гэта яе мара нядаўна збылася».

— Я намалявала гандлёвы цэнтр «Карона-Сiцi», проста вельмi хацела ў забаўляльны цэнтр «Базiлiён», якi там змешчаны, — прызнаецца Каця Барысёнак. — Раней ужо была там, але даўно, i ўсё так спадабалася — i шарыкавы басейн, i батут, i горкi, i нават гарматы ёсць, з якiх можна шарыкамi страляць... I вось нядаўна маме тэрмiнова трэба было ў «Карону», i я ўгаварыла пайсцi ў «Базiлiён». Хоць дзяцей было мала, але там так крута! А хутка мы паедзем у вёску i возьмем з сабой Фiльку (гэта наш сабака, ён яшчэ малы, яму толькi год, i ў яго такая забаўная пыска!). Калi прыедзем, я прыдумала, як адзначыць Хэлоўiн цi iншае якое-небудзь свята, — у мяне ёсць цукеркi, буду iх раздаваць. Яшчэ хочацца з'ездзiць пакупацца на возера, калi надвор'е дазволiць. Гэтым летам я ўжо купалася, ездзiлi з маiм сябрам i аднакласнiкам, але калi тое было, — дзяўчынка энергiчнай хуткамоўкай пералiчвае столькi планаў на лета, што мы толькi паспяваем здзiвiцца, як многа трэба паспець чалавеку памiж першым i другiм класамi школы, i пазычыць здзяйснення гэтых няхiтрых, але такiх важных дзiцячых жаданняў.

Макар

У Новiкавых трое сыноў: аднаму чатыры, другому шэсць, трэцяму адзiнаццаць гадоў, i справiцца з хлопцамi бывае вельмi няпроста. Таму ў свой час у сям'i прынялi рашэнне, што памiж работай i домам мама выбiрае дом, вядзенне хатняй — загараднай — гаспадаркi i догляд дзяцей. З абвастрэннем эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi сям'я сышла ў iзаляцыю, тым больш умовы гэта дазвалялi. «Муж з сакавiка працуе ў аддаленым рэжыме, малодшыя дзецi не наведвалi садок, таму мы вырашылi, што i старэйшага сына, пяцiкласнiка, пакiнем дома — нiчога страшнага, калi будзе атэставаны па трох чвэрцях, — расказвае мама Вольга. — Наша школа аператыўна адрэагавала на сiтуацыю: дзецi кантактавалi з настаўнiкамi праз «Вайбер», выконвалi заданнi, а ў клас хадзiлi ўсяго пяць чалавек. Безумоўна, калi ўсе дома, размежаваць асабiстую прастору складана — добра, што нам, у адрозненне ад гараджан, ёсць куды падзецца: побач лес, два возеры, можна сесцi на веласiпеды i выправiцца на шпацыр, каб не перашкаджаць тату працаваць... У стасунках са старэйшымi сваякамi таксама вытрымлiвалi дыстанцыю: замаўлялi бабулi з дзядулем дастаўку прадуктаў, кантактавалi анлайн i ўбачылiся толькi напрыканцы чэрвеня.

Дзецi, кажа Вольга, трымалiся годна: хоць i вiдавочна перажывалi гэту аддаленасць, аднак разумелi, што павiнны пасядзець дома, каб зменшыць рызыку заражэння. I ўсё ж — натуральна, iм не хапала стасункаў з сябрамi. Таму на малюнку 6-гадовага Макара — рознакаляровыя шарыкi як кранальны сiмвал выпускнога ранiшнiка ў дзiцячым садку. На жаль, з-за каранавiруса гэтае свята, якога хлопчык вельмi чакаў, не адбылося. I хоць у жнiўнi бацькi ўжо былых выхаванцаў садка дамовiлiся сустрэцца, каб зрабiць сумеснае фота i ўручыць дзецям падарункi, — але наўрад цi атрымаецца стварыць тую самую атмасферу ўрачыстасцi i светлага суму…

Стэфанiя Любоў

«Наша прафесiя дазваляе шмат чаго рабiць дыстанцыйна, — кажа журналiст, рэдактар Вольга Хвоiн. — А вось з бабуляй, якая жыве недалёка, мы практычна не бачылiся з сакавiка, дый сябе пастаянна кантралявалi ў плане мыцця i апрацоўкi рук. Не скажу, каб мы вельмi пакутавалi ад немагчымасцi выехаць кудысьцi за мяжу, але ў такiя моманты, як цяпер, пачынаеш разумець, наколькi каштоўна насамрэч, калi можаш сесцi на цягнiк i паехаць у iншую краiну, паглядзець на жыццё iншых людзей... Затое з'явiлася шмат часу, каб пабыць побач з сям'ёй. Дачку я настолькi замучыла заняткамi, што яна аднойчы заявiла: «Хачу, каб вiрус скончыўся, ты хутчэй пайшла на работу i не тэрарызавала мяне пропiсам ды чытаннем!»

Пэўна, менавiта гэта 7-гадовая Стэфанiя Любоў Клiмчык хацела паказаць у сваiм малюнку — каранавiрус i жанчына ў масцы. Дзяўчынка ўдасканальвала i перарабляла сваю работу некалькi разоў, каб быць зразуметай. «Яна шмат распытвае мяне пра навiны ў свеце i разумее, што каранавiрус — тая з'ява, якая закранула ўсю планету, адбiлася на жыццi мiльёнаў людзей, — раскрывае мама пасыл юнай мастачкi. — I, канешне, марыць, каб усё гэта хутчэй скончылася».

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.