Вы тут

Бескантактавая модульная лабараторыя пачала дзейнiчаць у Гродне


Гэта першы ў краiне вопыт забору бiяматэрыялаў на COVID-19, пры якiм адсутнiчае непасрэдны кантакт медыцынскага работнiка i пацыента. Прапускная здольнасць лабараторыi — 50 чалавек у суткi. Тут здаюць аналiзы тыя, хто плануе выехаць за мяжу. Пробы робяцца на платнай аснове.


Тое, што лабараторыя месцiцца ў стандартным марскiм кантэйнеры, вядома, цiкавы факт. Але не гэта самае важнае. Галоўная асаблiвасць тут — ва ўзаемадзеяннi пацыента i лабаранта. Прыём аналiзаў вядзецца такiм чынам, што не дапускае прамых кантактаў, бо медработнiк i пацыент знаходзяцца ў дзвюх зонах, а размова вядзецца па вiдэасувязi.

У той зоне, якая прымае наведвальнiкаў, iснуе адпаведны мiкраклiмат, працуе сiстэма вентыляцыi, адбываецца пастаянная дэзынфекцыя. У медыцынскай зоне ствараецца павышаны цiск, каб не было нiякiх скразнякоў. Дзве зоны падзяляе адмысловае шкло, у якое ўманцiраваны супрацьвiрусныя пальчаткi, закупленыя ў Францыi. Лабарант прасоўвае ў iх рукi i такiм чынам праводзiць забор бiяматэрыялу, якi затым трапляе на аналiз праз дэзынфекцыйны бар'ер. У лабараторыi даследуюцца пробы на наяўнасць каранавiруса метадам ПЦР. Зрабiць аналiз змогуць тыя, хто выязджае за мяжу. Вынiкi можна атрымаць на наступны дзень у фармаце мiжнароднага сертыфiката. Кошт для грамадзян Беларусi — 38 рублёў, для замежнiкаў — 57.

Модуль знаходзiцца каля прахадной iнфекцыйнай бальнiцы, i пацыентам няма неабходнасцi заходзiць на тэрыторыю ўстановы. У зоне медработнiка ўстаноўлена камп'ютарная тэхнiка, дзякуючы якой можна бачыць неабходныя звесткi пра таго, хто прыйшоў на прыём. Запiс вядзецца толькi праз iнтэрнэт на сайце Гродзенскай абласной клiнiчнай iнфекцыйнай бальнiцы. Кожнага пацыента запiсваюць на вызначаны час. Такiм чынам кантакты памiж тымi, хто прыходзiць на здачу мазка, атрымлiваюцца мiнiмальныя цi наогул адсутнiчаюць. Мабiльная лабараторыя можа быць устаноўлена ў любым месцы.

Навiнка распрацавана спецыялiстамi Гродзенскай абласной iнфекцыйнай бальнiцы сумесна з ААТ «Тытунёвая фабрыка «Нёман». I гэта не першы вопыт супрацоўнiцтва прадпрыемства i медыкаў. Па словах галоўнага ўрача абласной iнфекцыйнай бальнiцы Сяргея Цiхановiча, з дапамогай спонсараў абсталяваны аўтаматычны дэзбар'ер для ўрачоў, якiя выходзяць з бокса. Устаноўка дазваляе значна хутчэй i дакладней апрацаваць касцюм, чым гэта робiць пульверызатар. Таксама на фабрыцы асвоiлi выпуск масак i абарончых экранаў.

Лабараторыя ў марскiм кантэйнеры будзе запатрабавана i надалей. Як зазначыў Сяргей Цiхановiч, забор бiяматэрыялу можна весцi i пры iншых iнфекцыйных захворваннях, бо спiс ПЦР-даследаванняў даволi вялiкi. Гэта i рэспiраторныя iнфекцыi, i харчовыя — усе тыя, на якiх спецыялiзуецца профiльная ўстанова. Галоўнае — захаваецца прынцып бескантактавасцi персаналу i пацыента.

Зараз у вобласцi пяць лабараторый, якiя бяруць аналiзы на каранавірусную iнфекцыю. Iх агульная магутнасць — 1200 даследаванняў у суткi. З красавiка, калi пачалi браць першыя пробы, зроблена больш за 80 тысяч аналiзаў.

Як паведамiў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Краўцоў падчас адкрыцця лабараторыi, сiтуацыя з каранавiрусам у рэгiёне стабiлiзуецца. Гродзенская вобласць паступова выходзiць з пандэмii, таму шэраг устаноў будзе вяртацца да свайго звыклага профiлю работы. Планавыя аперацыi ўзнаўляюць шэсць раёнаў вобласцi. Цалкам пераходзiць на лячэнне сваiх пацыентаў гарадская бальнiца № 3. Калi такая тэндэнцыя захаваецца, у лiпенi колькасць устаноў, якiя займаюцца лячэннем COVID-19, значна скароцiцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Аналiз прымуць у... марскiм кантэйнеры

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.