Вы тут

Каханне без пячаткi — шлюб без правоў


Адносiны ў грамадзянскiм шлюбе ў нас з маiм каханым працягвалiся пяць гадоў. Мы былi не распiсаныя афiцыйна, жылi ў яго кватэры. За гэты час у складчыну набылi за дзесяць тысяч долараў аўто, машыну аформiлi на яго. Зрабiлi рамонт у кухнi, у якi я ўклала свае тры тысячы рублёў. Справа iшла да вяселля, я так думала, бо была цалкам упэўнена ў сваёй палове. Аднак пару месяцаў таму мы разышлiся. Цяпер мой былы хлопец адмаўляецца вяртаць мне палову сумы за аўтамабiль i сродкi, якiя я ўклала ў рамонт, хоць усё гэта застаецца яму. У мяне засталiся нават некаторыя чэкi як доказ. Цi магу я вярнуць свае грошы i што для гэтага трэба зрабiць?

Наталля К., Мiнск


На пытанне адказвае Алена СЦЯПАНАВА, адвакат Вiцебскай абласной калегii адвакатаў, старшыня Беларускай лiгi сямейных медыятараў, трэнер медыятараў Цэнтра медыяцыi i перагавораў:

— На жаль, шанцаў атрымаць укладзеныя вамi ў куплю машыны i рамонт кухнi грошы амаль няма. Нават калi вы звернецеся ў суд, дабiцца кампенсацыi за патрачанае будзе вельмi складана. Найлепшы спосаб вырашыць сiтуацыю ў гэтым выпадку — дамовiцца са сваiм былым хлопцам па-добраму.

Заканадаўства гарантуе маёмасныя правы сужэнцаў, якiя знаходзяцца ў зарэгiстраваным шлюбе. Артыкуламi 23, 24 Кодэкса аб шлюбе i сям'i ўстаноўлены рэжым агульнай сумеснай уласнасцi ў дачыненнi да маёмасцi, якая была набыта падчас шлюбу, незалежна ад таго, на чыё iмя яна куплялася. Сумеснае пражыванне без рэгiстрацыi шлюбу такiх гарантый не дае, колькi б гадоў людзi нi пражылi разам. У такiм выпадку маёмасць з'яўляецца асабiстай уласнасцю таго, на чыё iмя яна рэгiстравалася.

Калi вы вырашыце звярнуцца ў суд, то трэба быць гатовай да таго, што гэты орган выносiць рашэнне на падставе доказаў. А чэкi — не бясспрэчны доказ. Тым больш што iншы бок, ваш былы хлопец, напэўна ж, будзе аспрэчваць прыналежнасць чэкаў, факт набыцця тых матэрыялаў, якiя выкарыстоўвалiся падчас рамонту кухнi ў яго кватэры, i iншыя акалiчнасцi вашага ўнёску ў сумеснае пражыванне. Тым больш што наконт набыцця аўто ў вас увогуле няма нiякiх доказаў, як вынiкае з пытання, а паказаннi сведак у такiх справах практычна бессэнсоўныя.

Абраўшы шлях дамаўлення, але сутыкнуўшыся з канфлiктам з боку вашага былога сужыцеля, варта скарыстацца працэдурай медыяцыi. Нейтральны пасрэднiк, медыятар, дапаможа правесцi перамовы з мэтай урэгулявання спрэчкi.

Звесткi пра медыятараў можна знайсцi на сайтах Мiнiстэрства юстыцыi i арганiзацый, якiя забяспечваюць правядзенне медыяцый. Таксама з гэтага года ў нашай краiне дзейнiчае Беларуская лiга сямейных медыятараў.

Хачу параiць усiм, хто лiчыць адносiны без афiцыйнага шлюбу больш прымальнымi для сябе, не забывацца на тое, што цягам жыцця могуць паўстаць яшчэ больш сур'ёзныя пытаннi накшталт спадчыны, дзяцей i iх выхавання, мноства iншых маёмасных адносiн, якiя значна прасцей высвятляць у аформленым афiцыйна шлюбе, а яшчэ лепш — пры наяўнасцi шлюбнага дагавора.

Шаноўныя чытачы, калi ў вас узнiклi пытаннi юрыдычнага характару, дасылайце iх на наш паштовы або электронны адрас sidаrоk@zviаzdа.bу. У «Прававой гасцёўнi» разам са спецыялiстамi Мiнюста i iншых устаноў мы будзем шукаць на iх адказы.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: aif.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?