Вы тут

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя


Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Адна з самых прыгожых балетных i моцных сямейных пар Вялiкага тэатра — заслужаная артыстка Беларусi Юлiя Дзятко i народны артыст Беларусi Канстанцiн Кузняцоў — валодае выдатным пачуццём гумару. Кожны iх дзень распiсаны па хвiлiнах, але, здаецца, толькi ў такiм тэмпе яны i ўмеюць жыць. Iх старэйшая дачка Аня вырасла ў тэатры i цяпер вучыцца ў харэаграфiчным каледжы. Юлiя i Канстанцiн у многiх спектаклях занятыя як балетмайстры-пастаноўшчыкi. На рэпетыцыi Юля прыходзiла, калi малодшая дачушка яшчэ ляжала ў люльцы. Магчыма, i яна працягне балетную дынастыю.


— У Вялiкiм пра вашу пару сказалi: яны вельмi падыходзяць адно аднаму як танцоры. А што было першае: з дуэта танцораў вы сталi парай цi наадварот?

Юлiя: — Тут усё само неяк атрымалася. У харэаграфiчным вучылiшчы мы вучылiся ў адным класе, так што знаёмыя з дзяцiнства. I на занятках нас у пару ставiлi ўвесь час, бо мы падыходзiлi адно аднаму па росце. На справаздачным канцэрце танцавалi разам i ў тэатр паступiлi як пара. А адносiны паралельна развiвалiся. Так што ўсё ўзаемазвязана ў нас.

— Колькi вам было гадоў, калi стварылi сям'ю?

Канстанцiн: — Ой, даўно! (Усмiхаецца.) Ужо i не памятаю! Жартую. Нам акурат па дваццаць гадоў было. А перад тым дзесяць гадоў прыглядалiся адно да аднаго.

— Як вы ставiцеся да так званых выпрабавальных шлюбаў, калi людзi жывуць разам, але не спяшаюцца ў загс?

К.: — Асабiста я не бачу ў гэтым праблемы. Калi людзi пажывуць разам, прытруцца адно да аднаго i ўжо свядома пойдуць пячатку ў пашпарт ставiць — гэта ж лепш, чым наадварот: хуценька распiсацца, а потым акажацца, што ён храпе! (Разам смяюцца.)

— Вядомы такi стэрэатып: кар'ера балерыны i нараджэнне дзiцяцi несумяшчальныя. Напэўна, ён навеяны бiяграфiямi Маi Плiсецкай, Галiны Уланавай. Але ёсць i iншыя прыклады: у Нiны Ананiяшвiлi двое дзяцей, у вашай калегi Iрыны Яромкiнай — трое. Звычайныя людзi, перш чым заводзiць дзяцей, арыентуюцца на свае фiнансава-бытавыя магчымасцi. У балетных усё складаней... Юля, цяжка было выбраць час для паўзы ў кар'еры, каб стаць мамай?

Ю.: — Калi нарадзiлася Аня, кар'ера ў мяне ўжо склалася. Быў i рэпертуар, i статус у прафесii. Вядома, адмовiцца ад сцэны, хай i на час, балерыне цяжка. Таму гэта быў свядомы крок. А Вiка з'явiлася на свет, калi я ўжо пакiнула сцэну, тут усё прасцей было. Якiя б у каго нi былi стэрэатыпы, магу дакладна сказаць: дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя. Ну i здароўе, вядома, каб дазваляла ўсё гэта спалучаць.

— Юля, вы раней завяршылi кар'еру салiсткi балета, а Канстанцiн працягвае працаваць i як вядучы майстар сцэны. Не раўнуеце да партнёрак?

Ю.: — Работа з iншымi партнёрамi ў тэатры — норма. Хоць мы пратанцавалi парай усю кар'еру, але часам нам i з iншымi партнёрамi даводзiлася выступаць. Гэта частка прафесii. Iснуюць чарговасць спектакляў i амплуа. Для розных спектакляў патрэбныя розныя выканаўцы, з розным тэмпераментам або знешнiмi данымi, напрыклад. I забараняць адно аднаму працаваць з iншымi выканаўцамi неразумна.

— У вашых дачок вялiкая рознiца ва ўзросце. Як яны ладзяць памiж сабой?

К.: — Ганне пятнаццаць гадоў, а Вiцы амаль два. I, вядома, старэйшай бывае цяжкавата з Вiкай. Ёй хочацца больш самастойнасцi i свабоды ад бацькоўскага прыгнёту. Але, калi трэба, Аня няньчыць Вiку — i пагуляе, i накормiць яе.

— Канстанцiн, паступiўшы ў Мiнскае харэаграфiчнае вучылiшча, з 10 гадоў вы жылi ў iнтэрнаце навучальнай установы, адзiн, у чужым горадзе (Канстанцiн Кузняцоў родам са Смаленска. — Аўт.). Як вы спраўлялiся з побытам, i цi дапамагае той вопыт у сямейным жыццi? Цi ёсць у вас у сям'i нейкi падзел абавязкаў, хто мые посуд, хто гуляе з сабакамi?

К.: — Нi секунды не пашкадаваў, што столькi часу пражыў у iнтэрнаце. Таму што гэта было вельмi цiкава. Новы вопыт. I арганiзавана ўсё было вельмi добра ў нас. Выдатныя выхавацелi дапамагалi дзецям адаптавацца i ў побыце, i ў вучобе. А ад хатнiх абавязкаў у нас нiхто не адвiльвае! Толькi Юля гатуе часцей, бо ў яе смачней атрымлiваецца. Яна наогул суперкухар! Цяпер мы на рабоце, значыць, Аня выгуляе сабак. I наадварот, Аня на занятках — я бягу дадому. Вядома, з Вiкай асноўны час праводзiць Юля, таму што малая цалкам ад мамы залежыць. Але i тут мы стараемся адно аднаго разгружаць. I бацькi Юлiны вельмi дапамагаюць.

— Стараецеся Аню вызваляць ад хатнiх спраў, бо ў яе вельмi вялiкая нагрузка ў харэаграфiчным каледжы?

Ю.: — Нагрузка сапраўды вялiкая. Часам мы ўжо дома, а Аня яшчэ ў каледжы. Але, тым не менш, у Анi ёсць кола абавязкаў, якiя яна выконвае. I ўрокi зрабiць, i прыбрацца ў пакоi. Часам i прыгатуе штосьцi, у краму забяжыць, калi мы не паспяваем.

— Вы ведаеце, колькi кожны з вас зарабляе? Як у сям'i арганiзавана кiраванне фiнансамi?

К.: — З фiнансамi ў нас усё вельмi празрыста. У каго ў канкрэтны момант на картцы больш грошай, той i аплачвае рахункi. А так — усе выдаткi дзеляцца пароўну памiж членамi сям'i. Усё, што ўдаецца зарабiць, iдзе ў агульны кацёл.

— Як вы праводзiце адпачынак?

Ю.: — Звычайна стараемся кудысьцi з'ездзiць, да мора дзяцей вывезцi. Тут, вядома, i ад фiнансавага складнiку многае залежыць. У гэтым годзе пандэмiя сапсавала лета, але, можа, атрымаецца нешта прыдумаць, каб добра адпачыць.

— У вас унiкальная прафесiя: у 18 гадоў вы ўжо спецыялiсты, у той час як аднагодкi толькi першы курс ВНУ скончылi. Цi не значыць гэта, што артысты балета хутчэй сталеюць, пазбаўленыя пэўных радасцяў юнацтва-маладосцi, i калi так, то цi можна гэта нагнаць, скажам, гадоў да 30?

К.: — Артысты балета — тыя яшчэ дзецi. (Усмiхаецца.) Вядома, прафесiя наша з раннiх гадоў прывучае чалавека да дысцыплiны, да парадку, раскладу i цярпення. Без гэтага нiяк. Але я б не сказаў, што балетныя артысты нечым абдзеленыя. Проста трэба навучыцца запiхваць больш спраў у дваццаць чатыры гадзiны!

— Цяпер да сям'i не ва ўсiх трапяткое стаўленне, як спяваецца ў вядомай аперэце: «Нонче без волокит, лишь перо заскрипит, и свободными станем мы снова». На якiх каштоўнасцях трымаецца ваша сям'я i што з гэтага вы хацелi б перадаць у спадчыну сваiм дзецям?

К.: — Вельмi хацелася б перадаць дзецям замак у Баварыi, але ў нас яго няма! (Сумна ўсмiхаецца.)

Ю.: — Каштоўнасцi... Тут усё проста. Павага адно да аднаго. Дрэнна табе цi добра — ты ведаеш, што заўсёды ёсць месца, дзе цябе выслухаюць, зразумеюць i дапамогуць. Гэта i ёсць сям'я.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прэс-службы Вялiкага тэатра Беларусi і Ганны ЗАНКАВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?