Вы тут

Якаснасць i даступнасць — пастулаты сучаснай сiстэмы аховы здароўя


Сёння ахова здароўя Рэспублiкi Беларусь — гэта 4-узроўневая сiстэма аказання медыцынскай дапамогi з арганiзацыйна выбудаванай структурай ад фельчарска-акушэрскiх пунктаў да рэспублiканскiх навукова-практычных цэнтраў.


Галоўнае ведамства ў сферы — Мiнiстэрства аховы здароўя — рэалiзуе дзяржаўныя праграмы: «Здароўе народа i дэмаграфiчная бяспека Рэспублiкi Беларусь» i «Дзяржаўная праграма развiцця фармацэўтычнай прамысловасцi Рэспублiкi Беларусь на 2016—2020 гады». Працягвае дзейнiчаць i Праграма па пераадоленнi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на перыяд да 2020 года.

Тэрмiн дзеяння ўсiх гэтых праграм скончыцца сёлета. Але ўжо апублiкаваны вынiкi за мiнулы год. Эфектыўнасць рэалiзацыi праграмы «Здароўе народа i дэмаграфiчная бяспека» прызнана высокай. Так, з 2016 года пастаянна павялiчваецца доля дактароў агульнай практыкi ад агульнай колькасцi ўчастковых урачоў-тэрапеўтаў.

Па звестках Белстата, колькасць урачоў-практыкаў у Мiнску на 2019 год склала 59,9 на 10 тысяч чалавек, i гэта самы высокi паказчык у краiне. На другiм месцы Гродзеншчына з каэфiцыентам 53,6. Апошняе месца па забяспечанасцi дактарамi ў Мiнскай вобласцi — 33,7.

Расце ўдзельная вага пацыентаў са злаякаснымi пухлiнамi на I—II стадыях захворвання ў агульнай колькасцi пацыентаў з выяўленымi ў працэсе скрынiнгу злаякаснымi новаўтварэннямi, знiжаецца смяротнасць хворых на сухоты, усё больш ВIЧ-пазiтыўных пацыентаў ахоплiвае камбiнаваная антырэтравiрусная тэрапiя.

На фiнансаванне праграмы планавалася летась выдаткаваць 6 мiльярдаў 151 мiльён рублёў. Асвоена крыху больш — 101,3 % ад сумы. Сярод асноўных мерапрыемстваў дзяржаўнага праекта «Здароўе народа i дэмаграфiчная бяспека Рэспублiкi Беларусь» — падрыхтоўка Нацыянальнай мадэлi службы планавання сям'i на 2019—2024 гады. Яна прадугледжвае развiццё ўмоў па абароне рэпрадуктыўнага здароўя насельнiцтва. Праект уключае мерапрыемствы па ўдасканаленнi прафiлактыкi i лячэння адпаведных хвароб. Указам Прэзiдэнта ў 2013 годзе грамадзяне маглi атрымаць iльготны крэдыт на ЭКА, а ўжо ў 2021 годзе Указ № 171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян» дае магчымасць правесцi адну бясплатную спробу ЭКА за кошт дзяржавы. Гэта, безумоўна, паўплывае на паляпшэнне дэмаграфiчнай сiтуацыi ў краіне. На жаль, сёння прыкладна кожная шостая пара ў Беларусi пакутуе ад бясплоднасцi.

У амбулаторна-палiклiнiчных арганiзацыях краiны працуе 3,7 тысячы ўрачоў агульнай практыкi. На 1 студзеня 2020 года iх доля ў колькасцi дактароў, якiя працуюць у сiстэме аказання першаснай медыцынскай дапамогi, склала 82,5 працэнта.

Айчыннай стаматалагiчнай навуковай школай распрацаваны i ўкаранёны новыя метады дентальнай iмплантацыi i 3D-пратэзавання з выкарыстаннем лiчбавых i ультрагукавых тэхналогiй. Такiя навацыi дазваляюць павысiць эфектыўнасць традыцыйнага лячэння.

Асаблiвая ўвага ўдзяляецца даступнасцi медыцынскай дапамогi, дааснашчэнню i развiццю мiжраённых i мiжрэгiянальных цэнтраў. На iх абнаўленне накiраваны i мадэрнiзаваны закон «Аб ахове здароўя».

У красавiку 2008 года ўпершыню ў Беларусi група ўрачоў 9-й гарадской клiнiчнай бальнiцы правяла аперацыю па перасадцы печанi, праз тры гады спецыялiсты перасадзiлi печань 20-месячнаму дзiцяцi. У 2009 годзе ў РНПЦ «Кардыялогiя» была паспяхова выканана першая ў Беларусi перасадка сэрца. У гэтым жа годзе на Беларусi правялi трансплантацыю комплексу падстраўнiкавай залозы i ныркi — адну з самых рэдкiх у свеце аперацый. У студзенi 2012 года прайшла першая аперацыя па перасадцы комплексу печань—нырка.

Праз дзесяць гадоў многiя з названых манiпуляцый сталi звычайнай справай для айчынных медыкаў. У 2019 годзе выканана 374 трансплантацыi ныркi (у тым лiку 11 трансплантацый ныркi дзецям), 93 трансплантацыi печанi (у тым лiку 12 трансплантацый печанi дзецям), 52 трансплантацыi сэрца, дзевяць трансплантацый лёгкiх, 148 трансплантацый гемапаэтычных ствалавых клетак.

Дарэчы, сёння больш за палову прэпаратаў, якiя выкарыстоўваюць у ахове здароўя ў нашай краiне, створана айчыннымi фармацэўтамi.

Сёлета будзе завершаны пераход арганiзацый аховы здароўя, якiя аказваюць першасную меддапамогу, да агульнаўрачэбнай практыкi. Гэта зробiць меддапамогу больш даступнай i якаснай.

Якасць — асноўнае слова i ў абноўленым законе «Аб ахове здароўя». Як адзначыў мiнiстр аховы здароўя Уладзiмiр Каранiк, прадстаўляючы змены дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў у красавiку: «У законе прадугледжана стварэнне сiстэмы кiравання якасцю аказання медыцынскай дапамогi. Адпаведна з ёй ствараецца вертыкаль якасцi, якая непасрэдна падпарадкоўваецца Мiнiстэрству аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, каб забяспечыць бесстароннасць i аб'ектыўнасць пры правядзеннi экспертызы якасцi».

Галоўныя ўрачы медыка-рэабiлiтацыйных экспертных камiсiй (на iх аддзелы ўскладзена задача сачыць за якасцю дапамогi) будуць назначацца i здымацца з пасад мiнiстрам аховы здароўя па ўзгадненнi з мясцовымi ўладамi.

Як паведамляе статыстычны камiтэт, чаканая працягласць жыцця беларусаў у 2019 годзе складала 69,3 года для мужчын i 79,4 для жанчын. Параўнайце гэтыя лiчбы са звесткамi за 1995 год, калi працягласць жыцця складала адпаведна 62,9 года i 74,3 года. Згадзiцеся, добры паказчык эфектыўнасцi медыцынскай сiстэмы i яе дасягненняў!


Вiктар ЛIСКОВIЧ, старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi:

— На разглядзе ў нашай Пастаяннай камiсii зараз знаходзяцца сем законапраектаў. Асноўныя — нарматыўна-прававыя акты «Аб ахове здароўя», «Аб псiхалагiчнай дапамозе» i «Аб донарстве i прэпаратах крывi». Не так даўно былі адобраны змены закона «Аб лекавых сродках». Важна, што ўводзiцца ўмоўная дзяржрэгiстрацыя арыгiнальных лекавых сродкаў для лячэння, прафiлактыкi цi дыягностыкi сур'ёзных iнвалiдызуючых захворванняў цi тых, што пагражаюць жыццю; сродкаў, прызначаных для лячэння рэдкiх захворванняў пры адсутнасцi эфектыўных метадаў аказання медыцынскай дапамогi. Гэта адчуваецца цяпер, калi за больш кароткi тэрмiн можна атрымаць рэгiстрацыйныя пасведчаннi на тыя сродкi, якiя вельмi неабходныя для лiквiдацыi выбуху захворвання цi канкрэтнага лячэння групы хворых, што скароцiць тэрмiны набыцця гэтых лекаў.

Законапраект «Аб ахове здароўя» прадугледжвае комплексную планавую карэкцiроўку iснуючага нарматыўна-прававога акта, па сутнасцi, гэта новая рэдакцыя закона. Сярод навацый, у прыватнасцi, удзелена значная ўвага экспертызе якасцi медыцынскай дапамогi, бо якасць — гэта развiццё медыцыны. Акрамя таго, iнфарматызацыi i электроннай ахове здароўя адведзены цэлы шэраг пытанняў. Уводзiцца клiнiка-эканамiчная экспертыза медыцынскай дапамогi — гэта ацэнка правiльнасцi аказанай медыцынскай дапамогi з аптымальнымi затратамi. Мiж iншым, прадугледжваецца i медыцынская акрэдытацыя дзяржаўных арганiзацый аховы здароўя. Што з гэтага вынiкае? Яны павiнны адпавядаць свайму статусу. Калi ён не будзе пацвярджацца, то ўстанова аховы здароўя будзе акрэдытавацца на нiжэйшы парогавы ўзровень. Увядзенне акрэдытацыi паспрыяе ўмацаванню матэрыяльна-тэхнiчнай базы, аснашчэнню абсталяваннем устаноў аховы здароўя, а ў канчатковым вынiку гэта паўплывае i на якасць. Пакуль гаворка iдзе пра дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя, таму што прыватныя развiваюцца згодна з патрабаваннямi часу.

Асобна хацелася б спынiцца на прапанове ўвядзення паняцця «ўнiверсiтэцкая клiнiка». На прыкладзе Гродзенскай абласной клiнiчнай бальнiцы створана першая ў краiне эксперыментальная ўнiверсiтэцкая клiнiка. Мяркую, што вопыт будзе распаўсюджвацца ў краіне i далей, калi сiнергiзм патэнцыялу навукоўцаў i практыкаў пачне станоўча адбiвацца на развiццi медыцыны i яе якасцi.

Таксама ў законапраекце прапануецца пашырыць кола суб'ектаў, якiя ўпаўнаважаны на правядзенне медыцынскага агляду (у тым лiку ўрачэбна-экспертных, медыка-экспертных i ўрачэбна-лётных экспертных камiсiй). Па даручэннi кiраўнiка дзяржавы ўводзiцца норма аб рэзiдантуры. Адрозненнем яе ад традыцыйнай ардынатуры з'яўляецца магчымасць змены профiлю медыцынскай спецыяльнасцi.

Змены ў законе «Аб аказаннi псiхiятрычнай дапамогi» прадугледжваюць прывядзенне яго нормаў у адпаведнасць з прынятымi апошнiм часам заканадаўчымi актамi, перш за ўсё ўказам Прэзiдэнта «Аб удасканаленнi лiцэнзавання», якi выключыў псiхалагiчную дапамогу з пералiку лiцэнзаваных вiдаў дзейнасцi, у сувязi з чым з закона выдаляюцца ўсе палажэннi аб неабходнасцi атрымання псiхолагам адпаведнай лiцэнзii для аказання псiхалагiчнай дапамогi. Пры гэтым астатнiя патрабаваннi да гэтых спецыялiстаў застаюцца без змен (напрыклад, адукацыя i iншыя).

Марыя ДАДАЛКА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».